TOP

«Беларусі трэба непакоіцца пра захаванне сваёй незалежнасці»

За апошнія дзесяць год каардынатар Руху «За свабоду» па Мінску Юрась Меляшкевіч не прапусціў аніводнай выбарчай кампаніі. Збіраецца так ці інакш дапамагаць і пад час будучай прэзідэнцкай кампаніі ў 2015 годзе, хаця і лічыць, што да яе апазіцыя падыйдзе ў стане апатыі і расчаравання.

Палітыка была вакол з дзяцінства

— У мяне бацька палітычны актывіст. Так што вакол з дзяцінства грамадска-палітычная дзейнасць. Ці то подпісы збіраў, ці то ў агітацыі ўдзельнічаў. Быў заўжды нацыянальна арыентаваным.

Спачатку трапіў у «Малады фронт», пасля ў «Правы альянс». Потым разважаў, што ды як, першым чынам выбраў, канечне, БНФ, бо бацька таксама быў заўсёды у фронце, блізкі па ідэйных меркаваннях.

Гэта было ў 2004 годзе, тады ж і першая выбарчая кампанія. Прэзідэнцкія, парламенцкія выбары… У 2006 годзе вялікая палітычная кампанія Аляксандра Мілінкевіча… За дзесяць год ні адну кампанію не прапусціў. Апошняя была на мясцовых выбарах, дзе я балатаваўся.

Уся сям’я заўсёды падтрымлівала мяне. Бацька, маці, і сястра, і жонка. Мы ўсе аднадумцы.

Апатыя на выбарах

— Звычайная выбарчая кампанія апошнім часам у Беларусі праходзіць у варунках апатыі, дэактывізму. Я лічу, што да гэтага часу ёсць памяць пра паразу 2010 года, калі людзі перажылі расчараванне.

У кампаніі па выбарах прэзідэнта 2015 года планую так ці інакш удзельнічаць, дапамагаць. Планаў на гэта ніякіх канкрэтных няма, але ніводнай кампаніі не прапусціў, і гэтая не будзе выключэннем. Хвалююся, што пройдзе апатычна.

Важна, каб была дамоўленасць па працы на прэзідэнцкіх выбарах, але часу на гэта засталося ўжо мала.

Зараз звязваю сваё жыццё з працай, на якой у мяне ўдаецца сумяшчаць і грамадскую актыўнасць. У межах гэтай дзейнасці я займаюся папулярызацыяй беларускай мовы, гісторыі і культуры. І ёсць яшчэ шмат планаў па пашырэнні такой працы. Стала распачынаю нешта новае.

Беларусі зараз трэба непакоіцца пра захаванне сваёй незалежнасці

— Зараз я найбольш занепакоены сітуацыяй ва Украіне. Беларусь апынулася ў расійскай інфармацыйнай прасторы, і зараз для нас важныя кампаніі па падтрымцы нашай незалежнасці.

Байкот расійскіх тавараў не дапаможа. Калі мы будзем настолькі эканамічна самастойнымi каб спакойна заяўляць сваю нязгоду з Расійскай Федэрацыяй у эканоміцы і вайсковай палітыцы, то можна было б арганізаваць кампанію ігнаравання расійскай прадукцыі.

Але зараз, калі мы эканамічна і энергетычна залежныя ад РФ, такія рэчы, на жаль, не прывядуць да поспеху. Хутчэй за ўсё, нават нам нашкодзіць, бо Расія толькі і чакае добрых нагодаў, каб абазваць апазіцыйныя сілы і нават улады краіны фашыстамі, дэманізаваць іх і легітымізаваць сваю агрэсію. І Беларусь не будзе выключэннем. Таму перадусім трэба думаць пра нашу незалежнасць.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.