Быць наверсе
Лёс любой краіны залежыць ад інтэлектуальнага патэнцыялу, прафесійнай падрыхтаванасці, выхаванасці, культуры людзей, якія ў ёй жывуць, у першую чаргу моладзі. У ідэале пажадана, каб складанае пастаяннае самасцвярджэнне асобы працавала на яе ўласныя мэты і павялічвала матэрыяльны і духоўны капітал народа.
Аўтарытарная сістэма ў Беларусі, занятая не нацыянальным будаўніцтвам, а толькі ўласнай захаванасцю, не прымае агульнапрынятую ісціну і прапануе грамадзянам зусім іншы спосаб удалага ўладкавання і хуткага абагачэння — стаць начальнікам, быць наверсе.
Увогуле, тутэйшы чалавек ва ўсе часы не вызначаўся актыўнасцю, калі выбіралі нейкае начальства, бо не хацеў браць на сябе адказнасць. Мне ўспамінаецца, як у студэнцтве мала хто з аднакурснікаў прэтэндаваў на пасаду старасты або камсорга, прафорга.
Пры аўтарытарызме «рух у начальства» ўзнік неадразу. Людзі прыглядаліся да новай рэчаіснасці, прыкідвалі, якія выгоды нясе «камандзірства». Затым, калі ўбачылі прыклад кіруючага верху, як прарвала. Сверб па каманднай вышыні, жаданне прабіцца на «хлебнае крэсла» набылі маштаб сапраўднай эпідэміі. Тысячы людзей безаглядна кінуліся ў бурлівую плынь змагання «за месца пад сонцам». Прытым для прэтэндэнтаў няважна, якая выпадзе прыступка ў наменклатурнай іерархіі, праваахоўных і кантрольных органах, мытні, сілавых структурах, чым ім давядзецца займацца. Яны згодны быць любым, нават дробненькім начальнічкам, каб толькі мелася магчымасць, не прыкладаючы асаблівых намаганняў, імкліва нарошчваць свой матэрыяльны дабрабыт.
Кар’ера інжынера,тэхніка, класнага спецыяліста або доля прадпрымальніка ў краіне з немадэрнізаванай, нерэфармаванай эканомікай, з прыкормленай, кішэннай юстыцыяй, якая дзейнічае паводле загаду: «Друзьям — всё. Врагам — закон!», не могуць гарантаваць спакойнага, заможнага жыцця. Неаднойчы апёкшыся, людзі кідаюць бесперспектыўны занятак і стараюцца ўціснуцца на дзяржаўную службу, прарвацца наверх.
У вялікіх гарадах працэс хуткага абрастання начальнікаў дабротамі менш прыкметны. Затое ў раённых цэнтрах усё навідавоку. «Слугі народа» пачынаюць не з таго, каб зрабіць нешта добрае людзям, а з выбару месца пад уласны катэдж і завозу будматэрыялаў.
«Удзельныя князькі» плодзяцца, як прусакі, падладжваючы рэгіёны, якімі кіруюць, пад амбіцыйныя патрэбы ў кар’ерным плане, пад набіванне кішэняў грашыма. Прытым у Беларусі крадзеж, карупцыю пракуроры часта называюць сарамліва — «нерацыянальным выкарыстаннем бюджэту».
Быць наверсе — гэта гарантыя забеспячэння сям’і па вышэйшых мерках спажывання, набыцця нерухомасці, адкрыцця салідных рахункаў, паступлення дзяцей, унукаў у прэстыжныя ВНУ або аплаты іх вучобы за мяжой, выдатнага ўладкавання нашчадкаў пасля атрымання дыпломаў і многага іншага. Той, каму надзвычай пашанцавала з пасадаю, мае шанц збудаваць трохпавярховы гмах у саміх Драздах або паблізу ад «царскай вёскі», што зараз раўназначна атрыманню Георгіеўскіх крыжоў усіх чатырох ступеняў або звання Героя Савецкага Саюза.
Быць наверсе — гэта азначае наладзіць раскошнае жыццё сваім блізкім. У савецкі час ушаноўваліся дынастыі шахцёраў, чыгуначнікаў, канструктараў, настаўнікаў, урачоў, але ішла барацьба супраць кіруючых сямейных кланаў. А цяпер успомнім, як у сучасных Беларусі і Расіі падпіраюць адзін аднаго родзічы на начальніцкай лесвіцы, як абляпілі газавую і нафтавую трубу браты, дзеці, унукі, швагры, сваты, якімі паспяховымі бізнес-ледзі амаль пагалоўна сталі жонкі чыноўнікаў.
Калі ты наверсе, то ўсё вырашаецца. Нават «адмазка» сынка, які на шыкоўным аўтамабілі збіў па п’янцы пешахода.
Толькі адзін чалавек у аўтарытарнай краіне можа даваць адмашку, узнімаць наверх, садзіць «сваіх людзей» у кіруючыя крэслы. Але бяда ў тым, што неўзабаве многія з іх трапляюць у турмы. Беларускі канвеер працуе даўно — ратацыю кадраў замянілі перманентныя арышты.
Так мы падышлі да важнага аспекту разглядаемай праблемы. Негатыўныя ўчынкі і адмоўныя чалавечыя якасці начальнікаў істотна правакуюць маральны збой у народнай масе. Звычайны чалавек кажа: калі гэта можна ім, то чаму не дазволена мне?
Пад асаблівым «народным рэнтгенам» знаходзіцца кіраўнік краіны, які з’яўляецца ў тэлескрыні так часта, як дыктары і каментатары, бо разумее яе замбіруючую сілу і піярчыя магчымасці. Ды ў пастаянным мільгаценні прад вачыма людзей ёсць і адмоўнае адценне. Гледачы абмяркоўваюць не толькі заслугі лідара, але і скандальныя эпізоды.
Сучасныя правіцелі не разумеюць таго, што іхнія грахі не такія простыя, як у «маленькага чалавека», што яны ўзводзяцца ў ступень, абрастаюць плёткамі. Калі аўтарытарны кіраўнік засеў надоўга, увасобіў у сабе закон і суд, стаў апошняй інстанцыяй, ганарыцца велічным статусам гаранта, то ён тым больш не мае права парушаць элементарныя маральныя нормы. Які ж гэта гарант, калі дзейнічае як сусед дзядзька Вася?
Карысна прыслухацца да слоў расійскага доктара гістарычных навук, чалавека з багатым жыццёвым вопытам А. Малашэнкі: «Я преподавал в МГИМО политологию и знаю, «какая это гадость, ваша политика». Хороший человек в нее может впрыгнуть, подергать за вожжи обкаканной «птицы-тройки», а потом соскочить, чтобы не переформатироваться в засранца. Может, смысл демократии и есть в том, чтобы не дать политику стать закоренелым мерзавцем. Когда президента меняют раз в четыре-пять лет, даже в восемь лет, он не успевает «протухнуть». У него нет достаточно времени, он торопится сделать что-то лучше для людей. Когда он хочет остаться навечно, он обречен на манию величия, непорядочность, да и глупость. Он будет путаться, совершать ошибки и мерзости, крича, что это все ради народного блага, безопасности, стабильности. В итоге он гниет сам и гнобит несчастную страну» («Знамя», № 3, 2015).
Аўтарытарызм — гэта тупіковы шлях у дзяржаўным кіраванні, але ён займеў шмат адвакатаў на Усходзе і Захадзе , якія здабываюць багацце на глебе эканамічных гэшэфтаў з адыёзнымі рэжымамі. Яны зневажаюць дэмакратыю, прыпісваюць ёй «слабасць», заблытваюць постсавецкіх людзей, звыклых да «жалезнай рукі».
А вось як разумее ролю кіраўніка А. Дуда, які выйграў прэзідэнцкія выбары ў Польшчы: «Я ўпэўнены, што разам мы зможам кіраваць нашай краінай. Гэта вялікая і цяжкая праца і ніхто не здольны зрабіць яе ў адзіночку. Я скажу больш таго: ні прэзідэнт, ні ўрад не змогуць з ёй справіцца самі па сабе, нават калі яны будуць ідэальна ўзаемадзейнічаць адзін з адным, але апынуцца без падтрымкі грамадства».
Беларусы на працягу стагоддзяў знаходзяцца ў рэжыме выжывання і навуку «ацалець любой цаной» засвоілі добра. Але племя прыстасаванцаў не здольнае рашаць лёсавызначальныя задачы, якія ставяць спецыфіка нацыянальнага развіцця і новы час.
Наша грамадства, нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, не павінна кідацца ў бяздумную хцівасць, а расці маральна і духоўна. Якраз у гэтым плане варта быць наверсе. Смеласць, ініцыятыўнасць, прыстойнасць павінны стаць не подзвігам, а звычайным станам любога чалавека, тым больш — кіраўніка.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: