TOP

Сабатажнікі

З года ў год у мяне мацнее ўражанне, што Беларусь становіцца краінай сабатажнікаў. А можа, яно так і ёсць? Вось толькі незразумела: ці гэта ідзе ціхі, падпольны супраціў аўтарытарнай уладзе, якая ўжо дастала ўсіх, ці ў многіх начальнікаў на плячах няма галавы, а ў выканаўцаў рукі не з таго месца растуць? 

Мясцовыя выбары, якія прайшлі нядаўна, былі ў гэтак званым «палітычным жыцці» чарговай фікцыяй, якая не мае нічога агульнага з народаўладдзем. Тым не менш, яны яшчэ раз выявілі галоўную хваробу аўтарытарнай сістэмы — няўвагу да клопатаў і патрэб «маленькага чалавека». Многія грамадзяне наогул не пайшлі галасаваць, сабатажнічалі або на выбарчых участках не бралі бюлетэні, а выказвалі камісіям абурэнне начальніцкім сабатажам пры рашэнні іхніх праблем.

Пройдзем па ланцужку сабатажу знізу ўверх. Напрыклад, даводзіцца здабываць з боем паслугі ЖКГ. На пагрозу даведзеных да адчаю жыхароў звярнуцца з пісьмовай скаргай у вышэйшыя інстанцыі ў дыспетчараў, майстроў, інжынераў ёсць адгаворка: «А пишите кому хотите, хоть самому президенту!» Ды бяда ў тым, што, як сведчаць лісты і тэлефанаванні чытачоў, звароты ў галоўную адміністрацыю краіны спускаюцца па бюракратычнай лесвіцы да тых, на каго скардзяцца.

Камунальшчыкі, якія ўзялі на ўзбраенне лозунг «Ні дня без сюрпрызу!», стрэсамі на бытавой глебе даводзяць падапечных, асабліва пажылога ўзросту, да інфарктаў і інсультаў. Два тыдні ў сакавіку людзі мерзнуць без ацяплення, чэцвера сутак няма ні гарачай, ні халоднай вады (канкрэтны прыклад — два пад’езды ў доме № 29 па вуліцы Пуліхава ў Мінску), а домакіраўніцтва затым заднім чыслом вывешвае аб’яву: «Просим извинения за неудобства». Калі да гэтага дадаць ліфт, які ў дзевяціпавярховым доме псуецца пастаянна, то можна ўявіць, які пануе настрой у жыхароў. Асабліва, калі яны бачаць, што ні «гарачыя лініі», ні штодзённыя «разгоны» прэзідэнта не дапамагаюць.

Асобнай гаворкі заслугоўваюць рамонтнікі, іх прафесіяналізм зведзены амаль да нуля, часта працуюць без схем, на вока. Як вынік — разарваныя электрычныя кабелі, іншыя падземныя камунікацыі.

У лік сабатажнікаў нармальнага жыцця трапляюць і самі жыхары. Дамачка, якая заблыталася ў гламурных вывертах, пры рамонце купленай кватэры разбурае сцены, дэфармуе жыллё суседзяў, і ніхто не можа паставіць яе на месца, бо «пазалаціла ручку патрэбным людзям».

З’явілася яшчэ адна праблема. «Новыя беларусы», маючы фінансавыя магчымасці, набудавалі катэджаў, жывуць за горадам, любуюцца прыродай. Іхнія гарадскія кватэры стаяць пустымі, але і там часам здараюцца непаладкі, напрыклад, прарывы труб. Знайсці гаспадароў няпроста, а яшчэ сярод іх ёсць і такія, якія сабатуюць просьбы рамонтнікаў, не хочуць адчыняць дзверы ў багатыя хароміны. Ім пляваць на тое, што жыхары двух пад’ездаў дома не маюць вады, патанаюць у брудзе.

Найбольш сабатажнікаў развялося сярод «дзяржаўных людзей». Чыноўнікі ў аўтарытарнай сістэме служаць верай і праўдай не народу, не дзяржаве, а тым, хто дае пасаду. У ход ідуць пратэкцыя, сваяцкія сувязі, спрацоўвае прымаўка: «Рука руку мые». Чыноўніку напляваць, калі без роднай мовы, культуры гіне нацыя, заганяецца ў тупік эканоміка, рушыцца краіна. Ён і тады спакойна працягвае сваю дзейнасць, атрымлівае зарплату, забяспечвае сям’ю. Астатняе — яго не тычыцца. Безумоўна, выключэнні ёсць, але яны ў Беларусі ва ўмовах заахвочвання татальнага халуйства надзвычай рэдкія.

Чалавек і чыноўнік, якія знаходзяцца ў адной істоце, — гэта розныя асобы. Пасля ўступлення на пасаду чалавек-грамадзянін з істоты ўцякае, а застаецца толькі чыноўнік, які ў прыдатным выпадку звычайна сачкуе, але змушаны шчоўкаць абцасамі і выконваць нават дурныя каманды.

Сітуацыю не ратуе тое, што з выхадам на пенсію некаторыя людзі, якія абаранялі і мацавалі аўтарытарызм, сабатавалі ўсталяванне законнасці і права, раптам становяцца «барацьбітамі за дэмакратыю». Можа, гэта і добра, але толку для грамадства ад іх мала.

У. Пуцін і А. Лукашэнка крытыкуюць В. Януковіча і яго шматлікі клан за карупцыю, раскраданне і марнатраўства народных грошай, што прывяло да масавага пратэсту. А што, у Расіі і ў Беларусі, дзе крымінальныя справы на чыноўнікаў, сілавікоў, банкіраў, дырэктараў пякуцца, як аладкі, не такая ж сітуацыя?

Проста расіяне маюць сваю костачку з панскага «нафтагазавага стала», нешта з таго перападае і яшчэ больш замбіраваным беларусам, таму яны абыякавыя, інертныя і маўчаць. А сэрцы ўкраінцаў не вытрымалі, выбухнулі гневам. Толькі спадзявацца, што Майдан ніколі не можа адбыцца ў суседніх краінах — вельмі саманадзейна.

Расійскі журналіст У. Познер выказаў слушнае меркаванне: «В том, что произошло, в значительной степени вина самой украинской власти. Причем не только Януковича, а вообще всей власти, которая там была после того, как Украина стала независимым государством. Власть занималась не государственным строительством, а черт-те чем, в основном собственным обогащением. После «оранжевой революции», когда к власти пришли Ющенко с Тимошенко, многим казалось, что вот теперь будет совсем другое дело. Но они такого наворотили, что, когда пришло время вновь избирать президента, тот же самый Ющенко получил 5% голосов. Янукович выиграл выборы благодаря протестным голосам.

А чем он занимался? Тоже собственным обогащением вкупе с олигархатом. Конечно, людям всё это надоело, началось серьезное противостояние, переросшее в революцию».

У пачатку 2000-х гадоў мне давялося пабыць у г. Славянску Данецкай вобласці, які цяпер часта гучыць у інфармацыйных паведамленнях. Яго адміністрацыя прымала ўдзельнікаў Міжнароднага Шаўчэнкаўскага свята. Былі экскурсіі, у тым ліку і ў солевую шахту, сустрэчы паэтаў з жыхарамі. На адной з іх пасля выступлення мяне абкружылі беларусы, што па розных прычынах тут асталяваліся. Не мог не паслухаць землякоў, якія расказвалі пра няпростае жыццё-быццё, і таму на вячэру ў сталоўку спазняўся. Тое, што пачуў у прымітыўным туалетным пакоі, запомнілася. За тонкай перагародкай у суседняй кабіне мылі рукі гаспадары: два мужчыны і жанчына. Галоўны прадстаўнік адміністрацыі вымавіў: «Ничего, пускай пока эти националисты поносятся со своим Шевченко. Скоро мы всем им головы пооткручиваем».

Гэты чалавек у застоллі, як ні ў чым ні бывала, на ўкраінскай мове пачаў славіць геніяльнага Кабзара, спяваць дыфірамбы паэтам розных краін, у тым ліку і мне. Як можна было слухаць такое двурушніцтва? У тосце я не змаўчаў і пра мацёрых сабатажнікаў, якіх яшчэ шмат у незалежных краінах. Каго гэта тычылася, усё зразумелі, твары начальнікаў сталі змрочнымі.

Выпадак, які я згадаў, сімвалічны. Выток ваяўнічага ўсходне-паўднёвага сепаратызму ва Украіне знаходзіцца ў дваццаці гадах абыякавасці і сабатажу важных праблем.

А ўзначальваюць кампанію разнастайных сабатажнікаў кіраўнікі, якія не нацэлены на будаўніцтва дэмакратычных, прававых дзяржаў, дзе ўлічваюцца інтарэсы карэннага этнасу, нацыянальных меншасцяў, яднаецца грамадства, а займаюцца толькі імітацыяй, у каго на першым месцы — утрыманне любымі спосабамі ўлады, раскошнае асабістае жыццё, задавальненне амбіцый і манія велічы.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Людзі «другога гатунку»

Планета Карупцыя

Зона турбулентнасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.