Сем пятніц на тыдні
Дэмакратыя патрабуе ад чалавека высокіх маральных якасцяў: сумленнасці, шчырасці, праўдзівасці. Але жыць свабодна і адкрыта — на такое здольныя не ўсе. А перакінуцца з аднаго таталітарызму ў другі, займець кіраўніка, у якога «сем пятніц на тыдні», лягчэй, на гэта вялікага розуму не трэба.
Ад першых выбараў прэзідэнта, якія сталі новай з’явай для незалежнай Беларусі і суправаджаліся сумбурам, замешаным на эйфарыі, наіўнасці і даверлівасці насельніцтва, на папулізме тых, хто шалёна рваўся да ўлады, прайшло 20 гадоў. Вопыт паказаў, што дэмакратычнае (праўда, пад кантролем пэўных структур) уссаджванне «парня из народа» ў высокае крэсла мела не той вынік, якога хацелася. Ён з прыцэлам на будучае спачатку расчысціў ад канкурэнтаў палітычнае поле, збудаваў вертыкаль. Далей усё было, як пісаў у кнізе «Россия в концлагере» наш зямляк, згодна ўласнага вызначэння «стопроцентный белорус», гістарычны пісьменнік, тэарэтык «расійскага народнага манархізму» І. Саланевіч (1891 — 1953): «Он (апарат уціску. — С.З.) уже не работал, как паровой молот, дробящими и слышными на весь мир ударами. Он работал, как гидравлический пресс, сжимая неслышно и сжимая на каждом шагу, постепенно охватывая этим давлением абсолютно все стороны жизни…».
Гаворка ідзе пра дзеянні бальшавіцкай улады, але наша рэчаіснасць, у якой таксама пануе «революционная целесообразность», сведчыць, што мінулае можа вяртацца. І. Сталін, які спакойна ўспрымаў прыпіскі чыноўнікаў, калі яны дапамагалі ўмацоўваць дыктатуру, пахваліў бы кіраўніка Беларусі за такія словы: «Нам не надо там: автоматизированная система фальсификации выборов. Не надо. Мы создадим государственную». Сказана — зроблена! Сёння дзяржаўная машына бездакорна забяспечвае на выбарах пратакольную масавасць і неабходныя лічбы галасоў за адзінага кандыдата.
Чытачы пішуць, што пры аўтарытарнай сістэме выбары любога ўзроўню (ад мясцовых і да прэзідэнцкіх) не патрэбны. Я з імі пагаджуся. Сапраўды, калі загадзя ўсё вядома, дык навошта паліць народныя грошы? Каб прыкрыць гвалт выбарчай «дэмакратыяй»? Каб пацешыць амбіцыі прэтэндэнтаў, бо ў іхняй біяграфіі будзе пазначана: быў кандыдатам у прэзідэнты?
У цывілізаваных краінах выбары — гэта галоўная палітычная і грамадская падзея, у час якой насельніцтва ўцягваецца ў розныя формы ўдзелу: прагляд тэледэбатаў, непасрэдная сустрэча з кандыдатамі, напісанне плакатаў для мітынгаў, улётак і г.д.
У Беларусі задача перад выбаршчыкамі простая да прымітыву — кінуць бюлетэнь за асобу, якую з ранку да ночы рэкламуюць тэлебачанне, радыё, газеты. Выбары сталі прахадным мерапрыемствам, якое не выклікае эмоцый. Людзі ідуць да урнаў (трэць датэрмінова!) не зрабіць выбар, а механічна выканаць «грамадзянскі абавязак» у мясцовым разуменні. Значную частку выбаршчыкаў прыводзяць суправаджаючыя, якія па выніках галасавання робяць справаздачы.
Чым заканчваюцца выбары, у ходзе якіх выканаўчай уладзе, ЦВК з яе штатам і няштатнымі памочнікамі практычна пад персанальную адказнасць ставіцца звышзадача — забяспечыць абранне вядомай асобы? Тым, што правіць «вечны прэзідэнт», дзякуючы якому прыжыліся «сем пятніц на тыдні». Некалі «вялікі інтэгратар» штодзённа кляўся ў вернасці Расіі, будаваў «саюзную дзяржаву», абыякава ставіўся да незалежнасці Беларусі, грэбліва выказваўся пра «свядомых», па якіх ён можа так шарахнуць, што «не успеют за границу перебежать», пра родную мову, якая «бедная», на якой «нельзя выразить ничего великого», называў прадпрымальнікаў «вшивыми блохами». А тут раптам на табе, Крым, захоплены Расіяй, прачысціў розум — аказваецца, «свядомыя» гаварылі праўду. Цяпер спатрэбілася ўсё, што раней адвяргалася: незалежнасць, мова, нацыянальныя адукацыя, культура, малы і сярэдні бізнес. Праўда, пакуль толькі на словах.
Ці не лепш было б адразу, напачатку незалежнасці, мець стратэгічны план нацыянальнага, эканамічнага, культурнага развіцця краіны і прытрымлівацца яго, а не плысці па волі ўнутраных і знешніх абставін, уладарніцкіх амбіцый, не мітацца з боку ў бок паміж Расіяй і Захадам? Займацца важнымі для краіны праблемамі трэба не тады, калі аказваешся ў тупіку, а своечасова.
Старшыня ЦВК Л. Ярмошына таксама не супраць мець сем пятніц на тыдні: то пасылае жанчын на кухню варыць баршчы, бо не дараслі быць кіраўнікамі, то «величайше снисходит» і дапускае магчымасць іхняга балатавання ў прэзідэнты. Беспакаранасць за фальсіфікацыі, якія публічна прызнае сам кіраўнік краіны, палымянае жаданне ўслужыць босу нараджае ў галаве чыноўніцы розныя фантазіі. Вось, напрыклад, як яна малюе нашу нядаўнюю гісторыю: «Вспомните Беларусь 90-х: нищая страна, окраина, брошенная всеми. Не работали предприятия, зарплата в 30 долларов считалась неземным счастьем, если она вообще была. Бунты домохозяек, забастовка работников метро, отдых в лучшем случае в ближайшей деревне. Высшее образование, деторождение — все было на низшем уровне. Вот какую страну принял глава государства в 1994 году. /…/ На данный момент мы уже европейское государство, развивается инфраструктура. У нас не было приличного ресторана, спортзала, бассейна, театры стояли без ремонта. Прошло 20 лет, и это совсем другое государство».
Па-першае, ў складанае становішча ў канцы ХХ стагоддзя трапілі народы ўсіх былых савецкіх рэспублік, але ж не згінулі, жывуць. Беларусь была ў СССР адной з найразвітых, таму не трэба прыбядняцца. На патэнцыяле, які быў закладзены, краіна трымаецца і сёння: навука, вытворчасць калійных угнаенняў, солі, перапрацоўка нафты, электроніка, машынабудаванне. З 1991 па 1994 год былі наладжаны сувязі з тэхналагічнымі краінамі свету. А таму хто ведае, як бы развівалася Беларусь, калі б ёй кіраваў іншы чалавек з высокапрафесійнай камандай?
Па-другое, можна з фактамі аспрэчыць негатыўную ацэнку іншых сфер у мінуўшчыне і засумнявацца, скажам, у якасці сучаснай вышэйшай адукацыі. Чыноўнікі аддаюць перавагу не ёй, а прыбытковасці, плодзяць студэнтаў-платнікаў, якім затым няма працоўных месцаў, рашаюць ідэалагічныя патрэбы, насаджаючы «выхавальнікаў». Дарэчы, такіх «спяцоў» павінны мець і прадпрыемствы.
Калі надыходзяць выбары і пачынаецца гаворка пра тое, што ў нас няма альтэрнатывы дзеючаму кіраўніку, то ўспамінаюцца словы Б. Беразоўскага: «Дайте мне один телеканал, и я сделаю стул следующим президентом России». Сказана гэта было ў сувязі з прыходам ва ўладу У. Пуціна, якому алігарх дапамагаў вылезці з ценю…
Час ідзе, а мы цярпліва слухаем доўгія прамовы, у якіх блытана гучыць то «за здравие», то «за упокой», ведаючы пра фальсіфікацыі, дазваляем падманваць сябе.
З такой абыякавасцю да ўласнага лёсу, да будучыні краіны ў нас заўжды будзе сем пятніц на тыдні. А галоўны аўтарытарны лозунг: «Дело не в том, изберете вы меня или нет, — где вы денетесь, изберете!» застаецца нязменным, пад ім «квітнеюць і пахнуць» беларускія «стабільнасць і парадак».
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: