TOP

Стваральная талерантнасць

Раней наша планета ўяўлялася людзям неахопнай не тое што позіркам, але нават у думках. Навуковыя, тэхнічныя дасягненні ХХ стагоддзя змянілі такое адчуванне. Астранаўты ўбачылі Зямлю, якая ляціць з шалёнай хуткасцю ў халодным маўклівым космасе, усю цалкам, і яна здалася ім маленькай і безабароннай. 

Планета цяпер сапраўды не падаецца неабсяжнай, яна як бы зменшылася, сціснулася да памераў дома чалавецтва, агульнага ўтульнага жытла. Здаўна ў нашым прытулку ёсць месца людзям рознага колеру скуры, шматлікіх нацыянальнасцей, веравызнанняў. Мы непадобныя як знешне, так і ўнутрана, але ляцім на адным «касмічным караблі», дзе ўсё ўзаемазвязана, дзе распачаць нават лакальную вайну азначае — замахвацца на знішчэнне чалавецтва і самой планеты.

Да канца выкарчаваць агрэсіўную, забойчую прыроду ў чалавеку, відаць, не ўдасца ніколі. Гэта яўна паказвае на тое, што наша эвалюцыя пачалася не з некалі закінутых шчаслівым выпадкам на Зямлю іншапланецян, а з мясцовага біялагічнага матэрыялу. Вось чаму надзённая гаворка ідзе, як сфармуляваў выдатны расійскі кінарэжысёр А. Сакураў, «о прекращении культивирования насилия как способа выхода из самых разных человеческих и общественно-политических проблем».

Падзеі, якія адбываюцца ў свеце, сведчаць, што ненавідзець і забіваць — гэта бязмозглае паўтарэнне дзікунства мінулага часу, тупік. Чалавеку ХХІ стагоддзя, як ніколі раней, патрэбна цярпімасць да чужых меркаванняў, вераванняў, паводзінаў. Нельга з абыякавасцю і паблажлівасцю ставіцца да экстрэмізму, бо яго хваля імкліва нарастае і накрывае ўсіх. Зямляне павінны зразумець — адступаць няма куды, прыйшла пара вучыцца талерантнасці, ды талерантнасці сапраўднай, стваральнай, а не такой бяззубай, аморфнай і неэфектыўнай, якая цяпер паўсюдна практыкуецца і пастаянна правакуе прымяненне сілы.

Пасля цынічнага расстрэлу ісламскімі тэрарыстамі рэдакцыі французскага сатырычнага штотыднёвіка «Charlie Hebdo» жыхары планеты яшчэ раз пераканаліся ў тым, што наступ сіл ваяўнічага зла на дэмакратыю, на свабоду слова і думак мацнее, што ў нас ёсць агульныя базавыя каштоўнасці, якія не дзеляцца па рэлігійных адзнаках, якія нельга аддаваць на глум і знішчэнне цемрашальству.

Жыхар Парыжа, які выйшаў на бяспрыкладна шматлюдную маніфестацыю супраць тэрарызму, кажа: «Нягледзячы на трагізм сітуацыі, трэба заставацца талерантнымі». Правільна! Але толькі да тых людзей, якія самі захоўваюць пазіцыю талерантнасці. А ўсе цынічныя забойцы любой нацыянальнасці ці веравызнання павінны быць пакаранымі.

Увогуле міжнародная супольнасць і ўрады канкрэтных краін, як бы цяжка ні было, абавязаны агульнымі намаганнямі выяўляць і нейтралізоўваць крыніцы зла — групоўкі экстрэмісцкіх прапаведнікаў, вярбоўшчыкаў у «эскадроны смерці», сакрэтныя лагеры па падрыхтоўцы тэрарыстаў.

Пільнейшай увагі патрабуюць імігранты, у гушчыні якіх нараджаецца экстрэмізм. Мне часта даводзілася бачыць канкрэтныя прыклады таго, як складана інтэгруецца ў новае жыццё прышлы люд у Францыі, Германіі, Даніі, Расіі. Незадаволенасць нязвыклым ладам перарастае ў сутычкі, бойкі з мясцовым насельніцтвам. Прытым правакацыі бываюць з абодвух бакоў. Праблема міграцыі складаная і шматпланавая, яе трэба рашаць разумна. Але ёсць галоўны пастулат — імігранты, якія прыязджаюць у нейкую краіну, абавязаны прыняць яе законы і маральныя патрабаванні як неабходнасць, хоць ім нешта можа не падабацца. Калі дыскамфорт жыцця сярод інакшых людзей выклікае раздражненне, злосць, нянавісць, дык навошта было пакідаць Айчыну і ўласны народ? Той, каго гняце чужына, хай вяртаецца ў родны край, каб менавіта там праводзіць свае ідэі, будаваць дома такое жыццё, якое жадае. Калі ж госці шляхам тэрору навязваюць гаспадарам свае перакананні — гэта вышэйшая ступень агрэсіі і цынізму.

Можна доўга разважаць, весці вострыя дыскусіі, але ніхто не абвергне праўду — паблажлівая талерантнасць да тэрарыстаў, пад якімі б маскамі яны ні хаваліся, вядзе да знішчэння еўрапейскай і ўвогуле сусветнай цывілізацыі.

Праблема талерантнасці выходзіць за межы сучаснага супрацьстаяння паміж хрысціянскім і мусульманскім светам. Яна ахоплівае палітычную і сацыяльную сферу чалавечага жыцця на ўсёй планеце.

Адзін з беларускіх карыстальнікаў інтэрнэта піша пра дзеянні Расіі супраць Украіны так: «Не надо останавливаться на достигнутом, нужно на каждое действие агрессора и террориста отвечать определенными адекватными шагами и, если этому террористу не доходит, — продолжать делать шаг за шагом что-то дальше. Но не топтаться на месте, позволяя ему издеваться над всем миром». Я падтрымліваю такое меркаванне.

Напрыклад, мяне як грамадзяніна краіны з аўтарытарным рэжымам вельмі непакояць талерантныя адносіны заходніх дзяржаў да кіраўнікоў, якія захапілі неабмежаваную ўладу і праводзяць дзеля захавання яе ў сваіх руках унутраную палітыку гвалту і рэпрэсій. Дэмакратычны свет, канешне, рэагуе пэўнымі санкцыямі на парушэнне правоў чалавека, уціск свабоды слова, на знішчэнне апазіцыі. Але гэта паўмеры, нічога не даводзіцца да канца. А час, між тым, ляціць.

У Беларусі рэжым за два дзесяцігоддзі пасля развалу СССР поўнасцю вытравіў дэмакратычную настроенасць людзей, не дае грамадству развівацца ў бок прагрэсу, душыць у зародку свежыя думкі, ідэі, тармозіць рэформы ў палітыцы і эканоміцы, ініцыятыўнасць прадпрымальнікаў, укараненне новых тэхналогій. Дык ці можа прагматычная талерантнасць Захаду, якая грунтуецца на асабістых грашовых інтарэсах бізнесоўцаў і нават палітыкаў, дапамагчы станаўленню дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі? Ні ў якім разе!

Ненармальная, нестваральная атмасфера пануе і ўнутры краіны, дзе народ падзелены на «нашых» і «нянашых», на тысячы супербагатых і мільёны бедных. Прыкрываючыся лозунгамі «Каб толькі не было вайны!», «Абы ціха!», беларусы зайшлі занадта далёка ў сваёй талерантнасці да забойстваў, хуліганства, наркаманіі, алкагалізму, п’янства, да здзеку над дзецьмі і старымі людзьмі.

Грамадства хварэе, прытым немач атакоўвае яго з усіх бакоў. Няўжо можна талерантна ставіцца да хлусаў, паклёпнікаў? З тэлеэкранаў пастаянна ліецца мана і кроў. Паміж фальсіфікацый, нянавісці да іншадумцаў у палітычных ток-шоу, крывавых сцэн у бандыцка-міліцэйскіх баевіках робяцца толькі тоненькія пракладкі «дабрыні» — музычныя конкурсы, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні для школьнікаў, праднавагоднія наведванні чыноўнікамі дзіцячых дамоў, бальніц, хоспісаў. Але адпаведнай рэакцыі грамадства на СМІ, якія нагнятаюць варожасць, разбураюць псіхіку дзяцей і дарослых, няма.

Я ўсё сваё жыццё чакаю ад народа, да якога належу, калі не любові, дык хоць талерантнасці да нацыянальнай мовы і культуры, але, відаць, так і сканаю, не дачакаўшыся светлага дня. Цяжка жыць, гледзячы на рабскае пакланенне чужым святыням.

Папа рымскі Францішак у нядаўняй прамове заклікаў усіх людзей да «пераадольвання зла дабром». Але стваральная, добрая талерантнасць сама не прыходзіць, яе трэба ў сабе выхоўваць.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Кантрастны душ

Ізаляцыйная пастка

Узвысіць голас


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.