TOP

«Дайце спакойна жыць…»

Самым станоўчым, што прынесла Перамога ў крывавай і стратнай Вялікай Айчыннай вайне, — было баявое пабрацімства народаў СССР, якія разам адстойвалі сваю свабоду, спакой і мір на роднай зямлі. Але затым гэты святы і далікатны набытак знішчыла няправільная нацыянальная палітыка Крамля, татальная русіфікацыя самабытных рэспублік.

Пасля развалу СССР пра «вечную дружбу савецкіх народаў», якая была зацяганым прапагандысцкім клішэ, гаварыць не даводзіцца. Вайна больш чым дваццаць гадоў бясконца кружыць па ўскраінах былой імперыі. Баявыя дзеянні адбываліся ў Нагорным Карабаху, Малдавіі, Чачні, на Каўказе. Расія выступала ў ваенных сутычках у самай рознай іпастасі — ад назіральніка да зацікаўленага і непасрэднага ўдзельніка. Несумненна адно: там, дзе пахне порахам, заўсёды была яна.

Расія дзейнічае не толькі бізуном, але і пернікам. Напрыклад, яна трымае на кароткім павадку, пастаянна корміць беларускі аўтарытарны рэжым нафтай, газам і пазыкамі, а той у знак удзячнасці забяспечвае Крэмль напрацоўкамі ў справе ўзурпацыі ўлады. На тутэйшым палігоне абкатаны розныя метады абалваньвання насельніцтва, сістэма фальсіфікацый, падтасовак на выбарах і рэферэндумах, спосабы ўхілення ад выканання патрабаванняў канстытуцыі і заканадаўства. Яны паспяхова выкарыстоўваюцца ў Расіі.

Цяпер У. Пуцін, які асабіста мае неабмежаваную ўладу, каласальныя грошы, рабскае пакланенне электарата, стаў ажыццяўляць сваю даўнюю мару — быць збіральнікам расійскай імперыі. Ён цынічна выкарыстоўвае моцную аслабленасць постсавецкіх краін, дзе няма нацыянальнай еднасці, дзе ва ўладных структурах пануе знішчальная карупцыя.

Пад імперскі прэс трапіла Украіна, якая ўжо страціла Крым і ніяк не можа выгнаць за свае межы нахабных расійскіх наймітаў, што ўварваліся са зброяй у руках у Данецкую і Луганскую вобласці і бунтуюць людзей, распальваюць сепаратызм.

Сёння амаль 90% інфармацыйнага часу расійскіх тэлеканалаў прысвечана Украіне, нібыта на гіганцкай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ўвогуле нічога не адбываецца. Прытым паведамленні ўсё ставяць з ног на галаву. Прыклад падае сам кіраўнік краіны, а паслугачы жывуць яго розумам. У прамове на адкрыцці мемарыяла ахвярам першай сусветнай вайны У. Пуцін абрынуўся з гнеўнымі абвінавачваннямі на ЗША, Еўропу, Украіну, хоць даўно ясна, хто з’яўляецца ініцыятарам выбухованебяспечнай сітуацыі не толькі ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне. Так што сказанае расійскім правіцелем было адрасавана самому сабе.

Трэба адзначыць розніцу ў стварэнні хлуслівай інфармацыі. Пры Сталіне журналісты і рэдактары «кляпалі», а людзі хорам паўтаралі абсалютную дурноту, таму што баяліся рэпрэсій да сябе, да сваіх блізкіх. Цяпер у Беларусі і ў Расіі такая прадукцыя вырабляецца за вельмі неблагія грошы, а яшчэ выканаўцамі пастаянна ўлічваецца вялікі попыт на халуйства, калі любому неадукаванаму боўдзілу за кошт лізання забяспечаны хуткі кар’ерны рост.

Той невераемны абсурд, які абрынаецца на галовы мільёнаў людзей з тэлеэкранаў і радыёэфіру, сапраўды не дадае ім жыццёвай раўнавагі. Хлусня стала настолькі цынічнай і нахабнай, што ўводзіць у шок людзей, выклікае нянавісць да «шчоўкапёраў» і да ўлады, якая мэтанакіравана стварае давячую на розум і пачуцці, амаральную, мярзотную атмасферу. Як у месцах ваенных дзеянняў, так і на ўсёй постсавецкай тэрыторыі, людзі, звяртаючыся да расійскіх палітыкаў і вайскоўцаў, просяць: «Дайце нам спакойна жыць…»

Інфармацыйны хаос прыводзіць да таго, што ў грамадскай свядомасці не працуюць лагічныя сувязі. Увага людзей слізгае па асобных дэталях, якія не складваюцца ў агульны малюнак. Так непрыкметна пад грукатам лакальных, рэгіянальных войнаў на планету насоўваецца злавесны цень трэцяй сусветнай вайны…

У мінулую суботу ў Маскве на мітынг, арганізаваны грамадскім рухам «Битва за Донбасс», сабралася 4 тысячы (паводле неафіцыйных падлікаў паліцыі — крыху больш тысячы) ваяўнічых «патрыётаў», «сторонников независимости Восточной Украины». «Дрэс-код» мерапрыемства прадугледжваў адмысловыя майкі з баявымі надпісамі: «Няш-мяш, Крым наш», «Битва за Луганск», «Битва за Новороссию» і г.д.. Хто не меў такой апраткі, той мог тут жа за тысячу рублёў яе набыць і пераапрануцца.

Выступленні мітынгуючых былі не менш агрэсіўнымі: «Впервые не стыдно за Россию»; «Огромная пятая колонна мешает Путину принимать решения»; «Россия будет чистой! Давите либералов, либералам — смерть!» Асаблівую цікавасць выклікала дружнае скандзіраванне: «Мы-ы-ы! Наше имя — Стрелков!»; «Слава России!»; «Слава Стрелкову!» Такім чынам усхваляўся і прыраўніваўся да Айчыны прайдзісвет і авантурыст, кіраўнік данецкіх тэрарыстаў І. Гіркін.

«Патрыёты Расіі», якія заклікаюць да ўварвання на тэрыторыю Украіны, ведаюць, што ім браць у рукі зброю, поўзаць пад кулямі, мінамі, снарадамі і гінуць за імперыю не давядзецца. Гэтую «ганаровую» і «гераічную» місію яны кашчунна падсоўваюць моладзі.

Што атрымала Расія ад правакацыйнай ваеннай валтузні ва Украіне? Тысячы бежанцаў, якія віснуць у яе на шыі, як камень. А яшчэ санкцыі, што прынялі ЗША і Еўразвяз, адбяруць 20% дабрабыту ў расіян, хоць яны і зараз жывуць небагата. Дык ці патрэбна была ім пуцінская афера?

Украінскія падзеі, як ні адбівайся, а ўсё роўна тычацца Беларусі. 70 гадоў замбіраваныя прапагандай тутэйшыя людзі казалі: «Будзем трываць усё, толькі б не было вайны!» Яна ж падкралася і ходзіць каля парога іхняй хаты. А ці думаюць цяпер нашы зацятыя «інтэгратары» пра тое, як ускруцяцца цэны, калі катастрафічна зменшыцца або наогул лясне расійская халява? Ці ўяўляюць яны, што давядзецца будаваць сваё жыццё з «чыстага ліста», ужо зларадна не хіхікаючы ў кулак на адрас літоўцаў, латышоў і эстонцаў, якія «замярзаюць і паміраюць з голаду»?

У дачыненні да савецкага і цяперашняга жыцця мне ўспомніўся дасціпны маналог. Калі ў часы Сталіна адной манашцы далі 10 гадоў турмы, яна сказала: «Я уже помирать собиралась, а тут такое. Раз уж правительство велит, то надо пожить».

Часта чуючы заклінанні аб тым, каб прыйшоў Сталін і навёў парадак, мая душа скаланаецца гневам і абурэннем. Яго бяздарнае кіраўніцтва скончылася дзесяткамі мільёнаў забітых як у ваенны, так і ў мірны час. Пры тыране смерць і без вайны пастаянна хадзіла побач з кожным чалавекам.

Тым не менш, чыноўніцка-алігархічная Расія, да якой прышпілілася Беларусь, пераймае сталінскі стыль паводзін, асэнсавана выбрала ваяўнічы шлях — на злом галавы. Яна спрабуе нешта даказаць, нарошчвае новыя ўзбраенні, заклапоцілася сваёй ваеннай прысутнасцю ў свеце. Яе эксперты заяўляюць: «У нас пока нет достаточно сил. Придет время, и мы будем поступать только в интересах нашего государства». Калі б гэта тычылася толькі адной Расіі, то — вольнаму воля. Але ж яе нахабная агрэсіўнасць ставіць на кон спакой усёй планеты.

Адэкватным зямлянам мірнае жыццё не надакучыла. Разумныя, працавітыя, самадастатковыя людзі паўтараюць на розных мовах адну і тую ж фразу: «Дайце спакойна жыць…» Няўжо агрэсіўнае пячорнае дзікунства ў чалавеку заўжды будзе перамагаць розум, мараль і проста здаровы сэнс?

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

Адкладзены шанц

«Харысты»

Здрабненне асобы

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.