TOP

Бабуліны парады

Апошнім часам тэлебачанне шырока рэкламуе гатаванне ежы. Вядучыя і артысты ў эфіры навыперадкі кінуліся абіраць бульбу, церці моркву і буракі, шаткаваць капусту, наразаць мяса, рыбу, варыць, парыць, тушыць, смажыць. Не адстае і перыядычны друк, на старонках якога шмат кулінарных рэцэптаў.

Як па мне, больш практычна мець пад рукой на кухні бібліятэчку спецыяльнай літаратуры, пачынаючы з класічных «Книги о вкусной и здоровой пище» (1952) і «Кулинарии» аб’ёмам 960 старонак (1955), якой для павышэння кваліфікацыі карыстаюцца нават кухары-прафесіяналы.

Тэлеперадачы з кулінарным ухілам, безумоўна, бянтэжаць гледачоў сваёй неапраўданай шматлікасцю і навязлівасцю, ды лепшыя з іх, акрамя гутаркі пра гатаванне страў, прапануюць знаёмства з запрошанымі цікавымі людзьмі, а таму знаходзяць прыхільнікаў. Не выключана, што некаму могуць прыдацца і рэцэпты, змешчаныя ў газетах, часопісах.

Усё было б добра, калі б прапанаваная СМІ кулінарная навука магла лёгка ўкараняцца ў будзённым жыцці. Але якраз тут і ўзнікае прыкрая няўвязачка. На практыцы выяўляецца, што дабрабыт мільёнаў беларусаў не дазваляе ім карыстацца шматлікімі рэцэптамі, бо паказаныя па тэлескрыні і апісаныя ў перыядычным друку высакаякасныя прадукты яны не могуць убачыць нават у самых салодкіх, фантастычных снах, не тое што на ўласным стале. Так што ўся кулінарная мітусня выклікае ў іх толькі зайздрасць да багацеяў і вялікае раздражненне. Чытачы адкрытым тэкстам пішуць у лістах: «В стране нет справедливого распределения доходов в интересах простых граждан, нет нормальных условий для развития малого и среднего предпринимательства. Весь «порядок» и «стабильность», которые держатся на административном ресурсе, дубинках милиции и одолженных по всему миру деньгах, служат только процветанию номенклатурной верхушки и привластных бизнесменов».

Замест таго каб прыслухацца да народнай крытычнай думкі, памяняць эканамічную палітыку, дамагчыся годных зарплат і пенсій для большасці насельніцтва, улада паклікала на дапамогу грамадзянам з вельмі сціплым прыбыткам… «бабуль». У масавых перыядычных выданнях пачалі друкаваць іхнія парады, як трэба эканоміць на прадуктах. Скажам, на старонках штотыднёвіка «АиФ в Белоруссии» такая «бабуля» раіць дзейнічаць «планава», перад паходам у прадуктовы магазін складаць меню на цэлы тыдзень, дакладны спіс патрэбнага харчу, ісці да прылаўкаў абавязкова сытым, бо галодны чалавек грабе з іх усё, што трапляе на вочы, наогул скараціць візіты ў гандлёвыя кропкі да мінімуму, не расплачвацца ў іх крэдыткамі, а браць з сабой невялікую суму наяўных грошай, замяніць добрае мяса субпрадуктамі, не рабіць адбіўных, абыходзячыся бефстроганавам і лянівымі галубцамі, замест грэчкі, макароны націскаць на больш танныя пярлоўку, пшано і гарох, рабіць самім ёгурт.

Завязалі бабуліны хусткі, апранулі старэчыя кофты і спадніцы беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі, прытым не толькі жаночага полу. Парады наконт беражлівасці і эканоміі сыплюцца з іхніх прамоў, як зерне з дзіравага мяха.

А прыклад падаў кіраўнік краіны, які неяк заявіў: «Ну, с мясом уже давайте летом много есть не будем». Затым ён агучыў новы аптымістычны лозунг «Мраморному мясу быть!» і развіў яго: «Надо своих людей приучать к нормальному мясу, а излишки реализовывать в Москву». Праўда, дасціпныя грамадзяне адразу скемілі, што пад «своими людьми» лідар падразумявае ўласнае атачэнне, бо звычайны беларус грошай на мармуровае мяса не мае. Даводзіцца абмяжоўвацца славутымі «чаркой и шкваркой». Ды і яны многім аматарам «падбадзёрыцца» сёння сталі не па кішэні.

Але гаворка ідзе не пра спецыфічны пласт тутэйшага люду. Калі разглядаць дабрабыт усіх беларусаў сур’ёзна, то трэба канстатаваць, што ён значна пагоршыўся. Асабліва цяжка бюджэтнікам з малой зарплатай і пенсіянерам. У краіне самы распаўсюджаны памер пенсій 2,5 — 3 мільёны рублёў, а хранічнаму хвораму-сардэчніку, якіх у нас безліч, патрабуецца ў месяц на лекі да 1,5 мільёна рублёў. Прытым кошт якасных лекаў — як імпартных, так і айчынных — мяняецца амаль кожны дзень, за ім не ўгнацца.

Калі растуць выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі, транспарт, на лячэнне, то сціскаецца доля сродкаў, размеркаваных сям’ёй на харчаванне. Правільна пішуць карыстальнікі інтэрнэту: «Дело даже не в цене на продукты, а в том, сколько процентов от полученной зарплаты, пенсии уходит на приобретение продуктов питания. У большинства семей гораздо выше 50%, а в развитых странах эта статья расходов не превышает и 20%. Поэтому так болезненно воспринимается каждое повышение цен на основные виды питания».

Як бы гэта ні было крыўдна для ўлады, а тысячы беларусаў з прымежных населеных пунктаў едуць купляць тавары ў Польшчу, Украіну. У Чарнігаве каля оптавых складоў шмат машын з нашымі нумарамі. Гамяльчанка, якая прыехала на закупы, кажа: «Белорусы в основном одеваются и детей своих одевают. И обуваются тоже. Здесь дешевле всё для дома, хозяйства — посуда, всякая мелочь. Кроме того, фрукты, орехи — всё это у них дешевле». Заўважце, Расія вядзе супраць Украіны агрэсію, у Данбасе ідуць баі, тым не менш, узровень прыбыткаў у беларусаў і ўкраінцаў прыблізна аднолькавы, а кошты ў суседзяў на многія тавары ніжэйшыя.

Цяпер вернемся да галоўнага: адкуль возьмецца ў беларускага насельніцтва нармальны дабрабыт, калі з 118 раёнаў краіны ажно 115 — датацыйныя, прытым у 53-х аб’ём датацый перавышае 50% прыбытковай часткі іхняга бюджэту? З такой эканомікай ніякага паляпшэння сітуацыі не будзе, гэта — тупік. Народ наш, бясспрэчна, надзвычай цярплівы, але ва ўсім ёсць мяжа, якую нельга пераступаць.

Дарэчы, хачу напомніць, што ў лютым 1917 года, калі на заснежаныя вуліцы Петраграда пачалі стыхійна выходзіць рэвалюцыйна настроеныя рабочыя, найбольш актыўна паводзілі сябе якраз жанчыны, якім цяжка было пракарміць сем’і ва ўмовах росту цэн і перабояў з пастаўкамі харчавання. У гісторыі такія «бабскія бунты» часта здараліся і раней. Вялікую французскую рэвалюцыю таксама актывізаваў паход разгневаных жанчын на Версаль — рэзідэнцыю каралёў. Так што самы верны электарат аўтарытарнай улады, у якім значную долю займаюць прадстаўніцы лепшай паловы чалавецтва, можа імгненна развярнуцца на 180 градусаў…

Нічога не маю супраць талковых парадаў бабуль, а вось павучанні тых, хто за імі хоча схавацца, слухаць прыкра і, наогул, няварта.

Сапраўды, неабходна пераймаць мудрасць народа. У ваенны і пасляваенны час, ва ўсе перыяды нястачы асноўны побытавы цяжар неслі на сваіх далікатных плячах цудоўныя беларускія жанчыны. Яны маюць унікальны вопыт беражлівасці і ўвогуле выжывання, пра што два дзесяцігоддзі назад мною напісана эсэ «Думаю пра цябе», за якое і сёння не сорамна.

Але нарэшце трэба даць палёгку і жанчынам, каб яны не лічылі кожны рубель, не ламалі галовы, як звесці канцы з канцамі. Ці не лепш забяспечыць умовы для атрымання насельніцтвам прыстойных зарплат і пенсій, наладзіць нармальны дабрабыт? Усім вядома: калі ў кішэні няма грошай, то ніякія «бабуліны» парады наконт эканоміі не дапамогуць.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дабро або зло?

Невядомы салдат

Дыктат Чарнобыля

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.