TOP

«Патолагаанатамы»

За ўсё жыццё мне давялося выслухаць мора хлусні, бо як савецкія, так і сучасныя афіцыйныя СМІ не назавеш праўдзівымі. Але настолькі агіднага варыва з фальшывак і падтасовак, якое гатуюць аўтары новай перадачы «Анатомия дня» на расійскім НТВ, яшчэ ніколі каштаваць не даводзілася.

У народнай грамадзе заўжды ёсць індывіды, якія лёгка могуць выдумляць неверагодныя гісторыі, як кажуць, «нагаварыць сорак бочак арыштантаў». Гэта звычайна бяскрыўдныя людзі, яны проста фантазіруюць, не маючы на ўвазе нейкія меркантыльныя або шкодныя для іншых мэты. Яшчэ адну катэгорыю «казачнікаў» складаюць тыя, хто маніць для ўласнай карысці, добра ўсведамляючы, што ён робіць. Асобнае месца сярод хлусаў займаюць высокапастаўленыя асобы, якія, карыстаючыся службовым становішчам і шырокімі магчымасцямі, з трыбун, на сустрэчах надаюць сабе выдатныя рысы, прыпісваюць розныя гераічныя ўчынкі, каб прапіярыцца, і самі ў прыдуманае шчыра вераць. Прытым у кожным чарговым выступленні іхні гераізм і значнасць узрастаюць у геаметрычнай прагрэсіі. Але гэта аб’екты хутчэй для медыцынскага абследавання, чым для роздуму.

Гаворка пойдзе пра грамадзян Беларусі і Расіі, якія згодна прафесійнага абавязку павінны несці людзям дакладную інфармацыю. Павінны, ды не робяць гэтага. Афіцыйныя журналісты з прычыны спецыфікі аўтарытарнай сістэмы, якая пануе ў дзвюх краінах, пад уздзеяннем знешніх фактараў (жорсткае падпарадкаванне, параўнаўча высокая зарплата), а таксама ў сілу ўласных характараў складаюць вялікую армію закончаных манюкаў. Больш таго, у Расіі на дзяржаўным узроўні, бо абмеркаванне гэтага пытання ішло ў парламенце і ва ўрадзе, пастаўлена задача любой цаной і ўсімі спосабамі авалодаць інфармацыйнай прасторай былога СССР і праводзіць апрацоўку насельніцтва ў патрэбным духу.

Адсутнасць элементарнай сумленнасці і сораму ў журналістаў з асаблівай сілай выявілася ў сувязі з украінскімі падзеямі, калі суседні народ выказаў жаданне быць у Еўропе не толькі геаграфічна і пахаваў надзею У. Пуціна на аднаўленне былой расійскай імперыі. Яны нібы сарваліся з ланцуга і пачалі аббрэхваць любое дзеянне новага кіраўніцтва Украіны. У перадачах нібыта дыскусійнага плану часта гучаць такія пасажы: «Недогосударство, которым сегодня является Украина»; «Левый берег Днепра — это все Россия. Украина возле Львова»; «У них никогда не было своего языка»; «Власти Украины работают под диктовку Запада»; «Они каратели и фашисты»; «Наступает конец украинской государственности»; «Необходимо освобождение всей Новороссии». А ў канцы вядучы, які ўвесь час падбухторваў прысутных на новыя нападкі, ялейным голасам прамаўляе: «Мы говорили о близкой и дорогой нам Украине». Сапраўды, такая дарагая, што далей некуды! Мне арганізатары падобных перадач уяўляюцца так: у спецыяльным адзенні, са скальпелямі ў руках яны крамсаюць жывое цела праўды, распластанае на анатамічным стале.

Заўжды трэба глядзець у корань праблемы. Хто выпусціў на волю джына вайны? Той, хто заслаў на тэрыторыю Украіны правакатараў, каб распаліць сепаратысцкія настроі, хто ўвёў туды сваіх вайскоўцаў. Вайна пачалася не з Майдана, а з захопу Крыма. Рускамоўных людзей шмат усюды: у Беларусі, Казахстане, Латвіі, Літве, Эстоніі. Дык што, трэба і туды засылаць «зялёных чалавечкаў», а затым ствараць гэтак званыя народныя рэспублікі?

Гледзячы на тое, што адбываецца, успомніў радкі свайго верша, напісанага задоўга да крывавых падзей:

Вядуць жыццё тунэлем вузкім
Туды, дзе пахне тлом і гарам,
Уладары замкнутых вуснаў,
Прыватызатары трупярань.
 
Яны людзей,
Нямых,
Аслеплых,
Збіваюць з тропу розным чынам,
Каб на зямлі наладзіць пекла,
З якога выйсці немагчыма.
 
Яны ўсяго і ўсіх баяцца,
Аднак палохае найболей
Душы незацуглянай праца,
Імкненне вечнае да волі.

Беларускія «патолагаанатамы» выбралі сваю методыку прэпарыравання праўды. Яны ўварваліся ў расійскія тэлеканалы, спачатку запісваюць перадачы, выразаючы крытыку ў бок кіраўніцтва Беларусі, прасейваюць, перастаўляюць, як ім захочацца, і толькі затым са спазненнем транслююць для тутэйшых гледачоў. Больш таго, тэлеканалы шчодра нашпігоўваюцца мясцовай прапагандай.

Мне і, мяркую, іншым тэлегледачам хочацца мець справу з чыста расійскім або беларускім прадуктам, а ўсе гэтыя НТВ-Беларусь, РТР-Беларусь і ОНТ падаюцца нясмачным, цвілым вінегрэтам.

Акрамя таго, ненармальнай практыкай сталі частыя змены ў тэлепраграмах, прытым без усялякага папярэджання і выбачэння, што паказвае цынічную непавагу да гледачоў.

Дарэчы, кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» ў дачыненні да забароны ўкраінскай уладай трансляцыі 14 расійскіх тэлеканалаў, якіх прызналі вінаватымі ў прапагандзе вайны, выказаўся такім чынам: «Мы сейчас живем во времена такого информационного пространства, что запрещать что-либо бессмысленно, ведь все можно посмотреть в интернете». Дык чаму ж тады ў ягонай гаспадарцы вядуць рэй такія адыёзныя «кухары» і «патолагаанатамы», якія карыстаюцца падтасоўкамі і цэнзурай?

Значыцца, тут ёсць прагматычны разлік. Большасць беларусаў не карыстаецца інтэрнэтам, праз строга рэгламентаваны сацыяльны пакет яна падсаджана дзяржавай на наркатычную іголку расійскай і мясцовай тэлепрапаганды. У глыбінцы многія людзі наогул прымаюць толькі БТ і ОНТ, дык пра якое спаборніцтва меркаванняў і плюралізм на экране можа ісці гаворка? А таму даверлівы люд прымае і пераказвае «доминирующую пророссийскую позицию».

У Беларусі на тэлебачанні даўно няма месца альтэрнатыўнай думцы. Што тычыцца Расіі, то там зрэдку запрашаюць у студыі людзей, якія маюць меркаванні, адрозныя ад афіцыйных, але тут жа, у час перадач, не даюць ім гаварыць, абрываюць на паўслове.

Журналісты, якія стараліся, хоць з большага, прытрымлівацца праўды, выціснуты. Такі лёс напаткаў таленавітую М. Строеву з тэлеканала РБК. Цяпер яна ў Кіеве. Вядучы РБК Ю. Таманцаў вырашыў атрымаць ад Марыі падтрымку расійскай пазіцыі. Але былая калежанка не падзяліла яго абвінавачванняў на адрас Украіны. Яна сказала, што Кіеў нагадвае горад-курорт, агрэсіі ў ім менш, чым у Маскве, што не ўсе тут белыя і пушыстыя, ды гэта не фашысты і не нацыяналісты, а людзі, якія абараняюць Айчыну і сваю годнасць. Сустрэчнага вострага пытання Строевай зацыклены Таманцаў «не пачуў» і гаворку спыніў…

Што тычыцца пазіцыі афіцыйнага Мінска ў адносінах да ўкраінскіх падзей, дык яна не такая нейтральная, як гэта здаецца беларускім аналітыкам. Калі вылучыць спецыфічныя нюансы ў выказваннях тутэйшага кіраўніка і чыноўнікаў у прадукцыі дзяржаўных СМІ, то ўбачыцца яўны прарасійскі ўхіл.

Цяпер у большасці спажыўцоў паслуг тэлесетак Беларусі няма магчымасці глядзець хоць бы адзін незаангажаваны інфармацыйны канал, дзе б без прадузятасці, без істэрычных каментарыяў расказвалася пра падзеі ў свеце. Нават расійская версія «Еўраньюс» грашыць угодніцтвам Крамлю. Як ні дзіўна, абсалютна праўдзівым і адэкватным на гэтым фоне выглядае канал «Охота и рыбалка», хоць вядома, што паляўнічыя і рыбакі любяць пафантазіраваць у дачыненні да сваёй здабычы…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Чаму знікае сорам?

Клопаты пра чалавека

Рэванш

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.