TOP

Агрэсіўная тэлескрыня

Даўно вядома: каб людзі паверылі ў падман, ён павінен быць бязмежным, пастаянным і напорыстым. Такім чынам працавала прапаганда ў гітлераўскай Германіі, у сталінскім СССР. Гэтая практыка адраджаецца ў ХХІ стагоддзі ў краінах, дзе пануе аўтарытарны лад. У сучасных Беларусі і Расіі хлусня стала разнавіднасцю мясцовага «патрыятызму».

Выяўляецца гэта ў тым, што значная частка насельніцтва дзвюх краін ва ўмовах татальнага ўладарання ў інфармацыйнай прасторы афіцыйных СМІ не рэагуе на альтэрнатыўныя звесткі і меркаванні, катэгарычна адпрэчвае іх. Бытуе выпрацаваны ўладай падыход: калі не паўтараеш тое, што вяшчае дзяржаўная тэлескрыня, а маеш уласныя думкі,то ты — не патрыёт.

У масіве тэлевізійнай інфармацыі, якая абрынаецца на людзей, якасных перадач мала. Незалежныя экперты лічаць, што такой прадукцыі не болей пяці працэнтаў. Гэта сапраўдная прафесійная катастрофа. Але яшчэ большую шкоду чалавечай свядомасці прыносіць агрэсіўная хлусня. Пад уплывам маральнай дэзарыентацыі, калі белае называецца чорным і наадварот, калі хваляць негатыўныя людскія якасці, а дадатныя — асуджаюць, адбываюцца глыбінныя псіхічныя працэсы ў грамадстве.

Паталагічныя змены ў чалавечай свядомасці пад уплывам прапаганды часта адбываюцца аўтаномна, не закранаючы пэўных інтэлектуальных здольнасцяў асобы. А таму нават ад людзей з вышэйшай адукацыяй, здатных да аналізу бягучых падзей, можна пачуць ухваленне анексіі Крыма, страшылкі наконт «фашистов» і «бендеровцев». Яны бяздумна паўтараюць афіцыйную ману, не стараючыся глянуць у корань праблем.

Успомнім, напрыклад, класічнае вызначэнне фашызму, яго пяць галоўных адзнак: 1. Правадырства; 2. Шавінізм, ідэя перавагі сваёй нацыі; 3. Поўнае падаўленне дэмакратыі; 4. Карпарацыйнасць; 5. Агрэсіўная знешняя палітыка. А цяпер падумаем — якія ж краіны цалкам або часткова падпадаюць пад гэтае лякала? Правільны адказ — тыя, з якімі добра знаёмы расіяне і беларусы! Перш чым кідацца абвінавачваннямі ў адрас украінцаў і іншых народаў, трэба ўважліва глянуць на ўласныя дзяржаўныя інстытуты, на працэсы, якія адбываюцца ў сваіх грамадствах.

Разгул нахабнай хлусні, мярзотных паклёпаў, пошлага гламуру, махровага бескультур’я і элементарнай непісьменнасці ў праўладных СМІ выклікае абурэнне разумных беларусаў і расіян. Прытым, калі звычайны люд выказвае пачуцці моцным слоўцам на кухнях, у грамадскім транспарце і ў магазінных чэргах, то прызнаныя грамадскія дзеячы, вядомыя творцы гавораць пра цынічнае замбіраванне насельніцтва на поўны голас і публічна. Вось як характарызуе сітуацыю расійскі пісьменнік Д. Гранін: «Они составили заговор. Зомбировать всю Россию. Чтобы проще управлять. Сделать из нас быдло. Изготовить стадо, скотов, полезную безмолвную, послушную скотину. С помощью ТV. Пусть после работы сидят перед экраном и смотрят, как истязают, убивают, ловят, судят. Кругом бандиты. Садисты. Маньяки… Таким образом нагоним страх. Без страха нельзя. Во всяком случае, не дадим думать. Никакой пищи для размышлений. Мозговую деятельность прекратить». Падтрымліваю гэтае меркаванне і ўпэўнены, што з ім згодны ўсе неабыякавыя людзі. Трагедыя ў тым, што ў аўтарытарных краінах грамадзян заганяюць у такі бяспраўны стан, што яны не могуць уплываць ні на што, у тым ліку і на працу тэлебачання.

Я з агідай гляджу на тое, з якой гатоўнасцю і злараднасцю беларускія і расійскія тэлеканалы паказваюць пратэстныя пікеты, мітынгі, маніфестацыі, што адбываюцца па розных прычынах у еўрапейскіх краінах, у ЗША. Маўляў, бачыце, да чаго даводзіць дэмакратыя? А ў Беларусі і Расіі, як сцвярджаюць журналісты, хоць людзі жывуць і беднавата, але затое ёсць стабільнасць і спакой. Масы звыкла згаджаюцца. Але наш спакой патыхае прымітыўным, рабскім існаваннем, магільнай цішаю.

Сваім народам афіцыйныя Мінск і Масква пратэставаць не дазваляюць. Усе, хто выступае супраць бясконцай дэспатыі ўлады, лічацца «отморозками» і «малолетками». Згодна такой логікі можна зрабіць выснову, што высокую якасць жыцця ў развітых краінах, такіх як ЗША, Англія, Японія, Германія, Швецыя, Нарвегія, Фін­ляндыя, дзе пастаянна людзі змагаюцца за свае правы, за паляпшэнне дабрабыту, забяспечвае дэбільнае, «зялёнае» насельніцтва. Але ж гэта не так, рухавіком прагрэсу ў кожнай краіне (тым больш у аўтарытарнай!) з’яўляюцца самыя таленавітыя, ініцыятыўныя, палітычна адукаваныя, мужныя людзі.

Чаму расійскія тэлеканалы, забываючыся на праблемы сваёй краіны, ужо восьмы месяц надаюць столькі ўвагі Украіне? Чаму кампіляцыяй фактаў, падтасоўкамі, беспардоннай хлуснёй нагнятаюць жах у абывацеляў, у тым ліку і ў Беларусі, дзе СМІ суседняй дзяржавы маюць велізарны ўплыў на насельніцтва? Ды таму, што яны скачуць пад дуду Крамля, які да дрыжыкаў баіцца «майдану» каля зубчастых сцен і на плошчах гарадоў Расіі.

Пакуль што аўтакратаў дзвюх краін і палітычныя сістэмы, створаныя імі, ратуюць нафта і газ, якія запатрабаваны міжнародным рынкам, маюць высокі кошт. Але ж іх запасы не вечныя. Прывід бязрадаснай будучыні бачыцца на гарызонце, і ён стане яваю, калі не адбудзецца развіцця вытворчасці, выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Улады Беларусі і Расіі баяцца праўды. Каб зменшыць уплыў незалежных СМІ на насельніцтва, яны закідваюць іх папярэджаннямі, штрафуюць, зачыняюць, адключаюць, любымі спосабамі знішчаюць альтэрнатыўныя думкі і меркаванні.

Затое ў перадачы БТ гучыць цынічная «пярліна» пра крывавыя падзеі 19 снежня 2010 года: «Ласковый разгон тех людей, которые пытались разгромить и проникнуть в парламент». Другі суразмоўца пакрыўджаны на Еўразвяз: «Беларусь треплете, а в Беларуси все неплохо». Тое, што кіраўніка краіны не запрасілі на гадавіну высадкі дэсанта саюзнікаў у гады другой сусветнай вайны ў Нармандыі, названа «политическим хамством». Мне ж такое развіццё падзей бачыцца лагічным, кожны атрымлівае тое, што заслужыў. А вось колішні паказ беларускім тэлебачаннем «Железом по стеклу» лічу знявагай гледачоў.

І ўсё ж доступ да праўдзівай інфармацыі наглуха не зачынены. У савецкі час удавалася схаваць ад людзей расстрэлы рабочых у Новачаркасску, на Урале, бо інфармацыйныя тэхналогіі былі прымітыўнымі, падцэнзурнымі. Сёння той, хто хоча мець дакладныя звесткі, іх знойдзе. Пісьменніца Н. Берберава сказала так: «…Когда-то в вертикальном измерении (интеллекта) жили очень немногие. /…/ Сейчас все люди, которые того хотят, могут научиться жить по вертикали со спокойной совестью: для этого необходимы три условия — хотеть читать, хотеть думать, хотеть знать».

Дадам, што разам з тэлевізарам або кампутарам заўсёды трэба ўключаць уласнае сумленне. Але такое неабходнае маральнае ўменне многімі людзьмі страчана.

Застаецца надзея, што спрацуе інстынкт самазахавання. Ды толькі, на жаль, ён развіты ў тых, хто прарываецца да ўлады, каб нахабна ўтрымліваць яе, а ў насельніцтва пасля ўжывання рэжымам адміністратыўнага рэсурсу і ў выніку прапагандысцкай апрацоўкі абаронныя здольнасці зведзены да нуля.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Мінулае вяртаецца

Пазіцыя душы

У чыіх руках будучыня?