TOP

Змаганне за мову

У Беларусі ёсць людзі, якія скардзяцца на дэфіцыт пазітыву, хоць мясцовыя СМІ пад завязку запоўнены пахвальбой. Пра хранічныя правалы ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы паведамляецца толькі тады, калі надта прыпячэ. А мне не хапае сапраўднай стабільнасці, праўды, справядлівасці і роднай мовы.

Разумны, натуральны працэс развіцця нацыі падменены цяпер арыентацыяй на бясконцыя пазыкі, пустыя эксперыменты, эклектыку, эрзац. Але самая складаная сітуацыя склалася з нашай мовай. Вусцішна крочыць па вуліцах гарадоў, дзе не гучыць роднае слова, а чуецца прымітыўная трасянка і невыводны мат. Не лепшая сітуацыя і ў вёсцы, якая да таго ж абязлюдзела. Выраслі пакаленні беларусаў, якіх вучылі дэнацыяналізаваныя школьныя настаўнікі, а затым выкладчыкі — выпускнікі рускамоўных ВНУ. Кола русіфікацыі замкнулася. У выніку на роднай зямлі стала некаму вольна, на ўвесь голас заспяваць сваю песню…

Партыйны чыноўнік у дакладной запісцы 44 гады назад пісаў пра паэтку-«нацыяналістку» так: «Она высказывает неудовлетворение тем, что в Гродно нет «ни одной белорусской школы», все говорят по-русски, и ей, дескать, как белорусской поэтессе, приходится «ежегодно летом ездить домой, в родную деревню, чтобы не забыть родной язык».

Што змянілася ў параўнанні з тым часам у суверэннай краіне? Беларускіх школ стала менш, а за гаворку на роднай мове можна атрымаць «пачастунак» міліцэйскай дубінкай.

Згодна перапісу насельніцтва 2009 года каля 84% грамадзян з’яўляюцца па нацыянальнасці беларусамі. Гэта азначае, што Рэспубліка Беларусь — монанацыянальная краіна. Акрамя таго, 53,2% грамадзян лічаць беларускую мову роднай. Як жа мы распараджаемся грунтоўнай нацыянальнай асноваю? Навучаюцца на роднай мове: у дзіцячых садках — каля 45 тысяч дзяцей, у школах вывучаюць прадметы па-беларуску — каля 142 тысяч вучняў, у сярэдніх спецыяльных навучальных установах — каля тысячы чалавек, у ВНУ — толькі 600 студэнтаў. Гэта складае 9,7% (!) ад усіх навучэнцаў.

Міжнародная супольнасць даўно канстатуе дзікунскія адносіны беларусаў да роднай мовы. Яе стану эксперты ЮНЕСКА паставілі жахлівую адзнаку: «Дакладна знаходзіцца пад пагрозай знікнення».

Мне ўспамінаюцца словы ўкраінскага пісьменніка М. Шапавала: «Калі нацыя мае такі каласальны патэнцыял здрадніцтва і такі малы патэнцыял салідарнасці, то іншага выніку, як пагром сваёй волі, яна не дасягне ў гэтым злым, эгаістычным свеце разбою і гвалту». Сказана было ў 1920 годзе ў дачыненні да суайчыннікаў. Але ацэнка тычыцца і беларусаў. Як ні круці, а самае страшнае злачынства нашай нацыі — гэта здрадніцтва ў адносінах да роднай мовы.

А можа, беларусы — унікальны народ, якому для самабытнага існавання не патрэбна родная мова? Можа, вынайшлі арыгінальны спосаб, каб ствараць уласную культуру без яе? Нічога падобнага! На нашай планеце такога яшчэ не было.

Безумоўна, віна за ганебныя паводзіны ляжыць на самім «памяркоўным» народзе. Але прызнаем — у СССР пры дапамозе адміністратыўнага рэсурсу можна было рабіць з падначаленымі людзьмі ўсё, што заўгодна. А цяпер спрацоўвае інерцыя. Частка чыноўнікаў займаецца русіфікацыяй свядома, а іншыя дробныя начальнікі і звычайныя абывацелі думаюць так: навошта перамагаць сябе і сваю ляноту, асвойваць беларускую мову, усё роўна ж большасць людзей у нас гаворыць па-руску.

Але калі падпарадкоўвацца такой логіцы, то тады ў вагоне электрычкі, куды ўварвалася зграя хуліганаў, трэба следам за імі засмечваць падлогу, кідацца бутэлькамі, пляваць пад ногі пасажырам…

У нас ёсць суверэнная дзяржава, якая абавязана абараняць нацыянальную годнасць. У Канстытуцыі (арт. 17) абвешчана, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская. Гэты дакумент гарантуе грамадзянам забеспячэнне права карыстацца роднай мовай, захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць. Знявага нацыянальнай годнасці караецца законам (ч. 2 арт. 50 Канстытуцыі).

У адносінах абедзвюх дзяржаўных моў нібыта замацаваны роўны юрыдычны статус. Але нават на паперы не ўсё прадугледжана, а таму дзеючая рэдакцыя закона аб мовах і практыка яго прымянення не забяспечваюць усебаковага развіцця і функцыянавання беларускай мовы.

Прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь з аргументаваным, юрыдычна вывераным зваротам. У ім гаворыцца: «Дзяржава павінна прыняць усе меры для забеспячэння рэальнага права на родную мову. На дзяржаве ляжыць адказнасць, ці будзе такая дыскрымінацыйная практыка працягвацца і ўкараняцца, або яна гэты факт прызнае і ўнясе неабходныя змены і дапаўненні, падмацаваўшы іх эфектыўнымі мерамі па пераадоленні няроўнасці, якая склалася.

Мяркуем, што для забеспячэння рэальнай роўнасці моў неабходна, у першую чаргу, прыняцце змяненняў у заканадаўстве, а таксама пазітыўных мер, якія б кампенсавалі існуючую няроўнасць, і сярод іх — абавязковую дзяржаўную падтрымку (фінансы, ільготы, рознага кшталту заахвочванні, выхаванне і навучанне кадраў, арганізацыйныя і іншыя меры)».

Гэты зварот павінны падтрымаць мільёны грамадзян Беларусі. Хопіць нам цікавіцца толькі такім вымярэннем жыцця — «усё падаражэла!» У краіне, дзе няма свабоды для людской ініцыятывы, кошты заўжды будуць высокімі. Але трэба думаць і пра вечнае, пра захаванне нацыі.

Нацыя павінна быць маналітнай, а для гэтага патрабуюцца важныя чыннікі, якія яе яднаюць. Нават кіраўнік краіны, які люта ненавідзіць «свядомых», дэманстратыўна карыстаецца рускай мовай, вымушаны быў у «Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу» нарэшце зазначыць: «Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй».

Родная мова — гэта галоўная святыня нацыі, якая не падлягае ніякаму гандлю, і ўкручваць яе ў палітыку нельга. З другога боку, кожны з нас найперш — грамадзянін сваёй краіны, а ўжо затым чалавек, які гаворыць на пэўнай мове.

Апошнім часам нам даводзіцца жыць пад уражаннем ад украінскіх падзей. Высветлілася, што яны ўплываюць на наша грамадства адмоўна, бо робіцца выснова, што любы крок у бок дэмакратыі заканчваецца хаосам, а таму лепш сядзець ціха пад аўтарытарнай уладай. Гэта няпраўда. Прычыны затрымкі постсавецкіх краін на шляху да лепшага жыцця больш глыбокія.

Але ёсць і дадатны аспект: пасля анексіі Крыма, а таксама ваяўнічых заяў Расіі пра тое, што надо «защитить русских», што «русскоязычное население не хочет подчиняться украинским властям», да многіх беларусаў нарэшце дайшло, якую каштоўнасць для нацыі ўяўляе родная мова і чаму яе трэба ратаваць ад згубы.

Змаганне за родную мову ў Беларусі, якая пастаянна трапляе пад імперскі шавіністычны прыгнёт і пад прэс уласных цемрашалаў, цягнецца не адно стагоддзе. Я ўпэўнены, што яно будзе весціся нават тады, калі на нашай зямлі застанецца хоць адзін сапраўдны беларус.

Але ў нас ёсць рэальны шанц якраз цяпер вырвацца з трагічнага і ганебнага стану. Для гэтага не патрэбна вялікіх намаганняў, бо мы жывем у суверэннай краіне, дзе павінны быць паўнаўладнымі гаспадарамі. Проста неабходна ўважліва паслухаць мудрыя запаветы продкаў і сваё сэрца.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Напісанае застаецца

Агрэсіўная тэлескрыня

Пазіцыя душы

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.