TOP

Бык на лёдзе

Эмблему чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, як толькі яна з’явілася на тэлебачанні, у друку, інтэрнэце, у візуальнай рэкламе, жыхары Беларусі адразу ахрысцілі — «Бык на лёдзе». Яно і праўда, страшнавасценькім у аўтараў атрымаўся зубр, які па ідэі павінен быць надзвычай сімпатычным і прывабным.

Знешнія атрыбуты пры правядзенні грандыёзных мерапрыемстваў маюць значэнне, але мінімальнае. Яны — толькі рэклама, піяр. Самымі важнымі з’яўляюцца падрыхтаванасць спартыўных аб’ектаў, службаў гатэльнага абслугоўвання, грамадскага харчавання і гатоўнасць жыхароў краіны шчыра, з адкрытай душою прыняць гасцей.

Нягледзячы на тое, што не ўсе запланаваныя аб’екты здадуць да пачатку спартыўнага свята, матэрыяльны бок дзейства будзе забяспечаны. Ва ўсякім разе арганізатары запэўніваюць у СМІ, што лядовых пляцовак і месцаў у гатэлях хопіць.

Горшая сітуацыя складваецца з тым, што не залежыць ад адміністратыўнага рэсурсу, ад грозных нарад і ўкладзеных фінансавых сродкаў. Гэта славуты чалавечы фактар, які ў час правядзення чэмпіянату выйдзе на першы план.

Ці гатовае наша грамадства сустракаць гасцей? Што ўбачаць спартсмены, балельшчыкі, турысты з усяго свету ў Беларусі? Усім хочацца спадзявацца на лепшае, але рэаліі асцюжваюць аптымізм.

У гатэлях іншаземцы часта не атрымліваюць якасных паслуг, іх просьбы выслухоўваюць няўважліва, забываюць выканаць, а нехта з абслугі можа быць нават…крыху нападпітку. Ніякія зоркі класнасці на шыльдах становішча не ратуюць, бо галоўнае — змест, які залежыць ад кадраў.

Мінск нездарма называюць горадам міліцыянераў і дворнікаў. Іх колькасць здзівіць гасцей. Навошта столькі? А потым яны ўбачаць, што ў «чыстым горадзе», як улада і яе падбрэхічы велічаюць Мінск, варта сысці з праспекта Незалежнасці і цэнтральных вуліц, каб выявіць яго сапраўдную чысціню, дзе «культурныя жыхары» з балконаў кідаюць не толькі недакуркі, але і «шклатару». А незлічоныя дворнікі, якія смецце вычышчаюць, могуць па завядзёнцы бруднай мятлою прайсціся і па нагах прахожага.

Паліцэйская дзяржава распазнаецца нават па знешніх атрыбутах. Але што б сказалі госці, калі б заглыбіліся ў сутнасць аўтарытарнага ладу? Шкада, што яны не змогуць зразумець абсурд, у якім мы існуем, гэта пазнаецца тады, калі пажывеш у краіне не тыдзень, а значна даўжэй.

А вось будзённасць магазінаў іншаземцам будзе даступная. Прадукты тут раскладзены так бесталкова, што людзям даводзіцца пастаянна звяртацца да прадаўцоў. Акрамя таго, нярэдка гандляры падсоўваюць сапсаваны харч або нахабна аблічваюць, а затым яшчэ і лаюцца. Галоўны дыскамфорт — доўгія чэргі. Няўтульна стаяць у цесных праходах да касаў, у якіх пакупнікі вечна за нешта чапляюцца, скідаюць на падлогу. Колькі гадоў беларускія чыноўнікі раз’язджаюць па свеце, знаёмяцца з лепшым гандлёвым вопытам, а пераняць яго не могуць!

Дарэчы, пасля набыцця незалежнасці ў айчынным гандлі заўважаўся ўздым культуры абслугоўвання, прадаўцы былі ветлівымі, усміхаліся. Я радаваўся, што выпрацоўваецца патрыятычны гонар, жаданне падтрымаць культурны імідж краіны. Разам з усталяваннем аўтарытарызму ўсё гэта некуды знікла, а ў магазіны вярнулася савецкая атмасфера паныласці і раздражнёнасці.

Не вызначаюцца культурай паводзін і пакупнікі. Напрыклад, стараюцца як мага хутчэй прабрацца да касы: «Мы тут стаялі!». Пачынаецца слоўная дуэль, валтузня, спасылкі на бабулю, маці, дачку, нявестку і аж да кумы. Прыкрая практыка прыжылася, стала такой заразнай, што нават кітайцы, якія будуюць у нас гасцінічны комплекс, праўда, чырванеючы, саромеючыся (менталітэт не той!), але ўжо таксама забягаюць наперад, становяцца побач з суродзічамі.

Што тычыцца патрыятызму, то ён яскрава выявіўся зноў жа ў магазіне, ля якога спыніліся расійскія фуры. Дальнабойшчык з дзвюма пляшкамі гарэлкі ў кошыку падышоў да касы, выняў з кішэні жмутак пакамечаных беларускіх грошай і сыпнуў на прылавак, частка зляцела на падлогу. На заўвагу касіркі, якая распраўляла купюры, што так з грашыма не абыходзяцца, ён змрочна прабурчэў: «Какая страна — такие и деньги!» Калі жанчына параіла падняць грошы і, раз яны не патрэбны яму, пакласці ў скарбонку, куды ахвяруюць на ўзвядзенне храма, то вадзіцель гучна вылаяўся і пайшоў на выхад. Ніхто з прадаўцоў і з чаргі ў касу не заступіўся за сваю краіну, за яе грошы, якія так і засталіся ляжаць на бруднай, мокрай падлозе…

Няма спадзявання і на гасціннасць, сумленнасць таксістаў. Нядаўна закрылі на пэўны час некалькі станцый метро, дык яны адразу ў 5 разоў ускруцілі аплату. Калі такія цынічныя адносіны да сваіх, то ўжо рукі пагрэць на чужых і багатых — як жа без таго?

А як быць з ворагамі, што ўзялі Беларусь у аблогу, якіх кляйміць мясцовая прапаганда? Гэта ж колькі іх адначасова панаедзе сюды! Што з імі рабіць? Хто будзе ім усміхацца, прыветліва размаўляць, калі ўлада загадвае баяцца і ненавідзець?

Бык на лёдзе — гэта ёмістая метафара, якая ўбірае шмат фігур і сітуацый. У такой іпастасі ўяўляецца аўтарытарная Беларусь з шасцёрыстай (прашу прабачэння за зэкаўскае слова) палітыкай, няўстойлівай, слабой эканомікай, бедным сацыяльным жыццём, якая раскярэчылася паміж Расіяй і Еўразвязам. Надта слізка соўгацца паміж усходняй і заходняй халявай, а таму яна даўно стаіць у такой позе, што нікому не трэба яе і «наклонять».

Расія, нягледзячы на казачныя прыродныя багацці, ніяк не можа прарвацца да нармальнага жыцця, пад кіраўніцтвам аўтакрата і алігархаў таксама слізгае нязграбна, як карова на лёдзе. У. Пуцін рашыў вырвацца наперад на сочынскай Алімпіядзе, нібыта на рускай тройцы. Яго версія — агульны стан грамадства быў вельмі прыгнечаны, адшукалі праект «в интересах всего государства», «для народа», «чтоб встряхнуться». Нічога не скажаш, правячы клан «встряхнулся» на славу: на будаўніцтве алімпійскіх аб’ектаў і інфраструктуры раскрадзены дзесяткі мільярдаў долараў, а затым яшчэ і Крым у суседзяў адхоплены. Што толку з намаганняў спартсменаў, валанцёраў, калі ўмешваецца агрэсіўная палітыка і адным махам усё добрае перакрэслівае!

Аўтарытарныя кіраўнікі, не маючы здольнасцей падняць эканоміку, навуку, адукацыю, ахову здароўя, культуру, заўсёды кідаюцца ў спорт, які прыносіць лёгкі і гучны піяр. Яны праводзяць алімпіяды, чэмпіянаты, каб адцягнуць увагу народа ад рэальнага жыцця. Гэта супадае з патрабаваннем электарату: «Хлеба і відовішчаў!». Пасядзеў на трыбунах, пагарланіў — вось табе і порцыя адрэналінчыку.

Але каму даступна спартыўнае свята? Афіцыйны аператар чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску «Центркурорт» прапануе для беларусаў праграмы «Болеем за наших» коштам ад 75 еўра, «Финальный раунд» — ад 336 еўра. Звычайныя людзі як сядзелі, так і будуць сядзець ля тэлевізара.

Ад масавага будаўніцтва лядовых палацаў і іх эксплуатацыі стогне бюджэт Беларусі, а значыць — угінаюцца плечы падаткаплацельшчыкаў. А ўвогуле, спорт стаў сферай махінацый, адмывання брудных грошай, подкупу суддзяў, куплі-продажу рэкардсменаў. Гэта сапраўды глабальная сусветная драма.

Такі бязрадасны роздум выклікала эмблема чэмпіянату свету па хакеі, хоць зубры мне вельмі сімпатычныя.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Планета Карупцыя

Марныя пошукі

«Піяністы» і «экстрэмісты»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.