Дабро або зло?
Вагі, на шалях якіх ляжыць дабро і зло, зноў захісталіся, захадзілі хадуном. Сілы сквапнасці, нянавісці да свабоды і дэмакратыі ўзмацнілі свой ціск на людзей. Рэаліі Беларусі і Расіі змусілі згадаць трапныя словы М. Салтыкова-Шчадрына: «На патриотизм стали напирать — видать, проворовались, факт».
Дзень Перамогі зрабіўся лакмусавай паперкай для вызначэння сапраўднай прапорцыі разумных дзеянняў і дурной паказухі ў тутэйшым і суседнім грамадствах. У ходзе падрыхтоўкі і правядзення свята было нямала добрых, карысных спраў. Выдатным пачынаннем лічу акцыю «Бессмертный полк», у якой прынялі ўдзел сотні тысяч людзей у Расіі, каб прайсці па вуліцах з партрэтамі, ушанаваць памяць родзічаў — удзельнікаў вайны. Гэты душэўны парыў важны, ён гуртуе народ. У Беларусі якасна падрамантавалі помнікі, абеліскі, прыбралі тэрыторыю вакол іх, паклалі кветкі. Такая праца таксама яднае, нараджае добрыя пачуцці.
Засмуціў жа мяне, як і многіх людзей, яўны перакос у бок мілітарызацыі. Безумоўна, заўжды знойдуцца разявакі, якім хочацца глянуць на зброю, у тым ліку і самую новую. Але мяркую, што загрувашчваць гарады ваеннай тэхнікай, праводзіць звычайныя і генеральныя рэпетыцыі, прытым не ўначы, як раней, але і ўдзень, затым парад — гэта перабор. Справа не толькі ў выдатках, у патрэбе рамонту вулічнага і дарожнага палатна. Зброя нараджае мілітарысцкія настроі, непатрэбную фанабэрыстасць, а ў такое свята хочацца шчырасці, сардэчнасці, радасных віншаванняў, светлых усмешак. Увогуле, нягледзячы на правалы ў эканоміцы, праводзіць парады ў Беларусі і Расіі прызвычаіліся і навучыліся. Але лацно ў камфортных умовах пратупаць, прабарабаніць, прагрукатаць, гэта ж не ваяваць з адной вінтоўкай на трох байцоў, як было пад Масквой.
Бязлітасная праўда вайны не падабаецца ўладам і жыхарам Беларусі, Расіі, замбіраваным прапагандай. Ім хочацца выцягнуць з мінулай крывавай бойні адзін гераізм, а ўвесь бруд, жах, неймаверныя пакуты, неапраўданыя людскія страты забыць. Такім «аматарам подзвігаў» трэба прачытаць дзённік афіцэра Д. Фібіха, які на Паўночна-Заходнім фронце сядзеў з аднапалчанамі ў балотах ля ракі Ловаці:
«21 апреля 1942 г. Армия голодает — нет подвоза. В частях выдают по 100, по 50 г сухарей. /…/
Сейчас бы наступать, отрезать немецкие клинья — и нет сил. Людей нет. Некому воевать. Так ли велики наши резервы, о которых мы кричим? В Латвийской дивизии новые пополнения состоят из уголовников, досрочно выпущенных из тюрем. На фронте можно встретить все возрасты, от 18 до 45 лет.
28 апреля. Живем впроголодь. О хлебе забыли. Получаем по 75 г сухарей и то не каждый день. Противная ежедневная процедура дележа аптекарских доз получаемого продовольствия. С трудом достаем картошку. Я напираю на махорку — все не так хочется есть. /…/
4 октября. /…/ Предстоит война на измор — длинная, затяжная, тяжелая. /…/ «Выдюжим», писал А. Толстой. Выдюжить-то выдюжим, Россия всегда была двужильной, но какой ценой».
Данііл Уладзіміравіч, які пражыў76 гадоў, яшчэ на фронце прадбачыў, што пасля пераможнай вайны Расія стане «милитаристической страной». Так яно і сталася.
Увогуле гэта сумная гісторыя. Нашым бацькам, дзядам, якія прынеслі з франтоў, з партызанскіх атрадаў, з Еўропы дух свабоды і дэмакратыі, хутка перабілі «хрыбет вальнадумства». Сталінскія спецслужбы дзейнічалі не менш разлютавана, чым у 1937 годзе. А таму адно «маўклівае пакаленне» вырасціла такое ж. Мае аднагодкі таксама не ўзгадавалі моцных духам сыноў і дачок. Вось і атрымліваецца, што ўсе мы — прыстасаванцы да любой улады.
Аўтарытарныя рэжымы Беларусі і Расіі сталі закладнікамі ўласнай ідэалогіі і дэмагогіі. Страшным злом я лічу фальш, двурушнасць, якія выяўляюцца паўсюдна, і нават датычна тых, хто здабыў Перамогу. У СМІ расказваецца пра абрабаванні і забойствы ветэранаў, якія маюць унікальныя ўзнагароды. Забіваюць герояў вайны, каб завалодаць іхнімі кватэрамі. УЛенінградскай вобласці вучні 2-га (!) класа збілі каменнем старога, глухога і кульгавага чалавека, былога вязня канцлагера.
Цяпер свежы факт з будзённасці Мінска: на шырокім ганку «Гастранома», далёка ад уваходу, стаяць трое мужчын з ордэнскімі планкамі на пінжаках, з кульбамі ў руках. Яны не замінаюць наведвальнікам, але гучнай гамонкай, бо глухаватыя, прыцягваюць да сябе ўвагу. Міма праходзіць да лімузіна малады дзяцюк з не па гадах аб’ёмістым жыватом, нагружаны пакетамі, і гучна, каб усе чулі, гыркае: «Когда уже они передохнут? Из-за этих старпёров пройти невозможно!» Трэба было бачыць, як перасмыкнуліся, спахмурнелі ад крыўды твары ветэранаў. Чым не дагадзілі яму старыя? Толькі тым, што яшчэ жывуць? Значыць, нягледзячы на дыфірамбы ветэранам, назапасілася ў душы «новага беларуса» варожасць.
Яшчэ больш ганебна выглядае фальш у дзеяннях і ў вуснах кіраўнікоў. У Маскве маўзалей Леніна зашылі фальш-сцяной. Для чаго — невядома, ці то хацелі схаваць ад удзельнікаў свята азіяччыну, ці то не разбудзіць гулам цягачоў Ільіча, які, пры ўсёй крыважэрнасці, быў вялікім папулістам і даў бы прачуханку сённяшняй «чэкісцка-камуністычна-буржуазнай» уладзе Расіі за крыўду пралетарскіх масаў? А слухаць фальшывыя міратворчыя заклікі з Крамля чалавека, які прызнаўся на ўвесь свет, што Крым захоплены згодна яго загаду, які кіруе агрэсіяй супраць Украіны, наогул немагчыма, проста агідна, бо такой кашчуннасці ў навейшай гісторыі яшчэ не было!
Камічна выглядаюць кіраўнічыя трыбуны, дзе за спіной «генералісімуса» палахліва ўтульваюць галовы ў плечы не толькі жулікаватыя алігархі, але і бравыя, «плячыстыя на жывот» генералы. Дарэчы, постсавецкія чыноўнікі часта апранаюць мундзіры і прычапляюць узнагароды, якіх не заслужылі. «Патрыятычна» рагаталі сотні тысяч беларусаў і над клоўнскім «агітцягніком БРСМ».
У Данецку кіраўнік уяўнай рэспублікі «прычасціўся» зранку не ўяўна, а таму на парадзе, які правялі, «чтобы внушить жителям уважение к армии», з цяжкасцю захоўваў раўнавагу. Насмяшылі і журналісты, якія, жывапісуючы яго позу, ляпнулі «облокотился ногой» замест «абапёрся». Мовазнаўцы як у Беларусі, так і ў Расіі, Украіне яшчэ тыя!
Калейдаскоп святочных падзей з яго навязлівай тэлевізійнай хлуснёй, з парадным бляскам, з гламурнымі салютамі стварае ўражанне, што сучаснае жыццё — несапраўднае, што ўсё — толькі кашмарная фантасмагорыя. На жаль, гэта не так.
Рэчаіснасць, у якой дабро і зло застаюцца непрымірымымі, але змушаны пераплятацца, падкідвае складаныя задачы. Раптам перад кіраўнікамі краін Еўропы паўстала дылема: разам з агрэсарам пампезна адсвяткаваць Дзень Перамогі ў Маскве або ў цяжкі для Украіны час, калі ідуць баі ў Данбасе, не пайсці на згодніцтва і захаваць прынцыповасць? Што важней? Нехта скажа — цяжка аддаць перавагу нейкай пазіцыі, гэта непасільны выбар нават для вопытных палітыкаў і дыпламатаў. Але варта толькі ўспомніць еўрапейскае і савецкае згодніцтва з неадэкватным Гітлерам, чым яно скончылася для чалавецтва, як адразу ўсё стане на свае месцы.
Са злом трэба змагацца у самым яго зародку, а не тады, калі яно вырасла ў глабальную катастрофу.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: