TOP

Расцяжка

6 красавіка г.г., у дзень народзін выдатнага чалавека і вучонага Б. У. Кіта, размаўляючы з ім па тэлефоне, я заўважыў: «Сёння ў Беларусі хмурна, але людзі ўспомнілі пра Вас, і ў іх пасвятлела на душы».105-гадовы беларус, сяброўствам з якім ганаруся, сардэчна падзякаваў за ўвагу і павагу да яго, сказаў, што хоча бачыць землякоў свабоднымі, заможнымі і шчаслівымі. 

Не сумняваюся ў тым, што пажаданне шаноўнага Барыса Уладзіміравіча, якое даляцела з Франкфурта-на-Майне, гранічна шчырае і поўнае любові да свайго народа. На фоне такіх сапраўдных пачуццяў выразней высвечваюцца адносіны да беларусаў тых, хто ім «служыць».

Калі гаварыць па праўдзе, то многія «слугі народа» думаюць у першую чаргу пра тое, як найдаўжэй утрымацца на «хлебных» пасадах, як найпаўней набіць кішэні грашыма, а не пра народны дабрабыт, будучыню краіны. Такая настроенасць начальнікаў, якая імі нават не хаваецца, якая пацвярджаецца шматлікімі заведзенымі крымінальнымі справамі і судамі, негатыўна ўплывае на маральную і стваральную атмасферу ў грамадстве. Людзі кажуць: калі можна ім, то і нам хапнуць нешта не пашкодзіць, хоць факты сведчаць, што спрытней, аб’ёмней і беспакарана крадуць якраз не звычайныя грамадзяне…

Пасля развалу СССР усплеск хцівасці быў такім моцным, што пранізаў усе структуры: чыноўніцтва, праваахоўныя органы, сілавікоў, дэпутацкі корпус, кіраўнікоў будаўнічых арганізацый, гандлю, спорту. Курс на ўзбагачэнне любымі спосабамі захоўваецца. Пры аўтарытарызме клан, якому дазволена тоўпіцца каля дзяржаўнага карыта і напоўніцу хлябтаць з яго, фантастычна вырас у параўнанні з мінулым часам, што канстатуецца нават афіцыйна.

Тым не менш, у Беларусі пераважаюць тыя, хто жыве на «голую» зарплату або пенсію. Большая частка насельнікаў нагадваюць гімнаста ў расцяжцы. Але глядзець на спартсмена, які выяўляе пластычнасць прыгожага цела, прыемна. А народ, загнаны невядома на які тэрмін у нязручны, некамфортны стан, — гэта сумнае відовішча.

Выпрабаванне чалавечага трывання на расцяжку, што можа скончыцца катастрафічным разрывам, адбываецца пастаянна і займаюцца гэтым усе дзяржаўныя службы. Транспартнікі лічаць, што пасажыры аплачваюць «толькі палову або 30%» (як прыблізна яны лічаць грошы!) ад кошту праезду. Прытым талончыкі даражэюць раз за разам, а прыведзеныя лічбы аплаты застаюцца нязменнымі. Рэгулярна павышаюць тарыфы камунальнікі, не забываючы папракнуць спажыўцоў у вялікай недаплаце, спыняючыся зноў-такі на расплыўчатых 22—30%. Насельніцтва настойліва патрабуе даць яму дакладны разлік сабекошту праезду ў транспарце і жыллёва-камунальных паслуг, каб ведаць рэальную сітуацыю. У магазінах, аптэках і на рынках, дзе кошты даўно галапіруюць, абураныя, уедлівыя пакупнікі штодня «дастаюць» раззлаваных, знерваваных прадаўцоў, а тыя адсылаюць іх на самы верх улады: «Мы тут пры чым? Пішыце скаргі яму!»

Але нягледзячы на неаднаразовае ўмяшальніцтва кіраўніка, у гэтых галінах гаспадарання ўсё па-ранейшаму «ахутана змрокам», засакрэчана. А чаму? Ды таму, што празрыстасць, адкрытасць і магчымыя параўнанні з практыкай дэмакратычных суседзяў, напрыклад з Польшчай, працуюць не на карысць аўтарытарнай улады. Па-першае, ва ўмовах няўстойлівай, мінусуючай эканомікі, якую падпірае ратавальная расійская халява, нешта дакладна разлічыць проста немагчыма, па-другое, больш-менш рэальныя лічбы пакажуць на ўвесь свет завышаны сабекошт паслуг, неабгрунтаваныя цэны і жабрачую мізэрнасць канкрэтных беларускіх заробкаў і сацыяльных выплат, бо тыя сярэднія зарплаты і пенсіі па сталіцы або па краіне, якія публікуе дзяржаўная статыстыка, нагадваюць «сярэднюю тэмпературу па бальніцы». Адзін шчасліўчык мае 30 «лімонаў», а тысячы людзей — у 10 разоў меней.

Кола замкнулася. Ісціны і справядлівасці ў закрытым грамадстве знайсці немагчыма, але ж неяк жыць трэба. Людзі, у якіх месячны прыбытак не перавышае трох-чатырох мільёнаў рублёў, ломяць галаву над першачарговай задачай: як расцягнуць зарплату або пенсію, каб не галадаць, разлічыцца за камунальныя і іншыя паслугі, аплаціць патрэбныя лекі?

Яшчэ больш клопатаў звальваецца на плечы тых, хто задумаў абзавесціся жыллём. Часта ім прапануюць будынкі, куды немагчыма засяліцца. Жанчына з Капыльскага раёна, якая захацела стаць жыхаркай аграгарадка, дзеліцца нягодамі: «В стенах дома сквозные трещины, кое-где снаружи блоки можно руками без каких-либо усилий и приспособлений просто вынуть из стены. Теперь ютимся у мамы, при этом продолжаем выплачивать ежемесячно 520 тысяч кредита банку и еще 100 тысяч рублей продавцу — акционерному обществу. Также регулярно приходят счета за коммунальные услуги. В прошлом месяце — 500 тысяч рублей, сейчас поменьше — около 300 тысяч. Говорят, если отключим отопление покинутого дома, он вообще рухнет!» Па Мінскай вобласці выяўлена больш 50 такіх праблемных будынкаў.

Асабістыя клопаты выжывання людзей засланілі наш галоўны і маштабны «доўгабуд». Расцягнуўся час пабудовы нармальнай дэмакратычнай краіны. За 25 гадоў незалежнасці мы ні на крок не наблізіліся да яе, а ў многім — нават адступілі назад.

Знешне ў Беларусі нібыта сапраўды спакойна, чым задаволены не толькі мясцовыя чыноўнікі, але, як ні дзіўна, і «сытая Еўропа». Нездарма Мінск раптам стаў міратворчай пляцоўкай, нягледзячы на палітвязняў у турмах, на паліцэйшчыну, на паскораную мілітарызацыю краіны. Я не здзіўлюся, калі хутка ў Беларусь на экскурсію так, як расійскія і ўкраінскія перыферыйныя журналісты, цугам пацягнуцца «акулы пяра» з Брусэля, Лондана, Парыжа, Берліна, Рыма і нават Вашынгтона. Асобныя візіты, дарэчы, ужо адбыліся. А што? Дарогі падчышчаны, некалькі прамысловых прадпрыемстваў вылізаны, маршруты па лепшых аграгарадках адпрацаваны, язык у гідаў падвешаны — можна паказваць!

Трэба прызнаць, што пускаць пыл у вочы, гаварыць без супынку пра свае «вялікія дасягненні», аўтарытарны рэжым навучыўся. Але пад густой пенай дэмагогіі ёсць яшчэ кіпень народнага жыцця. У ім не толькі рост цэнаў, але і пастаянная чахарда ў паказе перадач, дурное, абрыдлае цэнзураванне на Беларускім тэлебачанні можа вывесці з раўнавагі нават звычайную дамашнюю гаспадыню, і яна перанясе сваё абурэнне на ўладу.

Сучасныя беларусы — гэта цярпліўцы, прыстасаванцы і палахліўцы, якіх свет не бачыў. Але ёсць пэўная мяжа. Пра гэта сказаў рускі паэт А. Блок: «Не всё можно предугадать и предусмотреть. Кровь и огонь могут заговорить, когда их никто не ждет».

Аўтарытарны рэжым, які верыць у сваю ўсемагутнасць, які спадзяецца, што татальна кантралюе, якраз можа і не ўпільнаваць крытычны градус трывання ў беларускім летаргічным, але непрадказальным грамадстве.

Калі дойдзе да таго, што нягоды будуць звязаны з адсутнасцю надзённага акрайца хлеба, з немагчымасцю аплачваць жыллё, набыць неабходныя лекі або нават паглядзець любімую тэлеперадачу, то тады расцяжкі не вытрывае і тутэйшы люд.

Лава народнага гневу, які носіць не палітычны, а сацыяльны, стыхійны характар, нібы пры вывяржэнні вулкана, не мае берагоў. Яна на сваім шляху змятае ўсіх: і вінаватых, і бязвінных…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Нацыястварэнне

Маральны збой

Прасвятленне

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.