У чыіх руках будучыня?
Аўтакраты ўзахлёб расхвальваюць дзяржаўны лад, які зварганены на руінах СССР і закансерваваны ў Беларусі і Расіі, але сучаснай моладзі, як і майму пакаленню пры «мяккім» таталітарызме, зноў не пашанцавала. Яна не мае ўплыву на развіццё грамадства ў прагрэсіўным, дэмакратычным кірунку.
Сёння будучыня не ў руках моладзі, як хлусліва далдоніць прапаганда, а ў тых, хто ўзурпіраваў уладу, хто жорстка кантралюе парламент, СМІ, суды, адукацыю, навуку, культуру. Аўтарытарны рэжым закладвае ва ўсіх сферах жыццядзейнасці выгадныя для ўласнага піяру і самазахавання праекты, шчодра кідае на іх рэалізацыю людскія, матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы. Але і яны часта з трэскам правальваюцца, пра што ўлада маўчыць або робіць бадзёрую міну пры кепскай гульні.
Будаўніцтва лепшай будучыні не вядзецца, грамадства дваццаць гадоў топчацца на месцы, забяспечваючы сабе толькі сціплы пражытачны мінімум. Затое запалена «зялёнае святло» для карупцыянераў, аматараў «пазалочанай» пошласці і гламуру. Сімвалам самадурства і безгустоўшчыны сталі новыя гмахі ў Мінску, якія без абмеркавання з жыхарамі ўзведзены ў цэнтры горада. Асабліва б’юць у вочы сваёй недарэчнасцю атэль «Кемпински» на праспекце Незалежнасці і дом «У Троицкого». Улада часта такое лепіць, што хоць стой, хоць падай…
Каб убачыць, да якога абсурду даводзяць жыццё грамадства дыктатары, звернемся да рэалій Паўночнай Карэі. Там прыняты дакумент, паводле якога ўсе мужчыны краіны абавязаны стрыгчыся так, як правадыр Кім Чэн Ын. Новаўвядзенне, ініцыяванае правячай Працоўнай партыяй, у першую чаргу тычыцца моладзі, асабліва студэнтаў.
У Беларусі да падобных пастаноў яшчэ не дайшло, але згадаем, як без загаду ў другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя асобы мужчынскага полу масава пачалі гадаваць вусы «а ля прэзідэнт». Цяпер гэтая мода пайшла на спад. Але паслужлівыя беларусы бяздумна і навыперадкі кідаюцца выконваць любую прапанову, калі скамандуе начальнік.
У аўтарытарнай краіне, дзе ў цане толькі асабістая адданасць кіраўніку, развіваецца прыстасавальніцтва. Многія юнакі і дзяўчаты пад прэсам рэжыму выпрацавалі звычку ў час вучобы або ў публічных месцах гаварыць пафасна і пераканана «патрэбнае», а дома ці ў вузкім коле сяброў — тое, што сапраўды іх хвалюе, трывожыць, чым яны абураюцца. Раздвоенасць вядзе да знікнення шчырасці, даверу, страты веры ва ўласныя сілы, павагі да сябе і да іншых. Нармальныя чалавечыя стасункі і ўзаемадзеянне замяняюцца нездаровым кар’ерызмам, падхалімствам, зайздрасцю, падседжваннем.
Усё, што навязваецца зверху, прымаецца юнакамі і дзяўчатамі без аналізу, як належнае. Яшчэ горш тое, што, бачачы амаральныя паводзіны кіраўнікоў, іншых высокапастаўленых асоб, прывыкаючы да хлусні, прыпісак, крадзяжу, маладыя людзі не абураюцца брыдкімі паводзінамі, а самі пачынаюць жыць і дзейнічаць падобным чынам. Яны без згрызотаў сумлення пераймаюць у старэйшага пакалення навыкі прыстасавальніцтва, рабскую псіхалогію, перадаюць іх сваім дзецям.
Дэградацыю грамадства заўважылі нават «босы» афіцыйнай журналістыкі ў «Клубе редакторов», які рэгулярна засядае на БТ: «Мы не ищем выхода из ситуаций. Мы приноровились в них жить».
Як павінна паводзіць сябе моладзь нашай хранічна хворай нацыі? Шукаць лекі, каб яе ўратаваць! Гэта значыць — быць неабыякавай да пытанняў палітычнага і сацыяльнага развіцця грамадства, да адраджэння роднай мовы і культуры. Тым не менш, змен баіцца не толькі пажылое пакаленне, але і моладзь. У яе такія ж старэчыя меркаванні: як ёсць, хай так і будзе, каб толькі не стала яшчэ горш. Аўтарытарны застой, які выдаецца прапагандай за стабільнасць, многіх задавальняе.
Яшчэ ў 1990 годзе ігнараванне маладымі людзьмі выбараў у парламент скончылася тым, што ў дэпутаты прайшлі рэакцыйныя кандыдаты, нават сталіністы, якія ўзгадавалі дыктатуру. Затое цяпер беларускія студэнты ў вызначаны дзень не едуць дахаты па сала і грошы, не займаюцца любошчамі і гульнямі, а роўненька строем ідуць «правільна» галасаваць.
Але ёсць іншы прыклад. Мае стасункі з Украінай, яе людзьмі настолькі даўнія і добрыя, што цікавы ўспамін ёсць на любую тэму, у тым ліку і пра моладзь. У 1989 годзе давялося выступаць на Міжнародным Шаўчэнкаўскім свяце ў Кіеве ля помніка Кабзару. У канцы свайго слова я выгукнуў: «Слава Украіне! Жыве Беларусь!» Раптам тысячы маладых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, рабочых, студэнтаў дружна выхапілі з-пад світэраў, куртак забароненыя нацыянальныя прапары. Уся плошча імгненна стала жоўта-блакітнай. У кнізе «Перед горою Чернечею» (Чарнечая гара — месца на беразе Дняпра, дзе пахаваны Т. Шаўчэнка), мой сябра, паэт М. Шаўчэнка піша: «Розгубіліся і міліція, і вічно непомітнопрісутні працівнікі держбезпекі, бо не було точніх інструкцій, як діяті». А старшыня Вярхоўнага Савета УССР В. Шаўчэнка (цёзак Кабзара па прозвішчу ў суседняй краіне шмат!), якая была галоўнай афіцыйнай асобаю на свяце, змянілася з твару і, ледзь не плачучы, сказала мне: «Что вы натворили! Да за такое меня с работы выгонят!» Я адказаў, што трэба прывыкаць да змен, што якраз нацыянальна свядомым, адважным хлопцам і дзяўчатам належыць будучыня.
Сёння я шкадую, што трывожная асцярога, выказаная мною ў артыкулах «Святкаваць перамогу яшчэ рана» (1991), «Без любові ствараць немагчыма» (1992), спраўдзілася. Светлы дзень не прыходзіць лёгка і хутка, як здаецца ў час эйфарыі.
У 1991 — 1993 гадах украінцы па-добраму зайздросцілі беларусам, якія ішлі па шляху дэмакратыі хутчэй. А затым суседзі нас апярэдзілі і пакінулі далёка ззаду, бо Беларусь спаўзла ў аўтарытарызм.
Як бы драматычна ні разгортваліся цяпер падзеі ва Украіне, спадзяюся, што нашы браты і сёстры годна вытрымаюць выпрабаванні, падкінутыя ім агрэсіўнай пуцінскай Расіяй, і захапляюся мужнасцю моладзі на Майдане. На пагрозы В. Януковіча і М. Азарава кінуць усіх за турэмныя краты яна адказала: «Мы лепш памрэм, чым будзем жыць з такім бандыцкім рэжымам!» Дарэчы, самы магутны пратэст у Кіеве быў тады, калі «беркутаўцы» жорстка збілі студэнтаў. Сотні тысяч гараджан кінуліся на Майдан. Былыя студэнты, якія раней узнімалі забароненыя сцягі, падтрымалі сучасных змагароў за свабоду і разумнае жыццё.
Адзін з ідэйных натхняльнікаў руху «Салідарнасць», дысідэнт і палітвязень, рэдактар польскага выдання «Gazeta Wyborcza» А. Міхнік на сустрэчы з кіеўскімі студэнтамі сказаў: «Трэба галасаваць не эмоцыямі, а розумам… Неабходна, каб былі сапраўдныя інстытуты — парламент, незалежныя суды, юстыцыя». Ён падкрэсліў: «Мне вельмі спадабалася, калі ваш прэм’ер-міністр сказаў, што прыйшоў урад самагубцаў, але ён павінен рабіць. Тое ж самае было ў Польшчы, я гэта выдатна памятаю. Нам казалі, што мы злодзеі, кар’ерысты, але мы зрабілі тое, што апошнія 25 гадоў сталі лепшымі гадамі за ўсе стагоддзі нашай гісторыі».
Беларусі не хапае людской энергіі. Жыццё, як балота, зацягнута цінаю абыякавасці, песімізму, страху. Але я веру, што моладзь абудзіцца і напіша светлыя, аптымістычныя старонкі нашай гісторыі. Здзейсніць можна многае, калі ўспрымаеш сваю краіну і народ як самае роднае і дарагое, дзеля чаго варта жыць і паміраць.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ
Чытайце таксама: