TOP

Ізаляцыйная пастка

Добра помніцца ізаляванасць СССР, у якім я нарадзіўся і доўга жыў, ад астатняга свету. Улада не клапацілася пра дабрабыт народа, а кляпала зброю, надзейна засцерагала грамадзян ад уплыву буржуазнай ідэалогіі межамі «на замку» і глушылкамі. Неразвітасць лёгкай і харчовай прамысловасці стварала дэфіцыт тавараў і прадуктаў, ганебныя чэргі. 

У маленстве нас даймалі не толькі бедны быт, пастаяннае недаяданне, але і прапаганда з яе манатоннымі пераможнымі рапартамі, канцэртамі па заяўках. Пазней жыць стала сытней, але ізаляцыя ад сусветнай культуры заставалася. Для чытачоў, якім мала майго праўдзівага сведчання, цытую словы расійскай мастацтвазнаўцы, спецыяліста па Візантыі В. Пановай: «Сейчас молодые люди, конечно, не понимают, как мы жили. Была очень специфическая атмосфера. Никто никуда не ездил, всё изучали по картинкам, по преимуществу — черно-белым».

Як ні дзіўна, але і ў ХХІ стагоддзі, калі свет дзякуючы новым тэхналогіям насычаны інфармацыяй, звязаны тысячамі транспартных шляхоў на зямлі, вадзе і ў паветры, усё ж існуюць грамадствы, падобныя патрыярхальнаму хутару або своеасабліваму канцлагеру, праўда, не абгароджанаму калючым дротам і не ўзятаму пад ахову сабакамі-вартаўнікамі. Тут місію сачэння і запалохвання людзей выконваюць шматлікія сілавікі. У дадатак маецца штат дзяржаўных кантралёраў, а таксама армія стукачоў — «актывістаў» з народа. Такім станам вызначаюцца не толькі Паўночная Карэя або Куба, якія нават сваім месцазнаходжаннем быццам бы ізаляваны ад іншых. Сутнасць у тым, што аўтарытарызм, дыктатура, дзе б яны ні панавалі — у Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, Азіі ці найбольш дэмакратычнай Еўропе, з рознай хуткасцю, але немінуча вядуць грамадства да закрытасці і дэградацыі.

Працэс палітычна-сацыяльнага змізарнення бачны на прыкладзе Беларусі і Расіі, кіраўнікі якіх выбралі «особый путь» развіцця, усталявалі «суверенную демократию». Яны часта паўтараюць з унутраных трыбун: «Наше устройство ничем не хуже европейского». Бадзёрыя словы ўзурпатараў улады ў першую чаргу разлічаны на замбіраванне насельніцтва і самапіяр, але адрасаваны і Захаду. Аднак разумныя людзі бачаць за імі цынічную хлусню. Нашы краіны амаль не адрозніваюцца ад еўрапейскіх толькі знешнімі рысамі: выглядам больш дагледжаных гарадоў і вёсак, неблагім адзеннем і абуткам людзей. На гэтым усё падабенства канчаецца.

Аўтарытарныя сістэмы не стыкуюцца з дэмакратычным светам. Заходнія парламентарыі не могуць успрымаць беларускіх, расійскіх дэпутатаў і сенатараў як паўнапраўных удзельнікаў палітычнага працэсу, бо ведаюць, якім чынам яны выбіраюцца, а дакладней — як прызначаюцца, як паводзяць сябе. Не атрымліваецца плённага супрацоўніцтва паміж судовымі органамі, прафсаюзнымі, моладзевымі, журналісцкімі і іншымі арганізацыямі, бо рэальным дзеячам немагчыма знайсці агульную мову з паднявольнымі, бяспраўнымі, безыніцыятыўнымі функцыянерамі або віртуальнымі адзінкамі, фантомамі. Еўрапейцы, якім яны абсалютна нецікавыя, так і канстатуюць: «А для чаго сустракацца з імі, што мы ад іх пачуем? Усё ўжо сказалі Пуцін і Лукашэнка».

Тым не менш, за дзяржаўны кошт дэлегаты і дэлегаткі з Беларусі, Расіі пад звыклай эгідай пераймання вопыту, які потым нідзе не ўкараняецца, вельмі любяць катацца ў Еўропу. У гэтых вандровак адзін вынік — выдатны шопінг для сябе любімага, сямейнікаў і сяброў.

Узнікае парадокс — «жалезнай завесы» даўно няма, ёсць бюракратычныя, парадныя і «святочныя» кантакты, а ізаляцыя на міжнародным узроўні не знікае.

Акрамя таго, аўтарытарныя рэжымы заганяюць грамадзян ва ўнутраную ізаляцыю, што яшчэ больш небяспечна. Скажам, у Паўночнай Карэі, якая жыве катастрафічна бедна, агульны страх і пакланенне «вялікаму кіраўніку» Кім Чэн Ыну зашкальваюць. Людзі знаходзяцца ў такім замбіраваным стане, што па камандзе нават смяюцца або плачуць, аб чым сведчаць фота і відэаматэрыялы.

У Беларусі парадку няма не таму, што ўлада цэніць і шкадуе насельніцтва. Проста ў нас ёсць, хоць і слабы, але рэальны супраціў гвалту і цемрашальству. Але, прабачце, людзі сталі больш чым малпы няздольнымі засвойваць вопыт. Відаць, у вэрхале рэвалюцый, войнаў, ідэалагічных эксперыментаў, пастаяннага жабрачага выжывання ў беларусаў збіўся генны разумовы код. Нічым іншым нельга вытлумачыць здольнасць наступаць на старыя граблі: галасаваць за аўтарытарызм, каб затым, аглядаючыся па баках, крытыкаваць яго ў магазіннай чарзе або злосна бурчаць у кватэры-пячоры.

Кіраўнікі Беларусі і Расіі заяўляюць, што, маўляў, мы не вінаватыя, гэта нас санкцыямі заганяюць у ізаляцыю. Але ж санкцыі ўводзяцца не на пустым месцы, не таму, што нехта не падабаецца. Дэмакратычная супольнасць ніколі не зачэпіць нейкім абмежаваннем краіну, дзе ўлада не парушае нормы міжнароднага жыцця, правы і свабоды чалавека.

Амерыканскі журналіст М. Бом, які ўдзельнічаў у палітычнай дыскусіі на НТВ, у адказ на неабгрунтаваныя абвінавачванні ЗША нагадаў дэпутатам і палітолагам, што антырасійскі настрой узнік пасля захопу Крыма. Старшыня камітэта па міжнародных справах Дзярждумы РФ А. Пушкоў, даўно вядомы імпершчык, раптам закрычаў на суразмоўніка: «Помолчите! Вы находитесь в Москве!» Гэтым самым ён намякаў, што Лубянка недалёка, скруцім — і за краты!

Удзельнікі дыскусіі, дзе кожны збіваўся на істэрыку, заявілі: «Нет братских народов, они все — хомут на шее России. Нашими союзниками являются только российская армия и флот!»

Трывожны сімптом і тое, што моладзь, апранутая ў «пуцінскія» майкі, з «кольцами всевластия» на пальцах, дзе таксама выява галавы прэзідэнта, бравіруе: «А к Сталину сегодня относятся по-разному!». Але ўсхваленне метадаў крывавага тырана, новая мілітарызацыя, ізаляцыя краіны ніяк не стасуюцца з камфортным жыццём, ад якога маладых ужо і за вушы не адцягнеш. Калі ж ім падабаецца дыктатура, то трэба рыхтавацца да лагернай пайкі, ватнікаў і кірзачоў.

У свеце ёсць іншыя прыклады. Кітай на працягу многіх стагоддзяў быў закрытай, загадкавай для іншаземцаў краінай. Узяты з 1978 года курс на мадэрнізацыю гаспадарчага і палітычнага жыцця, разумнае спалучэнне ў эканоміцы дзяржаўнага, кааператыўнага і прыватнага сектараў, укараненне сучасных тэхналогій, прыцягненне замежных інвестыцый, эфектыўнае ўкладанне капіталу і матэрыяльных рэсурсаў у замежжы дазволілі кітайцам зрабіць фантастычны рывок у развіцці. Палітыка, якую яны праводзяць, названа — «мірны ўздым», і гэтым усё сказана.

Сумна назіраць за расійскім электаратам, бо ён зноў лезе ў ізаляцыйную пастку дзеля падтрымкі агрэсіўных амбіцый кіраўніка, які яўна пераацэньвае свае магчымасці, выходзіць за межы здаровага сэнсу. У душы неспакойна, усё гэта можа вылезці бокам і Беларусі, якая ідзе за Расіяй, нібы паслухмяны бычок на вяроўцы.

Але, на агульнае шчасце, не ўсе людзі падпадаюць пад уплыў фальшывага патрыятызму, мілітарысцкіх памкненняў. Мне спадабаліся словы маладога спевака, удзельніка папулярнага тэлепраекта «Голос» А. Грызлі: «Не надо воевать. Земля устала от нас — дерзких и злобных. Можно просто жить и созидать».

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.