TOP

Салдаты хлусні

Пачынаючы з 1917 года, насельніцтва тэрыторыі, якая падпала пад уладу бальшавікоў, жыло двайным жыццём: прапагандысцкім і рэальным. Людскі дабрабыт рос слаба, але пастаянныя пераможныя весткі ўспрымаліся з разуменнем: Краіну Саветаў належыць паказваць моцнай, каб яе ворагі дрыжалі ад страху.

У плыні ідэалагічнай апрацоўкі грамадзян СССР хутка вылучылася фігура агульнага пакланення — Іосіф Сталін. Другарадны палітык і цынічны інтрыган змог узурпіраваць уладу, пасля чаго ўсе дасягненні прыпісваліся яму аднаму. Культ яго асобы стаў прымітыўным , але надзейным рыштункам утрымання грамадства ў рабстве. Тады чалавек стаў рэччу, якой можна распараджацца, як заўгодна, аж да знішчэння, што пацвердзілася масавымі рэпрэсіямі.

Пры Сталіне салдаты хлусні (ідэолагі, прапагандысты, кінематаграфісты, журналісты, пісьменнікі) дзейнічалі ў звязцы з «майстрамі заплечных спраў». Адны нагняталі ў грамадстве атмасферу класавай барацьбы, падазронасці, шпіёнаманіі, а другія пазбаўлялі свабоды або расстрэльвалі людзей за іншадумства.

Пасля смерці «отца всех народов» варожасць паміж сацыяльнымі групамі ў краіне слабела, але традыцыі хлуслівай прапаганды захаваліся і ў час хрушчоўскай «адлігі», брэжнеўскага «мяккага таталітарызму», кароткага праўлення Ю. Андропава , К. Чарненкі, эпохі М. Гарбачова (прыклад — доўгае замоўчванне Чарнобыльскай катастрофы). Аналізуючы перыяд, які прыйшоў за нечаканым развалам СССР, расійскі пісьменнік А. Бітаў у кнізе «Все наизусть» (2013) сцвярджае: «Советскую власть надо было скрутить, судить и подвергнуть полному покаянию. В результате все те же люди, их потомки, их внуки у власти. Сейчас очень ценятся деньги и власть в чистом виде. Это и есть хамство».

Выснова паважанага літаратара падаецца глыбокай і важнай для разумення сучаснай сітуацыі. Праблема ачышчэння ад крывавага мінулага і пакаяння ўзнімалася ў 90-х гадах ХХ стагоддзя вельмі актыўна, у друку выступаў і я, але шчыры гуманістычны запал не закрануў абыякавае грамадства. Наколькі блізкай для мяне была гэтая тэма, засведчыў паэтычны твор, пра які Васіль Быкаў сказаў: «Надзвычай плённым, найперш у маральным плане, бачыцца мне новы для нашай паэзіі матыў хрысціянскага пакаяння, уведзены аўтарам у, можа быць, лепшай паэме «Зязюля». Тым болей, што «потам і мазалём немцы каюцца», у той час як «свае прыкарытнікі нават бяду скарыстаць для нажывы спяшаюцца». Балючая праўда гэтых радкоў набывае маштаб асноўнай ісціны нашага праклятага часу».

Але, як мы ведаем, нікога не скруцілі, не судзілі, ніхто не пакаяўся. Скажу адкрыта: відаць, зрабіць гэта не ўяўлялася магчымым яшчэ і па той прычыне, што ў надта многіх людзей «рылца было ў пушку». Люстрацыя ў дачыненні да большасці — рэч нерэальная. Таму ў постсавецкіх краінах і выраслі новыя арміі салдатаў хлусні.

Сёння супрацоўнікі афіцыйных беларускіх і расійскіх СМІ адыходзяць ад журналісцкіх, факталагічных прынцыпаў, ад галоўнай задачы — даваць насельніцтву дакладную інфармацыю. Гэта выяўляецца ў тэлеперадачах кшталту «Надо разобраться», «Время покажет», прысвечаных ваенным дзеянням на ўсходзе Украіны. Для падмацавання патрэбнай трактоўкі падзей журналісты запрашаюць у студыі або выклікаюць на сувязь у асноўным прадстаўнікоў самааб’яўленых ДНР і ЛНР. Сепаратысты стараюцца адзін перад адным паболей нахлусіць, запалохаць гледачоў. А тых удзельнікаў размовы, якія маюць іншы погляд, вядучыя перапыняюць, абрываюць у вострых месцах палемікі або наогул пазбаўляюць слова.

У тэлеперадачах, асабліва ў расійскіх, гучаць паклёпы на адрас палітычных дзеячаў, абразы нацыянальнай годнасці ўкраінцаў, якія падпадаюць пад крымінальны пераслед. Але хто будзе наводзіць законнасць у інфармацыйнай сферы, калі яе няма ў аўтарытарных краінах усюды?

Салдаты хлусні маюць над сабой генералаў, якія арганізуюць і натхняюць «працэс». Варта паназіраць за паводзінамі кіраўніка АНТ К. Эрнста, каб лепш зразумець паліфанічнасць і езуіцтва сістэмы інфармацыйнага замбіравання. Адной рукой ён бласлаўляе ў эфір гістарычна недакладную, ваяўніча шавіністычную рыторыку, украінафобскія перадачы, а другой дазваляе ў «Клубе веселых и находчивых», дзе сам — старшыня журы, кінуць жарт у бок У. Пуціна, каб Расія, нацэленая на набыццё новага імператара, ахнула: «Які ж ён смелы!»

Але значна большую «смеласць» паказваюць кіраўнікі Беларусі і Расіі, якія настроены на неардынарныя выказванні і ўчынкі. Дайшло да таго, што сабе ў апраўданне яны прыцягнулі выказванні старажытнага філосафа Платона. Маўляў, ён сцвярджаў, што правіцелям можна хлусіць як у стасунках з ворагамі, так і са сваім народам.

У. Пуцін, на той час прэм’ер-міністр Расіі, выступаючы ў Гданьску на цырымоніі, прысвечанай 70-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны, сказаў: «Все соглашения с целью умиротворить нацистов были с моральной точки зрения неприемлемыми, а с политической точки зрения — бессмысленными, вредными и опасными». Цяпер жа ён заяўляе, што пакт Германія — СССР стаў «колоссальным успехом сталинской дипломатии». Як быць з такой двурушнасцю, з бяспамяцтвам, бо дакумент справакаваў непадрыхтаванасць СССР да вайны, прывёў мільёны савецкіх людзей да гібелі? Сваімі заявамі пра «далучэнне» Крыма, пра вайну ў Данбасе прэзідэнт Расіі загнаў сябе ў тупік. Галоўны рэдактар польскага выдання «Gazeta Wyborcza» А. Міхнік кажа: «Цяпер жа ён палітык у ізаляцыі, усе ведаюць, што ён хлус, і не вераць ніводнаму ягонаму слову. Адзінае, чаго баяцца заходнія палітыкі — яго непрадказальнасці».

Міжнародныя эксперты, аналізуючы дэмаграфічнае і эканамічнае развіццё Расіі ў перспектыве да 2050 года, прыйшлі да высновы, што яна не стане звышдзяржавай, а трапіць у спіс краін другога разраду. Яшчэ больш сціплыя дасягненні чакаюць Беларусь. Уся сіла дзвюх краін раскрадаецца алігархамі, бюракратамі і выходзіць праз прапагандысцкі свісток, у які заўзята дзьмуць салдаты хлусні.

Праўда, ёсць выключэнні. Мужным учынкам закончыў кар’еру на канале НТВ карэспандэнт К. Гольдэнцвайг, які заявіў пра нязгоду з курсам Расіі: «И простите за то, что в последнее время сам порою участвовал в общем пропагандистском безумии». Журналіст у інтэрв’ю нямецкаму тэлеканалу ZDF усё назваў сваімі імёнамі: палітыку У. Пуціна — «цынічнай», рэжым — «аўтарытарным», вышэйшае кіраўніцтва Расіі — зацікаўленым у эскалацыі канфлікту ва Украіне.

Расійскі пісьменнік Б. Акунін нядаўна сказаў: «Вдруг показалось, что долго эта бредятина продолжаться не может. Пройдет не так много времени, и мы будем спрашивать их: «Ребята, что это с вами было?», а они будут бекать, мекать и отводить глаза».

Баюся, што ён настроены занадта аптымістычна. Успомнім: колькі гадоў цягнуліся сталінскія рэпрэсіі і ці пакаяўся за іх нехта з катаў? Ці папрасіў публічна прабачэння хто-небудзь з тых, хто пісаў паклёпы на народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава? А яны ж нікуды не дзеліся, жывуць, хлеб жуюць!

Тым не менш, не чакаючы «пакаяннага часу», я звяртаюся да генералаў і салдатаў хлусні: вам не сорамна? Спыніцеся, бо хутка ўсе мы апынемся ў глыбокай прорве!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Як стаць еўрапейцамі?

Сем пятніц на тыдні

Жандар для ўскраін

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.