Здрабненне асобы
Аглядаючы два апошнія дзесяцігоддзі, незалежныя палітычныя эксперты СНД прыходзяць да высновы, што паўсюдна знішчаны дэмакратычныя выбары, разбураны грамадскія інстытуты, звузілася культурная прастора. Уціск нараджае ў душах людзей пачуцці татальнай безвыходнасці, адчаю.
Можна гаварыць пра акалічнасці, што перашкодзілі ў пераходны перыяд выбару прыстойных лідэраў, але факт застаецца фактам — савецкая сістэма не дала ніводнага (!) годнага, сумленнага «кадра», які б узначаліў і павёў без аўтарытарных замашак і амаральных вывертаў сваю суверэнную краіну да нармальнага жыцця.
«Новага чалавека», блізкага да ідэальнай дасканаласці, пра якога 70 гадоў трубіла прапаганда, выхаваць не ўдалося. Вядомы кінарэжысёр А. Даўжэнка пісаў у дзённіку: «Долгие годы присматриваюсь к людям, стоящим у кормила. Разные были. Были с уклонами, с грехами, с родимыми пятнами, проходили они передо мной, проплывали, как листья по воде, но они были более солидные и импозантные, чем сейчас. Печальная картина. Упрощенчество обнялось с простотой. Мы деградируем, не замечая этого сами. Бедный, убогий, многострадальный мой народ, как ты несчастлив, ведут тебя поводыри».
Пасля распаду СССР жаданага адраджэння народаў не адбылося, маральнае выраджэнне, здрабненне чалавечай асобы працягваецца. Гэта паказваюць паводзіны верхняга эшалона ўлады. Нават у Афганістане, дзе грымяць баі, дзе няма ніякай палітычнай і сацыяльнай стабільнасці, прэзідэнт Карзай не пайшоў на трэці тэрмін кіравання. А ў постсавецкіх краінах, якія прыдворная прапаганда прэзентуе стабільнымі і моцнымі, той, хто дарваўся да ўлады, адразу пачынае крэмзаць канстытуцыю і законы ва ўгоду сабе — любімаму, каб правіць бясконца. Звычайныя менеджэры, якім кружыць галаву вераломны дурман усёдазволенасці і раскошы, пачынаюць гуляць у цароў, у імператараў.
У пэўнай ступені можна зразумець традыцыі Сярэдняй Азіі, там і ў савецкі час заставалася байства, правілі кланы, што мне давялося бачыць, але ж, скажам, мясцовы кіраўнік любіць пахваляцца тым, што Беларусь — гэта геаграфічны цэнтр Еўропы, што яна — не менш дэмакратычная, чым заходнія краіны!
Гледзячы на тое, што адбываецца, становіцца ясна: самы небяспечны наркотык — улада. Яна ламае і зводзіць да поўнай нікчэмнасці слабога чалавека, хоць ён і стараецца выдаваць сябе за моцную асобу, за харызматыка.
Адзін з найпершых сімптомаў аўтарытарызму — самаўсхваленне, якім займаецца правіцель і падручныя, а затым яго падхоплівае насельніцтва. Следам за пахвальбой з’яўляецца самазадаволенасць. А між тым беларусы яшчэ не навучыліся разумна жыць і добра працаваць. Заўвага тычыцца як старэйшых пакаленняў, так і моладзі. Настрой у яе не надта стваральны, але ў жыцці хоча атрымаць усё і адразу, а таму шукае пасады, дзе можна мець навар. У краіне не хапае кваліфікаваных рабочых, тэхнікаў, інжынераў, кіраўнікоў вытворчасці. Затое ў нас множыцца армія вельмі амбіцыйных, але безаблічных, бяздарных начальнікаў-кар’ерыстаў.
Кіруючая эліта траціць на піяр, на павышэнне іміджу вялікія бюджэтныя грошы. Але як падняць аўтарытэт чалавека, калі ён, маючы вышэйшую адукацыю, не можа звязаць двух слоў, блытае простыя паняцці? Знешні глянец, які надта любяць сучасныя людзі, не прыхоўвае, а яшчэ больш падкрэслівае ўнутраную ўбогасць, безасобавасць чыноўнікаў, як толькі яны адкрываюць рот. Чаго можна чакаць ад высокага рангам камунальшчыка, што стаіць сярод замеценага горада і кажа тэлежурналісту: «Вопрос снега у нас вызывает беспокойство»? Чысціць вуліцы трэба, а не непакоіцца! Дарэчы, аглядаючы тэрыторыю Слуцкага льнозавода, кіраўнік краіны раптам зрабіў змрочную выснову: «Полный бардак, хозяина нет, никто сюда не ходит, чувствуется, никому это не надо»…
Некалі А. Пушкін, адказваючы на «Философические письма» П. Чаадаева, заявіў: «Нужно сознаться, что наша общественная жизнь — грустная вещь. Это отсутствие общественного мнения, это равнодушие ко всякому долгу, справедливости и истине, это циничное презрение к человеческой мысли и достоинству — поистине могут привести в отчаяние. Вы хорошо сделали, что сказали это громко».
Такіх значных асобаў, якія могуць, не баючыся рэпрэсій, сказаць на ўвесь голас праўду, ва ўсе эпохі было няшмат. Тым больш важным уяўляецца іхняе меркаванне.
Апошнім часам галоўнай інфармацыяй у Еўропе сталі весткі з Украіны. Вакол іх пастаянна бурліць акіян каментарыяў розных людзей. Але, на вялікі жаль, у большасці матэрыялаў бачу заангажаванасць або цынічную хлусню, а таму гэта наогул нецікава.
Мне хацелася б пачуць, што сказаў бы пра падзеі ў суседняй краіне Васіль Быкаў. Ці мог прадбачыць старэйшы сябра, што ўкраінскія гарады, пры вызваленні якіх ад фашыстаў у 1944 годзе ён быў двойчы паранены, у ХХІ стагоддзі давядзецца вычышчаць ад бандытаў, тэрарыстаў, што пасланы або самастойна забрылі з Расіі? Адказ дае публіцыстыка пісьменніка — мог. У 1995 годзе ён піша: «У той час, як усе іншыя імперыі на зямлі рушыліся (апошняй рухнула ў Афрыцы імперыя Бакаса), у нас робіцца драматычная спроба рэанімацыі савецкай імперыі, пакуль канчаткова не панішчана ракетна-ядзерная зброя, не страціў сталінскую вывучку савецкі генералітэт, не ўмацаваліся межы паміж нядаўнімі саюзнымі рэспублікамі. Пакуль у тых рэспубліках не зніклі «пятыя калоны», дужа заклапочаныя не так правамі чалавека, як праблемаю рэінтэграцыі».
З моманту напісання радкоў прайшло амаль 20 гадоў, але іх актуальнасць не выклікае сумнення. Памянялася толькі азначэнне да слова «імперыя», цяпер яно гучыць так — расійская. Сучасныя падзеі высвечваюць яшчэ адну важную думку геніяльнага суайчынніка: «І калі нам цяпер чагосьці не хапае, дык найперш — нацыянальнай волі, дасканалай нацыянальнай свядомасці. Але тое не даецца прэзідэнцкім указам, тое выхоўваецца праз стагоддзі. Або памірае — мабыць, у той дзень, як памірае мова. І гэта выдатна разумеюць ворагі беларушчыны, беручыся перш за ўсё вынішчаць беларускую мову».
Толькі сапраўдны беларус, які асэнсаваў долю свайго народа ў балючых роздумах, у дзесятках таленавітых кніг, мог сказаць: «Шчасце так проста не прыходзіць з Белавежскай пушчы ці хоць бы адкуль там ні было. За яго трэба змагацца. Трэба выспець нацыі да некаторых элементарных высноў. А яна ў нас яшчэ не выспела, калі спрэс выбіраюць старшыняў і прэзідэнцкіх паслугачоў. Або, калі гэтыя выбары несвабодныя, сфальсіфікаваныя, — чаму дазваляе фальсіфікаваць? У іншых краінах, цывілізаваных нацыях — дэмакратычных, сучасных — такое немагчыма. А ў нас магчыма, значыць, нам яшчэ трэба жыць і змагацца. Але галоўнае — трэба змагацца…» Ён, як ніхто іншы, меў права на такую сур’ёзную размову з землякамі.
З кожным годам свет становіцца больш сквапным і жорсткім, адбываецца «духовное одичание правящего класса». Але над пыхай «судьбовершителей», над культам грошай, над свінцовай дурнотаю многіх тутэйшых абывацеляў кружацца, як вольныя птахі, думкі знакавых людзей, сапраўдных асобаў, якія прымушаюць успомніць, што ў нас ёсць душа і сумленне, што за намі стаіць любімая Айчына, яе будучыня.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ
Чытайце таксама: