TOP

Цяга да памылак

Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Гэтую ісціну мы ведаем з маленства. Але людзі ў побыце, палітыцы, эканоміцы часта паўтараюць даўно вядомыя пралікі, якіх можна было б пазбегнуць, не вучацца на чужым вопыце. Цяга да памылак мінулага яўна ўзмацнілася, што нясе пагрозу мірнай будучыні чалавецтва.

Трагічнай памылкай апошняга часу з’яўляюцца агрэсіўныя дзеянні Расіі супраць Украіны, яе курс на мілітарызацыю, якія вымагаюць гіганцкіх бюджэтных сродкаў. Ураду нельга скарачаць выдаткі на сацыяльныя патрэбы, бо гэта выкліча абурэнне насельніцтва. Падцісканне фінансаў ідзе за кошт сфер, якія якраз павінны садзейнічаць рэфармаванню і развіццю вытворчасці. У выніку тэмпы эканамічнага росту — нізкія. Негатыўная сітуацыя ў Расіі абавязкова адаб’ецца на дабрабыце беларусаў.

Афіцыйная статыстыка сведчыць пра вялікі рост стратных прадпрыемстваў у нашай краіне, пра склады, набітыя гатовай прадукцыяй. Гэта азначае, што эканоміка коціцца ўніз, што яна трымаецца на пазыках і нафтагазавай халяве, якія могуць значна зменшыцца.

Сродкаў, якія папаўняюць «беларускі кашалёк», ледзьве хапае на тое, каб задаволіць карупцыйную хцівасць і гламурны камфорт правячага клана, а з таго, што застаецца, выплачваць сціплыя заробкі, выдаваць мізэрныя пенсіі, якія падтрымліваюць фізічнае выжыванне мільёнаў людзей. У нестабільных фінансавых умовах, латаючы дзіркі то тут, то там, рэжым думае толькі пра ўтрыманне ўлады, ён не плануе разумнае стратэгічнае развіццё краіны.

Памылкі, якія робяць Расія і Беларусь, зразумелыя. Сутнасць аўтарытарных рэжымаў такая, што яны без рэгулярнага парушэння Канстытуцыі і законаў, нормаў міжнароднага жыцця існаваць не могуць.

У Беларусі на фінішы выбарчай кампаніі 2010 года за турэмныя краты трапілі ўсе кандыдаты ў прэзідэнты, адзін з якіх і сёння не вызвалены. Такога цынічнага гвалту, здзеку над выбарчым правам не было нават у Афрыцы! Здаецца, пасля гэтага абавязкова будзе пакаранне. Але рэжым не надта нервуецца. Ён, як маятнік заведзенага гадзінніка, матляецца з боку на бок: ківок да Расіі — дай, паклон да Еўропы — дапамажы. Адмоў звычайна не бывае.

Расійскі прэзідэнт публічна прызнаўся: «Я не буду скрывать, я сказал своим коллегам, что ситуация в Украине развивается таким образом, что мы вынуждены начать работу по возвращению Крыма в состав России. Наше преимущество было в том, что я лично этим занимался… Потому что, когда это делают первые лица государства, исполнителям легче работать». Гэтае прызнанне і іншыя нахабныя выпады былі праглынуты заходнім палітычным бамондам без рэагавання. Чыноўнікі некаторых еўрапейскіх краін нават пачалі ўзнімаць пытанне пра змякчэнне або наогул адмену санкцый супраць Расіі.

Сучасны свет пранізваюць тысячы нітак узаемадзеяння, усё ў ім звязана. У тым, што беларускае і расійскае грамадствы сталі яшчэ больш запалоханымі і інертнымі, чым раней, несумненна ёсць віна палітычных дзеячаў Захаду. Яны зрабілі яўную памылку, калі ў канцы ХХ стагоддзя згадзіліся з ліквідацыяй у Беларусі і Расіі дэмакратычных змен і ўсталяваннем аўтарытарных рэжымаў. А затым еўрапейцы пераканаліся, што ўзурпацыя ўлады на нявызначаны час — гэта з’ява, магчымая не толькі ў Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, але і на іхнім нібыта адукаваным кантыненце. Мала таго, што пераканаліся, дык яшчэ бізнесоўцы і чыноўнікі на вачах ва ўсяго свету ўцягнуліся ў гандлярскія гешэфты з адыёзнымі рэжымамі, таму што тут значна прасцей мець лёгкі прыбытак. Дэмакратыя — справа важная, але грошы ўсё ж пераважваюць.

Заходнія палітыкі не хочуць унікаць у глыбінную, цёмную сутнасць новага аўтарытарызму, які ўзняўся на тэрыторыях, дзе доўга панавала сталіншчына. А расійская даследчыца Л. Алавердава, якая цяпер працуе ў ЗША, дзеліцца назіраннямі: «Американское сознание демократично и лишено чванливости, что, увы, не всегда можно сказать о ментальности людей из постсоветского пространства. Наше сознание полно перепадов от зазнайства и кичливости до униженности. Такой качки не происходит, когда есть укорененное, уверенное чувство собственного достоинства». Але ў тым-то бяда, што, як у савецкі час, так і зараз, пачуццё ўласнай чалавечай годнасці ў нас не выхоўваецца і не цэніцца.

У Беларусі і Расіі з высокіх трыбун заклікаюць грамадзян мець актыўную жыццёвую пазіцыю. Але гэта — проста пустая балбатня, бо ўмоў для такіх натуральных паводзін няма. Аўтарытарызм не падтрымлівае ініцыятыўных людзей, яму патрэбны паслухмяныя выканаўцы каманд зверху.

Сённяшняя Беларусь — гэта яскравы, класічны прыклад таго, як унутранае і знешняе патуранне аўтарытарнаму рэжыму прыводзіць краіну ў палітычны і эканамічны тупік. Паступова адбылася і глабальная дэфармацыя грамадства. Мала людзей з годнасцю, мужнасцю сустрэла цяжкі час. Не хапіла маральнай і палітычнай стойкасці ў інтэлігенцыі, інтэлектуалаў. У аслеплай і аглухлай краіне толькі некалькі тысяч вядомых постацяў па-ранейшаму застаюцца немітуслівымі, цвёрдымі ў перакананнях. Большасць кінулася ў непрыкрытае халуйства, якое пры аўтарытарызме шчодра аплочваецца.

Памылка заходніх палітыкаў у тым, што, замест сапраўды індывідуальнага, выніковага падыходу да кожнай постсавецкай краіны, яны выкарыстоўваюць універсальныя стандарты. Вось чарговыя візіцёры прыязджаюць у Беларусь, углядаюцца ў яе жыццё. Увогуле ўсё выглядае даволі прыстойна. Дарогі добрыя, цэнтральныя вуліцы ў гарадах і пасёлках чыстыя. Людзі працуюць, як пчолкі, незадаволенасці не выказваюць. Яны апранутыя, абутыя. Значыць, усё ў парадку. А тое, што ў краіне няма верхавенства закона, што згвалтавана выбарчая сістэма, што пануе паліцэйшчына, што ламаюцца тысячы лёсаў тых, хто змагаецца за свае правы і свабоды, застаецца па-за ўвагай.

Нядаўна спецдакладчык ПАСЕ А.Рыгоні заявіў, што сітуацыя ў Беларусі «паступова нібыта паляпшаецца». На чым грунтуецца такая выснова? Што памянялася? Можа, у краіне разарваны шчыльны клубок, у які спляліся ўсе ўлады? Можа, сталі незалежнымі суды і свабоднымі СМІ?

Прагучала папярэджанне, што дзень новых прэзідэнцкіх выбараў будзе праверкай для Беларусі. Ну і што? Такіх іспытаў прайшло шмат, але ці сталі выбары сумленнымі і адкрытымі? Праверкі адбываліся, а дыктатура за гэты час умацавалася да такой ступені, што пасоўванне ў бок дэмакратычных перамен абсалютна немагчымае. Хіба што ў грамадстве адбудуцца нейкія тэктанічныя зрухі?

Палітолаг Л. Швяцова (ЗША) заўважыла: «2014 год быў для Еўропы і ўсяго Захаду выпрабаваннем на трываласць і вернасць прынцыпам. У іх было дастаткова часу для ацэнкі і мінулага, і цяперашняга, і памылак, якія Еўрапейскі звяз дапусціў у адносінах да Расіі, Украіны і ўласнай знешняй палітыкі. Але Еўропа ўсё ж не змагла выкарыстаць гэты час для выпрацоўкі новай стратэгіі».

Сапраўды, нельга быць раз’яднанымі і слабымі перад пагрозай, якая зыходзіць ад адыёзных рэжымаў. Адказ на цемрашальскія дзеянні павінен быць своечасовым і адэкватным. Мае рацыю вядомы палітык С. Шушкевіч, які ў звароце да еўрапейскіх калег падкрэсліў: «Рэагаваць трэба на дзеянні, а не на размовы».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дыктат Чарнобыля

Расцяжка

Нацыястварэнне

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.