TOP

Безумоўны бэнэфіцыяр менскага саміту — Лукашэнка

«Беларусь атрымлівае праз гэтыя падзеі большую прастору для геапалітычнага манэўраваньня і далейшага дыстанцыяваньня ад Масквы», лічыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

«Я думаю, што пра вынікі менскіх дамоўленасьцяў можна будзе меркаваць ня сёньня, не па дэклярацыях, а па тым, як яны будуць рэалізоўвацца. Толькі празь нейкі час мы зможам ацаніць значэньне гэтых перамоваў.

Але ўжо можна казаць, што безумоўным бэнэфіцыярам гэтага мерапрыемства стаў яго гаспадар — Аляксандар Лукашэнка. Ён атрымлівае ня толькі піяраўскія дэвідэнды, хоць і гэта для яго важна, паколькі стварае спрыяльны кантэкст для сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў. Беларусь атрымлівае праз гэтыя падзеі большую прастору для геапалітычнага манэўраваньня і далейшага дыстанцыяваньня ад Масквы. Хоць залежнасьць, канечне, усё роўна застаецца вялікай.

Калі казаць пра пэрспэктывы Беларусі ў сьвятле гэтага перамоўнага працэсу, то яны неадназначныя. Добра, што зьяўляюцца новыя дадатковыя гарантыі для незалежнасьці.

Але, разам з тым, ускладняецца сытуацыя для дэмакратычных сіл. Распаўсюджваецца меркаваньне, што заходнікі на тле сваіх геапалітычных інтарэсаў фактычна здаюць дэмакратычную беларускую супольнасьць. Можа, гэта трошкі драматызаваная ацэнка. Але безумоўна легітымацыя рэжыму на міжнароднай арэне за кошт геапалітычных чыньнікаў стварае небясьпеку, што рэжым кансэрвуецца, і адпаведна адкладаюцца пэрспэктывы рэформаў, пераменаў у Беларусі».

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.