TOP

Віток мілітарызацыі

Вядома, што зброя не назапашваецца бязмэтна, яна выкарыстоўваецца згодна прызначэнню. Гэта як у тэатры: калі ў першым акце на сцяне вісіць ружжо, то па ходу спектакля абавязкова чакай стрэлу. Нават захоўванне боепрыпасаў на ваенных складах часта прыводзіць да трагічных выпадкаў. 

Гонка ўзбраенняў не спыняецца на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Але асабліва дорага абыходзіцца ў наш час яна краінам, якія ўдзельнічаюць у смяротным марафоне. Спачатку дзяржаўны бюджэт «дояць» ваенныя заказы, а пасля трэба рашаць складаную задачу абясшкоджвання і ўтылізацыі гіганцкай колькасці звычайнай, бактэрыялагічнай, хімічнай і атамнай зброі, тэрмін выкарыстання якой скончыўся. Праблема тычыцца многіх рэгіёнаў планеты, у тым ліку і тэрыторыі былога СССР. Мала таго, што на землях Беларусі, Украіны, Расіі дагэтуль выбухаюць іржавыя міны і снарады другой сусветнай вайны, дык яшчэ ў сховах успыхваюць і шматсутачна грымяць «феерверкі», ад якіх гінуць вайскоўцы і мірныя людзі.

Праблема вайны і міру — вечная, але з ХХ стагоддзя пасля вынаходніцтва ядзернай зброі яна стала канчаткова вызначальнай. Прад чалавецтвам рубам паўстала пытанне: быць або не быць? Але не да ўсіх гэта даходзіць.

Памятаю, як у савецкі час артадаксальныя функцыянеры і асабліва ідэолагі зацята змагаліся з пацыфізмам або богашукальніцтвам. На старонках друку вяліся арганізаваныя імі дыскусіі, а часцей нанятыя «эксперты на ўсе выпадкі жыцця» ў пагромных публікацыях бэсцілі пісьменнікаў, філосафаў, вучоных за «скрыўленне партыйнай лініі», якую праводзіў у народныя масы Крэмль.

У Беларусі атака «ястрабаў» была скіравана на выдатнага пісьменніка, бліскучага выкрывальніка бесчалавечнасці вайны, франтавіка Васіля Быкава і аўтара папулярных раманаў і публіцыстыкі, абаронцу міру, перакананага пацыфіста, партызана Алеся Адамовіча. Бескампрамісны антымілітарызм творчасці гэтых творцаў арганічна спалучаўся з распрацоўкай сусветнай філасофскай думкі. Так, яны былі сапраўднымі філосафамі, мудрацамі і прарокамі, што ў нашай трагічнай, забойчай рэчаіснасці выяўляецца з новай сілай.

Працуючы ў аддзеле культуры ЦК КПБ, мне давялося абараняць ад цэнзуры многія таленавітыя творы, у тым ліку і рукапіс А. Адамовіча «Война и деревня в современной литературе». «Чорныя палкоўнікі» (так называлі адстаўнікоў-вайскоўцаў, якія запаўнялі кантрольныя органы) з Галоўліта БССР і СССР (стукнулі і ў Маскву!) зрабілі дзесяткі крытычных заўваг і паставілі пад сумненне выхад кнігі. Іх пазіцыю падзяляў аддзел прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. Але мне ўдалося пераканаць вышэйшае кіраўніцтва, што погляд А. Адамовіча на праблемы вайны і міру прагрэсіўны, падмацаваны аргументамі, а таму заслугоўвае ўвагі і падтрымкі. Сваю ўдзячнасць за спрыянне выхаду кнігі, надзвычай важнай для яго, аўтар выказаў на свежым, «яшчэ цёпленькім экзэмпляры»: «Сергею Законникову, которому тоже когда-нибудь переходить к прозе. (Что делают все хорошие поэты). Алесь Адамович».

З гэтага твору вылучу адну з галоўных думак: «Трагедия всегда питалась необратимостью гибели героя, человека. Атомный век, возможность глобальной войны на место одного человека подставляют уже человечество».

Прайшоў час, былыя змагары з верай у Бога прыбеглі ў храмы, на паказ стаяць са свечкамі. Але ўсё роўна запаведзь «Не забі!» да іх не дастукалася. Сучасныя кіраўнікі, вынесеныя воляй выпадку на вяршыню ўлады, занятыя пытаннем напаўнення людскіх страўнікаў і сваімі пошлымі, неправамернымі палітычнымі амбіцыямі, не задумваюцца над галоўнай праблемай зямлян — глабальным выжываннем, якое вымагае пацыфізму ў маштабах чалавецтва.

Любая, нават лакальная вайна ў сённяшніх умовах — гэта подлае дзеянне, скіраванае супраць чалавечнасці, супраць самога жыцця на планеце. Той, хто яе распачынае, з’яўляецца злачынцам, забойцам, і яго трэба судзіць так, як крымінальнікаў.

Новы віток мілітарызацыі, які адбываецца на нашых вачах, выклікае шмат пытанняў. Абсурд сітуацыі заключаецца ў тым, што палітыкі, дзяржаўныя дзеячы клянуцца ў прыхільнасці ідэям міру, а спадцішка рыхтуюць агрэсію, як гэта прадэманстравана Расіяй. Іх тактыка, калі ў ход ідуць правакацыйныя заявы, інфармацыйная хлусня, калі на тэрыторыю суседніх суверэнных краін засылаюцца замаскаваныя дыверсійныя групы, мала чым адрозніваецца ад дзеянняў арганізатараў тэрору. Але адных міжнародная супольнасць асуджае, аб’яўляе персонамі нон грата, а з другімі валаводзіцца, перавыхоўвае, што абсалютна безвынікова.Такія разумеюць толькі мову дзейсных санкцый.

Расія, нашпігаваная састарэлай зброяй, у апошнія гады пачала шпаркімі тэмпамі кляпаць новую, не толькі змушаць да мілітарызацыі суседнія краіны, але і… ваяваць з імі. Беларусь, якая была нейтральнай, уцягнута аўтарытарным рэжымам у ваенны саюз, у гонку ўзбраенняў, што вымагае значнай часткі бюджэту, пасылкі нашых вайскоўцаў на дапамогу саюзнікам. «The National Interest» (ЗША) заўважае: «Прынятая (вайсковая) дактрына падрабязна разбірае адносіны Расіі са сваімі саюзнікамі, партнёрамі і іншымі краінамі. Беларусь адзначаецца як найбольш блізкі саюзнік Расіі, узброеныя сілы якога практычна інтэграваныя з расійскімі. Сітуацыя, што склалася, тлумачыць памяркоўнае стаўленне Крамля да адкрытага шантажу з боку беларускага прэзідэнта».

Як калісьці савецкая, так і сённяшняя прапаганда няшчадна эксплуатуе тэму Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прытым вымушаны гераізм, калі, як казаў выдатны пісьменнік-франтавік В. Астаф’еў, немцаў завальвалі сваімі трупамі, услаўляецца, а шчырай жалобы па дзесятках мільёнаў забітых — няма.

Беларусь і Расія рыхтуюцца пампезна адзначыць 70-годдзе Перамогі. Значная памятная дата для ўсяго чалавецтва несумненна заслугоўвае ўвагі. Але праводзіць ваенныя парады і весяліцца ў той час, калі на абсягах Украіны грыміць «гібрыдная вайна», калі братні (!) народ сцякае крывёю, калі гінуць і расійскія вайскоўцы, — гэта закончаны цынізм, неверагодная кашчуннасць, якіх яшчэ не бачыў свет.

Канфлікт разбурае маналітнасць абедзвюх нацый, плодзіць варожасць і нянавісць паміж расіянамі і ўкраінцамі. А цяпер успомнім, якімі вяртаюцца з вайны людзі? У іх парвана кулямі, пасечана асколкамі не толькі цела, але ўшчэнт растурзана душа.

Выйсце з трагічнага тупіка ёсць адно — вывесці ўсе расійскія ўзброеныя сілы з тэрыторыі Украіны, закрыць надзейна мяжу і ўсталяваць міжнародны маніторынг. Інакш «гібрыдная вайна» будзе цягнуцца бясконца…

Абараніць мір здольны ніхто іншы, як тыя ж народы свету. На пратэстных сходах, маршах, маніфестацыях яны вынікова адстойваюць чалавечыя правы і свабоды, сацыяльны дабрабыт. Нейкіх лепшых спосабаў не прыдумана і ў змаганні з вайной. Трэба рашуча патрабаваць ад сваіх прэзідэнтаў, урадаў спыніць новы віток мілітарызацыі, які можа скончыцца апакаліпсісам.

Іншая справа, калі людзі пад доўгім гнётам татальнай хлусні і грубай сілы канчаткова вырадзіліся, калі і надалей будуць баяцца рэакцыйнай улады, паводзіць сябе, як жывёла на закланні, на бойні, то тады ўжо ім нічога не дапаможа.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Стваральная талерантнасць

Кантрастны душ

Ізаляцыйная пастка

Узвысіць голас

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.