TOP

Мінулае вяртаецца

Асвятляючы візіт прэзідэнта Расіі У. Пуціна ў Кітай, карэспандэнт НТВ У. Кандрацьеў заўважыў: «Всё похоже на традиции нашей страны». А раней ён з гонарам пералічваў магутную расійскую зброю ў рэпартажы з генеральнай рэпетыцыі пампезнага ваеннага парада ў Маскве. Сапраўды, не мяняюцца ні даўні прыўладны журналіст, ні традыцыі, пра якія ён апавядае.

З новага, якое адкрыта мною ў майскія дні, згадваецца, што рэпетыцыі парада цяпер адбываюцца не ўначы, што святая Варвара — гэта апякунка ракетных войск (!).

Постсавецкія людзі загуляліся з мінулым да абсурду. Інтарэс да зброі вырас нават у цётак і бабулек, якія заўжды заклінаюць: «Только бы не было войны!». А сёння жанчыны глядзяць на парад і радуюцца: «Такой техники мы не видели. Душа поет!» Вось і зразумей іхнюю душу…

Не пагаджуся з меркаваннем расійскага пісьменніка-эмігранта А. Геніса, які сцвярджае: «В сущности, массовая ностальгия по советскому скорее положительный фактор, потому что это значит, что прошлое превратилось в нечто такое, что не должно вернуться. Это напоминает то, что произошло в Германии, у немцев даже появился специальный термин «остальгия» — ностальгия по всему, что связано с восточногерманским прошлым». Ён, жывучы далёка ад нашага рэгіёна, не назіраючы паводзін людзей, на жаль, памыляецца.

Настальгія па мінулым у Расіі, Беларусі і ва Усходняй Германіі — гэта розныя з’явы. СССР распаўся, а немцы аб’ядналіся. А таму людскі настрой не супадае, бо ў адным выпадку, як бы там ні было, ёсць страта, а ў другім — маецца набытак. Многія ўсходнія немцы, сутыкнуўшыся з рэаліямі капіталізму, сумуюць па тым часе, калі ім была забяспечана сціплая, але надзейная сацыялістычная пайка, калі не патрэбна была самастойнасць, бо за грамадзян думала начальства. За 25 гадоў яны яшчэ не дагналі заходнікаў па ўзроўні дабрабыту. Але я не думаю, што «осты» засумавалі па ідэалагічнай апрацоўцы, па сачэнні «штазі» (аналаг савецкага КДБ. — С.З.), якія вяліся з большым імпэтам і строгасцю, чым у СССР часоў Л. Брэжнева. Мне давялося бачыць гэта ў ГДР у1974 годзе.

Адносіны ФРГ да свайго мінулага крытычныя. Напрыклад, з часу другой сусветнай вайны тут захаваны канцлагеры смерці, на іх месцы створаны мемарыялы, каб людзі, якія прыходзяць сюды, помнілі, каб крывавае мінулае не вярнулася. Ёсць музеі, якія апавядаюць не толькі пра зверствы фашыстаў, але і пра пасляваенны гвалт над людзьмі з боку спецслужбаў ГДР. А калі ласка, прыгадайце: ці ёсць у Расіі, Беларусі хоць адзін дзяржаўны мемарыял на месцы сталінскіх канцлагераў?

У Расіі і Беларусі пад уздзеяннем прапаганды частка насельніцтва таксама сумуе па савецкім часе. Прытым не столькі па ўраўняльнай пайцы, бо цяпер людзі матэрыяльна жывуць крыху лепш, як па сталінскім, «жалезным» парадку.

Гэта вынік усхвалення на дзяржаўным узроўні не толькі дасягненняў, што нават пры заганнасці таталітарнай сістэмы ўсё ж меліся ў СССР, а Сталіна і ягонай дыктатуры, якая нібыта была асновай «грандыёзных поспехаў». Для чаго такое робіцца? Каб апраўдаць аўтарытарны лад, які пануе ў Беларусі і Расіі.

А праўда заключана ў тым, што савецкія дасягненні прыходзілі насуперак сістэме, якая душыла ініцыятыву. Навукова-тэхнічны прагрэс у СССР — гэта не заслуга сталінска-берыеўскіх «шарашак», у якіх знаходзіліся вынаходнікі-вязні, а вынік імкнення геніяльных людзей да рэалізацыі свайго таленту, выяўленне любові да краіны, дзе жывеш.

Працэс замбіравання насельніцтва Расіі і Беларусі ідзе пастаянна. Слухаеш ахінею, якая гучыць з телеэкрана, і з горыччу думаеш: які мізэрны багаж гістарычных ведаў маюць новыя пакаленні, як лёгка прапаганда забівае ім галовы міфамі!

Бадзёры хлопец з рускамоўнай грамады ў Крыме захоплена расказвае карэспандэнту тэлебачання: «Если Советский Союз вернется, у нас все будет отлично. Россия, Белоруссия, Аляска (!?), Украина — мы все братья, мы все одной крови». Вось вам разуменне будучыні, якое сфарміравана сённяшняй сям’ёй, школай, ВНУ, ідэалогіяй, прапагандай! Малады чалавек нават не спрабуе задумацца, заглыбіцца ў сутнасць складанейшых праблем жыцця, а вярзе абы што, зусім не кантралюючы сябе.

Мінулае вяртаецца не толькі першамайскімі дэманстрацыямі і ваеннымі парадамі для запалохвання іншых народаў. Дарэчы, калі казаць па праўдзе, то яно нікуды і не сыходзіла. Наадварот, у параўнанні з СССР значна выраслі крадзеж, карупцыя, злоўжыванні службовым становішчам, хлусня, прыпіскі, падман пакупнікоў самымі рознымі спосабамі.

Прэзідэнт РФ У. Пуцін заяўляе: «Нет причинно-следственной связи России с тем, что происходит на Украине». Ну і ну! Анексія Крыма дала штуршок для разгулу сепаратызму, разбурэння дзяржаўнасці Украіны, распаліла пажар бясчынстваў, рабаўніцтва бандытаў і марадзёраў, а ініцыятар агрэсіі як бы і не вінаваты, ліе кракадзілавы слёзы, робіць выгляд, што спачувае суседняму народу. Амбіцыйны лідэр велізарнай дзяржавы, як хлапчук, спачатку, чырванеючы, маніць, а затым публічна сваю хлусню выкрывае. Маецца на ўвазе ягонае прызнанне, што «зялёныя чалавечкі», якія на вачах усяго свету нахабна захоплівалі Крым, — гэта ўсё ж расійскія вайскоўцы.

Асабліва выразна бачны адкат да мінулага ў знешняй палітыцы. Ніякай перазагрузкі ў адносінах паміж Расіяй і ЗША не адбылося. Прэм’ер-міністр РФ Д. Мядзведзеў спіхвае віну на партнёраў: «Поведение администрации Б. Обамы разочаровывает, по сути мы движемся в сторону «холодной войны»… Если Россия ответит на навязанный Западом плохой сценарий развития в экономике, могут исчезнуть многие формы международного сотрудничества». А прэзідэнт У. Пуцін на азіяцкім саміце прапанаваў новую архітэктуру міжнароднай бяспекі. Толькі калі пра мір гаворыць агрэсар, гэта нікога не супакойвае, а наадварот — насцярожвае.

Тым не менш запалохванне расійскіх і беларускіх абывацеляў падзеямі ва Украіне прыносіць аўтарытарным кіраўнікам дывідэнды, іхнія рэйтынгі як «гарантаў стабільнасці» растуць.

У сталінскі час любая ідэалагічная кампанія падтрымлівалася шматлікімі арганізаванымі лістамі, тэлеграмамі працоўных, агульнымі сходамі на заводах і фабрыках, у калгасах і саўгасах, інстытутах і творчых саюзах. Патрэбныя пастановы прымаліся адкрытым галасаваннем, і не было выпадку, каб раптам нехта ўстрымаўся або галасаваў супраць.

Сучасныя дыктатары абыходзяцца без шуму і паказухі. Яны аддаюць загады, якія трэба няўхільна выконваць. Не бяда, што спантанныя рашэнні часта прыносяць шкоду. Сам аддаваў каманду, сам жа яе і апраўдае, бо ў сённяшніх кіраўнікоў улады больш, чым у Сталіна.

Хаджэнне па аўтарытарным крузе спачатку на руінах царскай Расійскай імперыі, а цяпер на абломках камуністычнага СССР зацягнулася надоўга. Палітычныя махляры ў хаосе разбурэння дарваліся да неабмежаванай улады, да астранамічных багаццяў і кайфуюць, забыўшыся пра звычайных людзей. А яны чакаюць некага, хто прыйдзе і пабудуе ім рай, жывуць адным днём, як на вакзале.

Мінулае вяртаецца… Не трэба быць прарокам, каб зрабіць выснову, што з доўгага таптання і чакання нічога добрага не атрымаецца. Але як кажуць дасціпныя італьянцы — хто дажыве, той убачыць.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Пазіцыя душы

У чыіх руках будучыня?

Ці хочуць рускія вайны?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.