TOP

Згубны спакой

Насельніцтва Беларусі падзелена па палітычных і эканамічных матывах. Частка людзей арыентуецца на развіццё дэмакратычных інстытутаў, сучаснай вытворчасці, а другая згаджаецца з аўтарытарызмам і архаічнымі формамі гаспадарання. У такіх умовах нельга мець спелую грамадзянскую супольнасць, якая здольная кантраляваць дзеянні ўлады. 

Перыяд пасля снежня 2010 года, калі маштабная пратэстная маніфестацыя супраць хлуслівых прэзідэнцкіх выбараў скончылася гнюснымі правакацыямі спецслужбаў і жорсткім разгонам мірных людзей, паказаў, як метадычна і даволі эфектыўна працуюць дзяржаўныя механізмы вяртання пасіўнасці насельніцтва і яго прававой непісьменнасці.

Два боўдзілы, якім гадоў каля 50-ці, едуць на добрым падпітку ў гарадскім аўтобусе і гучна размаўляюць пра ўкраінскія падзеі: «Янукович — слабак! У нас лучше. Чуть что — батька всем протестующим сразу на всю катушку по рогам настучит, они и разбегутся. Вот потому-то и держится в Беларуси порядок, все спокойно. Тактика верная, а на будущее, на стратегию, о которой ноет оппозиция, — наплевать! С батькой на наш век всего хватит, а что будет дальше — нас не касается».

Канешне, калі ўзяць на грудзі паўлітра гарэлкі, то «жыццёвы камфорт» для «мачыморды» забяспечаны, у яго наступае «стабільнасць». Але бяда ў тым, што падобнае меркаванне маюць не толькі выпівохі. Вялікая частка насельніцтва, знаходзячыся ў цвярозым стане, таксама падзяляе дзікунскі падыход да палітыкі і эканомікі.

Нягледзячы на жывучасць міфа пра беларускую стабільнасць, парадак і спакой, які спечаны рэжымам для ўнутранага карыстання, а пасля шырока растыражаваны, каб гуляць па СНД, яго абвергнуць проста пры дапамозе канкрэтных фактаў.

Кожная краіна мае чатыры важныя паверхі: эканамічны, палітычны, сацыяльны і духоўны. Давайце глянем, як жа яны выглядаюць у нас?

Польская «Gazeta Wyborcza» аналізуе: «Эканамічная сітуацыя ў Беларусі не лепшая, чым ва Украіне. Летась беларуская эканоміка вырасла толькі на 0,9% у параўнанні з ростам на 1,7% у 2012 годзе. А сёлета можа быць яшчэ горш. У студзені ВУП Беларусі зваліўся на 1,4% у гадавым вылічэнні, прамысловая прадукцыя аж на 7,1%. Яшчэ больш жаласныя вынікі знешняга гандлю. Мінулы год рахунак бягучых аперацый па знешнім гандлі Беларусь зачыніла з дэфіцытам 5,8 мільярда долараў. А гэта значыць, што Мінск з кожным разам мае ўсё менш цвёрдай валюты для выплаты вонкавых абавязкаў».

Прыведзеныя лічбы ў мясцовых СМІ не ўбачыш. У нас усё, што тычыцца эканамічных паказчыкаў і фінансаў, ахутана страшнай тайнай. Беларусы не ведаюць, з якіх паступленняў складаецца бюджэт і як ён выкарыстоўваецца, колькі яны рэальна зарабляюць і які працэнт ад гэтага атрымліваюць у рукі.

Усім вядома толькі тое, што Расія, а разам з ёй і Беларусь сядзяць на «наркатычнай» нафта-газавай іголцы. Рана або позна гэта скончыцца крахам, але бесшабашныя расіяне жартуюць: «У нас есть три утешительных слова: авось, небось и как-нибудь».

Рэальнае палітычнае жыццё ў Беларусі адсутнічае, ёсць адна імітацыя. У кіраўнікоў няма адчування гісторыі, яе поступу. Дзеля захавання ўлады яны тармозяць і замарожваюць працэсы развіцця, заганяюць людзей у стан выжывання, каб лёгка было імі кіраваць. Тут слова ліслівае пра гераічны народ вякнуць, там нейкі рубель да зарплат і пенсій падкінуць, глядзіш — рэйтынг улады да плінтуса не ападае.

Самі людзі не цікавяцца палітыкай, слаба змагаюцца за паляпшэнне свайго дабрабыту. Усё, што б ні зрабіла ўлада, яны прымаюць як непазбежнае. Такія паводзіны выклікаюць у памяці радкі паэта-трыбуна У. Маякоўскага:

«Мы только мошки,
мы ждем кормежки.
Закройте, время,
вашу пасть!
 
Мы обыватели —
нас обувайте вы,
и мы уже
за вашу власть».

Расійскі пісьменнік І. Рэйф, які жыве ў Германіі, згадаў савецкія рэаліі: «…Вожди вытаптывали вокруг себя жизненное пространство, не оставляя своему окружению никакой альтернативы и навязывая привычный им стиль жизни и мышления. А те в свою очередь насаждали его среди собственного окружения, и так эти волны расходились по стране, пока не достигали самых потаенных ее уголков. Что мог противопоставить этому отдельный, низведенный порой до ничтожества человек, живущий как бы не своей, а навязанной ему жизнью?» За 20 гадоў аўтарытарызму гэта паўтарылася ў суверэннай Беларусі.

Сутнасць аўтарытарызму — вынішчаць не толькі вальнадумства, але і простае мысленне. Усе падладжваюцца пад прэзідэнта, ад якога залежыць любая дробязь. Сёння ў аснове людскіх паводзін — грашовая выгада, меркантыльнасць. Але належнай матэрыяльнай забяспечанасці ў 80% насельніцтва ўсё роўна няма. Мы ідзем да сацыяльнай катастрофы. Хутка ні сярэдніх зарплат, ні пенсій, вакол памераў якіх адбываюцца пастаянныя скандалы, не хопіць на элементарныя выдаткі: ежу, камунальныя паслугі і лекі, кошт якіх галапіруе.

Беларускі «спакой» патыхае рабствам. Гэта з’ява як уяўная, так і згубная. Ды і ці можа быць спакой, калі людзі падзелены, перасвараны на грунце маёмасных, ідэалагічных, рэлігійных прычын? Беларусы не прызнаюцца, але сумленне многіх з іх курчыцца ад заняпаду духоўнасці, душэўнасці, маралі і асабліва ад здрады роднай мове.

Забойчы наступ на беларускую мову пачаўся пасля вайны (з 1945 года ім камандавала намеснік міністра асветы БССР нехта Уралава) і працягваецца да гэтага часу. Адразу былі бунты нахабных жонак вайскоўцаў, прыезжых спецыялістаў за перавод школ на рускую мову. Бралі яны начальства глоткамі, крыкам. Затым у рэчышчы савецкага суперінтэрнацыяналізму пайшло масавае знішчэнне беларускамоўных школ, ВНУ на карысць мовы «старэйшага брата». А мільёны беларусаў маўчалі.

За выключэннем выступаў у абарону роднай мовы навукоўцаў, настаўнікаў, студэнтаў, такіх масавых пратэстаў, як у Грузіі, у нас не было. Беларусы маўчаць і сёння, не патрабуючы элементарнай справядлівасці, каб, маючы двухмоўе, нацыянальных і рускамоўных школ і ВНУ было ў краіне пароўну.

Нацыя, якая не ратуе сваю душу — родную мову, становіцца кандыдатам у нябожчыкі. Мова — гэта галоўны стрыжань, вакол якога яднаецца народ, ідзе станаўленне суверэннай дзяржавы.

Калі няма беларускай мовы, няма беларусаў, а ёсць «единый народ», як гэта пнуцца даказаць расійскія шавіністы-імпершчыкі і зрусіфікаваныя мясцовыя «спецыялісты», то хто тады будзе будаваць нацыянальную, дэмакратычную, прававую Беларусь?

Чым канчаецца савецкая і сучасная русіфікацыя, мы бачым на прыкладзе Украіны, дзе, як і ў Беларусі, нарасло шмат «русскоговорящих», на падставе чаго Расія занялася грабежніцтвам. Так украінцам і беларусам можна наогул застацца без сваёй зямлі.

Мяне ўразілі балючыя словы выдатнага расійскага музыканта і спевака А. Макарэвіча, на якога за падтрымку Украіны зграяй накінуліся «патрыёты», ідэалагічныя мярзотнікі: «Боюсь, этот народ уже не спасти… Не покидает тяжелое ощущение, что жизнь свою я прожил зря».

Такі сумны настрой, прадчуванне нацыянальнай бяды апаноўвае і мяне, калі бачу, як у Беларусі фарбуюць платы або раздаюць даяркам новыя халаты да прыезду прэзідэнта, а студэнты строем ідуць на датэрміновае галасаванне.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Бык на лёдзе

Планета Карупцыя

Паміж пеклам і раем

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.