TOP

Адкладзены шанц

Старэйшае насельніцтва ў СССР вельмі часта паўтарала: «Нам жывецца кепска, але трэба патрываць, затое нашы дзеці будуць жыць добра». Маё пакаленне, хоць і будавала разам з бацькамі згодна прапагандысцкай версіі камунізм — «светлую будучыню чалавецтва», ужо такіх слоў не гаварыла. 

Пішу «адкладзены шанц», а самому чуецца — украдзены. Нягледзячы на паслярэвалюцыйны энтузіязм, бадзёры настрой, лёс будаўнікоў савецкага жыцця пазначаны яшчэ да канца неасэнсаваным трагізмам. У тым вінавата не толькі другая сусветная вайна, якая знішчыла генафонд многіх народаў СССР. Сумленныя людзі, аглядаючыся на пражытае, не маглі не скалануцца душою ад усведамлення таго, што паралельна з выдуманай афіцыйнай аптымістычнай будзённасцю, з іхнім асабістым, не надта шчаслівым быццём, у той час адбываліся крывавыя рэпрэсіі, гінулі мільёны невінаватых. Над вытокамі агульнай бяды, якая не пакінула шанцу на свабоднае і заможнае жыццё, не задумваліся толькі дэгенераты і цвёрдалобыя сталіністы з душой, закутай у жалезабетон і спавітай кумачом.

У 80-х гадах ХХ стагоддзя стала ясна, што запаветная мара бальшавікоў пабудаваць камунізм ніколі не спраўдзіцца. Эканамічнае развіццё было ганебна правалена. Імкліва нарастаў дэфіцыт элементарных прадуктаў і тавараў, які выклікаў гіганцкія чэргі ў магазінах, масавую незадаволенасць. Урэшце сацыяльныя патрабаванні перараслі ў палітычныя, і ўсё скончылася развалам савецкай імперыі.

Затое ўзнікла надзея, што беларусы займеюць уласную краіну і пачнуць на прыкладзе цывілізаваных народаў будаваць нармальнае жыццё. Ва ўсякім выпадку з першых крокаў незалежнасці я заўважаў такі разумны парыў у мільёнаў людзей. У нас быў шанц пайсці шляхам Польшчы, якая ва ўсходнім еўрапейскім рэгіёне сёння дамаглася найлепшых поспехаў, а таксама Літвы, Латвіі, Эстонііі. Дапамога міжнароднай супольнасці ў станаўленні дэмакратычнай Беларусі была гарантавана.

Цяпер бачна, што ні адна краіна, якая выбрала Еўразвяз, не прапала, а ўзровень дабрабыту насельніцтва залежыць ад сумленнасці і ўмення кіраўніцтва, ад асабістых намаганняў кожнага грамадзяніна.

Але з 1994 года суверэнная Беларусь, якую ўзначаліў амбітны аўтакрат, узяла курс на інтэграцыю з Расіяй, на пабудову гэтак званага «рынкавага сацыялізму», а дакладней — «дзяржаўнага феадалізму», бо ніякім рынкам у эканоміцы і не запахла. Аддача ад няўклюднай сістэмы, якую зварганілі па савецкіх лякалах, была слабая. Новая кіруючая «эліта» паказала сябе нашмат горшай, чым партыйна-чыноўніцкая, што тычыцца прафесіяналізму і маралі. Ды неверагодная ўдача сама ішла ёй у рукі і паўтарылася затым яшчэ неаднойчы.

Прысмактаўшыся да матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў Расіі, правіцель і яго клан зразумелі, што злавілі за хвост «птушку шчасця», як спявалася ў савецкім шлягеры. Не трэба займацца нацыясцвярджэннем, стварэннем грамадзянскай супольнасці, мадэрнізацыяй вытворчасці — галоўнае трымаць у кулаку ўладу, адорваць дабротамі служак, апякаць прыручаных бізнесменаў, карміць сілавікоў, а астатнім людзям ураўніцельна кідаць тое, што застаецца. Два дзесяцігоддзі ў ганебным рэжыме існуе наша грамадства.

Многія людзі так дасюль яшчэ і не ўсвядомілі, што ў Беларусі пабудова нармальнага жыцця адкладзена на невядомы тэрмін, што хісткую сітуацыю стварыў уладалюбны павадыр, а дапамаглі ў гэтым — яны самі.

Разумею, што для равеснікаў незалежнасці перыяд аўтарытарызму ўсё роўна застанецца ў памяці родным і дарагім, таму што яны вырасталі ў ім, кахалі, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей, бо, як я калісьці напісаў, « і ў акупацыю цвіла акацыя», але жыццё ў высокім сэнсе гэтага вечнага слова застанецца адкладзеным на потым.

Якраз лірычны верш з назвай «Потым» можа падсвяціць мой роздум пазіцыяй асобнага чалавека, які глядзіць на свой лёс як бы збоку, з вышыні пражытых гадоў, ведаючы пра эфемернасць і няспраўджанасць таго, пра што мроілася ў юнацтве:

Калі вясновы цёплы лівень
Люляў зялёную лістоту,
Тады, наіўны і маўклівы,
Ты думаў:
«Шчасце прыйдзе потым…»
 
У кветках,
У пчаліным гудзе,
Кахання ўсмешкаю сагрэты,
Праз нерашучасць прамарудзіў
Да кроплі выпіць ласку лета.
 
І нават з белай галавою,
З рубцамі немалой адвагі,
Ад восені ты не засвоіў
Урок душэўнай раўнавагі.
 
А зараз у марознай цішы
Стаіш знямела і аслепла,
Нібыта ў свет яшчэ раз выйшаў
Пасля жыцця, дзе рай і пекла.
 
Тут не шуміць трава густая,
Маўчаць скалелыя сумёты.
Завея долю замятае,
Ёй невядома слова: «Потым…»

Час, які ляціць з неймавернай хуткасцю, даўно заклікае беларусаў не быць мазахістамі, не калечыць жыццё сваім дзецям і ўнукам. Маўкліва трываць гвалт і цемрашальства дзеля біялагічнага існавання — сумніўная заслуга.

Разам з часам павінны мяняцца і людзі. Пакуль што наша грамадства несучаснае, затарможанае, не гатовае да перамен, ад яго, нягледзячы на кампутарызацыю, іншыя бытавыя навінкі, патыхае феадалізмам.

У тутэйшым жыцці было дастаткова размытасці гістарычных мэтаў, бясконцага жалю і пустой балбатні. На гэтым бязладдзі мы павінны як мага хутчэй паставіць тлустую кропку.

«Многомудрый лидер русского мира» У. Пуцін (такі тытул яму прысвоілі нядаўна падхалімы), сам таго не жадаючы, сваёй агрэсіўнасцю, ваяўнічым нахабствам заганяе Расію ў самаізаляцыю, чым дабівае квазіэканоміку, якая трымаецца на збыце нафты і газа, разбурае сацыяльны дабрабыт, раздзімае сепаратызм унутры краіны, падпіхвае суседнія народы, у тым ліку беларусаў, да непрыемнага роздуму. Рана ці позна, але расійская халява скончыцца. Што рабіць тады?

Украінскія падзеі паказваюць, што вакол нас ёсць канкрэтныя носьбіты зла (ад высокіх начальнікаў да звычайных бандытаў), якіх своечасова трэба ставіць на месца, з якімі неабходна змагацца да канчатковай перамогі.

Украіна, нягледзячы на вялікае спазненне, рэалізуе свой гістарычны шанц стаць прыстойнай, дэмакратычнай дзяржавай, праз хлусню і кроў надзвычай цяжка пракладае дарогу да свабоды і цывілізаванага жыцця. Але збіць яе з абранага курсу не ўдасца ўжо нікому.

Нікуды не дзенецца ад рашэння няпростай задачы самасцвярджэння і наша Беларусь, якую пасля аўтарытарнага бясчасся і застою яшчэ чакаюць вялікія ўзрушэнні і выпрабаванні. Ці хопіць сілы ў народа іх вытрымаць?

Лічу, што ў канцы разваг да месца будзе прывесці мудры выраз расійскага пісьменніка Ю. Каваля: «Думайте не над смыслом сказанного, а над жизнью услышавшего».

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

«Харысты»

Здрабненне асобы

Прыватнае жыццё

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.