TOP

Невядомы салдат

Народжаны ў першы пасляваенны год, я ў маленстве змог убачыць сляды фашысцкай навалы. Пасля блакады партызанскай зоны, адчайнага прарыву народных мсціўцаў і насельніцтва з пелькі-ўдаўкі карнікаў, а затым цяжкага фарсіравання чырвонаармейцамі Заходняй Дзвіны абшары маёй малой радзімы былі пераараны траншэямі, акопамі, бомбамі, снарадамі і мінамі. 

Воля лёсу прымусіла і мяне ўдыхаць гар спаленых вёсак, чуць свіст ветру ў чорных комінах печаў, што засталіся на папялішчах, глядзець на саржавелыя нямецкія танкеткі, якія ўрасталі ў дол. Раны вызваленай зямлі гаіліся доўга. Ацалелых хат было няшмат, таму паўсюдна людзі будаваліся, не адразу яны перайшлі з затхлых, вільготных зямлянак у прыдатнае жытло.

Уражвала колькасць зброі, якую дзеці знаходзілі ў наваколлі. Мой бацька, былы франтавік-зенітчык, працаваў дырэктарам школы, а таму рэквізоўваў у школьнікаў смяротны рыштунак вайны, каб не здарылася бяды. А пакуль па зброю ехала міліцыя, арсенал захоўваўся ў хаце і быў даступны для агляду: фашысцкія шмайсеры, парабелум, нашы вінтоўкі, наганы. Мне таксама часта шанцавала натрапіць то на запас артылерыйскага пораху, то на рассыпаныя ў траншэі патроны, то на разбітую рацыю.

Але найбольш мяне крануў выпадак, калі ўбачыў зарослы сіўцом магільны пагорак з абчэсаным з аднаго боку бярозавым калком, на якім прачытваліся словы: «Неизвестный солдат». Стаяў на палянцы, што дурманіла водарам рознатраўя, і думаў. Як жа так? Пра іншых родзічы ведаюць дзе пахаваны, прыедуць да магілы, каб пакласці кветкі, а гэты чалавек будзе сіратліва ляжаць тут, у лесе, безыменным. Хто ён, адкуль, як загінуў? Невядома нічога.

Пазней парэшткі воінаў з глухіх месцаў перанеслі ў цэнтры сельсаветаў і пахавалі ў брацкіх магілах, над якімі паўсталі стандартныя, прымітыўныя помнікі.

Адразу пасля заканчэння вайны Дзень Перамогі пампезна не адзначаўся. Тры гады 9 мая пабыло нерабочым днём, а затым указ адмянілі. З 1948-га па 1965 год яно сціпла адзначалася ў сем’ях. Свята, як сведчыць папулярная песня, было сапраўды «со слезами на глазах». Народ сам, без напамінку ўлады, аплакваў ахвяры і ўшаноўваў подзвіг сваіх сыноў і дачок.

Лёс непасрэдных і нібыта ўскосных удзельнікаў вайны склаўся па-рознаму. Шмат іх неўзабаве адышло на той свет, таму што былі пакалечаны фізічна, псіхічна або смяротна пасябравалі з алкаголем. Не хачу нікога крыўдзіць, але скажу праўду: найбольш абдзеленымі падтрымкай дзяржавы апынуліся незлічоныя ўдовы, сіроты, дарослыя і малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў. Як выжывалі яны ў гады татальнай нястачы, ведае адзін толькі Усявышні!

Франтавікам, партызанам і падпольшчыкам, якія вярнуліся, пашанцавала двойчы: ацалець у крывавай бойні і мець на ўсё жыццё пэўныя прывілеі. Толькі і ў адносінах да іх існавала аб’ектыўная і суб’е­ктыўная няроўнасць. Напрыклад, гарадскія ветэраны вайны атрымлівалі кватэры ў першую чаргу, тым самым паляпшаючы жыллёвыя ўмовы свае і сваіх сямейнікаў. А ў вёсцы былыя змагары будаваліся самі. Зноў жа права на лепшае бальнічнае і санаторнае лячэнне, падарункі да свята, набыццё дэфіцытных тавараў мелі тыя, хто быў бліжэй да цэнтраў, да начальства.

Вайна ў сваёй сутнасці — гэта з’ява не толькі варожая самой чалавечай існасці, яна яшчэ нараджае шмат несправядлівасці, доўга перашкаджае нармальнаму развіццю грамадства.

Я не раз пісаў пра прыватызацыю народнага гераізму, пра прымазванне да яго ўлады, каб замбіраваць грамадзян, як услед за Сталіным рабіў Брэжнеў. Ён таксама скарыстаў Перамогу для ўласнага ўзвялічвання, асабіста адкрыў у Маскве ў 1967 годзе Магілу Невядомага Салдата. Ідэю скапіравалі за мяжой, такія помнікі-сімвалы былі ўсталяваны ў Лондане і Парыжы адразу пасля першай сусветнай вайны.

Працэс прысабечвання Перамогі набыў пачварны паварот. Подзвіг тых, хто цаной жыцця бараніў волю і незалежнасць, сёння дапамагае аўтарытарным рэжымам яшчэ больш умацоўвацца, уціскаць правы і свабоды чалавека, падаўляць актыўнасць людзей. Узурпатары ўлады палохаюць беларусаў і расіян Майданам, грамадзянскай вайной, а самі пад шумок займаюцца мілітарызацыяй, гонкай узбраенняў.

З трыбун гучыць: «Мы победили! Мы освободили! Европа нам должна!» А я хачу спытаць: хто гэта — «мы»? Перамаглі бацькі, дзяды і прадзеды, а не мы! Перамаглі саюзнікі! А ў нас, на жаль, дасягненняў няма, акрамя пахвальбы і жадання пераканаць іншаземцаў у сваёй велічы. Але ці назавеш развітым грамадства, якое падзелена на «нашых» і «нянашых», дзе нагнятаецца фальшывы патрыятызм, а эканоміка кульгае на дзве нагі, бо адсутнічае разумнае кіраванне і якасная праца? Гледзячы на гэта, пісьменнік-франтавік В. Астаф’еў з горыччу ўсклікнуў: «Вот до чего мы дожили, изолгались, одубели!»

Праўдзівай гісторыі вайны яшчэ не існуе. Яна абавязкова будзе напісана, але як баяцца дакладных фактаў аўтакраты! Яны вінавацяць сумленных даследчыкаў у імкненні перапісаць гісторыю, хоць задача стаіць іншая — пазбавіць яе ад міфаў, фальсіфікацый, падтасовак. Перамога не павінна спісваць канкрэтныя памылкі і злачынствы.

Сотні тысяч невядомых салдат ляжаць там, дзе ішлі баі, па-людску не пахаванымі. Нядаўна прадстаўнікі пошукавых атрадаў, якія па жэтонах, рэштках дакументаў, надпісах на побытавых рэчах выяўляюць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, сказалі, што ім працы хопіць яшчэ на стагоддзе!

Подлым уяўляецца тое, што з’яўляюцца новыя «невядомыя салдаты». Савецкая ваеншчына, якая ўточвала свой нос усюды, «саромелася» ахвяр, што мела ў Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы. Мы помнім, як цішком прыплывалі цынкавыя труны з Афганістана, як скрытна хавалі маладых хлопцаў. Верхам цынізму і амаральнасці лічу цяперашні падман бацькоў расійскіх салдат і афіцэраў, што гінуць на тэрыторыі Украіны і якіх хаваюць у родных мясцінах зноў жа крадком, каб не прыцягнуць увагі грамадскасці.

Перамога над фашызмам — гэта вялікая падзея, якую нездарма адзначае чалавецтва. Але наша мінулае не абмяжоўваецца толькі Вялікай Айчыннай вайной. Беларусы перамагалі ворагаў роднага краю і ў іншых бітвах.

Цешуся тым, што паэтычнымі радкамі пра ваеннае мінулае я падзякаваў невядомаму салдату, маці-партызанцы і бацьку-франтавіку, усім змагарам за мірны дзень. Для мяне важна, што іх станоўча ацанілі старэйшыя сябры, класікі сучаснай літаратуры, сапраўдныя героі вайны Васіль Быкаў, Віктар Астаф’еў, выдатны армянскі паэт Геворг Эмін. У маёй «Размове з цёзкам» ёсць страфа:

Падобны на сыноў, жывы, здаровы,
Іду па свеце — памяці ганец.
І хусткі ападаюць аж на бровы,
І позіркі сыходзяцца на мне.

Гаворка ідзе пра матуль, якія чакаюць сыноў з вайны. Калі пісаў верш, мне было столькі, колькі іхнім крывінкам. Я ўжо ведаў, што толькі 3 працэнты (!) хлопцаў з пакалення 1923—1925 гадоў выжылі. А заканчваецца верш радкамі: «Прабач. Мне трэба думаць, доўга думаць».

Я схіляюся ў нізкім паклоне прад героямі вялікай вайны. Але маніпуляцыі іхнім подзвігам — люта ненавіджу. Прапагандысцкая дэмагогія ў СМІ, трыбунныя заклінанні, пампезныя парады, гламурныя канцэрты, святочныя салюты не заслоняць для мяне магільны пагорак, які помню з маленства. Я думаю пра невядомага салдата…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Цяга да памылак

Дыктат Чарнобыля

Расцяжка

Нацыястварэнне

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.