TOP

Людзі «другога гатунку»

Украінскія падзеі, як плугам, рэжуць глебу жыцця, выварочваюць наверх пласты вострых праблем постсавецкіх рэгіёнаў. Ажываюць застарэлыя спрэчкі, варожасць, несправядлівасць. За савецкім часам іх было шмат. Але часта да балючай праўды прымазваецца нахабная хлусня, якая мае канкрэтныя меркантыльныя мэты. 

Да ліку такой прадукцыі належыць прапагандысцкі міф пра «русских» і «русскоговорящих» нібыта людзей «другога гатунку», якіх пасля развалу СССР крыўдзяць у незалежных краінах. Расійскія тэлеканалы эксплуатуюць надуманую тэму пастаянна, але цяпер, каб апраўдаць агрэсіўную палітыку У. Пуціна пасля справакаванай «зялёнымі чалавечкамі» анексіі Крыма і бунтаў ва ўсходніх і паўднёвых абласцях Украіны, як бы сарваліся з ланцуга, брэшуць да істэрычнага віскату.

Што ж здарылася? Пасля народнага рэвалюцыйнага Майдана ў пераходны перыяд ва Украіне аслабілася сістэма ўлады, чым па-зладзейску, вераломна пакарысталіся расійскія «каршуны», тым больш што глеба для сепаратызму рыхтавалася супрацоўнікамі суседніх спецслужбаў і «агентамі» даўно. З 1991 года звесткі пра такую дзейнасць зрэдку з’яўляліся ў больш свабодных, чым у Беларусі, украінскіх СМІ.

Глянем, чым жа абдзелены «русские» і «русскоговорящие»? Няўжо яны не забяспечаны тымі правамі, якія маюць грамадзяне з мовай карэннай нацыі? Забяспечаны! Іншая справа, што аўтакратычныя дзяржавы абмяжоўваюць законныя правы і свабоды. Але гэта тычыцца людзей любой нацыянальнасці і моўлення.

Дзе ж тады ўціск? Аказваецца — у мове і ў адсутнасці федэралізму. На гэта можна заўважыць, што рускамоўных школ і ВНУ ў дзяржаве дастаткова, што да гэтага часу Украіна выдатна абыходзілася без федэратыўнага ўладкавання. Думаю, што прычына прэтэнзій іншая — носьбіты рускай мовы лічаць сябе больш развітымі, прасунутымі, чым абарыгены, а іх абышлі, ушчамілі гонар, бо Канстытуцыя зацвердзіла ўкраінскую мову адзінай дзяржаўнай.

Аднак нічога надзвычайнага не адбылося. Вызваленыя ад нацыянальнага ўціску народы адпрэчваюць сталінскія міфы, вяртаюцца да роднай мовы і культуры, ачышчаюць сваю гісторыю ад навязаных ім расійскай і савецкай імперыяй датаў, падзей і герояў. А нацыянальныя меншасці маюць усе ўмовы для задавальнення сваіх патрэб, для развіцця. Што тут кепскага?

Удзельнікі захопаў адміністратыўных будынкаў у Данецку, Харкаве, Луганску, дарэчы, добра ўзброеныя, паўтараюць, як папугаі: «Мы хотим, чтобы нас услышали!» А што і каму вы хочаце сказаць? Як слухаць тых, хто зрывае і паліць дзяржаўныя сцягі, пагражае аўтаматам і думае праводзіць федэралізацыю (гэтае слова ніводзін пратэстуючы не можа вымавіць!) пад расійскімі трохколернікамі? Змест таго, каб аб’яднацца і разам змагацца за лепшае жыццё ва Украіне, «русские» і «русскоговорящие» па «адмашцы» з Усходу пачалі раздзіраць яе на кавалкі.

Сапраўдных украінскіх змагароў за волю апалагеты Расіі абвінавачваюць у нацыяналізме, а вядомы расійскі паэт Д. Самойлаў слушна сцвярджаў: «До известного времени казалось, что нация — явление устаревшее. Исторически это неверно. /…/

Варианты национализма ХХ века, еще смешанные в сознании с прежними формами выделения — классовыми (национал-социализм), принимали и принимают столь отвратительные формы (выделение вплоть до уничтожения других множеств), что национализм казался чем-то противоположным гуманизму, чем-то несовместимым с жизнью человечества. Между тем невозможно не считаться с тем, что он является в наше время наиболее живой идеей, идеей наиболее массовой.

К этой идее надо присмотреться. /…/ Здесь заложены огромные перспективы, которые, возможно, изменят все наши представления о национальном сознании. Видимо, главная борьба за права человека развернется именно на этой почве, когда «выделение в нацию» закончится и начнется новое выделение из уже неудовлетворительного множества — «выделение в свободу».

Грамадзяне як Украіны, так і Беларусі павінны адпрэчваць абвінавачванні ў нацыяналізме, якія з’яўляюцца вынікам расійскай імперскай зацікаўленасці або неразуменнем заходнімі палітыкамі тутэйшай складанай сітуацыі. Нацыяналізм, за выключэннем праяў антычалавечнага радыкалізму, патрэбен як ратаванне нацый ад смерці.

Я люблю Украіну, часта там бываў, а таму прывяду прыклады па тэме. Мой сябра, выдатны паэт, Герой Украіны Іван Драч неяк вельмі дасціпна сказаў пра рэпрэсіі і цэнзуру: «Калі ў Маскве стрыгуць пазногці, то ў Кіеве адразаюць пальцы!» Сапраўды, украінскіх паэтаў судзілі за нацыяналізм і накіроўвалі ў месцы зняволення тады, калі на чале СССР быў М. Гарбачоў.

У ХХІ стагоддзі ўжо ў незалежнай Украіне (г. Данецк) на Міжнародным Шаўчэнкаўскім свяце я стаў сведкам таго, як хор, выконваючы чыноўніцкі загад, праспяваў «Заповіт» Кабзара без прадапошняй страфы, якая гучыць так:

Поховайте та вставайте,
Кайдани порвіте
І вражою злою кров’ю
Волю окропіте.

У сваім слове мне давялося гаварыць не толькі пра Т. Шаўчэнку, але і пракаменціраваць скандал, што плошча сустрэла воплескамі. Калі ўлада баіцца самога слова «воля» і так па-хамску ставіцца да спадчыны прарока, заступніка і генія нацыі, то што казаць пра яе адносіны да звычайных людзей.

З той рыторыкі, якая гучыць цяпер, хачу выдзеліць словы данецкага шахцёра, якія тычацца Украіны, Беларусі і Расіі: «Одни наживаются, другие нищают».

У Беларусі і Украіне трэба адначасова змагацца за ўмацаванне нацый і за правы чалавека. Колькі жыхароў нашай краіны разумее гэта і хоча рашаць лёсавызначальную задачу? З 9,4 мільёна чалавек — жменька! Астатнім не сорамна быць у статусе боўдзілаў і пустадомкаў. Сведчаннем гэтага тое, што родная мова вывучаецца, як замежная. У Мінску з 230 школ і гімназій толькі ў 14-ці навучанне вядзецца па-беларуску. А якое раўнапраўе дзвюх моў пануе ў справаводстве, паказаў судовы працэс, дзе разглядаўся іск Г. Лойкі да банка.

Вось і выяўляецца, што людзі «другога гатунку» — гэта не «русские» і «русскоговорящие», а беларусы і ўкраінцы, якіх на сваёй зямлі то самадзержцы, то бальшавікі, то партакраты пазбаўлялі ўласнай гісторыі, роднай мовы, культуры, нармальнага жыцця. Іх завядзёнку працягваюць сучасныя аўтарытарныя рэжымы.

Але як хутка ўсё мяняецца! «Усемагутныя» В. Януковіч і М. Азараў, якія расказвалі з трыбун і ў інтэрв’ю пра сваю любоў да Украіны, а самі нахабна рабавалі «мілую неньку», якія пагражалі народнаму Майдану, бясслаўна зніклі з яе тэрыторыі, аднак жа з фантастычным фінансавым і маёмасным запасам.

Мясцовыя кіраўнічыя «патрыёты», акрамя, мабыць, аднаго, які намёртва ўчапіўся за ўладу, таксама надоўга не затрымліваюцца ў Беларусі, накрадуць грошай — і «ліняюць» у Расію або далей. А мы — людзі «другога гатунку» — застаемся, каб расхлёбваць горкі кісель іхняй дурноты ў палітыцы, эканоміцы, культуры і, падкрэсліваю, у моўнай праблеме.

Што ж — такая незайздросная доля выпадае тым, хто не жадае вучыцца ў гісторыі, наступае на старыя граблі. Але не ўзурпатары і іхнія халуі, а якраз беларускі і ўкраінскі народы прыйшлі ў жыццё ўсур’ёз і надоўга, каб, як мудра пісаў Васіль Быкаў, «праз боль і памылкі» ўсвядоміць «сябе і сваё наканаванне ў свеце». Веру, што гэта абавязкова адбудзецца!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Планета Карупцыя

Паміж пеклам і раем

Загадана баяцца

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.