«Харысты»
Майму пакаленню пашанцавала ў жыцці, бо яно яшчэ заспела сапраўдныя народныя спевы. Песня нязмушана вырывалася з душы жанчын, дзяўчат і нават мужчын, якія шчыравалі на полі, у лузе. Асабліва помняцца хвіліны, калі яны вярталіся ў паўзмроку з працы і мелодыя аддзялялася ад людзей, набывала свабоду, лунала ў небе, жыла сама па сабе.
Вялікі размах народная песенная культура атрымала ў Прыбалтыцы, дзе з 1869 года (г. Тарту, Эстонія) праводзяцца грандыёзныя святы песні, у якіх удзельнічаюць прафесійныя і самадзейныя калектывы. На «Спеўным полі» ў Літве мне пашчасціла, пачынаючы са студэнцкіх гадоў, неаднаразова быць і чуць чароўнае, цудоўнае суладдзе тысяч галасоў.
У Беларусі простыя, імправізаваныя харавыя спевы ў савецкі час перацяклі ў мастацкую самадзейнасць, якая арганізоўвалася як у вёсцы, так і ў горадзе. Па прыкладзе эстонцаў, латышоў і літоўцаў і ў нас наладжваліся святы песні, памятныя з якіх адбыліся ў Баранавічах (першае, 1948 г., ім кіраваў вядомы дырыжор Г. Цітовіч), Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гародні, Полацку, Маладзечне, Пінску, Століне, каля возера Нарач.
Сёння сардэчную народную песню не пачуеш. Традыцыйная культура, фальклор страцілі сваіх носьбітаў. Што тычыцца глыбіннай вёскі, то яна, на жаль, памірае, у чым вінавата міграцыя, а яшчэ — павальнае п’янства. У застоллі цяпер гучыць прымітыўная сучасная папса, а таксама «шлягеры» даўняга часу: «Вот кто-то с горочки спустился» або «Артиллеристы, Сталин дал приказ».
Але гаворка пойдзе пра іншых «харыстаў». Вядомая перакладчыца Л. Лунгіна ўспамінае мінулае: «Ни одна идеологическая кампания никогда не ограничивалась решениями, принятыми наверху, то есть в ЦК. Она должна была немедленно получить поддержку снизу. Поэтому во всех газетах публиковались бесчисленные письма трудящихся, рабочих и колхозников, которые выражали удовлетворение тем, что партия под руководством мудрого Сталина взялась за метлу и наводит порядок. /…/ Повсюду проходили собрания — на заводах, предприятиях, в Академии наук, в институтах, в Союзах художников и писателей: после доклада руководителя открытым голосованием принимали резолюцию. Всегда единогласно. Чтобы осмелиться при полном зале проголосовать против или хотя бы воздержаться, нужна была безумная смелость: мне никогда не приходилось такого видеть в сталинское время».
Цынічным палітычным «запявалам» для падмацавання патрэбен быў «хор», падтрымка народа. Сталін вынайшаў і распрацаваў сваю мярзотную тактыку: ускласці адказнасць за масавыя рэпрэсіі, за знішчэнне невінаватых людзей на ўсё савецкае грамадства, каб кожны быў замешаны ў крывавых злачынствах, каб не заставалася ніводнага «чысценькага» чалавека. Гэты метад паспяхова выкарыстоўвалі ягоныя пераемнікі аж да бясслаўнага развалу СССР.
Новыя аўтарытарныя «запявалы» ў суверэнных краінах узялі на ўзбраенне сталінскія традыцыі. Галоўнае кінуць кліч, даць штуршок з трыбуны або ў СМІ, а «харысты» пасля прапагандысцкай апрацоўкі заўжды знойдуцца.
Сучасныя «харысты» ў Беларусі і Расіі ведаюць, што на хвалі папулісцкага падману ў 90-х гадах мінулага стагоддзя была навязана антычалавечная аўтарытарная сістэма, але прынялі яе і не збіраюцца мяняць. Газанафтавая халява, на грунце якой збудаваны расійска-беларускі дабрабыт, купляе электарат. Ён апраўдае любыя няўклюдныя дзеянні правіцеляў, яму не сорамна быць пад кіраўніцтвам міжнародных ізгояў, якіх не пускаюць на парог любога прыстойнага «заходняга дома». Не трывожаць «харыстаў» і змрочныя перспектывы, якія намеціліся ў развіцці дзвюх краін. Яны жывуць адным днём і ўсё, што падсоўваецца зверху, абавязкова ўхваляюць.
Выключэннем не стала і агрэсія Расіі супраць Украіны. Імперскі чад пасля захопу Крыма затлуміў галовы не толькі расіянам, але і многім беларусам. Яны не разумеюць таго, што самі знаходзяцца пад прыцэлам, і хорам хваляць У. Пуціна. А ён трапіў у пастку уласных амбіцый і цяпер не ведае, як выкруціцца з паганай сітуацыі.
Кожны раз, калі я чую па тэлебачанні словы «апалчэнцы», «паўстанцы» ў дачыненні да мутнага служылага або крымінальнага люду, сабранага з усіх куткоў Расіі і іншых краёў у Данецк, Луганск, то душа гарыць ад абурэння і ад сораму за кіраўніцтва Расіі, за заангажаваных прыдворных «салаўёў», якім даюць тэксты для агучвання. Яны ганьбяць святую памяць апалчэнцаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія пайшлі абараняць Смаленск, Ленінград, Маскву з голымі рукамі, без зброі і ў большасці палеглі пад фашысцкімі танкамі.
Бандытаў і тэрарыстаў трэба называць сваімі імёнамі. А ўвогуле, хлусня настолькі пранізала інфармацыйнае поле, што, як кажа матэматык і педагог В. Сендэраў: «Иногда в нынешней России становится все-таки невыносимо гнусно жить».
Я разумею энергетычныя праблемы еўрапейскіх краін, іхні традыцыйны эканамічны прагматызм у стасунках з Расіяй. Натуральна, што кожны народ дбае найперш пра сябе. Але двурушнасць заходніх палітыкаў, сярод якіх таксама ёсць «харысты», да дабра не прыводзіць. Як можна закрываць вочы на тое, што вайна грыміць у Еўропе, што гінуць людзі? Якія могуць быць перамовы з бандытамі? Трэба тэрмінова агульнымі намаганнямі спыніць агрэсараў і іхніх наймітаў. Бачна, што без умяшальніцтва міжнародных «блакітных касак» мір ва Украіну не вернецца. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш!
Збіты «Боінг 777» малазійскіх авіяліній стаў апошняй кропляй. Мала ўкраінскай крыві, дык яшчэ загінулі прадстаўнікі іншых краін. Гэтак званы прэм’ер-міністр тэрарыстычнай «ДНР» А. Барадай цынічна заявіў: «Они оказались жертвами этой необъявленной войны». А хто ж распачаў ваенную бойню? Хто выступіў са зброяй у руках супраць незалежнай Украіны? Хто хоча расшкуматаць на кавалкі цудоўную краіну, падарваць яе эканоміку?
Гэта тыя, для каго вайна — «мать родна», звычайная, звыклая праца, за якую плацяць грошы. Жудасна глядзець, як абыходзяцца з рэшткамі цел пасажыраў самалёта сепаратысты. Адзін з іх, абвешаны зброяй, пазіруе на страшным папялішчы, падобным на хатынскае, перад тэлекамерай канала «EN», кажа: «Вот позвоночник…» і нагой у масіўным чаравіку падпіхвае абгарэлыя косці. Больш можна нічога не паказваць… З гэтым бандыцкім войскам усё ясна. Нават расійскі эксперт не вытрымаў і выказаўся праўдзіва: «Они стреляют по всему, что летит».
Заходнія палітыкі і журналісты зноў загаварылі пра асаблівую расійскую палітычную ментальнасць, якая не прызнае рэальнасці, фактаў, учыненых злачынстваў. Гэта сапраўды так. Тое, што было за савецкім часам, засталося. У залежнасці ад «указівак» зверху журналісты вельмі проста могуць мяняць фактаж і сам тон падачы інфармацыі гледачам. Пра такія паводзіны славуты акадэмік І. Паўлаў сказаў: «Тем, которые превращены в забитых животных, едва ли возможно сделаться существами с чувством собственного человеческого достоинства».
Хачу напомніць, што насельніцтва, якое дапамагае ўтрымлівацца ва ўладзе вінаватым асобам, само становіцца саўдзельнікам злачынстваў. У наш час нельга быць падпяваламі, «харыстамі», кожнаму чалавеку трэба назіраць, думаць, разважаць, настойліва дакапвацца да праўды.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ
Чытайце таксама: