TOP

Горкія пілюлі

Пастанова Міністэрства аховы здароўя, згодна якой рэцэпт пасля набыцця лекаў застаецца ў аптэцы, выклікала шквал эмоцый. Тлумачэнні чыноўнікаў, што такім чынам удасканальваецца забеспячэнне насельніцтва прэпаратамі і ліквідуецца самалячэнне, тысячы людзей сустрэлі спачатку рогатам, а затым абурэннем. 

У Беларусі, якую аўтарытарная ўлада рэкламуе як сацыяльную дзяржаву, пастаянна праводзяцца бюракратычныя маніпуляцыі, нібыта скіраваныя на паляпшэнне жыцця грамадзян. Але за дваццаць гадоў шмат пачынанняў былі разлічаны не на рэальную дапамогу людзям, а на самапіяр. Як кажа вядомая беларусам паэма «Сказ пра Лысую гару», усё «навечна канула у Лету — і толькі бурбалкі пайшлі!» Новая ініцыятыва — гэта зноў няўклюднае, нікому не патрэбнае «телодвижение» ўлады.

Думаю, што любы адэкватны чалавек разумее, што займацца самалячэннем нельга, што сапраўды з гэтай з’явай трэба змагацца. Але ці ж такім спосабам?

Асабліва пацешыла публіку, што штуршком для міністэрскага новаўвядзення стала ўжыванне жанчынамі кантрацэптываў.

Сваёй бюракратычнай дурнотай чыноўнікі распальваюць нянавісць людзей да нізавых выканаўцаў іхніх загадаў і інструкцый. У чым вінавата, скажам, пажылая аптэкарка, якая за мізэрную зарплату цэлы дзень завіхаецца на хворых нагах, каб выслухваць народнае абурэнне, якое пераходзіць у лаянку?

Спачатку ўлада падкінула ідэю платнага наведвання паліклінік, бо, паводле яе меркавання, сюды надта часта швэндаюцца хворыя, асабліва старэйшага ўзросту. Але звычайна паслухмяны люд не клюнуў на такі закід, больш таго — разгневаўся: «Гэта цяпер такая бясплатная медыцына?» Магчыма, зрабілі заход з іншага боку? Заўчасна паміраць ніхто не жадае, лекі патрэбны ўсім. Хочаш-не хочаш, ды пойдзеш у паліклініку па рэцэпты, і ў безвыходнай сітуацыі лёгка можна здзерці грошы за наведванне. Атрымліваецца, што вядомы лозунг: «А куды вы дзенецеся!» — спрацоўвае не толькі на выбарах прэзідэнта, але і ў звычайным быце. А ўсё таму, што няма канкурэнцыі, адсутнічае выбар.

Тое, што нагрузка на ўрачоў, якіх у краіне не хапае, якія, каб зарабіць на жыццё, працуюць на паўтары-дзве стаўкі, зараз катастрафічна вырасце, чыноўнікаў абсалютна не хвалюе. Нашы ратавальнікі ад хваробаў сапраўды больш пішуць, чым лечаць. Вінаваты ў гэтым не толькі рэцэпты. Увогуле, краіна ператварылася ў кантору па бясконцым пісанні розных даведак, справаздач, тлумачальных запісак і г.д.

Улюбёная тактыка аўтарытарнай улады — трымаць грамадства ў высокім напружанні. Гэта робіцца не толькі праз рэгулярнае «закручванне гаек»: прыняцце жорсткіх законаў, дэкрэтаў, указаў, нагнятанне страху штрафамі, міліцэйскімі дубінкамі і нават пагрозамі ўжыць узброеную армію для падаўлення масавых народных пратэстаў.

Ёсць больш мяккі спосаб уціску — уключыць у краіне рэжым «пастаяннага чакання», каб людзі з яго ніколі не выходзілі. Прытым яны чакаюць падзей як са знакам плюс, так і мінус. Мізэрнае павышэнне зарплат і пенсій улада падае як вялікую шчодрасць, пра яго загадзя трубяць СМІ. Неаспрэчным фактам стала тое, што большасць беларусаў штомесяц лічыць дзянькі да чарговага атрымання грашовых знакаў, успрымае рэдкае папаўненне кашалька на некалькі дзесяткаў тысяч рублёў як надзвычай важную падзею, заўзята абмяркоўвае, абсмоктвае яе з усіх бакоў.

Затое рэгулярнае павышэнне аплаты камунальных паслуг і рост коштаў на харч, прамтавары і лекі ўлада «не заўважае». Не рэагуе на гэта і насельніцтва, бо прапаганда метадычна ўдзёўбвае яму думку, што ў Беларусі ўсё выдатна, а ў іншых краінах народ проста гібее. Няхай людзі перажоўваюць пераможныя рапарты, цынічную хлусню і не замахваюцца на тое, каб думаць пра ненармальнасць аўтарытарнай сістэмы, якая не праводзіць адэкватную знешнюю і ўнутраную палітыку, не будуе разумную, эфектыўную эканоміку, не дазваляе разгарнуцца ініцыятыўным, смелым, самадастатковым людзям.

Прадстаўнікі ўлады адгарадзіліся ад астатняга «народца» не толькі высокімі, глухімі платамі, за якімі красуюцца шыкоўныя катэджы, пабудаваныя згодна «царскага дазволу», але і максімальнымі зарплатамі, а з выхадам у адстаўку — завоблачнымі для простага люду пенсіямі. Замест таго каб стварыць справядлівую сістэму аплаты працы і сацыяльнай дапамогі, рэжым займаецца падачкамі асобным групам: чыноўнікам, дэпутатам, сілавікам, прыўладнай інтэлігенцыі. Тут да месца будуць словы таленавітага расійскага паэта і проста разумнага чалавека Д. Самойлава: «Ничто больше не сближает нашу правящую проходимскую элиту с нашей страждущей интеллектуальной эссенцией, чем презрение к народу.

Не знаю, достоин ли каждый народ своего правительства, но уж наша уксусная эссенция вполне достойна именно нашего правительства.

Ибо хамско-элитарный взгляд на народ вполне соответствует хамско- элитарному устройству власти.

Что, дескать, за народ, и кто он, и где он есть, если как бы вовсе и не существует, если можно с ним и так и эдак?»

Тутэйшая вертыкаль зразумела — з народам можна рабіць што заўгодна, і таму выпрабоўвае яго на знос. У нашай «сацыяльнай дзяржаве» ўзнікла заблытаная чахарда жыццёва важных праблем, дзе адно пытанне засланяе або перакрывае другое, чыноўнікі нібыта хапаюцца за ўсё, а толкам — ні за што. Яны даўно вырашылі, што перш за ўсё трэба забяспечыць па поўнай праграме сябе любімых, а для асноўнай масы насельніцтва дастаткова ўраўніцельнага жабрачага мінімуму. На тым і стаяць. Але ж жыццё не стаіць на месцы. Сёння не толькі пенсіянеры, але і працуючыя грамадзяне ўжо не могуць дагнаць цэны, па якіх Беларусь выйшла ў лідэры ў СНД. Асабліва трывожнае тое, што хворыя старыя людзі павінны аддаваць на лекі амаль увесь свой прыбытак, што для дзяцей і пенсіянераў улада ўсталявала здзеклівы пражытачны мінімум. Усё гэта сведчыць, што ўдасканаленне сацыяльнай сферы не можа адбыцца без радыкальнага рэфармавання палітычнай і эканамічнай сістэмы. Сюды трэба прыплюсаваць яшчэ абавязковае нацыянальнае адраджэнне, звязанае з роднай мовай, традыцыямі.

Якой павінна быць сапраўдная сацыяльная дзяржава, паказваюць Данія, Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Швейцарыя. У Еўропе якасная праца аплачваецца добра, а пенсіянер атрымлівае дакладна тое, што заслужыў сваім талентам, стажам, рэальным унёскам у развіццё краіны, а не ўраўніцельны мізэр, як у нас.

Беларускія прапагандысты часта расказваюць, якая на Захадзе высокая квартплата. Але яны заўсёды «забываюцца» сказаць галоўнае. Нават сярэднія заробкі і пенсіі ў развітых, дэмакратычных краінах такія, што іх хапае не толькі на камунальныя паслугі, выдатную ежу, якасныя лекі, але яшчэ кожны месяц можна адкладваць грошы, каб зрабіць нейкую пакупку, каб камфортна адпачыць. У тутэйшых умовах на такое разлічваць немагчыма…

Вяртаючыся да медыцыны, хачу напомніць, што ў пераважнай большасці лекі — горкія. Дык навошта ўладзе бюракратычнымі вывертамі дадаваць хворым людзям яшчэ болей горычы, вярэдзіць іхнюю душу?

Завяршаю роздум праўдзівай фразай, якую пачуў, стоячы ў аптэчнай чарзе: «Ніякай сацыяльнай дзяржавы ў нас няма, ёсць толькі яе нікчэмная імітацыя».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

«Міратворцы»

Краса і сіла мовы

«Патолагаанатамы»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.