TOP

Ці загоіцца рана?

Другі год насельніцтва ўсёй Еўропы прачынаецца і кладзецца спаць пад паведамленні СМІ пра баі, абстрэлы, пра параненых і забітых у Данбасе. Вайна на ўсходзе Украіны — гэта адкрытая рана на целе кантынента, а яшчэ балючая стрэмка ў свядомасці кожнага неабыякавага, спагадлівага чалавека. 

Ваенны канфлікт, якім бы заблытаным ён ні быў, мае прычыны і ініцыятараў. Трэба ўспомніць, што Расія, прасякнутая імперскім духам, на працягу стагоддзяў пазіцыянуе сябе як актыўная «збіральніца земляў». Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя спосабы: ад дыпламатычных хітрыкаў, подкупу, прапановы сяброўства, дапамогі, апекі і да прымянення сілы.

Пасля развалу СССР, на шчодрых нафтагазавых доларах ачуняўшы ад шоку, ад’еўшыся на імпартных харчах, расійскія імпершчыкі пачалі прыглядацца: дзе і што «кепска ляжыць» каля іхніх новых межаў? Дарма народы постсавецкіх краін думалі, што нарэшце «старэйшы брат» пакіне іх у спакоі, дазволіць займацца дзяржаўным і нацыянальным будаўніцтвам, будзе супрацоўнічаць на роўных. Ды дзе там!

У Расіі, якая выжывае за кошт энергетычнай сыравіны, няма магчымасці спаборнічаць у эканоміцы з развітымі краінамі. Таму яна знайшла лёгкі варыянт паказу сваёй значнасці — усчынаць на межах ваенныя канфлікты, размахваць ядзернай дубінай.

Калі задацца мэтай, то такую «грамадзянскую» вайну, якая распалена ва Украіне, можна справакаваць у многіх постсавецкіх рэспубліках. Тут ідзе не грамадзянскае супрацьстаянне ў яго класічным разуменні, калі ў межах краіны ў канфрантацыю ўступаюць вялікія сацыяльныя групы, якія маюць розныя эканамічныя і палітычныя інтарэсы. Гэта проста спалучэнне імперскай палітыкі пашырэння «русского мира» і амбіцый мясцовых палітычных дзялкоў, якія хочуць зрабіць кар’еру, выкарыстоўваючы ўкраінскія рэгіёны, разбалансаваныя, расхістаныя савецкай міграцыяй і доўгатэрміновай русіфікацыяй.

Што тычыцца «апалчэнцаў» самааб’яўленых ДНР і ЛНР, то яны абсалютна не адпавядаюць сэнсу прысабечанай назвы, а ў асноўнай масе з’яўляюцца «аматарамі пастраляць» як з Расіі, так і з іншых краін, якіх гуртуюць расійскія каардынатары і пастаўляемая зброя.

У. Пуцін 27 ліпеня 2013 года заявіў: «Для всего нашего народа — я говорю так, имея в виду, что, безусловно, мы понимаем сегодняшние реалии, есть и украинский народ, и белорусский, и другие есть народы, и мы с уважением ко всему этому наследию относимся, но в основе лежат, безусловно, наши общие духовные ценности, которые делают нас единым народом…» Словы як бы прыгожыя, але па сутнасці — блытаныя, дэмагагічныя і агрэсіўныя. Варыянт «единый народ» з «общими духовными ценностями», які агучваюць У. Пуцін і А. Лукашэнка, не такі бяскрыўдны, бо яго логіка кажа: украінцам і беларусам наканавана знікнуць у «русском мире».

Безумоўна, вярнуць СССР немагчыма, ды рэстаўрацыя тагачаснай практыкі знішчэння іншадумства адбываецца. Агульная сітуацыя ў постсавецкім рэгіёне склалася такая — нарастае інтэграцыя дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымаў, якія адначасова падаўляюць рух да свабоды ўнутры «сваіх вотчын» і перашкаджаюць дэмакратызацыі ў суседніх краінах, бо баяцца пераносу «рэвалюцыйнай заразы».

Заўсёды рыторыка ў Расіі нібыта міратворчая, а канкрэтныя дзеянні — агрэсіўныя. Дэпутат Дзяржаўнай думы РФ М. Емяльянаў на поўны голас заклікае: «Мы должны оказывать всемерную поддержку ополченцам Донбасса. И политическую, и экономическую, и гуманитарную. Мы должны понимать, что для нас это — не внешнеполитическая ситуация. Это наша внутренняя политика». Ён «сарамліва» маўчыць пра ваенную дапамогу, але палохае калегаў, што ў выпадку абыякавасці «здесь будут свои майданы». Якраз такое развіццё падзей страшыць аўтарытарныя рэжымы ў Расіі, Беларусі, Казахстане, Узбекістане, Туркменіі, Таджыкістане, Азербайджане, Арменіі!

Крэмль афіцыйна не прызнае факты свайго ўдзелу ў ваенным канфлікце на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, адмаўляе пастаўку туды зброі і людской сілы. Затое большасць расіян яўна ўспрымае тое, што адбываецца, як вайну з Украінай, якую трэба давесці да пераможнага канца. Нават бацькі забітых у Данбасе хлопцаў, якіх хаваюць цішком па Расіі, укручваюцца ў шавіністычны шабаш. Пад уплывам хлуслівай прапаганды, якая дзейнічае на псіхіку, людзі, раней нібыта спакойныя і адэкватныя, цяпер з пенай на вуснах абвінавачваюць ва ўсіх грахах «проклятых хохлов» і «кровавую киевскую хунту», забываючыся на тое, хто захапіў Крым і справакаваў ваенны кафлікт у Данбасе.

Беларусы падвяргаюцца трайной апрацоўцы. Мала таго, што маральна і фізічна б’е па нервах сама інфармацыя пра чалавечыя страты, разбураныя ўкраінскія гарады і вёскі, дык яшчэ наверх нагнятаецца бясконцая расійская і мясцовая прапагандысцкая істэрыя. Вынік агідны — сутычкі паміж людзьмі на грунце гэтай тэмы набылі масавы характар, значнай часткай беларусаў авалодала ўкраінафобія.

Вакол вайны на ўсходзе Украіны, якая на расіян і беларусаў мае вялікі сацыяльна-псіхалагічны ўплыў, палітыкамі і СМІ нагаворана шмат хлусні. Але на фоне амаральнасці высвечваецца неабвержаная праўда — свет споўз не толькі ў эканамічны, але і ў палітычны крызіс. Зноў вырасла вялікая халодная вайна паміж Расіяй і Захадам, у цэнтры якой ёсць гарачая кропка — Данбас.

Нават дурню зразумела, што без расійскай ваеннай дапамогі сепаратысты даўно былі б суцішаны. Міністр замежных спраў Люксембурга Ж. Асельборн яшчэ раз нагадаў: «Еўразвяз не патрабуе нічога нерэальнага ад Расіі. Мы просім спыніць пастаўку зброі праз мяжу з Украінай». Але велізарны ўчастак адкрытай украінска-расійскай мяжы, праз які можна хадзіць туды-сюды, правозіць усё, што заўгодна, Крэмль так проста не здасць, будзе трымацца за яго «да апошняга патрона».

Канфлікт не спыніцца тлець да таго часу, пакуль Расія не стане на шлях рэформаў і мадэрнізацыі, не зменіць палітычную сістэму.

Усходняя суседка спынілася ў руху да прагрэсу і пачала каціцца назад. Імперыя, нягледзячы на бразгат зброяй, цяпер не збіраецца, а развальваецца. А Беларусь пры ёй выступае ў ролі марыянеткі. Дапамагчы абедзвюм краінам можа толькі дэмакратызацыя, свабода для ініцыятыўных грамадзян…

Гісторыя сведчыць, што нават пасля самай жудаснай вайны адбудаваць гарады, пасёлкі і вёскі прасцей, чым залячыць душэўныя раны, прымірыць варагуючыя бакі.

Расія не толькі пакрыўдзіла, але і смяротна абразіла незалежную Украіну, яе свабодалюбнае, патрыятычнае карэннае насельніцтва, бо адкрыта не прызнае самастойнасці народа, яго мовы, культуры, здольнасці збудаваць уласную дзяржаву. Калі прымірэнне некалі і адбудзецца, то, мабыць, не пры жыцці сённяшніх пакаленняў.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Быць наверсе

Салдаты хлусні

Як стаць еўрапейцамі?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.