TOP

Вяртанне прыгону

Я вырас у беларускай глыбінцы, з маленства спазнаў яе суровы быт. Вёску няшчадна гвалцілі і рабавалі як пры Сталіне, так і значна пазней. Нездарма ў СССР крамлёўскае начальства пастаянна далдоніла пра «стирание граней» паміж горадам і вёскай, але яны так і не сцерліся да цяперашняга часу. 

Наша немалая сям’я, каб неяк пракарміцца, гадавала ў той час розную жыўнасць: карову, свіней, трусоў, індыкоў, качак, гусей, курэй. Але ж і яе трэба было чымсьці карміць. Узброеныя касою і мяхамі, на старэнькім веласіпедзе мы з братам аб’язджалі далёкія лясныя палянкі, лужкі, палі, здабывалі спажыву жывёле і птушкам, не раз атрымліваючы тумакі ад аб’ездчыкаў.

А вось як пра сваю «падпольную» нарыхтоўку сена расказвала састарэлая расійская калгасніца: «Встану я пораньше, привяжу веревкой косу к ноге, возьму корзину в руки, будто по грибы, и тяну за собой косу по земле, чтобы соседи не видели, а они также от людей хоронились, тюрьмы боялись, от страха обмирали».

Усё вакол было «калгаснае» і нібыта «маё», але, «пазычыўшы» з агульнага поля торбачку каласкоў або пару буракоў, трапіць за краты сапраўды можна было вельмі проста. А пражыць на бедныя працадні не выпадала. Таму і рваліся людзі з вясковага прыгону ў горад, дзе было крыху сытней і больш свабоды…

Нядаўна кіраўнік краіны заявіў, што ў сувязі з «непростой ситуацией с кадровым обеспечением села» дзяржава прыме дадатковыя меры па замацаванні спецыялістаў. Плануецца, што працаўнікам калгасаў і саўгасаў будзе забаронена мяняць сферу дзейнасці і пераязджаць у гарады, а маладыя спецыялісты, накіраваныя згодна размеркавання, не змогуць пераходзіць на іншае месца працы без дазволу старшыні райвыканкама або аблвыканкама. Гэты намер не стаў навіною, бо два гады назад праблема «укрепления дисциплины» ў дрэваапрацоўчай прамысловасці пачала рашацца шляхам забароны звальнення рабочых.

Чарговы зварот да прыгону выклікаў у народзе абурэнне і сарказм: «Не ўмеюць кіраваць, а таму ўводзяць прыгоннае права»; «Бегут люди не только из села, бегут вообще из Беларуси». Марна заклікаць маладога спецыяліста актыўна працаваць, ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і рашаць іх, калі ягонай зарплаты не хапае, каб аплаціць знятае жыллё.

Калі чую пра замацаванне людзей на працоўных месцах адміністратыўнымі ланцугамі, то ўспамінаю, як у 1964 годзе атрымліваў пашпарт. Дакументаў аб грамадзянстве амаль увесь савецкі час у вясковых жыхароў не было. Моладзі выдавалі пашпарты ў выключных выпадках. У аднолькавым прыгонным стане знаходзіліся як дзеці калгаснікаў і рабочых саўгасаў, так і выхадцы з сем’яў настаўнікаў, урачоў. Абавязкова патрэбна была даведка пра тое, што кіраўніцтва гаспадаркі дазваляе выехаць з вёскі…

Дырэктар саўгаса пакруціў у руках мой выклік на вучобу ў БДУ і змрочна прамовіў: «Усе хочуць вучыцца, а дакладней — вырвацца ў горад. А хто ж будзе працаваць у калгасах і саўгасах?» На рэпліку пра тое, што я не цураюся фізічнай працы і два леты ў час школьных канікулаў быў грузчыкам, ён хмыкнуў: «Вось бы і заставаўся, а вучыцца можна завочна». З першага заходу даведку я не атрымаў, давялося падключаць бацьку-настаўніка, які хоць і з цяжкасцю, але змог угаварыць «чырвонага памешчыка».

Былы прыгон пераклікаецца з рэчаіснасцю. Сумленныя працаўнікі зноў не могуць абараніцца ад новых «феадалаў». У студзені 2014 года ў Мінску з праверкай знаходзілася місія Міжнароднай арганізацыі працы. Яна была накіравана да нас згодна рашэння штогадовай Канферэнцыі працы, падчас якой Беларусь шосты раз унеслі ў спецпараграф як краіну, дзе сістэматычна парушаюцца правы працоўных. Варта прыгадаць, што дыскрымінацыя незалежных прафсаюзаў ужо каштавала грамадству каля 300 мільёнаў долараў, бо якраз у гэтую суму абышлося выключэнне краіны ў снежні 2006 года з Генеральнай сістэмы гандлёвых прэферэнцый Еўразвязу.

Але прымус звязаны не толькі з працай людзей. У ролі прыгонніка пры аўтарытарным рэжыме выступае ўся дзяржаўная сістэма.

Прыгон забівае беларускую мову. Нехта засумняваецца: прычым тут мова? А я патлумачу. Свядомыя беларусы настойліва патрабуюць рэалізацыі свайго законнага права атрымліваць адукацыю, у тым ліку і вышэйшую, на роднай мове і не маюць падтрымкі з боку ўлады. Як такое можна назваць? Русіфікацыя, якая адбываецца ў суверэннай Беларусі, — гэта якраз і ёсць жорсткі прыгон у моўнай сферы.

На працягу многіх гадоў грамадзяне масава скардзяцца на працу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У лютым месяцы бягучага года было паведамленне, што пад апекай Камітэта дзяржкантролю і Генеральнай пракуратуры ствараецца рабочая група, якая вывучыць праблемныя пытанні ў ЖКГ, у тым ліку асаблівасці фарміравання сабекошту паслуг па электра- і газазабеспячэнні, цепла- і водазабеспячэнні, водаадводу, выявіць фактары, якія прыводзяць да неабгрунтаванага павелічэння тарыфаў. Ну і што з вялікага шуму атрымалася? Дзе хоць бы нейкія прамежкавыя вынікі працы камісіі? Яна або не працуе, або, як заўжды, засакрэчана нават такое, датычнае кожнага жыхара краіны пытанне.

А камунальнікі тым часам і ў вус не дзьмуць. Напрыклад, адключаюць, калі захочацца на некалькі дзён ацяпленне, падачу вады, не саромеючыся садраць аплату і за гэты тэрмін. Вярнуць свае грошы людзям практычна немагчыма.

Своеасаблівай формай прыгону стала цэнаўтварэнне. Калі ў заходніх краінах кошты за год павышаюцца мінімальна, то ў нас яны скачуць галопам штотыдня. Неабходныя суадносіны паміж зарплатамі, пенсіямі асноўнай масы жыхароў краіны і коштамі не вытрымліваюцца, таму ўсе грошы ідуць на ежу, лекі і іх яшчэ не хапае. А прапаганда расказвае пра гасцюючых іншаземцаў, якія задаволены нашымі цэнамі. Яшчэ б, з іхнімі зарплатамі і пенсіямі атаварвацца што дома, што ў Беларусі — не накладна!

Побач з цэнаўтварэннем у прыгоннай сістэме стаіць імпартазамяшчэнне. Вымыванне якасных замежных прадуктаў і тавараў, прымус купляць толькі беларускае выклікае ў насельніцтва незадаволенасць. Асабліва актыўна абураецца моладзь, якая сочыць за модай, мае эстэтычны густ. Юнакі і дзяўчаты, ківаючы на прадстаўнікоў улады, кажуць: «А няхай сумленна прызнаюцца, што яны самі ядуць, п’юць і носяць, на чыіх машынах ездзяць!»

Цяпер пад уплывам трыбуннай дэмагогіі «адзінага героя» і замбіравання людзей афіцыйнымі СМІ маўклівая пакорлівасць, рабскае падпарадкаванне лічацца ў нас дабрачыннасцю і патрыятызмам. Але ясна адно: аўтарытарнай уладзе, якая не рэфармуе неэфектыўную дзяржаўную сістэму, марнуе расійскую газанафтавую халяву і бясконцыя пазыкі на сваё захаванне любой цаной, не дапаможа нават прыгоннае права.

Нядаўна на тэлеканале РБК адбылася дыскусія экспертаў пра вяртанне прыгону ў Беларусь і Расію. У час яе прагучаў і такі пасаж: «Вы же видите, что он (А. Лукашэнка) привязывает к рабочим местам только старшие поколения, а их детей не трогает. Они могут перемещаться по стране и даже за ее пределы. Это немножко мягче».

Не ведаю, як каму, а мне ў ХХІ стагоддзі слухаць спрэчку нібыта разумных людзей пра тое, чый прыгон мякчэйшы — царскі, савецка-сталінскі або сучасны беларускі, — агідна. Яго ў прынцыпе не павінна быць у цывілізаваным грамадстве.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Змаганне за мову

Напісанае застаецца

Агрэсіўная тэлескрыня

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.