TOP

Ці хочуць рускія вайны?

Я дзіўлюся, як хутка народнымі масамі авалодваюць авантурныя ідэі «правадыроў». Магчыма, і не павальна, а той публікай, якая бяздумна глядзіць у рот уладзе і заўсёды на падхопе. Прэзідэнт Расіі У. Пуцін даў адмашку быць ваяўнічым народам, і дзесяткі мільёнаў людзей адразу ахапіў баявы азарт. 

Зразумела, што ў кожнай аўтарытарнай краіне ёсць значны пласт людзей, становішча і дабрабыт якіх наўпрост залежыць ад кіраўніка. Яны гатовы адобрыць кожную прапанову і выканаць любую ягоную каманду. А як жа астатнія? Пра іхнія паводзіны сказаў расійскі пісьменнік Д. Гранін: «У нас слишком много людей, которым все понятно. Ничем они не терзаются, всегда знают, что делать, как жить. Шагают и шагают в ногу со всеми. Куда? Наверное, «в нужном направлении».

Ва ўсякім разе сацыялагічныя апытанні сведчаць, што насельніцтва падтрымлівае агрэсіўныя дзеянні лідэра, які быў супрацоўнікам спецслужбаў. Гэта азначае, што захопніцкі інстынкт, выпрацаваны ў мінулым часе, не прападае, жыве ў душах расіян.

На фоне мілітарысцкай істэрыі ў Расіі дысанансам выглядае папулярная ў ХХ стагоддзі песня «Хотят ли русские войны?», створаная кампазітарам Э. Калманоўскім на словы Я. Яўтушэнкі. Трэба сказаць, што і на той час у творчасці вядомага паэта гэты твор ацэньваўся як прапагандысцкая агітка, а сёння ён наогул выглядае недарэчна і кашчунна. Няўжо для таго, «чтобы люди всей земли спокойно ночью спать могли», трэба адхопліваць ласы кавалак Украіны, бунтаваць правакацыямі яе паўднёва-усходнія рэгіёны, бразгацець зброяй на межах? Таксама сумніўна, што пасля такіх нахабных дзеянняў «поймет и докер, и рыбак, поймет рабочий и батрак, поймет народ любой страны — хотят ли русские, хотят ли русские, хотят ли русские войны!» Як ні паўтарай рэфрэн, а ваўчыная сутнасць паводзін Расіі — у наяўнасці.

Агрэсія Масквы зачапіла Беларусь не толькі канкрэтным прыкладам таго, як можна страціць незалежнасць, калі маеш цынічнага суседа, хай сабе і саюзніка. Яна разварушыла мясцовых «расійскіх патрыётаў», якія пасля захопу Крыма запляскалі ў ладкі, якія чакаюць «уваходжання» нашай краіны шасцю абласцямі або генерал-губернатарствам у склад новай імперыі, пра што плявузгае неўтаймоўны маскоўскі правакатар У. Жырыноўскі. Акрамя таго, як паверыць у шчырасць зацяганага абывацелямі заклінання: «Толькі б не было вайны!», калі яны радуюцца анексіі тэрыторыі братняй Украіны шляхам узброенага ўмяшальніцтва?

Насельніцтва не пратэстуе супраць уцягвання Беларусі ў ваенныя гульні, размяшчэння на яе тэрыторыі расійскіх базаў сачэння і баявых самалётаў. Гледзячы на тутэйшае «соннае» царства, якое даўно стала закладнікам у меркантыльных махінацыях аўтарытарнага рэжыму, згадваецца кітайская прымаўка: «Яго прадаюць, а ён дапамагае грошы лічыць».

20 гадоў, нягледзячы на пыхлівую «незалежніцкую» рыторыку кіраўніка, разлічаную на замбіраванае насельніцтва, суверэннасць Беларусі вісіць на валаску. Пра якую самастойнасць можа ісці гаворка, калі афіцыйна гучаць такія вернападданніцкія пасажы: «Чтобы я ни делал сейчас, разговаривая с Украиной, Западом, Востоком и так далее, если мы касаемся России, то я ни одного шага не делаю без согласования с руководством Российской Федерации».

Каб арыентавацца ў складанай, выбуховай сітуацыі, бачыць, дзе дабро, а дзе зло, адрозніваць праўду ад хлусні, трэба мець добрую памяць. На жаль, многія беларусы і расіяне такой важнай якасцю не валодаюць.

А мне помніцца рэпартаж пра наведванне Украіны першым прэзідэнтам Расіі. На ўрадавым прыёме ў Л. Кучмы ў сваім тосце Б. Ельцын сказаў: «Рос-с-и-яне, каждое утро, проснувшись, первым делом спрашивайте себя: «А что хорошего я сделал для родной Украины?» Вядомы прамысловец А. Вольскі, які ўваходзіў у склад дэлегацыі, аж папярхнуўся ад такіх слоў. Шырокая і шчодрая руская натура была ў Барыса Мікалаевіча, яна надзейна прыкрывала цынічнае раскраданне саюзнага багацця яго сям’ёй і шайкай, якую ён прыгрэў каля сябе. Калі ж народ агледзеўся, было позна, цягнік пайшоў, на дварэ стаяў дзікі капіталізм, які надзвычай хутка адужаў «развіты сацыялізм» і нават «парасткі камунізму».

Любоў да «родной Украины» скончылася пасля таго, калі яна адмовілася скакаць пад расійскую дуду так, як гэта робіць ахвочая да халявы, рахманая Беларусь. Перш чым перайсці да вайсковых аперацый, Расія вяла інфармацыйную вайну. Пагартайце падшыўкі газет, успомніце перадачы тэлебачання і радыё па ўкраінскай тэматыцы. Варожасць у СМІ мацнела з кожным годам, каб стаць урэшце цяперашняй суцэльнай плынню хлусні, фальшывак, абраз і паклёпаў. Калі праўда за табой, то навошта лямантаваць, захлёбваючыся слінай?

Для Расіі ўжо няма Украіны, а ёсць «управляемое хунтой недогосударство, у которого нет армии, нет языка, где царит хаос». На падставе гэтай гнюснай ацэнкі тэлевядучыя і эксперты адкрытым тэкстам пачынаюць разважаць пра непазбежную акупацыю шэрагу ўкраінскіх абласцей — да самага Дняпра. Яны спакойна гавораць пра тое, што, безумоўна, будзе праліта вялікая кроў, бо без яе нельга абысціся.

У мілітарысцкай істэрыі адзінай «самакрытыкай» сталі словы палкоўніка запаса ФСБ А. Вашчыніна: «Россия никогда грамотно не работала с Украиной». А навошта з ёй «працаваць»? Вы лепш пакіньце Украіну ў спакоі. У самой Расіі праблем — вышэй галавы: эканоміка ў стагнацыі і паляпшэння не чакаецца, зашкальваюць крадзеж, карупцыя, пэўны дабрабыт жыхароў вялікіх гарадоў перакрэслівае недагледжаная глыбінка, якая патанае ў жабрацтве. Займіцеся сваімі клопатамі, а ўкраінцы, рускія, крымскія татары, беларусы, немцы, грэкі, армяне і іншыя насельнікі суседняй краіны самі вырашаць, што і як ім рабіць.

Абсурд прапаганды прадэманстраваў канал НТВ, вядучы якога заявіў: «Защита Крыма в годы войны и возвращение Крыма в Россию — это примеры для патриотического воспитания». Можна прадбачыць, якіх «патрыётаў» выхаваюць крамлёўскія ідэолагі, калі разбой прыраўніваецца да геройства. Наогул, хопіць ужо расійскім і беларускім палітыканам пастаянна прыкрывацца цяжкай Перамогай у крывавай, катастрафічна стратнай для ўсіх народаў СССР Вялікай Айчыннай вайне, выкарыстоўваць яе для ўласнага піяру!

Яшчэ раз кажу, што ў мяне няма русафобіі, з маладосці маю літаратурных пабрацімаў, добрых знаёмых у розных кутках Расіі. Але я заўважыў, што ў апошнія гады, як і ў савецкі час, свядомасць расіян зноў напампоўваецца перавагай «старэйшага брата», імперскімі памкненнямі. Людзі забываюцца на жахлівае мінулае, на запаведзь: «Не сатвары сабе куміра». Скажыце, калі ласка, чым адрозніваюцца расцяжкі «Путин — сила России» ад былых агітплакатаў «Любимый Сталин — счастье народное», якімі абклейваўся ўвесь СССР?

Дзеянні «рускага мядзведзя» супадаюць са зместам прымаўкі: «Сила есть — ума не надо». Згадаю словы М. Хрушчова, на якога дарэмна павесілі віну за тое, што Крым стаў тэрыторыяй Украіны: «Начать войну можно и глупцу. А потом ни один умный эту войну не закончит». Мікіта Сяргеевіч не давёў палітычны канфлікт з ЗША да сусветнай ядзернай катастрофы…

А ці хопіць розуму спыніцца цяпер? Я шукаю рускіх, якія не хочуць вайны. Дзе ж вы?!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Людзі «другога гатунку»
Згубны спакой
Загадана баяцца

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.