Узвысіць голас
Даследчыкі знайшлі ў архіве выдатнага англійскага палітыка і таленавітага пісьменніка (лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры!) У. Чэрчыля тэкст прамовы. Адна фраза была падкрэслена, а каля яе на полі мелася прыпіска: «Аргумент слабы, узвысіць голас!». Сёння палітыкі і прадстаўнікі афіцыйных СМІ часта «ціснуць на голас», не маючы ўвогуле ніякіх аргументаў.
Гісторыя ведае шмат эпох, калі на першы план выходзіла палітыка гвалту, шантажу і «ўзвышэння голасу». Але цяпер прыйшоў яшчэ больш унікальны сваім сумбурам час. Вядомы расійскі пісьменнік і філосаф Ю. Каракін (1930 — 2011), з якім мне даводзілася сустракацца і гутарыць, напісаў у сваім дзённіку: «Как сегодня почти все спешат — выкрикнуть, да посильнее». Сапраўды, магчымасці новых інфармацыйных тэхналогій, інтэрнэту дазваляюць заявіць пра сябе, выказацца літаральна кожнаму, ды ўсё ж у ХХІ стагоддзі галоўнымі «героямі» сталі агрэсіўныя ўзурпатары ўлады, закончаныя афіцыйныя хлусы, якія, адкідаючы маральныя нормы, бессаромна пераконваюць, што чорнае — гэта белае, і наадварот. Людзі, збянтэжаныя і разгубленыя перад моцным прапагандысцкім націскам, заблытваюцца, не ведаюць — дзе мана, а дзе ісціна, каму верыць?
Калі з такімі пытаннямі суразмоўнікі звяртаюцца да мяне, то я раю ўсім болей давяраць сабе. Трэба, аглядаючыся на мінулае, якое ўзбагачае кожнага чалавека вопытам, маючы багатую надзённую інфармацыю, супастаўляць, аналізаваць, думаць і рабіць уласныя высновы. Я найперш не давяраю тым, хто публічна пастаянна ўзвышае голас, нават крычыць, даходзячы да істэрыкі.
Пасля ўзвышэння голасу правадыра пралетарыяту У. Леніна на буржуазію, на «контррэвалюцыянераў» пачаўся чырвоны тэрор (1917 — 1923), за час якога былі знішчаны сотні тысяч людзей, у тым ліку і абсалютна ні ў чым не вінаватых. Газета «Правда» ад 31 жніўня 1918 года пісала: «Наши города должны быть беспощадно очищены от буржуазной гнили. Все эти господа будут поставлены на учет и те из них, кто представляет опасность для революционного класса, уничтожены…» Напруга галасавых звязак І. Сталіна абышлася народам СССР дзесяткамі мільёнаў ахвяр. Чым эксперымент скончыўся? У постсавецкіх краінах на змену сацыялізму прыйшоў дзікі капіталізм, з’явіліся новыя «эти господа». А традыцыя начальніцкага і прапагандысцкага крыку засталася і дэманструецца штодзённа.
У такім рэжыме праходзяць інфармацыйна-аналітычныя перадачы расійскіх і беларускіх тэлеканалаў. Тут няма месца альтэрнатыўнай думцы, вядучыя і запрошаныя ў студыю госці дружна абрынаюцца з абвінавачваннямі на Захад, на Украіну, «забываючыся», што джына вайны, пра якую ідзе гаворка, выпусціў не Кіеў, а здаўна зацыкленая на ўласных імперскіх інтарэсах Масква.
Аднак бываюць і рэдкія выключэнні. У перадачы АНТ «Время покажет» неяк удзельнічала ўкраінскі палітолаг А. Яхно. На яе ў атаку пайшлі дзесяткі ашалелых расійскіх шавіністаў. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва» С. Дарэнка на ўсю моц гарланіў: «Вы убили тысячи людей!», яму дапамагаў парламентарый С.Міронаў і астатняя публіка. Вядучыя П. Талстой і К. Стрыжэнава падлівалі бензіну ў полымя хамскіх паклёпаў сваімі кпінамі, падколкамі, правакацыйнымі заўвагамі. Напрыклад, прагучала папярэджанне — не называць адрасы людзей, спачуваючых сепаратыстам ва Украіне, бо да іх пасля перадачы могуць прымяніць рэпрэсіі.
З захапленнем назіраў, як маладая жанчына мужна і годна адбівала нападкі сваім спакойным, разважлівым тонам: «Вы не прыводзіце канкрэтныя факты, а толькі крычыце», «Трэба аддзяляць эканоміку ад палітыкі», «Чые войскі знаходзяцца на тэрыторыі Украіны і вядуць супраць яе баявыя дзеянні?», «Ваенная агрэсія Расіі яднае наш народ і ўзнімае патрыятычныя пачуцці», і ўрэшце, як мне здалося, перамагла махровых дэмагогаў і паклёпнікаў, стала ў вачах мільёнаў людзей галоўнай гераіняй перадачы.
Але гэта — толькі шчаслівы выпадак. Паводле апошніх сацыялагічных даследаванняў у агульным масіве інфармацыі, якая штодзённа абрынаецца на галовы людзей, што жывуць на постсавецкай прасторы, толькі 15% звестак можна лічыць якаснымі. Астатняя прадукцыя — паўпраўда, фальсіфікацыі, падтасоўкі, фантазіі на любыя тэмы. Прэзідэнт арганізацыі Freedom House Д. Крамер, аглядаючы расійскія СМІ, канстатуе: «Уся іх дзейнасць пабудавана на хлусні і мае надзвычай антызаходні і антыамерыканскі тон. Яны не перадаюць навіны, не падаюць аб’ектыўны аналіз. Яны проста вырыгваюць хлусню Крамля, што, на мой погляд, вельмі небяспечна».
Многія сумленныя, прынцыповыя медыяэксперты лічаць, што павінна быць строгая судовая адказнасць за хлуслівыя заявы, псеўдафакты, падтасоўкі звестак і т.п. Але як гэта зрабіць, калі рыба гніе з галавы, калі адкрытым падманам, фальсіфікацыямі займаецца вышэйшае кіраўніцтва краін, калі ў Беларусі і Расіі няма незалежных судоў?
Ёсць яшчэ адна праблема. У эпоху непісьменных рэкламных слоганаў, суцэльнага спрошчвання і прымітывізму данесці да людзей нейкую больш складаную думку надта цяжка. Беларусы і расіяне не супраціўляюцца ідэалагічным стэрэатыпам і штампам, пасуюць, калі патрэбны асабістыя інтэлектуальныя намаганні, не могуць выпрацаваць уласныя меркаванні. Яны вылучаюцца стойкім недаверам да дэмакратычнага развіцця, спісваннем у нябыт з асаблівай злараднасцю неблагіх ліберальных палітыкаў і абсалютна ірэальнай любоўю да аўтакратаў, якія трымаюць «народец» на сціплай, але стабільнай пайцы, пагражаюць на знешнепалітычным узроўні сваімі арміямі «шматлікім ворагам», пнуцца стаць закончанымі дыктатарамі.
Кіраўнікі Беларусі і Расіі незадаволены сістэмамі, якія склаліся ў краінах, пра што сведчаць разносныя нарады, прачуханкі міністрам, але мяняць адносіны паміж уладай і грамадствам не хочуць і не могуць, бо застануцца без тронаў. З гэтай прычыны з трыбун вядзецца бясконцая пустая балбатня пра рэформы, мадэрнізацыю, барацьбу з бюракратыяй, карупцыяй, пра дапамогу малому і сярэдняму бізнесу, ды зруху да лепшага няма. Наадварот, адбываецца адкат у мінус.
Углядаешся, услухваешся ў сучаснае жыццё і зноў згадваецца дзённік Ю. Каракіна: «Нам, русским, действительно присуще следующее: правдашняя доброта, доброжелательность, которую мы — сплошь и рядом перепутываем с реальностью. Очень хочется пообещать, наобещаться — и даже кажется, что чем больше наобещаешь, тем больше ты и хорош… Обещание — не дело. Меньше обещать — очень банально, очень не банально — сделать, ничего не пообещав…
Вот это чисто русское, российское состояние — хочешь сделать добро — обещай. Думаешь, чувствуешь, что обещанием одним уже и сделал. А на самом-то деле нужно поработать (чего и нет)… Русский кормится, кормит обещаниями, обманывает, обманывается. Правда — хочет всем сделать добро, тут же забывает…
Желание свое — принимает за дело… Работать-то не хочет, чтобы желание превратить в дело. Брякнул и подумал, что сделал».
Беларусы недалёка адышлі ад рускіх. Цынічная хлусня і пустазвонства, узвышэнне голасу, якія пануюць пры аўтарытарызме, толькі заблытваюць і разбэшчваюць людзей. Нармальнае жыццё трэба будаваць без надрыву.
Сяргей Законнікаў