TOP

У імя чаго?

Цяжкасці, якія народы царскай Расіі, СССР, а затым і новых постсавецкіх краін пераадольвалі ў ХХ стагоддзі, прыносілі не толькі знешнія ворагі. Гэта засведчылі бязлітасныя грамадзянскія войны, міжнацыянальныя канфлікты. Аналізуючы сучасны маральны стан насельніцтва рэгіёна, якасць «чалавечага матэрыялу», я кожны раз прыходжу да сумных, несуцяшальных высноў. 

У славянскіх краях здаўна прывыклі думаць такім чынам: «Человек хорош, обстоятельства плохи», што занатаваў у чарнавіку рамана «Отцы и дети» класік рускай літаратуры І. Тургенеў. Толькі як ні выпраўлялі людзі кепскія абставіны, мяняючы феадалізм на капіталізм, капіталізм на сацыялізм, сацыялізм зноў на капіталізм, але нічога талковага не атрымалася. Галоўная прычына — недасканаласць чалавека, яго няўменне знаходзіць баланс паміж дабром і злом, што часта становіцца грунтам для высокага ўзроўню агрэсіі.

Хачу паўтарыць, што я — не русафоб, маю шмат сяброў і добрых знаёмцаў на суседняй зямлі, але сучасны стан расійскага грамадства, у якім гучаць мілітарысцкія заклікі і барабанны бой, нагадаў мне ацэнку, выказаную французскім даследчыкам графам Жазэфам дэ Местрам у кнізе «Религия и нравы русских»: «Русский ничего не знает досконально и не стремится ничего постичь основательно. Он очень легко добирается до определенной незначительной глубины, но потом внезапно останавливается и дальше не идет. /…/ Будучи столь посредственным, русский необычайно горделив, обладает большой сноровкой разгадывать человека и еще больше способен погубить его, если решил это сделать.

Отличительная черта русского — это высший страх перед высшим лицом и высшее же к нему презрение. Человек, который, говоря с правителем, что-то бормочет и просто не находит слов, быть может, думает о том, как убить его, и смеется над его поведениями, когда того больше нет рядом».

Гэтыя словы напісаны даўно, ды з часам нічога ў менталітэце суседзяў не змянілася. У ім, як раней, спакойна спалучаюцца фанатычная любоў і такая ж нянавісць да ўлады, жыве душэўная растурзанасць, застаюцца фанабэрлівыя адносіны да іншых народаў, імперскае імкненне пашыраць уладанні за кошт чужых тэрыторый. У 1914 годзе расійская прапаганда абяцала: «Напоим наших коней в Шпрее!», а цяпер вядомы крамлёўскі клоўн і правакатар У. Жырыноўскі заклікае: «Омоем свои сапоги в Индийском океане!»

У час першай сусветнай вайны рускі паэт І. Севяранін ад імя тых, хто не выступаў супраць кровапраліцця, але і не спяшаўся ісці на фронт, пісаў:

Еще не значит быть изменником, —
Быть радостным и молодым,
Не причиняя боли пленникам
И не спеша в шрапнельный дым. /…/
 
В желаньи жить — сердца упрочены…
Живи, надейся и молчи…
Когда ж настанет наша очередь,
Цветы мы сменим на мечи!
 

Маўчанне нікога не ўратавала. Чарга памерці юнакам, апранутым у шэрыя шынялі, прыйшла надта хутка, бо ў крывавай маштабнай бойні палегла 10 мільёнаў чалавек і 20 мільёнаў было паранена. Наступная сусветная вайна забрала 55 мільёнаў ахвяраў, прытым гэта прыблізныя падлікі.

Сёння адбываецца адкрытае ігнараванне ўрокаў гісторыі, а зачыншчыкам ваенных узрушэнняў у свеце выступае Расія на чале з прэзідэнтам Пуціным, апантаным «хваравітымі імперскімі амбіцыямі». Неаб’яўленая «гібрыдная вайна» супраць Украіны (!) нарадзіла ідэйнае напружанне, непрымірымы раскол паводле палітычных поглядаў не толькі ў сваім грамадстве, але і ў суседніх краінах. Прытым, як сведчаць рэаліі Беларусі, яны тут больш радыкальныя, чым у Расіі, дзе яўна спрацоўвае мілітарысцкая кансалідацыя на базе нацыянальнага патрыятызму.

Чаму так атрымліваецца, што ў краінах, дзе людзі пастаянна паўтаралі як заклінанне «Толькі б не было вайны!», няма агіды да яе? Чаму жыхары Данеччыны, Луганшчыны своечасова не аб’ядналіся і не абаранілі мір у сваіх гарадах і пасёлках, не знішчылі ў зародку сепаратысцкія памкненні мясцовых палітычных шулераў, рознай, як у нас кажуць, «набрыдзі» і «навалачы», схільнай да тэрарызму і бандытызму, не далі адлуп расійскім правакатарам? Чаму ваююць людзі, якія называлі сябе братамі, куды знік сэнс папулярнай песні: «Белоруссия родная, Украина золотая, наше счастье молодое мы стальными штыками оградим»? Чаму пасля захопу Крыма, з пачаткам баявых дзеянняў сепаратыстаў пад кіраўніцтвам і з дапамогай расійскіх войскаў ва Украіне людзі не сталі на антываенныя пазіцыі, а пакорліва прывыкаюць да знішчэння сабе падобных?

Усё гэта — выдаткі савецкага «інтэрнацыянальнага» выхавання, у якім былі фальш і паказуха, але не мелася сапраўднай вучобы сумеснага жыцця народаў. Шкоду прынесла і татальная русіфікацыя саюзных рэспублік, якая разбурала нацыянальную свядомасць людзей, дэфармавала іх псіхіку, розум, маральны патэнцыял.

У імя чаго ідзе крывавая бойня? З боку Украіны ўсё зразумела — яна бароніць сябе, сваю існасць і незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць. А якія мэты ў яе ворагаў? Самыя розныя, але ўсе — хцівыя, захопніцкія, марадзёрскія! Тут ударную сілу складаюць расійскія вайсковыя групоўкі. Для валанцёраў — гэта гарачая кропка, куды яны, прафесійныя забойцы, едуць з усяго свету паваяваць, зарабіць грошай, бо нічога іншага рабіць не ўмеюць. Мясцовыя палітычныя дзялкі на хвалі хлусні, дэмагогіі пра нібыта ўціск рускіх і рускай мовы зварганілі штучныя ўтварэнні, г.зв. рэспублікі, прагнуць улады, багацця і, безумоўна, славы, бо абвешаліся ордэнамі і медалямі, якія штампуюць самі. Многія ваякі наогул блытаюцца ў памкненнях, не могуць растлумачыць, за што ваююць. А ўсю гэтую агрэсіўную масу вышэйшыя ваенныя чыны Расіі скіроўваюць на канчатковае разбурэнне Украіны.

Слушна напісаў намеснік галоўнага рэдактара расійскай «Новой газеты» С. Сакалоў: «Думаю, хватит играться словами. Все это — война, жесточайшая, идущая без учета жизней мирных людей на густозаселенной территории. Война, которая — пущенная на самотек, — сообразуется только со своими собственными законами: еще чуть-чуть, месяц-другой, и остановить ее будет невозможно. И хотим мы того или нет, непосредственно или косвенно, прямо или криво, признавая это или нет, одобряя или проклиная, — мы в ней участвуем. Только — зачем?»

Насельніцтва Беларусі не звярнула ўвагі на тое, што Расія памяняла сваю ваенную дактрыну. Але народы Еўропы занепакоены. Палітычны каментатар Я. Раліцкі («Gazeta Wyborcza») піша: «Расія, якая валодае другім ядзерным арсеналам у свеце, адраклася ад прынцыпу непрымянення першай ядзерных бомбаў і ракет. Тым самым упершыню пасля Хірасімы і Нагасакі ядзерная дзяржава ўвяла ў сваю ваенную дактрыну магчымасць, па сутнасці, свабоднага прымянення самай страшнай зброі. /…/

Жахліва, што гэтая краіна змагла беспакарана парушыць прынцыпы ядзернага табу. Ядзерная тэма вяртаецца ў наша жыццё, а гэта азначае прамую пагрозу існаванню цывілізацыі».

Што могуць простыя людзі, каб спыніць бойню ва Украіне, якая пагражае перарасці ў сусветную вайну? Нам не застаецца нічога іншага, як пратэставаць, адкрыта і сумленна гаварыць пра небяспеку, што насоўваецца.

Чалавек варты павагі, калі ён, нават ведаючы, што свайго не даможацца, усё роўна працягвае супраціўляцца ваеннаму цемрашальству.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Хто лепш умее лічыць?

Бесталкоўшчына

Віток мілітарызацыі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.