TOP

Выбар зводзіцца да нуля

Тэлевізійны дыктар згортвае свае запісы і прамаўляе: «Вот и все новости. Оставайтесь с нашим каналом. С нами интересней». А глядач, націскаючы кнопку на пульце, думае: «Так, з вамі яўна не засумуеш. Колькі глупства і непатрэбшчыны нагарадзілі! Але ж выбару няма. Усе каналы — на адзін капыл!»

З безальтэрнатыўнасці ў атрыманні насельніцтвам інфармацыі якраз і трэба асэнсоўваць важную праблему выбару. Мне можна запярэчыць, што ёсць спадарожнікавае тэлебачанне, інтэрнэт. Але давайце рэальна прыкінем, якая аўдыторыя штодня садзіцца да экранаў, глядзіць БТ, АНТ, іншыя мясцовыя і расійскія каналы, чытае афіцыйныя газеты? Большая палова насельніцтва! У краіне існуюць сацыяльныя пласты людзей, якія ўвогуле ніколі не звярталіся да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі.

Дзяржаўная манаполія на СМІ адмоўна ўплывае на інтэлектуальны стан грамадства, бо ў гэтым выпадку не адбываецца аналізу, не развіваецца мысленне людзей. Яны проста спажываюць прадукт, злеплены ідэалагічнымі рамеснікамі па зададзеным зверху шаблону.

Калі ўкраінскі журналіст, які ўдзельнічаў у арганізаваным прэс-туры па нашай краіне, спытаў: «Колькі ў вас незалежных і апазіцыйных газет?», то беларускі чыноўнік адказаў цынічна і паказальна: «Столько, сколько надо!» У гэтым выразе заключана сутнасць аўтарытарнай дзяржавы, дзе адно начальства ведае — што, калі і ў якіх дозах трэба спажываць грамадзяніну. А ён толькі павінен адкрываць вочы, развешваць вушы або падстаўляць рот.

Дарэчы, наш рот звязаны наўпрост не толькі са страўнікам, але і з такімі глабальнымі паняццямі, як палітыка і эканоміка. Калі ў 1994 годзе беларусы большасцю галасоў далі штуршок курсу на кансервацыю нялепшых савецкіх парадкаў, на засяроджанне ўлады ў адных руках, то абраны кіраўнік, які з пацёртага, сціплага крэсла дырэктара саўгаса імгненна ўзнёсся на палітычны алімп, каб не сурочыць дасягнутае і замацаваць сваю заваёву, яшчэ доўга дзякаваў за падтрымку і спяваў дыфірамбы «умному и мудрому» народу.

Цяпер, пасля ўсталявання вертыкалі, татальнага чынашанавання, халуйства, пасля працяглай прамыўкі мазгоў і канчатковай перамогі аўтарытарызму, ацэнка радыкальна памянялася. У свядомасці лідара народ стаў «народцем», якому так і трэба, «нікуды не дзенецца, усё роўна прагаласуе». Выявілася, што беларусы не такія ўжо разумныя і мудрыя, бо, нягледзячы на ўшчуванні ўлады, у крызісны час бегаюць па абменніках, непатрыятычна збываюць родныя зашмальцаваныя рублі і набываюць заакіянскую «капусту», «едят (дакладней, «жрут») слишком много картошки и мяса на ночь», займаюцца самалячэннем, прымаючы, каб на іх трасца, не айчынныя, а імпартныя лекі. Словам, не хочуць, здраднікі, як заклікала савецкая песня, «прежде думать о Родине, а потом о себе», не адгукаюцца на лозунг: «Купляйце беларускае!».

Але ў краіне, якую прапагандысты напампавалі таталітарным духам, такі нумар не праходзіць. Тут спрацоўвае армейская завядзёнка: «Не ведаеш — навучым, не можаш — паможам, не хочаш — прымусім!» Толькі, як вядома, з навукай і дапамогай у нас заўжды было напружана, а таму папулярнасцю карыстаецца апошні пастулат — наконт прымусу.

Развіццё падзей сведчыць, што настае эра абмежавання ва ўсім, пачынаючы з зарплат, пенсій і стыпендый. Гандлёвыя кропкі, рынкі прыносяць свае навіны, і яны сведчаць, што выбар скарачаецца і набліжаецца да спартанскіх прапаноў вясковай крамы сталінскага пасляваеннага часу або магазінаў позняга савецкага перыяду, калі зноў увялі карткі на харч.

Для дасягнення багацця прадуктаў і тавараў трэба добра працаваць усім вытворцам і рабіць закупкі за мяжой. А зваліцца ў дэфіцыт — проста. Улада, скажам, выдасць непрадуманы, драконаўскі дакумент у дачыненні да эканомікі, распачне мілітарызацыю краіны — і паліцы будуць застаўленымі адной гарэлкай. Такое было ў нашай гісторыі. Гэта я кажу для старэйшых людзей, якія сумуюць па Сталіну і па СССР, у каго «что-то с памятью стало», і для моладзі, што слухае ў «бээрсэмаўскіх» палітгуртках казкі пра «цудоўнае і заможнае» мінулае.

Працэс імпартазамяшчэння паказвае, што эканоміка няздольная вырашыць гэтую задачу, што айчынная прадукцыя прайграе замежнай як па якасці, так і па цане. Напрыклад, гародніна і садавіна з Польшчы, Літвы мае больш прывабны выгляд, смак і значна таннейшая за беларускія аналагі.

Адсутнасць выбару пануе і ў грамадскім жыцці, улада не хоча лічыцца з меркаваннямі людзей. Яны не ўдзельнічаюць у прыняцці такіх важных рашэнняў, як будаўніцтва АЭС, у фарміраванні аблічча гарадоў. Нягледзячы на пратэсты, прадстаўнікі клана прыўладных прадпрымальнікаў разбураюць архітэктурныя ансамблі, уціскваюць свае аляпаватыя, эклектычныя будынкі (пераважна гатэлі, забаўляльныя цэнтры, казіно) у гістарычныя цэнтры.

Ад бытавога і грамадзянскага выбару роздум скіроўваецца да палітычных выбараў. Яны даўно сталі бутафорыяй, за што віна ляжыць на ўсіх нас.

Вядома, можна крытыкаваць апазіцыю, бо ёсць за што. Сярод яе лідараў няма салідарнасці ў змаганні з аўтарытарнай сістэмай, некаторыя асобы з палітычнага істэблішменту сапраўды нагадваюць клоўнаў. Але не трэба закрываць вочы на тое, у якіх неспрыяльных абставінах даводзіцца працаваць прыхільнікам дэмакратыі. Яны не ўдзельнічаюць у адкрытай канкурэнцыі, а загнаны вертыкаллю, адміністратыўным рэсурсам, міліцыяй, судамі ў сапраўднае палітычнае гета. Спецслужбы праводзяць супраць іх правакацыі, каб падкупіць, пасварыць, абылгаць, зняславіць, зняважыць. Самае нязначнае мірнае дзеянне, якое не падабаецца ўладзе, адразу ж вядзе да разгонаў, арыштаў, вобшукаў, судоў, штрафаў, выклікаў на «прафілактычную гутарку».

У таталітарных умовах, якія існуюць у нашай краіне, абсалютна немагчыма арганізаваць свабодныя, празрыстыя выбары і перамагчы ў канкурэнтнай, сумленнай барацьбе. Гэта ведаюць палітыкі на Захадзе, але ў ходзе кожнай выбарчай кампаніі на поўным сур’ёзе патрабуюць ад апазіцыі станоўчых вынікаў. Ды не будзе іх! Ні малых, ні вялікіх! Ці можна ўявіць выкананне опернай арыі спеваком, якому сціснуў горла амбал вагой пад два цэнтнеры? Апазіцыі трэба сказаць дзякуй толькі за тое, што яна не самаліквідавалася, не разбеглася па глухіх мясцовых і замежных закутках.

Выбар мы ўкралі самі ў сябе. У быце спадзяемся на густ і схільнасці герояў тэлесерыялаў, сяброў, суседзяў, у палітычнай сферы прымаем варыянты, якія падсоўвае ўлада. А ў яе мэта адна — даўжэй быць ля штурвала, пасля — хоць трава не расці. Можа, некаму падабаецца такая безальтэрнатыўнасць, бо не трэба напружваць ніводнай звіліны ў галаве, а мне катэгарычна — не!

Беларускі сляпы аптымізм без выбару зводзіцца на працягу дваццаці гадоў да халяўнага выжывання, таптання на месцы або спаўзання ў мінус па ўсіх параметрах эканамічнага і сацыяльнага жыцця. Наша загана — не любоў да бульбы з мясам, а нежаданне самастойна думаць.

Украінскі юрыст І. Богаслаўская справядліва сцвярджае: «Дзяржава — гэта страхавая сетка, каб чалавек не разбіўся пры падзенні. Але дзяржава ніколі не заменіць рук, ног, а галоўнае — галавы». Дык дзе ж ён — наш дапытлівы розум?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Атручаныя прапагандай

За нянавісцю ідзе смерць

Мыльныя бурбалкі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.