TOP

Як стаць еўрапейцамі?

Згодна сацыялагічных апытанняў, сярэднестатыстычныя беларус і расіянін хочуць жыць так, як у Еўропе. Найперш яны маюць на ўвазе матэрыяльны бок праблемы, а выкананне законаў, грамадзянскіх абавязкаў, маральных нормаў, самастойнасць у выбары і ў дзеяннях застаюцца па-за іх разуменнем. 

Аўтарытарныя Беларусь і Расія жывуць насычана: са сталіц не вылазяць высокія замежныя госці, праводзяцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі, семінары, маштабныя спартыўныя спаборніцтвы. Ніякай ізаляванасці ад Еўропы і астатняга свету нібыта не адчуваецца. Няма цішы і ўнутры краін: засядаюць парламенты, збіраюцца нарады то ў прэзідэнтаў, то ў кіраўнікоў урадаў, выдаюцца сотні ўказаў, дэкрэтаў, пастаноў, тысячы даручэнняў. Да поту займаецца працоўнымі і побытавымі праблемамі насельніцтва, галоўная задача якога — выжываць пры любой уладзе. Усё адбываецца быццам так, як у разумных людзей. Але гэта толькі на першы погляд…

Карысна паглядзець на сябе і на сваю Айчыну іншымі вачыма. У ліпені 2013 года выдатны артыст і рэжысёр Сяргей Юрскі разам з жонкай тры тыдні адпачываў на Нарачы, што, дарэчы, расіянам падабалася, бо абыходзілася значна танней, чым у сваёй краіне. Сяргей Юр’евіч не з тых асобаў, якіх можна дзівіць, закалыхваць «чыстымі вуліцамі і аграгарадкамі», ён не слізгае па паверхні, а глядзіць углыб, вывучае само грамадства, яго будзённае жыццё. З назіранняў і гутарак з мясцовымі жыхарамі творца адчуў што гэта такое — беларускія «стабільнасць і парадак». Эсэ «Три недели» ён заканчвае журботна-роздумнымі радкамі:
 
Серы гладкие дороги,
Блекло небо, светлы тропы,
Красны сосны-недотроги.
Тихий край — изгой Европы.

Беларусы і расіяне знаходзяцца ў статусе ізгояў не таму, што еўрапейцы не хочуць бачыць нас у сваёй сям’і. Якраз наадварот. Еўропа адразу адгукнулася на Чарнобыльскую катастрофу, дапамагала медыцынскім абсталяваннем, лекамі, харчаваннем. Пасля падзення «жалезнай заслоны» і бясслаўнага распаду СССР народы Захаду былі гатовыя шчыра падзяліцца з намі вопытам палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця. Але мы самі не прымаем дапамогу з удзячнасцю, бо прывучаны ўсюды бачыць нядобразычліўцаў або ворагаў.

Кіраўнікі лічаць, што яны — самі з вусамі, а насельніцтва глядзіць ім у рот і чакае. Расійскі гісторык А. Малашэнка піша: «На протяжении всей советской истории люди всегда чего-то ждали: конца Гражданской войны, начала мировой революции, конца голода, начала нормальной жизни, завершения репрессий, конца Войны, конца еще одного голода, смерти Сталина, продолжения «оттепели» (по Эренбургу), выполнения Продовольственной программы. Самые преданные ожидали коммунизма. Сейчас им подобные верят в самобытный «национальный путь развития».

Малюючы такі шлях, А. Лукашэнка і У. Пуцін на трыбунах з сарказмам і нават здзекам гавораць пра еўрапейскія каштоўнасці, запалохваюць імі насельніцтва, сцвярджаючы, што яны — шкодныя. Свабоды і правы чалавека іх не цікавяць. Самі яны сядзяць на царскіх тронах і абсалютна ні ў чым не абмежаваныя, а на астатніх — напляваць. Для іх галоўнае, каб еўрапейцы перадавалі новыя тэхналогіі, укладалі інвестыцыйныя грошы, выцягвалі з балота за вушы беларускую і расійскую эканоміку. А ўнутры краін будуць тыя ж аўтарытарныя «стабільнасць і парадак», пры якіх людзям трэба выконваць начальніцкія каманды і задавальняцца мізэрнымі падачкамі.

Многія грамадзяне Беларусі і Расіі пад уплывам прапаганды, не ведаючы дакладна што гэта такое, успрымаюць выраз «еўрапейскія каштоўнасці» як чуму або халеру. А між тым у Хартыі асноўных правоў (дадатак да Дамовы пра Еўразвяз) яны пералічаны: годнасць і свабода, дэмакратыя і роўнасць, верхавенства закона і павага да правоў чалавека, плюралізм і адсутнасць дыскрымінацыі, памяркоўнасць і салідарнасць, роўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі, магчымасць карыстацца справядлівым, незалежным судом. Гэта ўсё тое, што нам патрэбна штодзённа.

Юная зямлячка, якая ў сілу абставін жыве і вучыцца ў Беластоку, у адказ на маё пытанне даходліва растлумачыла, чаму беларусы і расіяне яшчэ не сталі еўрапейцамі: «Усё залежыць не ад краіны, а толькі ад годнасці і выхаванасці людзей, якія ў ёй жывуць. У еўрапейскім горадзе чалавек, якому выпадкова наступілі на нагу, першы просіць прабачэння. А ўспомніце, які скандал разгараецца ў такім выпадку ў нашым ці расійскім грамадскім транспарце! У Беларусі настаўнікі заніжаюць выніковыя адзнакі, калі вучань у навучальным годзе займаўся нестабільна. Баяцца, каб не было прэтэнзій, каб начальства не падумала, што яны завысілі адзнаку або кепска працавалі з дзецьмі. У Еўропе такога няма, тут настаўнік заўжды стаіць на баку вучня і ставіць яму тую адзнаку, якая ў канкрэтным выпадку заслужана.

У Польшчы людзі шануюць працу, стараюцца, шчыруюць на любым месцы, а нашы часта працуюць «з-пад палкі». Усё, што адбываецца — мадэрнізацыя, рэформы, — рэальна хвалюе палякаў, яны ўважліва сочаць за выкананнем абяцанняў улады, пастаянна кантралююць яе. А беларусы і расіяне ў большасці абсалютна абыякавыя да лёсу сваіх краін, а значыць і да ўласнага жыцця».

Развагі чалавека, якому яшчэ няма і 16 гадоў, мяне ўзрадавалі. Вырастае сапраўдная жыхарка Еўропы, але, на жаль, за межамі Айчыны. Моладзі цесна ў аблозе аўтарытарызму, яна рвецца на свабоду. Нават юнакі і дзяўчаты, якія загрузлі ў канфармізме, робяць кар’еру на вымушаным прыслужніцтве беларускаму і расійскаму рэжымам, часта выказваюць незадаволенасць тым, што адбываецца ў іхніх краінах…

Усім нам даводзіцца існаваць у амаральным, бесчалавечным часе. На абсягах суседняй краіны грыміць пачварная гібрыдная вайна, якую ні браты-ўкраінцы, ні мы яшчэ два гады назад не маглі прысніць нават у страшным сне. Прэзідэнт Украіны П. Парашэнка з болем канстатуе: «Ні адна нацыя за права быць еўрапейцамі не плаціла такой высокай цаны».

Гераічны рывок украінцаў да дэмакратыі і свабоды, да нармальнага жыцця запаволены не толькі танкамі, гарматамі, але і хлуснёй. Расійскія і беларускія прапагандысты абліваюць яго гразёю, выварочваюць у адмоўны прыклад, сцвярджаючы, што барацьба за самастойнасць не мае перспектывы. Як ні прыкра, але ў абедзвюх краінах ёсць людзі, якія вераць цынічнай лухце пра «фашыстаў» і паўтараюць яе.

Расія, вяртаючыся ў імперскае, захопніцкае мінулае, выбрала шлях да самаразбурэння. А што чакае Беларусь, якая ідзе следам? Калі да нас будуць несці дэмакратыю такія змагары за яе, як кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Мінску М. Мора, то хутка і беларускага кіраўніка аб’явяць еўрапейцам са знакам якасці. Заходняя «гнуткая мадэль адносін унутры партнёрства» перарастае ў падтрымку аўтарытарных рэжымаў, якія імкнуцца да закончанага таталітарызму.

Геаграфічна мы «былі, ёсць і будзем» у Еўропе. Але, каб набыць статус паўнапраўных еўрапейцаў, трэба найперш стаць сапраўднымі беларусамі. Гэта тычыцца не толькі валодання роднай мовай.

Мы павінны напоўніць тэрыторыю Айчыны новым зместам — унутранай свабодай чалавека, усвядомленым выбарам у любых варунках, разумным побытам. Скажаце, утапічная ідэя? Пакуль гэта так. Але іншага шляху да прыстойнага жыцця няма.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Сем пятніц на тыдні

Жандар для ўскраін

Бабуліны парады