Маральны збой
Разам з усталяваннем у Беларусі аўтарытарнай вертыкалі зноў пачаўся наступ на спрадвечную сістэму маральных каштоўнасцяў. Яна была значна дэфармавана ў сталінскі час татальнага гвалту, масавых даносаў і крывавых рэпрэсій, у брэжнеўскім застоі. Цяпер знікаюць астатнія асновы сумленнага, гарманічнага супольнага жыцця людзей.
Думаю, што аспрэчыць такое меркаванне не можа афіцыйная прапаганда, бо і ёй, хоць скрозь зубы, але даводзіцца гаварыць пра маральны збой у грамадстве. Праўда, яна стараецца не заўважаць маштабнасці ганебнай з’явы, выдае парушэнні, злачынствы за лакальныя і нетыповыя выпадкі.
Прыклад нялепшых маральных паводзін дэманструюць самі дзяржаўныя СМІ. Мы помнім, што яны ніколі не сябравалі з праўдай, бо аўтарытарная ўлада вымагае міфаў, фальсіфікацый, маніпулявання свядомасцю людзей. Але спачатку гэта была інфармацыйная плынь, дзе захоўвалася пэўная прапорцыя дакладных фактаў і «прыхарошвання» рэчаіснасці. З цягам часу сітуацыя мянялася. Ухіл у бок патрэбнай уладзе няпраўды нарастаў з кожным годам. Штуршком да канчатковага перараджэння інфармацыйнай сферы стаў расійска-ўкраінскі ваенны канфлікт. Тэлебачанне і перыядычны друк, дзе працуюць нібыта адэкватныя людзі, дыпламаваныя спецыялісты, настолькі імкліва скаціліся да істэрычнай прапаганды, што гэта здзівіла нават тутэйшых, «загартаваных маною» гледачоў і чытачоў.
Мэта такіх дзеянняў ясная — трэба паставіць заслон на шляху дэмакратыі, абараніць аўтарытарны лад, аднаго з адыёзных прадстаўнікоў якога скінуў з трона кіеўскі Майдан. Але як жа быць з тым, што беларусы карыстаюцца іншымі крыніцамі інфармацыі, інтэрнэтам, знаёмяцца з супрацьлеглымі меркаваннямі? Сама ўлада падштурхоўвае да раздраю ў галовах людзей. З аднаго боку, мясцовыя прапагандысты паўстаюць у непрывабным выглядзе, калі пасля паўтарэння імі расійскай «дэзы» або агучвання ўласных прыдумак раптам выяўляецца, што гэта — лухта. Але з другога — людзям хочацца верыць афіцыйным СМІ (гэта ж рупар дзяржавы!), а таму яны не звяртаюць увагі на цынічныя паводзіны журналістаў, каментатараў, палітолагаў, экспертаў.
На маральны стан насельніцтва ўплывае прыклад выканання сваёй місіі дзяржаўнымі службоўцамі. Тут сітуацыя змрочная — амаль штодзённа хтосьці з арміі «слуг народа» арыштоўваецца. Але іх рэакцыя на пакаранне спакойная. Ніхто не саромеецца, што яго называюць карупцыянерам, хабарнікам, злодзеем, што завялі крымінальную справу.
Злачынцы лічаць сябе цалкам нармальнымі людзьмі, героямі сучаснага жыцця, спрабуюць яшчэ і папіярыцца ў СМІ. Глядзіць на гэта малады чалавек і думае: «А дай-ка і я залезу ў вертыкаль, нахапаю грошай і потым зліняю ў бізнес. Калі раптам прыхопяць, то адмажуся. А не пашанцуе — крыху пасяджу за кратамі, патрываю, затое на ўсё жыццё сам і мая сям’я будуць забяспечаны». Гэты сцэнарый у Беларусі стаў папулярным.
Многія службоўцы не грэбуюць любымі спосабамі лёгкага абагачэння. Пра якую іхнюю мараль можна казаць, калі, згодна афіцыйнага паведамлення, два супрацоўнікі спецслужбаў і міліцыянер нядаўна арганізавалі збыт спайсаў.
Пералік карупцыйных і іншых злачынстваў, якія зафіксаваны, можна працягваць бясконца. А хто ведае — колькі іх застаецца нераскрытымі?
Увогуле, увесь заможны кангламерат у Беларусі нагадвае вінегрэт, дзе перамешаны чыноўнікі, дэпутаты, міліцыянеры, вайскоўцы, прадстаўнікі спецслужбаў, пракуроры, суддзі, крымінальнікі. Яны часта становяцца раднёй, бо жэняць і выдаюць замуж сваіх дзетак з далёкай перспектывай і ў абмежаваным, прывілеяваным коле, туды-сюды пераафармляюць грашовыя рахункі, нерухомасць, і ў гэтым схаваным, заблытаным свеце нават д’ябал можа ногі зламіць.
Маральная недысцыплінаванасць і нявытрыманасць службоўцаў не ведае межаў. Хто, напрыклад, цягнуў за язык аднаго з камандзіраў АМАПу, які ў Дзень Волі па сканчэнні мітынгу загадваў па рацыі: «Поактивней работаем! Из парка никто не выходит с «портянками», маючы на ўвазе нацыянальны гістарычны сцяг? Ці ведае афіцэр, што праз стагоддзі пад бел-чырвона-белым палотнішчам нашы продкі здабылі шмат важных перамог, ад якіх залежаў і сённяшні дзень суверэннай Беларусі? Калі ж ён не мае да нас ніякіх крэўных адносінаў, то і гэта нічога не мяняе, бо трэба паважаць краіну, якой служыш! Ідэалогія не павінна засланяць вочы на гістарычную праўду. Нельга наносіць мільёнам беларусаў абразы, якая не забываецца.
Чым яшчэ мы вызначаемся? Тым, што Мінск фігуруе як казіно-сталіца на постсавецкай прасторы, як пральная машына па адмыванні «шэрых» грошай. Ён згадваецца ў такім непаважаным статусе не толькі ў крымінальных звестках, але і ў мастацкай літаратуры, кінафільмах, тэлесерыялах…
У Беларусі існуюць нібыта дзве «дзяржавы»: адна — для клана багатых, другая — для бедных. Яны пакуль што ізаляваныя віртуальнай сцяной татальнай засакрэчанасці. Ды ўсё роўна маральны збой у вярхах абавязкова адгукаецца ўнізе. Пачасціліся выпадкі, калі грамадзяне крадуць у магазінах харч. Прытым чалавеку, які спрабаваў вынесці булачку і бутэльку газіроўкі, бо надта хацелася есці, вызначаюць артыкул «Грабеж», што цягне на 4 гады зняволення, а карупцыянер, што паклаў вока на мільярды, абыходзіцца лёгкім спалохам.
Як бы аўтарытарная ўлада ні разводзіла «дзяржавы», якія стварыла, дзелячы халяўны і зароблены здабытак так: адным — кавалкі пірага, а другім — крошкі, іхняе сутыкненне наперадзе непазбежнае. Але глыбінная сутнасць канфлікту не толькі ў сацыяльнай няроўнасці, якая была і будзе (проста нельга дапускаць пачварных штучных перакосаў, як гэта адбываецца цяпер!), а ў маральным самаадчуванні народа, што трымаецца на ўзроўні культуры.
Раней перадачу духоўных каштоўнасцяў ажыццяўлялі сям’я, літаратура і мастацтва. Сусветнавядомая спявачка А. Абразцова ўспамінала: «Мы были скромными, даже несколько забитыми. Но больше читали, ходили всюду — в театр, на выставки, в музеи. А теперь все заменяет компьютер». З ёй вядзе пераклічку расійская пісьменніца М. Чудакова: «Наших великих писателей надо в школе читать. Многосложное устройство литературы таково, что тогда она каким-то образом сама заряжает потенциалом и формирует этическую и эстетическую базу».
Ні ваенныя парады, ні масавыя гулянні, ні карпаратыўныя вечарынкі, ні гламурныя тусоўкі, ні тэлевізійныя забаўляльныя праграмы, ні міліцэйска-бандыцкія серыялы не здольныя падтрымліваць маральнасць грамадства. Мы цяпер знаходзімся ў драматычнай фазе прымітыўнага, неўсвядомленага існавання, неразумення задач нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва, што пагражае не толькі палітычнай, эканамічнай, але і маральнай катастрофай.
Слушна, мудра падказвае старшыня БНР І. Сурвіла: «Любоў да свайго краю, салідарнасць паміж намі і нашы паводзіны ёсць адзіная зброя, якой мы валодаем, каб захаваць незалежнасць нашай Радзімы».
Калі мы не прымем у сэрца гэтую праўду, не ліквідуем маральны збой, не зменімся, то айчынная гісторыя, якая цягне нітачку ў вечнасць, скончыцца. Эклектычнае дзяржаўнае ўтварэнне, што ўзнікне на руінах беларушчыны, да нас ніякага дачынення мець не будзе.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: