TOP

Падвоеная бестурботнасць

Чалавечае жыццё засяроджана на двух полюсах: нізы і вярхі. У роўнай ступені ад таго, як падрыхтаваны да палітычных, эканамічных і духоўных дзеянняў народныя масы і іхнія кіраўнікі, як актыўна яны выяўляюць свой пазітыўны патэнцыял, залежыць прагрэс любой краіны. 

Апошнія падзеі, на жаль, паказваюць, што як звычайныя грамадзяне, так і лідары многіх постсавецкіх дзяржаў аказаліся не гатовымі да выпрабаванняў, жывуць у стане бестурботнасці і абыякавасці. На выклікі часу прадстаўнікі нізоў адказваюць паводле даўняй завядзёнкі: «Якія асабіста да мяне могуць быць прэтэнзіі? Я — маленькі вінцік, ад якога нічога не залежыць, хай думае і рашае начальства». Колькі разоў за жыццё я чуў гэтыя словы! У Беларусі нічога не змянілася нават пасля набыцця дзяржаўнасці і суверэннасці, пасля з’яўлення пільнай патрэбы павышэння адказнасці кожнага грамадзяніна за лёс нацыі. Пацвярджэннем сталі выбары ўсіх узроўняў, на якіх цяпер адбываецца фармальнае, бутафорскае галасаванне.

Паводзіны вярхоў поўнасцю супрацьлеглыя. Новыя ўладары бясстрашна, з вялікім задавальненнем ускараскаліся на троны, нахабна пашырылі ўладу да неабмежаванай, царскай, адгарадзіліся ад народа арміяй ахоўнікаў і халуёў, упакавалі сябе ў безгустоўную раскошу, у бытавы камфорт замежнай вытворчасці. Яны натужваюцца, робяць выгляд, што з’яўляюцца мудрымі «бацькамі нацый», што, не шкадуючы здароўя, клапоцяцца пра насельнікаў сваіх краін. Але, як мы пераканаліся, іхняя адказнасць не асабліва турботная ў параўнанні з іншымі часамі, затое абсалютна прагматычная, надзвычай «хлебная».

У тым, што беларускае і расійскае грамадства застаюцца няспелымі ў палітычным і грамадзянскім сэнсе, нельга недаацэньваць уплыў сучаснай хлуслівай прапаганды. Яна, хоць грубая, прымітыўная, але дасягае сваёй мэты. Нямецкі пісьменнік О. Клемпер у кнізе «Мова Трэцяга рэйха» піша: «Словы могуць прыпадабняцца да мізэрных дозаў мыш’яку. …Іх непрыкметна глытаюць, яны нібыта не аказваюць ніякага ўздзеяння, але з цягам часу атручэнне ў наяўнасці». Такі метад сёння ў дзеянні. Варта згадаць штодзённыя абмеркаванні ўкраінскіх падзей на тэлебачанні, колькі тут абраз, паклёпаў, нянавісці. Было б добра, калі б з такім імпэтам, гневам і пенай на вуснах абмяркоўваліся ўласныя набалелыя праблемы. Але тэлеаракулы баяцца выходзіць на важныя тэмы, каб, Божа барані, не зачапіць кіраўнікоў і іхнія кланы, бо, як корак, адразу вылеціш з пасады.

Улічваючы вынікі прапагандысцкай апрацоўкі, практычна гучыць мудрае меркаванне расійскага калумніста Ю. Латынінай: «Не нужно доверять большинству. Его надо образовывать, тестировать на вменяемость». Я дадаў бы, што такую працэдуру, каб не было потым бяды, павінны праходзіць і ўсе кандыдаты на вярхоўную ўладу…

Усяму свету бачна, што Беларусь і Расія не скіраваны на перспектыўнае развіццё, а жывуць адным днём. Тут зноў, як пісалі газеты ў сталінскі і брэжнеўскі час, гучаць «доўгія, працяглыя апладысменты, якія пераходзяць у авацыю». Гэта паказала апошняе пасяджэнне пуцінскага «Народнага фронта», на якім паслужлівыя клеркі раптам выскачылі з прапановай прысвоіць прэзідэнту званне Героя Расіі і ўручыць яму ордэн Перамогі «за блестящую операцию с Крымом». Бачыш халуйскі тэлецырк і думаеш: які за вакном год — 1945-й, 1981-й?

Пакуль што расійскае грамадства знаходзіцца ў стане эйфарыі ад захопу Крыма, ад ваенных аперацый у Данецкай і Луганскай абласцях, дзякуючы якім створаны два анклавы — плацдарм для новага наступу. Але, як кажуць цвяроза мыслячыя эксперты, эканоміка не дазволіць электарату доўга радавацца. Хутка разам з цэнамі на нафту ўсё пойдзе ўніз, адбудзецца значнае пагаршэнне якасці жыцця. Што тады «заспяваюць» кіраўнікі і самі расійскія грамадзяне, у якіх ад воплескаў «правадыру» пухнуць далоні? Вядомы ўкраінскі палітолаг В. Карасёў вынес непрыемны прысуд: «Вас ждет Майдан, и похуже, чем в Киеве!»

А што чакае Беларусь, якая застаецца палігонам аўтарытарызму, ідзе ў фарватэры Расіі? Ці будзе багатая суседка з той жа шчодрасцю далей даваць нафту, газ і грашовыя пазыкі блізкаму па духу рэжыму, мацаваць тутэйшую разрэкламаваную «стабільнасць»? Пытанні ёсць, а пэўных адказаў — няма…

Заходнія палітыкі бачаць, у які ганебны стан загналі беларусаў і расіян, як адміністратыўна, юрыдычна і ідэалагічна іх павязалі па руках і па нагах аўтарытарныя рэжымы, але робяць папрокі за бяздзейнасць. Хачу зазначыць, што нешта талковае здольны ажыццявіць толькі той, хто мае магчымасці. Можна асуджаць людзей за палітычную слепату і глухату, за грамадзянскую пасіўнасць, за няздольнасць рабіць карыснае, прытым дзеля саміх сябе і сваіх дзяцей, унукаў, але ад гэтага нічога не зменіцца. Яны затаптаныя і задураныя да такой ступені, што страцілі ўсе арыенціры.

Тым не менш, уздыму палітычнай свядомасці, змагання за свабоды і правы не мінаваць. Да гэтага людзей прывядуць рэаліі жыцця: эканамічны стан краін, неймаверная сквапнасць і цынізм алігархаў, карупцыйныя паводзіны чыноўнікаў, прытым любога рангу — ад міністраў да дробных начальнічкаў.

Дэмакратычныя краіны Еўразвязу з’яўляюцца альтэрнатывай дыктатурам, прывабным прыкладам для чалавецтва, але апошнім часам і ў гэтай сябрыне завёўся негатыў, што засмучае яе прыхільнікаў. Тут таксама ёсць кіраўнікі, якім падабаюцца неабмежаваная ўлада і маўклівы народ. Аўтарытэт дэмакратыі падрываюць і чыноўнікі, ахвочыя да бюджэтных грошай. Скандалы адбываюцца адзін за другім. Толькі што за карупцыю арыштаваны былы прэм’ер-міністр Партугаліі. А колькі яшчэ прэтэндэнтаў на пасадку за краты красуецца ў верхніх эшалонах улады? Людзі глядзяць на гэта і скрушна думаюць: куды імкнуцца, усюды адно і тое ж!

Акрамя таго, Еўропа завісла на расійскіх газе і нафце. Адной рукой яна ўводзіць санкцыі, а другой эканамічна падтрымлівае аўтарытарныя рэжымы Беларусі і Расіі. Розумам яе зразумець можна, а вось сэрцам, якое патрабуе сумленнасці і справядлівасці, — не атрымліваецца.

У няпростых умовах беларусы і расіяне выбралі пазіцыю чакання. А незалежныя ўкраінцы зрабілі рашучы прарыў да свабоды, гадавіну якога нядаўна адзначылі. Правільна сказала ў памятны дзень жыхарка Кіева: «Самы важны вынік Майдана — гэта абуджэнне свядомасці ўкраінцаў. Лозунгі ў расійскіх СМІ пра тое, што мы не змяніліся, — павярхоўныя. Мы ўжо ніколі не будзем такімі, якімі былі». А яшчэ адна маладая жанчына з дзіцем на руках прамовіла: «Трэба нарэшце сабраць усе сілы і наладзіць наша жыццё». Гледзячы на яе светлае, прыгожае аблічча, вочы, у якіх свяцілася неўміручая надзея, я пажадаў у думках шчаслівай долі ёй, яе мілай дачушцы і ўсёй Украіне. Як жа хочацца, каб маё пажаданне і добрыя душэўныя пасылы мільёнаў людзей хутчэй спраўдзіліся!

У навэле вядомага пісьменніка І. Бабеля «Чесники» камандуючы І-й Коннай арміяй С. Будзённы, які пасля грамадзянскай вайны выбіўся ў маршалы СССР, кажа: «У нас плохая положения, веселей надо, ребята». Вось і нам, беларусам, не трэба спадзявацца на «добрага дзядзьку», які выцягне з балота, а дзейнічаць самім — разумна і вынікова.

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.