Споведзь былога спайсавага наркамана
«Калі будзеш бачыць, што я тэму мяняю, мне кажы. Гэта бывае — забываюся, аб чым гавару. Думкі блытаюцца ў галаве. Раней так увесь час было».
На размову Віця (імя зменена) выйшаў без ахвоты. Некалькі разоў пакруціў галавою, насцярожана ўглядаючыся ў прахожых.
— Тут фортка няшчыльна зачынена, а тут увогуле нараспаш — давай адыдземся адсюль, мала што.
У хлопца яшчэ захоўваецца паранойя, ён — былы спайсавы наркаман. Незаўважна для самога «хімка» стала лейтматывам апошніх гадоў Віцевага жыцця:
— Зараз мне ўжо лепш — больш не трасе, спаць стаў нармальна, — пакуль шукаем бяспечнае месца для размовы, пачынае свой расповед дзяцюк. — Раней заходзіў у аўтобус, а там быццам усе толькі на мяне і глядзяць, абмяркоўваюць. Я ездзіў у капюшоне, вачэй не паднімаў, бо мне здавалася, што людзі ўсе толькі гэтага і чакаюць, каб накінуцца на мяне.
На вуліцы сцямнела, каля месца, дзе мы спыніліся, праязджае міліцэйскі УАЗік і абрывае нашу гутарку. Віця інстынктыўна хавае са спіною руку з цыгарэтаю.
— Гэта звычка, яшчэ шмат чаго блытаецца ў галаве. Здалося, што прыехалі нас «прымаць», — працягвае хлопец, — пакуль ужываў, я ж вакол толькі бачыў міліцыянтаў.
«Колькі ўжываў, не ведаю і сам»
Пытанне, колькі ж гадоў ён паліў хімію, заганяе хлопца ў тупік — намагаючыся ўзгадаць, Віця губляецца ў датах:
— Не-не, цяжка так адразу адказаць. Ці то пяць гадоў таму, а можа, шэсць? — пытае ён сам у сябе. — Толькі дакладна памятаю, што першы раз пакаштаваў, калі вучыўся ў хабзе, падчас перапынку на курылцы. Знаёмы прывёз з Мінска нейкі мікс, запэўніў, што гэта легальна. Вось мы паміж заняткамі ўпершыню і накурыліся.
А далей пайшло па нарастаючай: з «раз на тыдзень» хутка дайшло да «кожны дзень». Віця «забіў» на працу, а састарэлыя бацькі ўжо не ўплывалі на сына:
— Маці бачыла, што я магу зайсці ў туалет нармальны, а выйсці быццам п’яны. Спачатку не разумела, а потым да яе дайшло. Але што тады яна магла зрабіць? — шчыра прызнаецца Віця. — Грошы я ў яе не краў, таму магло падацца, што ўсё не так і дрэнна.
Што датычыцца фінансаў, хлопец запэўнівае, што кожны «кліент» сам становіцца гандляром:
— Грошай з кожным разам трэба ўсё больш — арганізм патрабуе большыя дозы, пачынаеш сам купляць і перапрадаваць — так усе робяць. І я рабіў — купляў адразу оптам, а потым збываў маленькімі дозамі.
З набыццём праблем няма
Потым хлопец паказвае на дом, што побач, і кажа:
— Вось у гэтым жыве чалавек, што можа «намуціць», у наступным, — ківае галавою, — можна маку ўзяць. Такіх кропак шмат, але больш нічога казаць не буду, а то, — нахіляецца і шэпча, — заваляць.
— А ты мак каштаваў?
— Ды была справа, — пачынае ўзгадваць Віця. — Мы тады вырашылі пакаштаваць, купілі. Мяне мой сябра ўкалоў, яго — другі сябра, і гэдак далей. Не спадабалася. Больш я «ставіцца» па вене не хацеў, хоць мяне людзі і запэўнівалі, што гэта я толькі з першага разу кайф не зразумеў — далей пойдзе. Але да маку я больш не дакранаўся.
Са слоў наркамана, на маку «сядзіць» прыблізна столькі ж людзей, як і на спайсах. Толькі ўсе яны значна старэйшыя — ад 25 гадоў:
— Шмат у каго сем’і ёсць, дзеці. Некаторыя трапілі за гэтыя справы на зону, жыццё сабе зламалі.
Спыніць распаўсюджанне немагчыма
Спрабую даведацца, як можна ўрэшце спыніць абарот наркотыкаў.
— Ведаеш, ніяк, — пачынае адказ Віця. — Я лічу, што за ўсім гэтым стаяць высокія зацікаўленыя асобы. Вось сам падумай — гэта зараза на рынку ўжо гадоў 10. Чаму за ўвесь гэты час не прымалі ніякіх законаў, акрамя фіксавання формулаў у спіс забароненых рэчываў? Гэта ж проста здзек — забаранілі, а да забароненай формулы дадалі яшчэ адзін атам — і ўсё легальна. Некаму гэта выгадна — велізарныя грошы круцяцца, ты сабе нават не ўявіш. Вось калі дзеці пачалі паміраць, тады яны заварушыліся. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.
Віця закранае прававы аспект:
— У мінулым годзе хлопца пасадзілі на 8 гадоў. А ведаеш, колькі ў яго было з сабою? Не больш за 5 грамаў. Ён тры дні пазаймаўся, мільён зарабіў, і вось табе на — 8 гадоў, уяўляеш?
Прыхільнасць можа скончыцца Навінкамі
Віця хвалюецца і дастае яшчэ адну цыгарэту — яна выслізгвае з рук. Хлопец глядзіць на свае бліскучыя далоні.
— У мяне яшчэ рукі, бывае, блішчаць — пацеюць. Раней увогуле кожныя 10 хвілін без дозы то ў жар кідала, то ў холад. А паралельна калаціла — гэта не апісаць словамі, калі ты ідзеш, а тут раптам пачынаеш дрыгацца і аблівацца потам. Хутчэй бы забыцца. Ды і ўвогуле, аб чым гэта мы? Пачалі ж з законаў. Ты калі будзеш бачыць, што я тэму змяняю, мне кажы, — просіць Віця, — гэта бывае — забываюся, аб чым гавару. Думкі блытаюцца ў галаве. Раней так увесь час было.
— Дык як ты адмовіўся ад ужывання ў выніку?
— Мне самому гэта надакучыла. Надакучыла быць гароднінай. Спалохаўся, як бы не «паехаць галавою» — у нашых Баранавічах ведаю 5 чалавек, якія ў Навінках пабывалі. А яшчэ праблемы са здароўем пачаліся — у 22 гады першы раз даведаўся, як баляць ныркі і пячонка. Гэта вельмі страшна — нібы мне вожыкаў туды ўваткнулі, і робяць імі масаж. Дыхаць стала цяжэй. Кожны дзень, прачышчаючы трубку, праз якую палю, я бачыў сажу і смалу, якая густым покрывам абляпляла яе сценкі знутры. Зразумела, што тое ж самае робіцца і ў лёгкіх, і ў глотцы, зубы ўжо даўно пачарнелі.
Пачаў паліць чысты рэагент, каб не дыхаць смалою, але стала яшчэ горш — ногі адказвалі. Ды ўвогуле, пачаў больш клапаціцца пра сваё здароўе і будучыню — не хачу сесці ў турму ці стаць інвалідам. І так дзякуй, што абнесла ад чагосьці сур’ёзнага.
Арцём ГАРБАЦЭВІЧ, intex-press