TOP

Мыльныя бурбалкі

Чвэрць стагоддзя існуе суверэнная Рэспубліка Беларусь. Амаль увесь гэты час яна, знаходзячыся пад аўтарытарным кіраваннем, будуе ўласную мадэль палітычнай і гаспадарчай сістэмы. Параўноўваючы наша жыццё з рэаліямі дэмакратычных краін, лепш бачна, што прынёс беларусам «асаблівы шлях».

Нельга сказаць, што абсалютна ніякіх пазітыўных зрухаў у вытворчасці не было, бо нават гадзіннік, які стаіць, два разы на суткі паказвае дакладны час. Але лакальныя дасягненні ў асобных сферах ніколі не вырашаюць агульнай стваральнай задачы, не забяспечваюць паступальны эканамічны прагрэс краіны.

Незалежныя эксперты, журналісты пастаянна гавораць і пішуць пра «вузкія месцы» у айчынным гаспадаранні. Улада, якая адмахвалася ад крытычных заўваг, нібы ад надакучлівых аваднёў, апошнім часам нешта пачала прымаць і крыху рэагаваць. Але ў нашым выпадку мудрасць «Лепш позна, чым ніколі» — не спрацоўвае. Палітычная сістэма даўно наклала негатыўны адбітак на арганізацыю і функцыянаванне вытворчасці. Касметычныя дзеянні старой каманды, якую правіцель няшчадна тасуе, як зашмальцаваную калоду карт, не дапамагаюць. Аўтарытарызм, каб уратаваць сябе, душыць новыя ідэі, ініцыятыўнасць і самастойнасць людзей, без чаго дынамічнага развіцця эканомікі не бывае. Краіне патрэбна новая сістэма каардынат. Але, на жаль, гэта ніяк не могуць усвядоміць яе грамадзяне, ад якіх наўпрост залежаць пазітыўныя перамены.

Сёння беларускае грамадства, бы немаўля, спавіта, заціснута ў шчыльны прапагандысцкі і адміністратыўны кокан. А ў роце ў яго тырчыць соска — не вельмі шчодрая, але дзяржаўная сацыяльная апека.Такая метафара мае права на жыццё, асабліва калі яе разгарнуць, падмацаваць канкрэтнымі дэталямі.

Замбіраваны электарат разглядае рэчаіснасць праз бурбалкі, якія запускае ўлада і яе прапаганда, і ў сваёй невыводнай, няўцямнай радасці сапраўды нагадвае малых дзяцей, якія ляжаць у калысцы і захапляюцца прывабным відовішчам. Вось паабяцана, што сярэдняя зарплата ў Беларусі хутка будзе 600, 700 і аж да 1000 долараў, што жыллёва-камунальная аплата на працягу года не павысіцца больш чым на 5 долараў, што значнага росту коштаў на харчаванне, тавары і лекі ўрад не дапусціць, што беларускі рубель застанецца стаяць на нагах цвёрда і непахісна. Адна з самых вялікіх бурбалак — гэта ідэалагічнае клішэ пра тое, што нам пашчасціла жыць у стабільнай, квітнеючай краіне, дзе «демократии больше, чем на Западе».

Бурбалкі праплываюць прад вачыма. Адны знікаюць імгненна, другія, больш трывалыя, пакуль ідзе іх інтэнсіўная прапагандысцкая падпампоўка, нейкі час вісяць, пераліваюцца колерамі вясёлкі ў свядомасці людзей. Але затым і яны лопаюцца.

Тое, што ўлада пастаянна сядзіць у тэлескрыні і запэўнівае насельніцтва ў непарушнасці сацыяльных абавязацельстваў і гарантый дзяржавы, пэўны вынік мае, ды суцішыць насельніцтва становіцца ўсё складаней. Прытым наш люд засвоіў урок — калі начальства пачынае супакойваць, то чакай ад яго сюрпрызаў, а дакладней — падлянкі! Так яно і здараецца…

Усё больш людзей бачаць, што парадку і стабільнасці, пра якія трубіць прапаганда, у краіне як не было, так і няма. А што ж маем? Ёсць няўстойлівае і мазаічнае эканамічнае жыццё, злепленае з уласных намаганняў, з расійскай нафтагазавай халявы і грашовай дапамогі, з іншых міжнародных пазык, з часта непрадуманых, вымушаных праектаў і дамоў, падобных на мыльныя бурбалкі. Словам, цяжка нават зводзіць канцы з канцамі, таму што жывем, як у прымаўцы: «З плеч — і ў печ!».

Такое жыццё надта напружвае, палохае беларусаў рэгулярным шантажом, бясконцымі скандаламі і гандлёвымі войнамі з усходняй суседкай, з якой, дарэчы, Беларусь звязана і г. зв. саюзнай дзяржавай, і ваеннымі дамовамі, што нясе яшчэ адзін галаўны боль. Да няспыннай палітычнай калатнечы, да нервовых стрэсаў дадаецца дэградацыя галоўных, першачарговых умоў будзённага жыцця, пагаршэнне яго якасці. Раптам значна выраслі тарыфы ЖКГ, кошты лекаў, харчу і тавараў, плата за праезд у грамадскім транспарце, за навучанне, зменшылася колькасць бясплатных медыцынскіх паслуг. А зарплаты і пенсіі мала таго што замарожаны, дык яшчэ ў сувязі з інфляцыяй імкліва паехалі ўніз. Пра сярэднюю зарплату не толькі ў 1000 долараў, але і ў 500 ніхто не ўспамінае. З’явіўся новы клопат — абмяняць рублі, якія ёсць у загашніках, на долары. Нядаўна дасціпнікі жартавалі: «Россия встала с колен и побежала в обменники!», а цяпер самім давялося рухацца тым жа знаёмым маршрутам, ды бурчаць: «Грабеж! Аддай ім долар па 11 тысяч рублёў, а яны прададуць табе па 14!»

Але сваю актыўнасць беларусы выяўляюць не ў выбары разумнага шляху развіцця краіны, а толькі ў адносінах да дробных выканаўцаў волі ўлады. Гнеў і злосць яны абрынаюць на галовы касіраў у абменніках, прадаўцоў у магазінах, аптэкарак. Народная ўвага не засяроджваецца на галоўным — патрабаванні адкрытых і сумленных выбараў, будаўніцтве дэмакратычных інстытутаў, спелай грамадзянскай супольнасці.

Так непрыкметна мы дайшлі ад будзённасці да высокай палітыкі, у якой афіцыйны Мінск сёння, як рыба ў вадзе. А як жа, воляй выпадку ўся ўвага чалавецтва скіравана сюды! Бурбалкі цяпер можна пускаць на ўсю катушку. Няважна, што палітычныя эксперты прыйшлі да адназначнай высновы — пляцоўка для перамоў па ваенным канфлікце ва Украіне выбрана спехам, непрадумана, бо, як пішуць заходнія СМІ, «Мінск не можа асацыявацца з мірным працэсам», улічваючы ўсё, што адбывалася і адбываецца ў краіне.

Тым не менш, жаданне пакрасавацца пераважвае этычныя і маральныя нормы. Расійская «Независимая газета» піша: «Мясцовыя прапагандысты прыклалі максімум намаганняў для таго, каб зрабіць з пасрэдніцкай ролі Мінска магутную PR-акцыю. Журналісты мясцовых дзяржтэлеканалаў выязджалі ў Германію і Францыю, рыхтавалі там рэпартажы пра тое, як краіна — удзельніца перамоваў рэагуе на тое, што адбываецца ў Мінску. Нават з вуснаў еўрапейскіх экспертаў гучалі заявы пра «сур’ёзны дыпламатычны прарыў» Беларусі і пра тое, што яшчэ год таму Лукашэнка быў «апошнім дыктатарам Еўропы», а сёння яе галоўны міратворац. Мясцовыя прапагандысты настолькі захапіліся самапіярам, што часам нават складалася ўражанне, што прыезд у беларускую сталіцу прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і канцлера Германіі Ангелы Меркель — гэта і ёсць галоўная падзея, а зусім не ўрэгуляванне ваеннага канфлікту ва Украіне». Але выдаць жадаемае за сапраўднае не ўдаецца. Прытым зварганеныя на хуткую руку мінскія дамоўленасці могуць лёгка ператварыцца ва ўсё тыя ж мыльныя бурбалкі.

Я хаджу па вуліцах сталіцы, углядаюся ў цагляна-блочнае, стракатае аблічча горада, у непаўторныя твары прахожых, слізгаю позіркам па рэкламе, чую жывыя людскія галасы і гукі, якія зыходзяць ад машын, грамадскага транспарту, будаўнічых механізмаў. Вяртаюся дахаты, думаю, пішу, чытаю.

Як быццам усё навокал мяне — рэальнае, сапраўднае. Але, як толькі ўключаю тэлевізар, гэтае адчуванне прападае. Фальш і мана, якія ліюцца з экрана, зноў нараджаюць разуменне, што краіну накрыў тоўсты пласт мыльных бурбалак. Лопаюцца адны, нараджаюцца другія… і канца-краю ім няма…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

У імя чаго?

Хто лепш умее лічыць?

Бесталкоўшчына

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.