TOP

Дыктат Чарнобыля

Нядаўна мільёны японцаў выйшлі ў скверы і паркі, выехалі з гарадоў у любімыя мясціны краіны, каб паглядзець, як цвіце сакура, каб на спатканні з хараством вясновай прыроды акрыяць душою. А ў гэты час на АЭС Фукусіма-1 працягваецца сапраўды гераічнае змаганне з наступствамі небяспечнай аварыі.

Людзі, занятыя ўласнымі перажываннямі і будзённымі клопатамі, нячаста выходзяць у думках на праблемы агульначалавечага маштабу. Між тым, гэтак званы «мірны атам» падкідвае новыя складаныя задачы. Нагадваю, што 11 сакавіка 2011 года пасля землятрусу магнітудай 9 балаў і цунамі, якія ўдарылі па ўсходняй частцы Японіі, АЭС Фукусіма-1 была пашкоджана. У выніку бедства 15 тысяч чалавек загінулі, каля 3 тысяч прапалі без вестак. На станцыі адбыліся выбухі ў трох энергаблоках, а ў чацвёртым узнік пажар у сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва. Высокі ўзровень радыяцыі, які застаецца, замінае весці маштабную ліквідацыйную працу, з гэтай прычыны нагрузка па разведцы сітуацыі легла на робатаў. Заўважым: з моманту катастрофы прайшло чатыры гады, а працы тут — непачаты край. Паводле прыблізных падлікаў спецыялістаў ліквідацыя аварыі зойме 40 (!) гадоў.

За тысячы кіламетраў ад Японіі на Чарнобыльскай АЭС таксама шчыруюць ліквідатары. Пасля спынення трэцяга энергаблока станцыя знаходзіцца ў рэжыме канчатковага закрыцця. Узводзіцца новы саркафаг, пачалася падрыхтоўка да спуску вадаёма-ахалоджвальніка. Але і там складаная праца ідзе марудна, зрываюцца тэрміны будаўніцтва многіх аб’ектаў — напрыклад, сховаў адпрацаванага паліва. Сотні спецыялістаў-атамшчыкаў і будаўнікоў будуць пераўтвараць станцыю ў экалагічна бяспечную зону да 2064(!) года. Сапраўды, як тут не паставіць клічнік? Такія лічбы і даты ўражваюць!

Абедзвюм катастрофам, пра якія ідзе гаворка, згодна міжнароднай шкалы ядзерных падзей (INES), прысвоены 7-ы, вышэйшы ўзровень складанасці, але ўсё ж яны — не блізняты, у многім розняцца. Фукусіма-1 выкінула ў атмасферу ёд-131і цэзій-137, а Чарнобыль высыпаў шырокі набор: ёд, цэзій, стронцый, уран, плутоній. Тэрмін распаду некаторых радыёнуклідаў — тысячагоддзі. Аварыя ў Японіі — гэта вынік стыхійнага бедства, у той час як трагедыя, што адбылася на мяжы Украіны і Беларусі, створана самім чалавекам. А яднаюцца катастрофы тым, што, якая б ні была іх прычына, яны сведчаць: ядзерная энергетыка не толькі суперзатратная, але і небяспечная.

Прагноз таксама не надта суцяшальны. Даследчыкі, выкарыстоўваючы статыстыку і аналіз аварый, прыйшлі да высновы, што ў першай палове ХХІ стагоддзя адбудуцца тры маштабныя надзвычайныя сітуацыі на АЭС. Яшчэ трэба памятаць, што лакальныя аварыі, якія здараюцца практычна на кожнай станцыі, гэта злавесны ранжыр патэнцыяльных глабальных узрушэнняў. Проста ў тым або іншым выпадку пашанцавала.

Антыядзерны настрой сёння мацнее ў многіх краінах свету, але толькі не ў Беларусі, хоць яна найбольш пацярпела ад радыяцыйнага ўздзеяння. У кожным новым выпадку, калі бяда напамінае пра сябе страшнай хваробай дзіцяці або дарослага, суайчыннікі, якім даводзіцца з ёю самастойна змагацца, ліюць слёзы, праклінаюць Чарнобыль і тых, хто яго нарадзіў. Але салідарызавацца і выступіць разам у барацьбе за здаровую будучыню нацыі яны ніяк не могуць.

Навязанае ўладай будаўніцтва АЭС успрынята насельніцтвам апатычна, за выключэннем толькі некаторых арганізацый і асобных актывістаў. Мы нават не дамагліся ад прадстаўнікоў ураду прывесці канкрэтныя дадзеныя пра тое, наколькі палепшыцца жыццё звычайнага грамадзяніна за кошт эксплуатацыі станцыі. Няма яснасці, ці знізіцца кошт электраэнергіі для спажыўцоў? А яшчэ няблага было б ведаць: у якую суму выльецца для нашых нашчадкаў ліквідацыя АЭС, бо яна ж — не вечная? Што тычыцца апошняга пытання, то існуюць разлікі: звычайна закрыццё станцыі — гэта прыкладна 20% ад кошту будаўніцтва. Такім чынам, як і са знешнімі пазыкамі (кожны беларус вінаваты 1300 долараў!), усе праблемы, звязаныя з нацыянальнай атамнай энергетыкай, перакладваюцца на плечы новых пакаленняў.

Пасля Чарнобыльскай катастрофы было спадзяванне, што яна дала штуршок паскоранаму росту нацыянальнай самасвядомасці народа, яго кансалідацыі вакол важнейшай задачы — выжывання беларусаў як этнасу. Але і глабальная бяда не абудзіла душэўную энергію людзей. Насельніцтва, якое толькі з нацяжкай можна назваць грамадствам, з прыходам аўтарытарызму поўнасцю паралізавана ў палітычным, нацыянальным і нават сацыяльным плане. Мы не адстойваем сваё права на жыццё, на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Я з вялікай павагай адношуся да акцый, звязаных з Чарнобылем, сам у меру магчымасці прымаю ў іх удзел, але лічу неабходным сказаць непрыемную праўду. Пад моцным націскам рэжыму, адміністратыўнага рэсурсу многія апазіцыйныя мерапрыемствы сталі неэфектыўным рытуалам, а выступленні на іх — пустапарожняй гаварыльняй. Нават «Чарнобыльскі шлях», які быў некалі масавым і баявітым у адстойванні грамадзянскіх свабод, сацыяльнай справядлівасці, даўно дэградаваў у малапрыкметную, безвыніковую акцыю.

Разам з тым, радыяцыйны Чарнобыль практычна назаўжды пасяліўся на роднай зямлі, стаў бязлітаснай будзённасцю, якая дыктуе ўсім нам больш уважліва адносіцца да свайго здароўя, берагчы акаляючае прыроднае асяроддзе, з пэўнай асцярогаю выкарыстоўваць рэсурсы. Ад такіх суровых умоў нікуды не дзецца. Але дыктат бяды — гэта не дыктатура нейкай асобы, якая, дарваўшыся да ўлады, маючы рыштункі сілавога падаўлення народнага імкнення да разумнага жыцця, да праўды і справядлівасці, задавальняе свае амбіцыі і комплексы за кошт бяспраўных людзей, а жорсткая прапанова шукаць неабходныя спосабы выжывання ў новую, паслячарнобыльскую эпоху.

Як бы там ні было, але беларусам нельга жыць у закалыханым стане, у летаргічнай спячцы. Вучоным, спецыялістам трэба актыўней распрацоўваць альтэрнатыўныя, больш бяспечныя і танныя спосабы энергазабеспячэння краіны. Спальваць будучыню нацыі ў ядзернай печы не дазволена нікому.

Прывяду радкі са сваёй паэмы «Зязюля», якую ў 1996 годзе блаславіў у друк шчырай прадмовай незабыўны Васіль Быкаў:

Стронцый наскрозь прашыў
Грудзі зямелькі гаротнай…
Шмат ты, люд, награшыў,
Не саграшы беззваротна:
Толькі не патушы
Свечку сваёй душы!

Звышцынізмам выглядаюць намаганні мясцовай прапаганды прывучыць насельніцтва да ядзернай энергетыкі, прымусіць паверыць у яе «абсалютную чысціню». Хто персанальна адкажа за аварыю на будучай АЭС, калі яна, барані Божа, здарыцца? Ніхто! Акрамя таго, трэба помніць, што ад «мірнага атама» пракладзены прамы шлях да ваеннай атамнай прамысловасці, да зброі.

Ядзерны рэнесанс, які прапагандуе Расія, не выклікае радасці.Цяпер, калі насельнікі Беларусі не адбіліся ад небяспечнага аб’екта, які ўзнімаецца на засыпанай радыёнуклідамі зямлі, патрэбен жорсткі кантроль за якасцю працы на яго ўзвядзенні, а затым нагляд за правільнай эксплуатацыяй. Самім нам ва ўмовах зацятага аўтарытарызму з яго татальнай засакрэчанасцю ажыццявіць гэта немагчыма, таму неабходна прасіць дзейснай дапамогі ў міжнароднай супольнасці. 

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Расцяжка

Нацыястварэнне

Маральны збой

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.