TOP

Прасвятленне

Цяжка жыць у родным свеце, які на працягу апошняга стагоддзя ўпарта змагаецца сам з сабою, нібыта даў загад сваім неразумным дзецям да канца разбурыць нацыянальную культуру і гістарычную памяць. Ці зразумеюць калі-небудзь пакаленні існых беларусаў абсурднасць адрачэння ад уласных каранёў? Ці ўстрапянуцца душою? Калі настане прасвятленне?

Задаю сабе пытанні, якія, нягледзячы на боль і адчай, усё ж утрымліваюць кроплю аптымізму, а прад вачыма плыве не падмаляваная прапагандай рэчаіснасць. Абурае, што родная мова — аснова беларускасці — загнана ў рэзервацыю. Без рэгулярнага ўжытку яна нармальна развівацца не можа, а гэта ў сваю чаргу адмоўна ўплывае на агульны стан нацыянальнай культуры. З рускай мовай таксама сітуацыя кепская, безліч грубых памылак рознага кшталту ў пісьмовых працах выпускнікоў школ, студэнтаў ВНУ, у візуальнай рэкламе, на дарожных паказальніках, пры агучванні аб’яў у грамадскім транспарце і асабліва на беларускім тэлебачанні сталі брыдкай нормай. Практычна каверкаюцца, нявечацца, калечацца, псуюцца абедзве мовы.

Мяне заўжды радуюць сустрэчы з моладдзю, бо гэта — магчымасць зазірнуць у будучыню краіны, але сорамна за дзесяцікласнікаў мінскіх школ, якія не могуць перакласці з рускай мовы на беларускую нават назвы месяцаў года. Сорамна за іхніх бацькоў, настаўнікаў, чыноўнікаў, якія кіруюць сферай айчыннай адукацыі. Стаіш у класе або ў актавай зале, глядзіш на апранутых па апошняй модзе, нядаўна самаўпэўненых, а цяпер збянтэжаных, знямелых дзяўчат, юнакоў і думаеш: да чаго ж мы, беларусы, дакаціліся! А вуснам хочацца вымаўляць цудоўныя словы, многія з якіх ёсць толькі ў нашай мове: студзень, люты, сакавік, красавік, травень, чэрвень, ліпень, жнівень, кастрычнік, лістапад, снежань… Адчуваеце, якая тут выключная знітаванасць з прыроднымі з’явамі, які дакладны малюнак кожнай пары, якое выдатнае характарызуючае гучанне? Народны геній выяўляецца і ў яшчэ многіх тысячах унікальных слоў, якія склалі мову. Як можна адмаўляцца ад такога багацця?

Моў не бывае лепшых або горшых. Родная мова — душа нацыі, яна даецца народу Вышэйшай Воляй, і аспрэчваць або падвяргаць рэвізіі гэты святы акт — тое самае, што пляваць супраць ветру. Але ж беларусы — па пашпарту, а не па духу — спакойна плююць і пасля не ўціраюцца!

Затое тутэйшы люд трымае нос па ветру. Нядаўна на самым версе ўлады адбылося варушэнне ў бок падтрымкі роднай мовы. На жаль, яно звязана не з захадамі па нармалізацыі моўнай сітуацыі, а з зацятай барацьбой за кіраўнічы штурвал, падчас якой карыстаюцца любой зброяй. Але адразу нешта зрушылася і ўнізе.

Безумоўна, абсурдна, калі лёс роднай мовы залежыць ад дазваляльнай або забароннай каманды начальніка. Хто такі грэшны чалавек у параўнанні з народнай святыняй? Але ў Беларусі нават па такім важным пытанні няма нацыянальнай салідарнасці. А таму, як ва ўсім, жывем згодна загадаў. Зверху скамандуюць — і па-кітайску загаворым!

Трэба канстатаваць, што частка беларускага насельніцтва даўно махнула рукой на сваю мову, а некаторыя нават ненавідзяць яе, што ёсць людзі, якія не прынялі суверэннасці Беларусі, бачаць нашу краіну ў складзе Расійскай Федэрацыі.

Русіфікацыя, якая вялася дзесяцігоддзямі і працягваецца, — гэта не толькі знішчэнне мовы. Разбураецца нацыянальная свядомасць, што вядзе да здрады беларускім інтарэсам. Як мову, небяспека падпільноўвае і незалежнасць, якая пакуль што патрэбна для ўтрымання аўтарытарнай ўлады, і не больш таго.

Расійскі пісьменнік А. Меліхаў падкрэслівае: «Братских народов вообще не бывает: культурная близость только открывает дополнительные возможности для культурного поглощения, а потому и возбуждает более острый отпор». Гэта сапраўды так. Мы глытаем дэмагогію пра «единый народ», круцімся вакол ды каля там, дзе трэба нарэшце сказаць праўду. Падзеі ва Украіне паказалі цану «братняй любові» расійскага разліву, якая ў любое імгненне можа перарасці ў агрэсію…

Сітуацыя з беларускай мовай складаная, але нібыта нейкае прасвятленне ў кіруючых галовах не дае ніякай надзеі. Яно ненатуральнае, нежыццёвае. Гэта не парыў розуму і душы, які можа змяніць сітуацыю да лепшага, а проста вымушаныя словы і дзеянні, скіраваныя на марафет. Галоўнае — палітыка, змаганне за ўладу, а не лёс мовы.

Тым не менш, пэўны водгук на праблему ёсць. З Гомеля прыслаў шчыры ліст «постоянный покупатель-читатель-почитатель «Снплюс», які «родился еще при Ленине». Адстаўнік , чалавек з вялікім жыццёвым вопытам піша: «Нужна ли Беларуси… армия? А это смотря какая армия. Нужна армия как таковая, но непременно своя, по духу и по крови — белорусская. Не такая уж и большая. Национальная по сути. Несмотря на конституционное двуязычие в стране, армия должна быть белорускоязычной. Начиная с текста Присяги, уставы, наставления, приказы, команды — все на языке титульной нации в стране. И назначение белорусской армии — только для защиты своей страны, матери-родины…»

Я ўдзячны чытачам за такія лісты, бо мудрыя, патрыятычныя словы грэюць душу. Хацелася б толькі, каб голас грамадзян слухала ўлада.

Практычна яшчэ прагучалі толькі словы, нічога не робіцца для ўмацавання нашай мовы, а суседнія шавіністы ўсчалі гвалт. «Литературная газета» (Расія) так ацэньвае сітуацыю: «У школах выцясняюць рускую мову — пакуль на ўроках гісторыі і геаграфіі. Новыя надпісы ў мінскім метро, расцяжкі, аб’явы аб пачатку кінафестывалю «Лістапад» выкананы ўжо толькі па-беларуску і па-англійску. Беларуская інтэлігенцыя звяртаецца да Лукашэнкі з просьбай перавесці выкладанне ў ВНУ на беларускую мову, і ён не кажа катэгарычнае «не». Фарміраванне беларускай нацыі ўсяляк прышпорваюць».

Калі б такі курс да нацыястварэння ў нас існаваў, можна было б радавацца. Але пакуль у большасці гарадоў як не было беларускамоўных школ, так і няма, не адкрыта ніводнага нацыянальнага ўніверсітэта, на вуліцы за роднае слова міліцыянеры б’юць людзей дубінкамі, беларускія спевакі віншуюць сваіх слухачоў… на рускай мове.

Крэмль, які трымае нашу краіну на палітычным і эканамічным повадзе, уладарна паказвае адведзенае ёй месца. Рэспубліку Беларусь, нягледзячы на неаднаразовыя пярэчанні, расійскія палітыкі, дыпламаты, тэлевізійныя каналы, перыядычны друк упарта называюць — «Белоруссия».

Безумоўна, можна вітаць тое, што ў новым сезоне прозвішчы на майках спартсменаў ФК «Динамо-Минск» будуць напісаны па-беларуску. Але гэтым сітуацыю не выправіш.

Ніхто не патрабуе ад нас подзвігу ў імя беларускай мовы, які, напрыклад, здзейсніў за сваё жыццё народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Але раю ўзяць у рукі ягоную кнігу «Любоў прасветлая», цалкам прысвечаную нашай святыні, каб зарадзіцца яе энергіяй, каб задумацца: а што ж я асабіста і канкрэтна зрабіў для падтрымкі роднай мовы?

Кожны народ хоча пакінуць след у вечнасці. Але гэта найлепш рабіць не аўтаматам Калашнікава, а нацыянальнай культурай — літаратурай, тэатрам, кіно, музыкай, жывапісам, скульптурай, архітэктурай. Таму я абедзвюма рукамі галасую за беларускае агульнанароднае прасвятленне ў стаўленні да роднай мовы, з якой усё пачынаецца.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Выбар зводзіцца да нуля

Атручаныя прапагандай

За нянавісцю ідзе смерць

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.