TOP

За нянавісцю ідзе смерць

Пра тое, як хутка ў аўтарытарнай краіне адбываецца радыкальны падзел грамадства, нагнятанне нянавісці між людзьмі розных палітычных поглядаў, мне даводзілася пісаць неаднаразова. Апошнія падзеі паказваюць, што тэма была і яшчэ надоўга застанецца надзвычай важнай і актуальнай. 

Аўтарытарная прапаганда шмат гаворыць пра «хаос дэмакратыі», пра тое, што без «жалезнай рукі» нельга мець стабільнасць і парадак. Але жыццё абвяргае гэты пастулат. Здаецца, у краіне збудавана жорсткая вертыкаль, улада поўнасцю ў адным кулаку, пад татальны кантроль узяты ўсе і ўсё, а спакою і ладу няма. Чаму? Па-першае, таму што ручное кіраванне не паспявае ўсюды, яно не можа замяніць ініцыятыўнасць і самастойнасць людзей. Па-другое, для аўтакрата ўлада — гэта наркотык. Каб мець яе, такі чалавек гатовы змяніць Канстытуцыю, законы, зрабіць кішэннымі парламент, суды і СМІ, кінуць надоўга за краты або зусім знішчыць апанента. Аўтакрат сам правакуе дэстабілізацыю ў грамадстве.

Чалавек слабы… Ну што зробіш, калі хочацца! Хочацца ўсяго і адразу — і панавання з прыцэлам нават на сусветнае, і славы, і незлічонага багацця, і жаночых уцех, і задавальнення іншых жаданняў, прытым без аніякай аглядкі на здаровы сэнс і маральныя нормы. Тут дарэчы заўважыць, што цяпер той, хто на працягу 15, 20, 30 гадоў узурпіруе ўладу, не лічыцца экстрэмістам, а людзі, якія выступаюць супраць такога гвалту і нахабства, аб’яўляюцца злачынцамі.

У сталінскі час забойствы няўгодных палітыкаў хоць неяк прыкрываліся агульнымі сходамі працоўных калектываў з асуджэннем «ворагаў народа», лістамі абурэння, накіраванымі ў газеты, фальшывымі паказальнымі судамі. Зараз іх знішчаюць, як вядомага расійскага апазіцыянера Барыса Нямцова, на самым відавоку, проста каля Крамля, але спадцішка і подла — стрэламі ў спіну, што сведчыць пра надыход мярзотнай і небяспечнай для ўсіх людзей эпохі — новай эпохі тэрору.

Я згадваю анансаванне і перадачы расійскіх тэлеканалаў напярэдадні расстрэлу Б. Нямцова і пасля яго. Нагнятанне нянавісці да апазіцыі, да антываеннага, антыкрызіснага маршу «Весна», які павінен быў узначаліць Барыс Яфімавіч, зашкальвала. Не пакідае адчуванне, што, як і ў сувязі з кожным рэзанансным палітычным забойствам, тут ішла цёмная гульня антычалавечных, цынічных сіл, якім усё дазволена і якія нікога не баяцца. Дарэчы, гэта пацвярджае відэазапіс моманту «працы» кілераў, што трапіў у інтэрнэт.

Прадстаўнікі ўлады яго ненавідзелі, за ім сачылі. Кіраўнік камітэта Еўрапарламента па замежных справах Э. Брок сказаў: «Вельмі адкрыты для расійскіх умоў чалавек. Ён быў маяком для апазіцыйнага руху, таму што ведаў сваю справу, меў вопыт і мужнасць». Сапраўды, як лічаць многія блізкія да Нямцова людзі, апошнія гады смелага, актыўнага палітыка сталі «хронікай расцягнутай па часе смерці».

Сам Б. Нямцоў меркаваў так: «Общественное мнение сейчас однозначное, тут спорить нечего. И, казалось бы, я, как политик, должен это учитывать. Но мой жизненный опыт показывает, что наступают такие моменты, моменты истины, я бы сказал, когда надо занимать не популярную позицию, а честную, надо говорить правду, даже если она многим не нравится. Таких моментов не так много было в моей жизни, но сейчас настало ровно такое время. Поэтому я отлично понимаю, что моя позиция по Крыму, по конфронтации с Украиной, со всем миром — это позиция крайне непопулярна, она вызывает истерики, приступы бешенства и т.д. Я это все знаю, но просто у меня правильная позиция, что я могу с этим поделать? Но зато потом, когда пройдут годы, очень многим будет стыдно, они будут пятнами покрываться и стараться забыть про эту историю, а мне стыдно не будет совершенно точно».

Пэўную порцыю нянавісці Б. Нямцоў атрымаў з афіцыйнага Мінска. У 2002 годзе яго сілай дэпартавалі з Беларусі і на 5 гадоў забаранілі ўезд на яе тэрыторыю. А ў 2011 годзе А. Лукашэнка абвінаваціў палітыка ў тым, што гэта ён накіраваў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Мінск расійскую моладзь на маштабны мітынг пратэсту, які адбыўся 19 снежня 2010 года.

Нягледзячы на ідэалагічны і фізічны пераслед мясцовых спецслужбаў, Б. Нямцоў заставаўся да канца жыцця верным сябрам дэмакратычных сіл Беларусі, жадаў дабра нашаму народу. Гэты прыгожы чалавек з адкрытай усмешкай, які мог стаць прэзідэнтам суседняй краіны, з’яўляўся сімвалам дэмакратычных рэформаў, усяго добрага, што было ў Расіі ў 90-я гады мінулага стагоддзя.

Сёння расіяне глядзяць у рот прэзiденту, які, рэалізуючы амбіцыйныя імперскія планы, заганяе іх у эканамічны калапс, у міжнародную ізаляцыю. З тэлеэкранаў гучыць: «Он самый популярный политик Европы»; «Очередное гениальное решение Путина Владимира Владимировича и его окружения. В итоге будет сокрушительная победа России». Марныя высілкі! Народам нельга аддаваць свой лёс у рукі агрэсіўных палiтыкаў.

Цяпер хлусня, фальшыўкі, падтасоўкі, якія запаланяюць інфармацыйную прастору, — гэта само сабой. А якая яшчэ паталагічная нянавісць пыхкае з усіх без выключэння каналаў расійскага тэлебачання! Колькі бруду, паклёпаў выліваецца на ўкраінцаў і Украіну! Але сутнасць канфлікту гранічна ясная, яе агучыў карэспандэнтам жыхар Кіева: «Украінцы знаходзяцца на сваёй зямлі. А расійскія войскі ўварваліся і ваююць на чужой. Без дапамогі Расіі сепаратысты роўныя нулю. Вось такая арыфметыка і такая праўда! З гэтага трэба і зыходзіць».

Расія самаўпэўнена ідзе «асаблівым шляхам». У хвасце за ёю пляцецца Беларусь, праўда, спрабуючы зноў віляць паміж Усходам і Захадам, каб мець, хоць аднекуль, нейкі халяўны навар.

А што ж Захад? Дыпламатычнымі гульнямі, эканамічным, гандлёвым супрацоўніцтвам з аўтарытарнымі, рэпрэсіўнымі рэжымамі «талерантная і камунікабельная» Еўропа аддае на закланне, на знішчэнне лепшых змагароў за свабоду і дэмакратыю, за правы чалавека. Для многіх заходніх палітыкаў асабістая кар’ера, уласныя кішэні пераважваюць прыстойнасць, вернасць ранейшым ідэалам. Калі ж вы нарэшце «разуеце» вочы, адчуеце сорам, панове!

На шматтысячны жалобны марш сумленныя масквічы выйшлі з лозунгамі : «Герои не умирают!», «Эти пули — в каждого из нас!». Што б ні гаварылася ў СМІ і ў кулуарах, якімі б ні былі вынікі следства па раскрыцці злачынства, а матыў забойства Б. Нямцова адназначны — жаданне запалохаць усіх, хто не згодны з палітыкай, якую праводзіць рэжым Пуціна. Сёння надзвычай шматзначна і злавесна гучаць словы: «Дело на личном контроле!», бо ніхто не сумняваецца, што Крэмль кантралюе падзеі і ў Маскве, і ў Данбасе…

Страх у аўтарытарнай краіне расце з двух бакоў: насельніцтва прыдушана адміністратыўным гвалтам да такой ступені, што нават на кухні гаворыць шэптам, а ўлада ў сваю чаргу баіцца маштабнага Майдана, гневу людзей, загнаных у палітычны, матэрыяльны і маральны тупік.

Такі татальны, зацягнуты страх нараджае агрэсіўную нянавісць. А ўслед за нянавісцю ідзе смерць…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Мыльныя бурбалкі

У імя чаго?

Хто лепш умее лічыць?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.