TOP

Падушка бяспекі

Нескладанае прыстасаванне, якім забяспечаны якасныя аўтамабілі, ратуе чалавечае жыццё, і таму многімі людзьмі, што траплялі ў аварыі, згадваецца з удзячнасцю. Але выраз «падушка бяспекі» даўно перайшоў з тэхнічнай сферы ў палітыку, эканоміку, побыт, набыў самыя розныя сэнсавыя адценні. 

Час цяпер хісткі, ненадзейны. Прытым няўстойлівая міжнародная палітыка, зацяжны эканамічны крызіс бязлітасна тузаюць усе краіны — як тыя, што яшчэ толькі пачалі развівацца, сталі на шлях рынкавай эканомікі, так і даўно «капіталістычныя». Тым не менш бачна, што пастаянна галапіруюць цэны, падае нацыянальная валюта, рушацца банкі, часта мяняецца сістэма збору падаткаў не на дэмакратычным Захадзе, а на аўтарытарным Усходзе, пра што сведчыць практыка Расіі і прыпрэжанай да яе Беларусі. Таму прыходзіш да высновы, што стабільнасць, пра якую з ранку да вечара далдоніць беларуская прапаганда, жыве не тут, а там.

У заходніх краінах кантроль грамадскасці, адкрытыя, сумленныя выбары, моцныя, уплывовыя прафсаюзы, незалежныя суды, свабодныя СМІ ставяць урады, буйныя карпарацыі, фірмы, асобных працадаўцаў, якія зарываюцца ў цынічнай пагоні выціснуць як мага больш прыбытку з працоўнага чалавека, на сваё месца. Якраз гэты ўніверсальны комплекс мераў і з’яўляецца сапраўднай падушкай бяспекі для мільёнаў людзей у дэмакратычным грамадстве.

Аўтарытарныя кіраўнікі не заклапочаны пабудовай дэмакратыі, не стаяць на ахове інтарэсаў мільёнаў. Ім важна надоўга захаваць уладу, забяспечыць сабе і сваім памагатым раскошнае жыццё, а масы павінны задавальняцца сціплым мінімумам, які ў горшы для народа час набліжаецца да жабрацтва.

Падушка бяспекі, якая ратуе дыктатара, складаецца з многіх пластоў. Клан чыноўнікаў будуе адміністратыўны бар’ер, што адгароджвае яго ад народа. Сілавікі забяспечваюць у грамадстве вялікі страх і рабскую паслухмянасць. Прыкормленыя алігархі і больш дробныя прадпрымальнікі шчодра дзеляцца грашыма. Прапагандысты і афіцыйныя СМІ ствараюць інфармацыйную падтрымку і ўзвялічванне.

Як ні парадаксальна, а для мясцовага аўтарытарнага рэжыму падушкай бяспекі сталі ўкраінскія падзеі. Французскія журналісты з «RFI» зазначаюць: «Пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі сур’ёзна ўмацаваў украінскі Майдан. Хай і не заўсёды камфортная стабільнасць апынулася ў вачах беларусаў больш прывабнай за крывавы хаос і анархію — а менавіта так падаваліся ўсе падзеі ва Украіне дзяржаўнымі беларускімі і дамінуючымі ў беларускай медыяпрасторы расійскімі тэлеканаламі».

Украінскія «Экономические известия» да «падушкі бяспекі» залічваюць папулізм беларускага кіраўніка, сціплы ўзровень запытаў людзей, якія задаволіліся адносным дабрабытам у абмен «на абмежаванне грамадзянскіх свабодаў і свабоднага развіцця грамадства». А ў заключэнне дадаюць: «Аднак галоўным залогам поспеху Лукашэнкі заўсёды была магутная фінансавая дапамога Масквы. Паводле ацэнак беларускіх экспертаў, яе памер штогод дасягае 10 мільярдаў долараў».

У многіх постсавецкіх людзей і ў тых, хто нарадзіўся пры аўтарытарызме, пад уздзеяннем хлуслівай прапаганды склаўся стэрэатып, што ў развітых дэмакратычных краінах жыць ніколькі не лепш, чым у Беларусі, а, магчыма, яшчэ і горш. Мясцовыя СМІ пастаянна расказваюць пра высокую квартплату, дарагоўлю ў магазінах, аптэках, рэстаранах. Абвергнуць гэтыя маніпуляцыі і падтасоўкі вельмі проста — трэба ведаць памер і суадносіны зарплат, пенсій з коштамі на камунальныя паслугі, харч, прамтавары, лекі ў заходніх краінах і ў нас. Мана выкрываецца да канца, калі ўбачыш замежнае жыццё ўласнымі вачыма.

Мне давялося наведаць многія краіны свету, але не турыстам. Вандроўкі адбываліся ў выніку запрашэння на літаратурныя сустрэчы, канферэнцыі, семінары, выканання місіі народнай дыпламатыі. А яшчэ, пачынаючы з 1988 года, у складзе дэлегацый або самастойна выходзіў на кантакты з замежнымі дабрачыннымі арганізацыямі, зарабляў паэтычнымі выступленнямі грошы для набыцця медыцынскага абсталявання, лекаў, каб дапамагчы пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы. Жыў адзін або з жонкай, незаменнай перакладчыцай у Германіі і ў нямецкамоўных кантонах Швейцарыі, не толькі ў атэлях, а найбольш у сем’ях — інжынераў, урачоў, рабочых, фермераў, настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, сацыяльных працаўнікоў, святароў. Якраз гэта дапамагло глыбей азнаёміцца з сацыяльнымі, бытавымі праблемамі гаспадароў і іх вырашэннем.

Безумоўна, на Захадзе не ўсе становяцца мільянерамі, маюцца, як і ўсюды, беспрацоўныя, жабракі, бамжы. Што тычыцца апошніх, то гэта атрыбут любой краіны, звязаны найперш з асабістымі якасцямі людзей такога кшталту. Але звычайная сям’я — працаўнікі, якія атрымліваюць зарплату, або пенсіянеры — дазваляе сабе паабедаць і павячэраць у рэстаране, а дома толькі снедаць. Цяпер прыкінем, які працэнт тутэйшага люду можа так харчавацца?

У чым галоўнае адрозненне нашага і заходняга жыцця? У тым, што ў Беларусі амаль усё насельніцтва знаходзіцца ў такой сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, якая дазваляе толькі выжываць, бо заробкі і пенсіі поўнасцю ідуць на ежу, адзенне, абутак, камунальныя паслугі і лекі, а на Захадзе большасць людзей мае магчымасць, калі не штомесячна, то даволі часта, адкладваць сэканомленыя грошы на банкаўскі рахунак. Прытым яны не хаваюцца, як гэта заведзена ў нас у атмасферы павальных крадзяжоў, бясконцай грызні і невыводнай зайздрасці, а шчыра расказваюць пра асабістую «падушку бяспекі» — запас сродкаў. Адна сям’я плануе пабудаваць уласны дом, і таму не чапае, а толькі папаўняе рахунак, другая выдаткуе грошы на санаторнае лячэнне, трэцяя паедзе ў вандроўку па свеце. Менавіта стабільнасць жыцця ў развітых краінах дапамагае людзям мець перспектыўныя планы і рэалізоўваць іх.

Падушка бяспекі ў эканоміцы кожнай краіны — гэта высокая спажывецкая здольнасць насельніцтва. Напрыклад, ЗША, Германія, Англія выходзяць са складанага эканамічнага становішча за кошт унутранага рынку, а ў Беларусі, Расіі, якія сядзяць на «нафтагазавай іголцы», выпускаюць неканкурэнтную прадукцыю, такой магчымасці няма. У дні зніжак коштаў на харч і тавары тысячы беларусаў, расіян штурмуюць не свае сціплыя крамы, а прывабныя супермаркеты бліжэйшых краін Еўразвязу — Польшчы, Літвы.

Заявы прадстаўнікоў улады і алігархічнага бізнесу супакойваюць электарат. Прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі Д. Мядзведзеў сказаў: «У нас большая подушка безопасности правительства». А прадпрымальнік, які дваццаць пяць гадоў «сядзіць на трубе», безапеляцыйна пахваліўся: «Я оптимист, потому что уверен — на мой век хватит нефти, газа и стабильности, а там — не мои проблемы».

З такімі цынічнымі меркаваннямі, прыхоўваючы іх або выказваючы адкрыта, і жыве сённяшняя суперзаможная «эліта» Расіі і Беларусі. А хто ж паклапоціцца пра падушку бяспекі для звычайных людзей, для будучыні дзяржаў? Яна існуе толькі віртуальна, у шапказакідальніцкіх, шчодрых на абяцанкі, утапічных прамовах кіраўнікоў, а таму можа лопнуць у любы момант.

Сяргей Законнікаў