Нацыястварэнне
З кожным годам рэчаіснасць усё больш выразна высвечвае абсурдную сітуацыю. Наколькі важнай застаецца для нас праблема нацыястварэння, настолькі рэдка яна закранаецца палітыкамі, палітолагамі, гісторыкамі, філосафамі, а насельніцтва ўвогуле не далучана да яе абмеркавання.
У ХХІ стагоддзе беларуская нацыя ўвайшла недабудаванай, няспелай — палітычна растурзанай, маральна надломленай, фізічна знясіленай Чарнобыльскай катастрофай. Мы жывем, як былінка ў полі: куды вецер падзьме — туды і хілімся. Даўняя традыцыя прыстасавальніцтва, выжывання паміж магутнымі суседзямі наклала адбітак на наш характар, захоўваецца на генетычным узроўні. Мы звыклі задавальняцца тым, што ёсць, не ставім перад сабой больш высокіх задач. Пра гэта сведчаць адсутнасць актыўнай грамадзянскай супольнасці, нягеглы дабрабыт, фальшывае палітычнае жыццё, прадказальныя вынікі рэферэндумаў і выбараў.
Найбольш адстаем мы ад бліжэйшых суседзяў у нацыястварэнні, хоць маем неабходныя ўмовы: тэрыторыю, этнас, мову, гісторыю, традыцыі, звычаі, доўгачаканую суверэнную, незалежную дзяржаву. У гэтым складаным працэсе сёння няма ні дынамікі, ні плёну, але ён, дзякуючы намаганням сапраўдных беларусаў, яшчэ канчаткова не спыніўся.
Нават у час сталінізму, жорсткай класавай і ідэалагічнай барацьбы, вялай або бязлітаснай русіфікацыі ў Беларусі былі выспы народнага супраціву. Тут варта ўспомніць падпольныя арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», «Саюз беларускіх патрыётаў», «Чайка», «Вольная Беларусь» і многія іншыя. Шмат годных людзей аддалі сваё жыццё за нацыясцвярджэнне або зведалі тыповы лёс свядомага беларуса: арышт, катаванні, суд, канцлагер і нарэшце вяртанне на Бацькаўшчыну пасля доўгіх гадоў няволі.
Сучасныя СМІ часта пішуць з іроніяй пра ганенні КДБ у мінулым стагоддзі супраць «нацыяналістаў», пра дзейнасць дысідэнтаў, пра валтузню вакол іх стукачоў, аператыўнікаў і следчых. Але той час быў не такім смешным, як гэта некаму падаецца, крывавыя каты не мелі літасці, а тыя, хто ўзвышаў голас супраць таталітарызму, ідэалагічнага цемрашальства, нацыянальнай знявагі, выяўлялі асаблівую смеласць і мужнасць.
Не будзе памылкай, калі, аглядаючы абсягі айчыннай гісторыі, мы першымі сярод многіх паслядоўных, адданых змагароў за ўмацаванне нацыянальнага духу назавем пісьменнікаў і мастакоў (ад класікаў і да сучаснікаў!).
Яшчэ раз я пераканаўся ў гэтым на выставе графікі, жывапісу і скульптуры «Будаўніцтва чалавека» выдатнага майстра У. Вішнеўскага, прымеркаванай да яго 60-годдзя і 40-годдзя творчай дзейнасці. Адкрываючы яе, старшыня Беларускага саюза мастакоў Р. Сітніца падкрэсліў, што нацыястварэнне працягваецца, што «як грамадзянін, мастак і настаўнік Уладзімір Вішнеўскі ніколі не збочваў з гэтага магістральнага светабачання і перадаў яго сваім шматлікім вучням з Беларускай акадэміі мастацтва, дзе мастак адпрацаваў 30 гадоў», выказаў спадзяванне, што «ягоныя выхаванцы таксама не збочаць з гэтага шляху, а будуць абапірацца на тыя традыцыйныя каштоўнасці, якія ўласцівыя кожнай нацыі».
Тым не менш, гэта ненармальна, калі нацыястварэннем займаюцца толькі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі або самыя актыўныя людзі. Ім немагчыма адолець той гіганцкі аб’ём працы, які паўстае прад грамадствам. Пачнем з таго, што трэба дамагчыся, каб самаідэнтыфікацыя беларусаў адбывалася не пад прымусам, а натуральна, каб пачуцці «своеасаблівасці» і «саматоеснасці», нацыянальнай салідарнасці прыходзілі ў душу чалавека на грунце глыбокага адчування агульнай гісторыі і культуры.
Веданне людзьмі айчыннай гісторыі з’яўляецца самай галоўнай умовай асэнсавання сябе як часцінкі нацыі. Прывяду просты прыклад. Чаму Дзень Волі, які нядаўна адзначыла свядомая грамадскасць Беларусі, яшчэ не стаў агульнанародным святам? У першую чаргу таму, што вялікая частка насельніцтва не ведае праўдзівай версіі падзей, звязаных са стварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца ў палоне страшылак, прыдуманых прапагандай.
Пераламіць сітуацыю ў дадатны бок можа і павінна дзяржава як адзін з асноўных рыштункаў актывізацыі нацыястварэння. У яе руках ёсць сістэма дабратворнага і выніковага ўздзеяння на свядомасць людзей: адукацыя, культура, тэлебачанне, радыё, перыядычны друк, кіно. Але ўсё гэта — не беларускае! Чыноўнікі лічаць, што дастаткова абвешаць краіну плакатамі «Я люблю Беларусь!», каб насельніцтва стала згуртаваным, магло выявіць нацыянальную салідарнасць у крытычных абставінах. Так ніколі не бывае, бо нацыястварэнне — гэта шматпланавы, няпросты працэс.
Нядаўна ў інтэрв’ю кіраўнік краіны заявіў: «Очень много людей в России среди политиков, которые мыслят имперски и иначе не видят, как то, что Беларусь должна быть неким Северо-Западным краем. Очень много таких людей. На это мы тоже даем конкретный ответ: мы не будем Северо-Западным краем, как и не будем никогда, как я это понимаю, конфликтовать с Россией». А мне ўспамінаюцца абсалютна іншыя выказванні: пра «русских, которые сидели на чемоданах» у Беларусі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, пра «оголтелых националистов, которые хотят оторвать нас от России», пра «свядомых беларусаў, якія нічога не ўмеюць рабіць, як толькі гаварыць на роднай мове». Як хутка ў палітыкаў мяняецца мінус на плюс!
Замежныя госці шукаюць на нашай зямлі сапраўдную Беларусь, дзе жыве родная мова, нацыянальная культура, але знаходзяць «Северо-Западный край». Дваццаць пяць гадоў незалежнасці для нацыястварэння прайшлі ўпустую. Зразумела, вінаваты ў гэтым не расійскія палітыкі.
Працэс дэнацыяналізацыі зрабіў «чорную справу». Застаецца спадзявацца толькі на магчымае адраджэнне, на «ціхую лаяльнасць» да нацыі, якая ўсё ж прысутнічае ў душах многіх сучасных беларусаў, што ў крытычнай сітуацыі можа вырасці ў адданасць і дакладнае выкананне грамадзянскага абавязку.
Зноў згадваю У. Вішнеўскага, выстава якога падштурхнула да роздуму пра нацыястварэнне. Я бываў у майстэрні, дзе ў засяроджанай адзіноце мастак працуе над новымі творамі. Падгледзець, як адбываецца сам цуд, нерэальна. Так і павінна быць. Нельга сваім назіркам сурочваць пошук, натхнёны стан майстра, хай ён застаецца дзівам, таямніцай!
Хачу сказаць пра іншае — цікава назіраць за Валодзем, калі ён знаходзіцца не ў майстэрні, а ў горадзе, на людзях. Сустракаючы яго на вуліцах, бачу, як уважліва ўглядаецца ён у белы свет, як няспешна крочыць наперад. У ім удала спалучаюцца шляхетнасць і сялянская грунтоўнасць. Гэта сапраўдны гаспадар роднай зямлі, годны грамадзянін краіны.
Апошнюю кропку на адкрыцці згаданай вышэй выставы паставіў маленькі сын Валодзі, які выканаў песню вядомага барда З. Вайцюшкевіча «Гітара». Яго непасрэднасць, мяккі і разам з тым упэўнены галасок не толькі кранулі сэрцы наведвальнікаў, але і сталі канкрэтным сімвалам нацыясцвярджэння.
Голас беларусаў будзе гучаць на планеце вечна, калі толькі мы не дазволім заглушыць яго пачварнай какафоніі, у якой перамешаны бравурныя ваенныя маршы, цынічная хлусня, езуіцкая дэмагогія, гламурнае цяўканне і пошлая папса. Кожны з нас асабіста адказны за нацыю.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: