TOP

Шлях да радасці

Перад Новым годам хочацца думаць і пісаць толькі пра светлае і радаснае ў жыцці. Да гэтага падштурхоўвае святочная атмасфера, прыемныя клопаты, свежы пах ігліцы ў кватэрах. Нават старэйшыя дзеці, якія, заглядаючы пад ёлачку, здагадваючыся, што ў пошуках падарункаў для іх Дзеду Марозу або святому Міколу дапамагаюць бацькі і іншая радня, усё роўна чакаюць цуд. 

Сапраўды, апошнія дні снежня настройваюць на добразычлівы, лагодны лад кожнага чалавека. Калі не цудаў, не навагодніх падарункаў, то хоць бы нейкай маленькай радасці, палёгкі ў няпростым быцці хочацца і дарослым. Тут вінавата не толькі набліжэнне ўсімі любімага свята, але і ментальнасць беларусаў. Якраз яна супадае са станам перадсвяточнага чакання.

За амаль 100 гадоў пасля бальшавіцкага перавароту 1917 года на абсягах былой Расійскай імперыі адбылася трансфармацыя нацыянальнай свядомасці ўсіх народаў, у тым ліку і беларусаў. Хоць мы жывем у несацыялістычнай рэчаіснасці, у дзікім, недаробленым капіталізме, але ментальнасць, якая прадугледжвае шчырае спадзяванне на дзяржаўны клопат пра нас, на важкі сацыяльны пакет, нікуды не дзелася. Прытым яе пастаянна дэманструюць не толькі тыя, хто быў і застаецца савецкім чалавекам, але і народжаныя пасля знікнення СССР.

Савецкага Саюза няма, а ментальнасць, якая была ім выпрацавана, ніяк не знікае. У чым гэта выяўляецца? У прымітыўным, формульна-спрошчаным мысленні людзей, страце імі здольнасці да крытычнага ўспрыняцця падзей. Яны не аналізуюць рэаліі, а паўтараюць прапагандысцкія стэрэатыпы, клішэ, якімі іх корміць афіцыйнае хлуслівае і цынічнае тэлебачанне. Асабіста мне агідна, што часта ідэалагічную дурноту і нават цемрашальства рэтранслююць не абываталі, што нахапаліся агітацыйных вяршкоў, а нібыта адукаваныя, развітыя людзі, ад якіх чакаеш разумных слоў, узважаных, абгрунтаваных меркаванняў.

Людзей заблытвае сама аўтарытарная ўлада, якая звыкла, як гэта рабілі ў савецкі час крамлёўскія бонзы, абяцае залатыя горы, а спадцішка цягне з народа ўсе жылы павелічэннем падаткаў, ростам коштаў, рознымі штрафамі, перакладае на яго плечы ўласныя стратэгічныя памылкі ў дзяржавастварэнні і ў бягучым кіраўніцтве краінай, вялікі цяжар палітычнай неўладкаванасці, зацяжнога эканамічнага крызісу, бытавых праблем. З кожным годам краіна павінна набліжацца да лепшага жыцця, а мы ад яго, на жаль, аддаляемся. Пра гэта сведчаць медыцына, адукацыя. Напрыклад, хвораму дзіцяці неабходна здаць аналізы, ідуць бацькі ў паліклініку, а ім кажуць: трэба запісацца на чаргу. Трапілі ва ўказаны кабінет, а там рэальны адказ: шукайце ў інтэрнэце тых, хто працуе на платнай аснове.Увогуле, цэны ў нас — капіталістычныя, а зарплаты і пенсіі — сацыялістычныя. Вось тут і круціся!

Хто спадзяваўся, што ад улады, якая выступае ў ролі галоўнага Дзеда Мароза, сёлета будуць такія навагоднія «падарункі», як шалёны рост цэнаў на харч, прамысловыя тавары, лекі, камунальныя паслугі, закрыццё ў інтэрнэце незалежных сайтаў, трыццаціпрацэнтная дзяржаўная надбаўка за набыццё валюты і многае іншае? Асабіста мяне гэта не здзівіла, але як прымаюць сюрпрызы тыя, хто ніяк не нацешыцца ўладай?

У апошнія дні года прайшло шмат нарад з удзелам прэзідэнта, ды ніводная з іх не была аптымістычнай. Якую сферу ён ні возьме — правалы, негатыў. Мяркую, што тэлебачанню пара спыніць паказ прачуханак, ад якіх толку ні на грош. Нармальным людзям яны абрыдлі, на іх рэагуюць толькі зомбі.

Хацеў парадавацца за метрабудаўцаў, якія некалькі гадоў пад маімі вокнамі на вуліцы Захарава ў Мінску пашыраюць свае офісныя ўладанні, узводзяць надземна-падземную стаянку для транспарта, што да свята яны нарэшце справяць улазіны. Ды дзе там! «Эпапея» працягваецца ўдарнымі тэмпамі штодзень і штоночы. Бліжэй да 2-х гадзін апоўначы ў спальны раён падцягваецца дзіўная брыгада , якая пачынае грукатаць, скрыгатаць жалезам, асвятляць вокны жылых дамоў полымем зваркі аж да раніцы. Шмат месяцаў людзі не могуць спаць.

Вось і ўзнікаюць пытанні, якія надта не любіць высокае начальства: па-першае, хто дазволіў узводзіць такі неадпаведны аб’ект у густанаселеным месцы, амаль упрытык да дзіцячага садка і гімназіі, па-другое, чаму будаўнікі дзейнічаюць «аки тать в нощи», няўжо метрабудаўцы хочуць сакрэтна пад кабінетамі зладзіць уласную станцыю метро, па-трэцяе, для каго прымаюцца законы, нормы агульнага жыцця?

Апошняе пытанне надзвычай важнае. Улада сцвярджае, што ў яе ўсё пад кантролем, што яна справядлівая, ніколі не выходзіць з прававога поля. А пасля аказваецца, нягледзячы на застрашванні галоўнага боса, для «пацанов из народа» няма ніякіх абмежаванняў — на высокіх чыноўніцкіх пасадах працуюць карупцыянеры, жулікі, махляры, у банках гаспадарнічаюць спекулянты. Знаходзяцца пад татальным кантролем і выжываюць на мяжы беднасці звычайныя грамадзяне, а тыя, хто ўзлез на «алімп», раскашуюць па-за законам, як бы ні складвалася эканамічная сітуацыя для краіны.

Эканамічныя спады, якіх на беларускую долю выпала нямала, кідаюцца ў вочы і бяруць нас за горла прыніжаючым чалавечую годнасць збядненнем. Іх заўважаюць усе. А гуманітарны, маральны крызіс, які ўзнік даўно і катастрафічна паглыбляецца, трывожыць толькі невялікую частку грамадства, што вельмі небяспечна. Мне проста пераварочваюць душу жахлівыя звесткі пра ўжыванне моладдзю спайсаў і іншых наркотыкаў, пра пакінутых бацькамі дзяцей, пра забойствы на бытавой глебе, пераважна пад уздзеяннем алкаголю.

Ідэолагі сцвярджаюць, што ў нас павышаецца свядомасць, самапавага і патрыятызм. Але гэта не так. Гістарычны шанц, які дала беларусам незалежнасць, не выкарыстоўваецца для нацыясцвярджэння. Экзамены ў школах і ВНУ, вынікі інтэлектуальных конкурсаў, сацыяльныя апытанні выяўляюць слабае веданне грамадзянамі айчыннай гісторыі, роднай мовы, культуры. Гэта тычыцца як прадстаўнікоў сярэдняга пакалення, так і моладзі. Крыху лепш выглядаюць старэйшыя грамадзяне, але ж яны — адыходзячая натура.

На шляху да радасці, якой усім хочацца не толькі ў навагоднюю ноч, трэба вучыцца асабістай адказнасці — за сябе і сваю сям’ю, за краіну. Хопіць вінаваціць некага. Улада выяўляе волю грамадзян, а народ нясе адказнасць за дзеянні сваіх палітыкаў…

Мне ў такі час успамінаецца мама — сапраўдная беларуска, якая нарадзіла і выхавала пяць дзяцей. Прапаную некалькі радкоў з верша «Маміна хустка»:

 
Пахне яна залатой павуцінкай,
Хрумсткай антонаўкай, роснаю пожняй,
Ржэўнікам шэрым, счарнелым націннем,
Голасам выраю ў небе трывожным.
 
Пахне яна маладзенькім марозам,
Дранікам, што на патэльні пячэцца.
Пахне яна нечым родным і розным,
Як прытулюся — аж зойдзецца сэрца.
 
Мы вырастаем марудна і хутка…
Пахне маленствам маміна хустка.
 
Наступае новы 2015 год. Яшчэ адзін год у айчыннай гісторыі. У нас ёсць каго помніць. Гэта продкі. Ёсць для каго старацца. Гэта тыя, што ідуць за намі. Я дзякую роднай мове, якая захавала беларусаў на планеце, з яе ласкі мы — непрапашчая нацыя. Але толькі пры ўмове, што возьмемся за розум.

Моцнага здароўя і ўдачы ў новым годзе ўсім нам, шаноўныя суайчыннікі!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ізаляцыйная пастка

Узвысіць голас

Падушка бяспекі

Падвоеная бестурботнасць

У закрытым рэжыме


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.