TOP

Перакосы

Жывыя моманты быцця даюць для разумення сітуацыі, у якую трапілі «памяркоўныя беларусы», значна болей, чым тысячы артыкулаў палітолагаў, журналістаў. Жанчына, стоячы ў гастраноме, дзе ўключана радыё, слухае чарговую прачуханку, наладжаную кіраўніком краіны сваім памочнікам, і раптам не вытрымлівае, ускліквае: «Господи, когда же это кончится?» 

Мне, яе суседу па чарзе, выразна чуліся і былі зразумелымі глыбокі смутак, беспрасветнасць і адчай, якімі поўніўся мілагучны голас. Сапраўды, ёсць ад чаго плакаць душы і шчымець сэрцу. Кожны дзень паўтараецца адно і тое ж: кепскія слугі падводзяць разумнага і мудрага правіцеля. На гэты раз гаворка ішла пра перакосы, хібы ў планаванні і будаўніцтве гарадскіх аб’ектаў…

Пад сцягам самых розных перакосаў савецкія людзі крочылі, як зазначыў расійскі філолаг, прафесар В. Коўскі, «от светлого энтузиазма сталинского концлагеря до спокойных и сытых десятилетий под стынущим брежневским маразмом». Ганебнае шэсце працягваецца і ў суверэннай Беларусі. Практыка паказвае, што неабмежаваная ўлада ў руках аднаго чалавека і маўклівая апатыя мільёнаў людзей абавязкова прыводзяць да перакосаў у палітыцы і эканоміцы.

Стан постсавецкага люду дакладна характарызуе жонка выдатнага паэта В. Мандэльштама, сама таксама таленавіты літаратар Н. Мандэльштам: «Только крошечная горсточка людей осознала, что у нас происходило в течение всех этих лет, остальным же начхать на прошлое, и в будущем они способны повторить всё, что было. И никакой неловкости не произойдет…»

Неабыякавыя грамадзяне, хоць іх і не так шмат у Беларусі, незалежныя айчынныя і замежныя эксперты бачаць тэарэтычны і практычны авантурызм, неэфектыўнасць аўтарытарнага рэжыму. Але канструктыўная крытыка актыўных людзей і спецыялістаў, якую ўлада на словах нібыта заахвочвае, ніколі не ўлічваецца, адскоквае ад яе, як гарох ад сцяны.

Да чаго гэта можа прывесці, паказалі апошнія нарады прэзідэнта. Трэба было кіраваць дваццаць гадоў, узахлёб публічна расхвальваць свае любыя дзеянні, каб нарэшце заўважыць, што ва ўсіх (!) сферах беларускага жыцця маюцца яўныя перакосы.

Няма патрэбы пераказваць дэталі таго, што адбываецца, бо ў нас на слыху грозныя маналогі правіцеля, якія, праўда, усім парадкам паднадакучылі. А пытанне, якое ўзнікае пасля трансляцыі прачуханак, гучыць так: «Хто ж ініцыяваў гэта або даў дазвол на рэалізацыю?» Але аказваецца, што вінаваты «баяры» і «народзец», якому хацелася такога «шчасця».

Напрыклад, доўга псавалі архітэктурнае аблічча Мінска, знішчалі паркі, аўральна будавалі-ляпілі гасцініцы, а цяпер раптам агледзеліся, што многія з іх стаяць амаль пустыя. Непасільнай нагрузкай для дзяржаўнага бюджэту сталі шматлікія лядовыя палацы.

А палітык і вучоны Г. Карпенка яшчэ ў сакавіку 1999 года ў артыкуле «В Беларуси экономический кризис набирает угрожающие обороты» пісаў: «В условиях, когда необходим жесткий режим экономии валютных ресурсов, президент развернул по всей республике грандиозные стройки катков, правительственных резиденций и баз отдыха под Минском, в Витебской и Брестской областях, на возведении которых задействованы строительные тресты и рабочие, численность которых превышает 2,5 тысячи человек, уничтожаются уникальные уголки природы, засыпаются и перегораживаются чистейшие лесные озера. Президент позволяет себе прогулки с сыновьями на Олимпийские игры в Японию, затраты на которые превышают 1 миллион долларов».

Шмат вады сплыло ў айчынных рэках з таго часу, але апетыт рэжыму, які папракаюць за марнатраўства грошай падаткаплацельшчыкаў і замежных пазык, не зменшыўся, а значна вырас. Калі ў правіцеля няма тармазоў, калі над ім адсутнічае кантроль грамадскасці, то можна рабіць усё, што захочаш.

Характарыстыка, якую геніяльны Л. Талстой даў расійскаму імператару Мікалаю І, тычыцца ўсіх сённяшніх «царкоў» на постсавецкай прасторы: «Постоянная, явная, противная очевидности лесть окружающих его людей довела его до того, что он не видел уже своих противоречий, не сообразовывал уже свои поступки и слова с действительностью, с логикой или даже с простым здравым смыслом, а вполне был уверен, что все его распоряжения, как бы они ни были бессмысленны, несправедливы и не согласны между собою, становились и осмысленны, и справедливы, и согласны между собой только потому, что он их делал».

Якраз манія ўласнай велічы, выключнасці, усёведання, непагрэшнасці і незаменнасці перашкаджае такім людзям працаваць. Выхадцы з небагатых, неадукаваных сем’яў, а ў СССР заможнымі, як мы помнім, былі толькі адзінкі, яны, дарваўшыся да кіраўнічых крэслаў, адкінулі прэч сумленне і мараль, імгненна пайшлі ўразнос, сталі рабамі ўсёдазволенасці, багацця і раскошы.

Нават у знешніх уладных атрыбутах выпінаюцца перакосы. Для гэтага дастаткова ўбачыць па тэлебачанні і параўнаць сціплы рабочы кабінет амерыканскага прэзідэнта з апартаментамі кіраўнікоў у Мінску і Маскве. Можна яшчэ зразумець расійскую сітуацыю, бо Крэмль — гістарычная спадчына, яго трэба захоўваць з былой царскай пампезнай аздобаю. А вось мінскі «новодел» выклікае іронію, таму што безгустоўнасць, пошлая сусальнасць, жаданне, як у вясковай цёткі, «багата выглядаць» рэжуць вочы.

Над «царом» наглядчыкаў няма, затое над падданымі іх шмат. Але пры наяўнасці тысяч кантралёраў дасягнуць парадку не ўдалося. Любы начальнік капіруе галоўнага боса, уяўляе сябе «банапарцікам», якому няма ўкароту. Мала таго, што яны набудавалі сабе на раскошных участках шыкоўныя палацы за высокімі агароджамі. Гледзячы на любую арганізацыю (няважна якая шыльда — «Водаканал» або «Метрабуд»), бачыш панскае абсталёўванне яе кіраўнікоў. Скажам, захацелася надземна- падземную паркоўку для аўтамашын, таму напляваць, што кантора знаходзіцца побач з гімназіяй, дзіцячым садком, спальным раёнам, скверам. Камфортныя ўмовы для сябе любімага — вышэй за ўсё.

Пра валюнтарысцкую несправядлівасць, перакосы ў сістэме фарміравання зарплат і ў пенсійным забеспячэнні нават успамінаць не хочацца, пісана-перапісана, а толку ніякага.

Ёсць шмат прыкладаў перакосаў у ідэалогіі. Дваццаць гадоў улада і яе прапаганда ўслаўлялі былога крывавага тырана, пабудавалі «Линию Сталина», усталявалі яму бюсты і помнікі. А цяпер як бы ачомаліся і пачалі варганіць тэлеперадачы супраць сталінізму. Зразумела, лепей позна, чым ніколі. Але хто мяне запэўніць, што праз нейкі час у Беларусі зноў не стануць узвялічваць узурпатара?

Падагульняючы сказанае, хачу звярнуцца да самых небяспечных перакосаў — у чалавечай памяці. Рэжым перапісвае не толькі савецкую гісторыю, дзе жывая, горкая і жахлівая праўда нахабна падмяняецца бадзёрай хлуснёй. У свядомасць моладзі хітра ўбіваюцца фальшывыя малюнкі зусім нядаўняга мінулага. Няўжо вучні Сталіна саманадзейна спадзяюцца, што беларусы забудуцца, як менавіта пры гэтай уладзе знікалі палітыкі і журналісты, бясчынствавалі «эскадроны смерці», ішло подлае цкаванне лепшых грамадзян, ламаліся лёсы соцен тысяч непакорных людзей?

Перакосы ў нашай краіне працягваюцца, а таму ўсім нам трэба быць вельмі пільнымі, мець добрую памяць.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама:

«Дайце спакойна жыць…»

Адкладзены шанц

«Харысты»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.