TOP

«Міратворцы»

Лаўровы вянок міратворцаў глабальнага маштабу хочуць насіць на галаве многія палітыкі свету. У спаборніцтва за яго ўключаюцца і тыя, хто непасрэдна або ўскосна вінаваты ў распальванні ваенных канфліктаў, знікненні людзей, падаўленні іншадумства. Гэты факт выклікае невясёлыя развагі.

Сучасны свет сапраўды не можа не трывожыць адэкватнага чалавека сваёй татальнай хлуслівасцю, несправядлівасцю, сціраннем межаў паміж дабром і злом. Агрэсіўныя людзі бяруць верх над спакойнымі, хітрыя — над разумнымі, бяздарныя — над таленавітымі.

Абурае маральная атмасфера, якая ўсталявалася на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Кіраўнікі часта цынічна хлусяць, насельніцтва, хоць бачыць гэта, абыякава, з такой жа цынічнасцю падман з’ядае, а ўсе разам робяць выгляд, што нічога кепскага не адбываецца. Між тым яшчэ ў 1969 годзе вядомы пісьменнік-фантаст І. Яфрэмаў сцвярджаў: «Мы можем видеть, что с древних времен нравственность и честь (в русском понимании этих слов) много существеннее, чем шпаги, стрелы и слоны, танки и пикирующие бомбардировщики. Все разрушения империй и государств и других политических организаций происходят через утерю нравственности».

Працэс дэградацыі агульнапрынятых маральных каштоўнасцяў пачынаецца з узурпацыі ўлады. Чалавек, які мае паўнамоцтвы вышэй за царскія і доўга знаходзіцца на троне, абавязкова завышае самаацэнку, перабольшвае свае разумовыя і арганізатарскія магчымасці, пераступае межы дазволенага і так аж да злачынных дзеянняў. Такія агрэсіўныя паводзіны капіруе насельніцтва.

Пуцінская алігархічная Расія ганарыцца тым, што яна — «вялікая энергетычная дзяржава», а пад цёплым нафтагазавым бокам у яе соладка пасапвае нахлебніца-Беларусь. Але падстаў для самазадаволенасці няма. Эканоміка дзвюх краін развіваецца слаба, не створана высокатэхналагічная прамысловая вытворчасць, гіганцкая доля абсталявання і яго кампанентаў купляецца за мяжой, не можа пахваліцца поспехамі сельская гаспадарка. Прыкметна падае і да гэтага незайздросны дабрабыт большасці людзей.

На фоне трагічных украінскіх падзей замбіраваныя расіяне і беларусы любяць спасылацца на свае «спакой і стабільнасць». Але мір, падмуркам якога з’яўляецца свабодны чалавек, разумная палітычная і эканамічная сістэма, верхавенства права і закона, і мір, які трымаецца на гвалце, страху, дубінках і штыках, — гэта дзве вялікія розніцы.

Украіна, якая перажыла алігархічны разбой, паласу палітычных памылак, упершыню пасля атрымання незалежнасці пачала ўсвядомлена прарывацца да сапраўднага дэмакратычнага жыцця, да цывілізаванасці, да еўрапейскасці. Але гэта не падабаецца Расіі, якая хацела б бачыць яе такой жа згаворлівай і паслухмянай, як Беларусь. Па вялікім рахунку Украіна сёння не толькі дае адпор расійскім захопнікам і мясцовым сепаратыстам, тут ідзе змаганне паміж апалагетамі аўтарытарызму і прыхільнікамі дэмакратыі.

Расія ўвяла свае войскі і анексіравала Крым, а затым дэстабілізавала сітуацыю ў Данбасе. Пры непасрэдным удзеле расійскіх спецслужбаў створаны «самопровозглашенные» ДНР і ЛНР. Такім чынам мяжа паміж краінамі адкрыта, наўпрост ідзе забеспячэнне сепаратыстаў зброяй і папаўненне вайскоўцамі. Справядліва кажа галоўны рэдактар сайта «Цензор нет» Ю. Бутусаў: «Мы ўсе марым пра мір, але ёсць факт расійскага ўварвання і гэта трэба спыніць. Якім бы мірным чалавекам ты ні быў, калі іх не спыніць у Данбасе, то не спыніш і пад Кіевам. Таму мы не можам не ваяваць. Вопыт Прыднястроўя і Грузіі паказвае, што Расія стварае ачагі напружанасці для таго, каб яны тлелі многія гады. І яны могуць успыхнуць у любы момант. Гэта такі рычаг для шантажа Пуціным унутрыпалітычнай сітуацыі ў рэгіёне».

А Пуцін, спецаперацыя якога прайшла ўдала, бо патрэбны плацдарм ва Украіне захоплены, клянецца, што ніякага дачынення да ваеннага канфлікту не мае, сцвярджае, што там ідзе «грамадзянская вайна». Ён спакойна надзеў маску «міратворца» і пачаў «разнімаць» ваюючых.

17 мая 1933 года А. Гітлер у «Прамове аб міры» дакляраваў: «Наш нацыяналізм — гэта прынцып, які накладвае на нас самыя высокія абавязацельствы. Захоўваючы бязмежную любоў і адданасць нашай нямецкасці, мы паважаем нацыянальныя правы іншых народаў і ад усёй душы жадаем жыць з імі ў міры і сяброўстве». Чым скончылася гэтая павага, клятвы і запэўніванні, мы ведаем.

Злавесным сімптомам стала тое, што нядаўна Пуцін аб’явіў сябе галоўным нацыяналістам у сваёй краіне. Гэтым самым ён закончыў стварэнне ўласнага іміджу як «адзінага ратавальніка Расіі». Агрэсар з усмешачкай супакойвае міжнародную супольнасць: «Наша военная доктрина носит исключительно оборонительный характер», але пакрыквае: «Если киевские власти хотят сохранить территориальную целостность Украины, то нельзя цепляться за каждую деревню — надо отводить войска».

У. Чэрчыль, маючы на ўвазе Гітлера, казаў: «Не спадзявайся, што ты накарміў кракадзіла. Ён зжарэ і цябе». А таму марна думаць, што Расія накормлена Крымам і Данбасам.

Што тычыцца другога «міратворца», то ў яго становішча пакуль больш выйгрышнае, але хісткае. Вечна лавіраваць не ўдаецца нікому. Украінскі «Корреспондент» скептычна ацэньвае магчымасці і выказванні беларускага кіраўніка: «Маючы фактычна ізаляваную інфармацыйную прастору паміж Беларуссю і Украінай, аднаасобны пафас Лукашэнкі пра братэрства, сапраўды, можа выклікаць ілюзію падтрымкі з боку Беларусі. Але гэта, вядома, не так. Незалежныя апытанні паказваюць, што большасць беларусаў на баку Расіі і супраць Майдана ў крамлёўскай інтэрпрэтацыі. Гэта факт, гэта тэндэнцыя, якія б ружовыя акуляры ні надзявала ўкраінскае кіраўніцтва цяпер. «Любоў» Лукашэнкі да Украіны нічым не адрозніваецца ад «любові» Лукашэнкі да Расіі. У тым і іншым выпадку крыніца гэтай «любові» — выгада». А яшчэ трэба помніць заяву міністра абароны РФ С. Шойгу пра размяшчэнне ў 2016 годзе 12 знішчальнікаў і 4 верталётаў на базе пад Бабруйскам у дадатак да прысутнага расійскага ваеннага кантынгенту. Размяшчэнне авіяцыйнай тэхнікі ён увязаў з украінскім крызісам і назваў Беларусь «главным военным партнером России».

Якіх «міратворцаў» ніжэйшага рангу выхоўваюць аўтарытарныя дзяржавы, прадэманстраваў расійскі акцёр М. Парэчэнкаў. Бацьку немалой сям’і, які ў інтэрв’ю выказваўся за спакой і мір для сваіх дзяцей, недастаткова бясконцай страляніны яго кінагерояў у прымітыўных баевіках. Апынуўшыся сярод данецкіх сепаратыстаў, саракапяцігадовы «хлопчык» захацеў «пострелять» і ў касцы з надпісам «Пресса», каб, Божа барані, яго самога не зачапілі, пачаў паліваць свінцом з буйнакалібернага кулямёта «Утес» пазіцыі ўкраінскай арміі.

Трагедыя для чалавецтва заключаецца ў тым, што людзі прывыкаюць да дэмагагічнай балбатні «міратворцаў» і да лакальных войнаў. Нават тыя, хто быў у цэнтры баявых дзеянняў, могуць так і не заўважыць, як насунецца рукатворны канец свету — маштабная ядзерная вайна.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Чаму знікае сорам?

Клопаты пра чалавека

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.