Краса і сіла мовы
У сучасным свеце пануе мова сілы. Ёй нахабна карыстаюцца аўтакраты, якія надоўга ўзурпіравалі ўладу ў многіх краінах свету, яе ўзялі на ўзбраенне тэрарысты, каб атакаваць спакойны лад жыцця людзей. А я ў ваенізаваны, жульніцкі, беспрытульны час хачу гаварыць пра красу і сілу роднай мовы.
На пачатку працытую абзац з уступу, над якім давялося працаваць і мне, да «Вялікага слоўніка беларускай мовы» Ф. А. Піскунова, дзе змешчана каля 223000 слоў: «Беларуская мова — неацэнны здабытак шматлікіх пакаленняў беларусаў. Стагоддзямі яна развівалася і ўзбагачалася як у літаратурнай, так і ў народна-гутарковай форме, пра што сведчаць тамы дыялектных слоўнікаў, а таксама фундаментальны гістарычны слоўнік. Надзвычай яркай рысай, якая характарызуе моўныя і мастацка-творчыя магчымасці беларускага народа, стаў шматгранны і аб’ёмны (на 45 тамоў) збор фальклору, выдадзены ў канцы ХХ стагоддзя». Строгія, дакладныя радкі падрахоўваюць зробленае беларусамі і паказваюць на духоўнае багацце, якое ззяе паміж вокладкамі слоўніка, бо наша мова — гэта сапраўды ўнікальны, прыгожы і велічны гімн жыццю.
Вандруючы па свеце, я пераканаўся, як апантана любяць родную мову французы, італьянцы, немцы, датчане, палякі, літоўцы, латышы, венгры, сербы, грузіны. Людзі розных прафесій, палітычных поглядаў, сацыяльнага становішча, веравызнання, але сіла любові і адданасці свайму слову выяўлялася ў іх аднолькава выразна, а часам, як у выпадку інжынера з Кракава, вінароба з дэпартамента Рона, фермера з дацкай глыбінкі, проста зашкальвала.
Гледзячы на тое, што адбываецца з роднай мовай у Беларусі, можна зрабіць выснову пра яе слабасць. Але гэта не так. Слабая не мова, якая дадзена Вышэйшай Воляй, а самі людзі. Мова не вінаватая ў тым, што грамадствам авалодалі нігілізм, невуцтва, абыякавасць і лянота. Расійскі гісторык і філосаф А. Няклеса заўважыў: «Зло правит, травит, травмирует живых и, обессмысливая время, разлагает историю». Гніенне беларускай гісторыі ідзе з кастрычніцкага перавароту. Услед за царызмам спачатку бальшавікі, а цяпер і дзеючая ўлада сур’ёзна траўміравалі наш народ русіфікацыяй. У грамадстве ёсць сотні тысяч суайчыннікаў, якім сорамна за наплявацельскае стаўленне да роднай мовы, хоць яны і не паказваюць выгляду. Але стрэмка ў сэрцы ные. А ўвогуле, развялося шмат людзей, якія, няважна ці па-руску, ці па-беларуску, гавораць зусім не думаючы, чужымі словамі з тэлескрыні.
Апошнім часам у СМІ зноў разгарэлася дыскусія пра месца беларускай мовы ў грамадстве. Згодзен, што маюцца людзі, якія зрабілі беларускасць прафесіяй, простым спосабам набыцця прызнання або перавагі над іншымі. Гэта сапраўды дзікунства.
Вітаю меркаванне пра тое, каб умацаванне нацыянальнай свядомасці вялося за кошт глыбокага засваення айчыннай гісторыі. Свае карані неабходна ведаць, гэты пастулат і я пастаянна праводжу ў вершах і публіцыстыцы. Напомню толькі, што практычна стрыжань нашай гісторыі — гэта якраз змаганне за мову. Відаць, невыпадкова столькі чалавечых лёсаў і намаганняў пакладзена на яе выжыванне! Калі б не было гераізму продкаў, то наша мова даўно сканала б, як сотні іншых.
А вось аптымізм у дачыненні да сучаснага стану мовы, пад якім няма грунту, не падзяляю. Не ўсё так проста, як здаецца. Хоць яшчэ па-беларуску пішуцца кнігі і спяваюцца песні, ды прорва выраджэння расце. Яна не бачна гаспадарнікам, але гуманітарыяў, а тым больш тых, хто на мове нешта стварае, не падманеш. На жаль, у большасці сваёй беларусы родную мову не ведаюць і не адчуваюць. Куртатае азнаямленне з ёй у школе, не падмацаванае затым штодзённым ужываннем, нельга назваць веданнем. «Двухмоўе» канчаецца тым, што людзі карыстаюцца рускай мовай, якая пануе, а свая сыходзіць на перыферыю іхняй увагі.
Кепска, калі родная мова становіцца не працоўнай, а параднай па мінімуму, з’яўляецца дзе-нідзе на дарожных паказальніках, на шыльдах, у рэкламе, аб’явах у грамадскім транспарце. Яна багацее, наліваецца сілай, удасканальваецца, шліфуецца толькі ў час людскіх камунікацый і дзейнасці.
Дарэчы, пару слоў наконт рэкламы. На фоне рускамоўнай прадукцыі дурнаватага кшталту, з граматычнымі памылкамі прыемна раптам убачыць прэзентацыю па-беларуску фірмаў Boss, Teknos, зробленую з густам, пісьменна. Але становіцца і сумна — дажыліся да таго, што іншаземцы вучаць нас паважаць і любіць родную мову.
Нягледзячы на «чорныя спісы», мяне часта запрашаюць вучні і студэнты, настаўнікі і выкладчыкі на літаратурныя сустрэчы. Рэаліі, якія бачу, такія: падрыхтоўка спецыялістаў беларускай мовы слабая, часу на вывучэнне мовы адводзіцца мала, нават выпускнікі не ведаюць элементарных рэчаў. Памылкі мільгацяць скрозь — і пры пісьме, і ў вымаўленні. У сферы адукацыі няма стабільнага беларускага асяроддзя ўвогуле.
Сапраўдная беларусізацыя, калі пра яе зноў загаварылі, — гэта найперш якасная адукацыя на роднай мове. Я не сумняваўся б у неўміручасці нашага слова, калі б убачыў у краіне беларускамоўныя дзіцячыя садкі, школы, гімназіі, ліцэі, каледжы, ВНУ.
Цяперашняе начальства мае звычку спасылацца на творчую спадчыну класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Караткевіча, В. Быкава, але, відаць, не зазіраючы ў іхнія кнігі. Яно прамаўляе тое, што пішуць выгінастыя спічрайтары. Калі б гэта было не так, то станоўчы вынік у дачыненні да роднага слова быў бы абавязкова, бо немагчыма не заўважыць, не прыняць душою, напрыклад, радкі Уладзіміра Караткевіча з верша «Мова»:
Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, —
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны Бог.
Пі. І ведай: гіне ў пракляццях
І з дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
І на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)
Ты струменчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.
А ў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ёсць цэлая кніга, прысвечаная нашай галоўнай святыні. Яна называецца «Любоў прасветлая. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове». Аўтар жыве сярод нас. Чаму б дзяржаўным мужам не пацікавіцца думкамі чалавека, які ўсё жыццё аддаў мове, клопатам пра яе лёс, напісаў на ёй дзесяткі тамоў? На старонках гэтай выдатнай кнігі маюцца і практычныя парады, якім чынам адрадзіць нашу святыню.
Як лёгка можна выкарыстаць татальную русіфікацыю (успомнім мясцовы рэферэндум 1995 года!) у імперскіх карыслівых мэтах, паказалі трагічныя падзеі ва Украіне. Прытым бежанцы, якія ваявалі з украінскай мовай, цяпер вымушаны вывучаць татарскую, башкірскую, чувашскую.
Сёння прад небяспекай расійскага паглынання кіраўнікам нашай краіны сапраўды трэба хапацца за родную мову, як за ратавальную саломінку, але не для таго, каб захавацца на троне (мова ці ўлада?), а дзеля ўратавання беларускай нацыі і дзяржаўнасці.
Заканчваю роздум словамі з таго ж уступу да новага выдатнага слоўніка: «Адраджэнне мовы — найпершая задача кожнага, хто падзяляе думку, што мова — не проста сродак зносін, але і падмурак нацыянальнай ідэнтыфікацыі, грунт нашай беларускай незалежнасці».
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: