TOP

Атручаныя прапагандай

Інфармацыйная вайна, якую вядзе Расія, не менш знішчальная, чым баявыя дзеянні ў Данбасе. Там разбураюцца гарады, вёскі, гінуць вайскоўцы і мірнае насельніцтва. А ў абсягах, што акаляюць ваенны канфлікт, свішчуць словы-кулі, выбухаюць словы-снарады, якія рвуць на шматкі сэрцы, атручваюць душы і свядомасць мільёнаў людзей.

На працягу многіх дзесяцігоддзяў рэспублікі, што былі ў складзе СССР, накрываліся шчыльнай радыйнай, а затым і тэлевізійнай сеткай вяшчання для правядзення патрэбнай прапаганды, падвяргаліся русіфікацыі праз школы, вучылішчы, тэхнікумы і ВНУ, перыядычны друк, бібліятэкі. Пасля развалу савецкай імперыі агітацыйны ўплыў Крамля на незалежныя краіны значна зменшыўся, але не ўсюды. Што тычыцца Беларусі, то расійскія друкаваныя і электронныя СМІ адчуваюць сябе тут надзвычай камфортна, па-гаспадарску. У першую чаргу гэта вынік русіфікацыі, але не толькі ён. Беларускае тэлебачанне прайграе спаборніцтва ў інфармацыйнай прасторы з прычыны значна ніжэйшай якасці перадач. Ва ўсякім разе вялікая частка гарадскога і вясковага насельніцтва аддае перавагу расійскім тэлеканалам. Нездарма кіраўніцтва краіны дало каманду ідэолагам любымі спосабамі ўцісквацца ў тэлеэфір суседзяў, актыўна выкарыстоўваць яго ва ўласных прапагандысцкіх мэтах.

Наогул, расійская і беларуская ідэалагічныя службы працуюць зладжана, пераймаючы вопыт у выкарыстанні фальсіфікацый, падтасовак і адкрытай, нахабнай хлусні. Пісьменнік Уладзімір Сарокін піша: «Пропаганда стала даже более подлой и циничной, чем была в брежневские времена. Массы словно накрывают радиацией. Но никакая паранойя не длится вечно, и очень скоро народ почувствует разочарование».

Хацелася б верыць аптымізму вядомага расійскага літаратара, але здаецца, што ён яўна недаацэньвае замбіруючыя магчымасці сучаснай прапаганды, асабліва тэлескрыні, а таксама не ўлічвае менталітэт і палітычную культуру нашых народаў.

Расійскія і беларускія ідэолагі вярнуліся да грубых метадаў апрацоўкі людзей, якімі вызначаўся гітлераўскі час у Германіі і сталінскі — у СССР, а вялікая частка насельніцтва дзвюх краін наступае на старыя граблі, верыць штатным жулікам і паўтарае ўслед за імі абсурдныя выдумкі або выгадную ўладзе чвэрцьпраўду, паўпраўду. Асабліва гэта тычыцца падзей ва Украіне.

Прапаганда часта працуе і на як бы «адмоўных» прыкладах. У дыскусіі з правакацыйнай тэмай «Украина: когда начнется полномасштабная война?», якую арганізаваў канал «Мир», з вуснаў расійскіх чыноўнікаў і дэпутатаў прагучала: «Мы вбухали миллиарды и провалили Януковича. А американцы свою политику проводят четко». Так нібыта ўскосным чынам тэлегледачам навязваецца думка, што трэба нарошчваць інфармацыйны, эканамічны і ваенны ціск на Украіну, каб дасягнуць яе капітуляцыі, развалу.

У данецкім шпіталі паранены салдат-бурат выказвае сваю думку пра У. Пуціна: «Очень, конечно, интересный человек. И хитрый, и «введем-не введем». «Нет тут войск», — говорит всему миру. А сам нас по-быстрому: «Давай-давай».

А дзяржсакратар ЗША Д. Керы заявіў: «Расія вядзе самую адкрытую і маштабную прапагандысцкую дзейнасць, якую бачыў я з часоў «халоднай вайны». І яны ўпарцяцца ў сваёй хлусні кожны раз, калі гаворка заходзіць пра іхнія дзеянні там: маняць у твар мне і іншым і з розных прычын».

Безліч разоў хлусаў, у тым ліку і самага высокапастаўленага, лавілі за руку, публічна ставілі ў кут. Захоп Крыма расійскай арміяй, які столькі часу Крэмль абвяргаў, Пуцін спакойна прызнаў. Пра якое сумленне і якую мараль пасля такога можна казаць? ЗША і Еўразвяз ужываюць да парушальнікаў міжнароднага спакою «бацькаў раменьчык» — ушчувальныя санкцыі. Але нічога не дапамагае. Крамлёўскія імпершчыкі нахабнічаюць далей, а многія расіяне і беларусы бяздумна падтрымліваюць крывавую агрэсію, ускладваюць віну за людскія ахвяры і матэрыяльныя страты на «кіеўскую хунту», «бандэраўцаў», «фашыстаў». Ніяк не могуць уцяміць, што ўкраінцы выйшлі на Майдан не па камандзе ЗША, а самі, бо надакучыў узурпатар улады і ягоныя халуі — карупцыянеры, казнакрады, алігархі. Не ўсведамляе «просты люд» і таго, што абрабаваная і пашкумутаная Украіна ўзнялася духам, што яна ў неймаверна складаных умовах абараняе дзяржаўныя межы, сваю незалежнасць і нацыянальную годнасць ад хіжых захопнікаў.

Паўсюль на абсягах Расіі і Беларусі адчуваецца нейкая недаразвітасць. Слухаеш людзей — проста вушы вянуць. Пануе неразуменне таго, што адбываецца ў краінах, у свеце. Узмацненне дыктатарскіх рэжымаў, мілітарызацыю, якая набірае размах, яны заўважаць не жадаюць. Ёсць пласт індывідуумаў, з якімі ўвогуле немагчыма размаўляць спакойна, бо яны валодаюць толькі мовай агрэсіі, пастаянна зрываюцца на істэрычны крык, гвалт і абразы апанента.

Вось я і думаю: адкуль у многіх расіян і беларусаў возьмецца палітычная, грамадзянская свядомасць, жаданне будаваць дэмакратычную, цывілізаваную краіну, калі яны не могуць уладкаваць уласнае жыццё, нармальна гадаваць дзяцей? Няма канца-краю п’янству, скандалам, бойкам, бытавому садызму. Успомнім колькі сірот пры жывых бацьках ёсць у Расіі і ў Беларусі!

У 1989 годзе, напярэдадні грамадзянскай вайны ў Югаславіі, мне давялося ўдзельнічаць у міжнародным паэтычным свяце «Бранкава кола», выступаць у аўтаномным краі Ваяводзіна. На літаратурным вечары ў тэатры г. Нові-Сад душу ўскалыхнуў верш нямецкага паэта Ганса ван Оойена «Прапаганда», пабудаваны на кантрастах. У ім гаварылася, што прапаганда можа апраўдаць любы ўчынак: і добры, і мярзотны. Абражаюць цяжарную жанчыну, садзяць дзіця за краты, перабіваюць хрыбет чалавеку — і на ўсё гэта яна мае сваё тлумачэнне.

Пазней, у ХХІ стагоддзі, давялося ўдзельнічаць у падрыхтоўцы зборніка сучаснай нямецкай паэзіі «У танцы ліхтароў», што быў выдадзены ў Мінску. Прапаную прачытаць у маім перакладзе на беларускую мову верш Вольфа Бірмана «Паведамленне», які высвечвае сённяшнія рэаліі, хісткае становішча трывожных людзей паміж вайной і мірам:

Яшчэ адбываецца
ўзыход сонца
Цёмная ноч, яе яшчэ
ўтвораць
 
Дзіўная рэч! І гэтым ранкам я знайшоў сябе
зноў жывым. Прыслухаўся з палёгкаю да дыхання
побач са мной: на зямлі ўсё яшчэ ёсць людзі
 
З радыёпаведамленняў пра найноўшыя поспехі
маленькіх войнаў магу супакоена зрабіць выснову:
яшчэ працягваецца існаванне чалавечага роду
 
У вечаровай газеце, чытаю я,
Яшчэ не вычарпалі сябе штодзённыя
заклікі да міру
 
Яшчэ адбываецца
ўзыход сонца
Цёмная ноч, яе яшчэ
ўтвораць

У гэтых радках прысутнічае не толькі знішчальны сарказм, бліскучая іронія ў дачыненні да «міратворцаў», якія размахваюць аўтаматамі Калашнікава і ядзернымі дубінамі, да хлуслівай прапагандысцкай машыны, але і вялікая занепакоенасць лёсам чалавецтва.

Людзі, атручаныя прапагандай, спаўзаюць у змрок злосці, нянавісці. А затым можа прыйсці і вечная, «цёмная ноч».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

За нянавісцю ідзе смерць

Мыльныя бурбалкі

У імя чаго?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.