TOP

Прывіды з мінулага

Многія перадачы беларускіх і расійскіх тэлеканалаў сталі нагадваць сеансы спірытызму, на якіх выклікаюць душы памерлых. У гэтым працэсе ў лідары выбіўся Іосіф Сталін. Ідэолагі двух аўтарытарных рэжымаў зноў ствараюць станоўчы імідж тырана і замацоўваюць яго ў свядомасці новых пакаленняў беларусаў і расіян.

Крывавае цемрашальства, грунтам якога стала маніякальнае ўтрыманне дыктатарам абсалютнай улады і страх за ўласнае жыццё, цягнулася доўга. Гудзенне рухавіка «чорнага ворана», які раптам разбудзіў начную вёску Галі і забраў кудысьці сельсавецкага начальніка, давялося пачуць нават мне, народжанаму пасля вайны.

Сталінскія рэпрэсіі, названыя ў народзе трапным словам «хапун», а таксама звязаная з імі атмасфера татальнага стукацтва, паклёпніцтва на невінаватых грамадзян нанеслі такі знішчальны ўдар па ўсіх народах СССР, што ім ніяк не ўдаецца ачуняць, маральна адрадзіцца. Карані дэградацыі трэба шукаць там — у змрочным мінулым!

У сталінскі час людзей не толькі арыштоўвалі, катавалі, заганялі ў турмы, канцлагеры, расстрэльвалі. Дыктатар выкарыстаў яшчэ адзін спосаб падаўлення нязгодных з жорсткай палітыкай бесчалавечнай калектывізацыі і індустрыялізацыі — голад. «Успешный менеджер», як яго сёння ў Беларусі і Расіі велічаюць піяршчыкі сталінізму, давёў у многіх рэгіёнах насельніцтва да канібалізму, задушыў бясхлебіцай да 10 мільёнаў чалавек. Прытым факты масавага голаду хаваліся як ад сваіх грамадзян, так і ад міжнароднай супольнасці. Ачапленнем тэрыторый займаліся не толькі спецслужбы, але і армія, усё строга засакрэчвалася і ўратавацца асуджаным на смерць людзям было немагчыма.

Пасля развалу СССР адкрылася праўда пра злачынныя дзеянні бальшавікоў, пра крыважэрнасць Леніна і Сталіна, што было засвоена разумнымі людзьмі як урок, але прайшло міма вушэй тых, хто арыентуецца на страўнік, жыве толькі адным днём.

З прыходам у постсавецкіх краінах да ўлады аўтакратаў адразу спынілася асуджэнне культу асобы, а развенчванне сталінізму пакрысе змянілася яго рэабілітацыяй. За апошні час выпушчаны цэлы шэраг псеўдадакументальных і мастацкіх прапагандысцкіх кніг, фільмаў, героем якіх стаў Сталін, у гонар яго ўсталёўваюцца мемарыяльныя дошкі, бюсты, помнікі. У Беларусі для «патрыятычнага» выхавання задзейнічана фальшывая «Линия Сталина», якая не мае ніякага дачынення да стрымлівання наступу гітлераўскіх войск у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Гандлёвая сетка прапануе сувенірныя вырабы (кубкі, майкі, вымпелы, сцяжкі, магніцікі, паштоўкі) з выявай вусатага тырана. Дайшло да таго, што сёлета міністр унутраных спраў Беларусі І. Шуневіч на святкаванні Дня Перамогі ў Мінску быў у форме сталінскага НКУС, такія ж «прывіды з мінулага» з’явіліся сярод людзей і на Дні незалежнасці.

У сучасных СМІ катэгарычна адмаўляецца галадамор савецкага часу, услаўляецца Сталін-«палкаводзец». Прапаганда аўтарытарных рэжымаў хоча новай хлуснёй замаскіраваць апублікаваныя афіцыйныя справаздачы НКУС, сведчанні людзей пра вымерлыя без хлеба вёскі, здрадніцкія загады па Чырвонай Арміі за нумарамі 0036, 0037, 0038, 0040, 0041, якія ў чэрвені 1941 года, калі разведка назвала дакладную дату пачатку гітлераўскай агрэсіі, прадпісвалі накіраваць начальнікаў заходніх памежных застаў у адпачынак, разабраць артылерыю на летнюю змазку, зняць для той жа мэты гарматы з самалётаў. Нашы войскі засталіся ў першыя дні вайны практычна без артылерыі і авіяцыі, і хоць змагаліся ў асобных выпадках надзвычай мужна, але пастаянна адступалі. Шок пачаў праходзіць толькі пад Масквой. Шмат салдат і афіцэраў без патрэбы пакладзена вярхоўным галоўнакамандуючым і яго памочнікамі ў наступныя гады на палях Расіі, Беларусі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, пад Варшавай, Кенігсбергам, Будапештам, Прагай, Венай, Берлінам. Але пра гэта расказваць ідэолагам не з рукі, таму ў ход ідзе мана.

Прапагандысцкая апрацоўка не праходзіць бясследна. Часта рэакцыя прадстаўнікоў маладзейшых пакаленняў Беларусі і Расіі на страшную гістарычную праўду, на апублікаваныя чалавеканенавісніцкія дакументы сталінскай эпохі зводзіцца да адной фразы: «Гэтага не было, таму што падобнае проста не можа быць!» А некаторыя юнакі і дзяўчаты з лёгкасцю робяць дыктатара сваім кумірам.

Маё меркаванне наконт Сталіна такое: калі камусьці падабаецца крывавы тыран, то ён ва ўласнай кватэры можа ўсе сцены абклеіць яго партрэтамі і любавацца. Але не дазваляецца навязваць свае прыхільнасці іншым людзям. Прывяду выказванне расійскай грамадскай арганізацыі «Мемориал»: «Речь ни в коей мере не идет о том, чтобы вычеркивать Сталина из истории и запрещать его упоминание, как это делал сам Сталин с уничтоженными им бывшими соратниками. Но место диктаторов — в музейных залах, учебниках, исторических монографиях в контексте их деяний, а не на площадях городов».

Тым не менш, апалагеты тырана, якія знаходзяцца ў кіраўніцтве многіх краін, не толькі ўслаўляюць яго, але і бяруць на ўзбраенне сталінскія метады. Напрыклад, тыя, хто сядзіць наверсе ў Беларусі і Расіі, стараюцца спісаць недасканаласць узаемаадносін улады і насельніцтва на славутыя «перагібы на месцах». Маўляў, вінаваты кіраўнікі ніжэйшага рангу, якія няўклюдна, недакладна праводзяць «выдатную» палітыку вярхоў, а таму маецца шмат людскіх скаргаў. Але такое тлумачэнне абрыдла грамадзянам. Яны бачаць, што гэта ніякія не перагібы, а цынічная, свядомая барацьба з іншадумствам, з любым чалавекам, які выступае супраць узурпатараў улады, парушальнікаў законаў, ворагаў нармальнага чалавечага жыцця.

Яшчэ адна мэта выкліку прапагандыстамі прывідаў з мінулага — гэта спроба прымірыць ахвяраў з катамі. На працягу жыцця мне ўжо другі раз даводзіцца бачыць мярзотную валтузню. Так было ў час брэжнеўскага «мяккага таталітарызму», калі тыран раптам выплыў у СМІ, калі сустракаліся з піянерамі і расказвалі пра свае «подзвігі» сталінскія каты, якія мелі выдатныя пенсіі, а ўдовы, дзеці і ўнукі закатаваных і расстраляных імі людзей перабіваліся з хлеба на ваду.

Больш подла выглядае палітыка абельвання сталінізму ў новай суверэннай дзяржаве, бо яна калечыць свядомасць нашай моладзі і крадзе яе будучыню.

Паслухаем польскага гісторыка, прафесара Г. Вольф-Павенскую, якая справядліва кажа: «Памяць катаў і памяць ахвяраў ніяк нельга прымірыць. Гісторык жа павінен захоўваць ціхмянасць. Ён сутыкаецца з чалавечай трагедыяй, драмай ахвяры, а з другога боку — з пэўным бяссіллем звычайных грамадзян, якія хацелі толькі выжыць, а апынуліся ўцягненымі ў механізмы злачыннай сістэмы. Іх не хапіла на гераізм. Задача гісторыка, якога аддзяляе дыстанцыя часу і які мае разнастайныя крыніцы, — вызначыць сацыяльную, палітычную, культурную, гаспадарчую, юрыдычную абумоўленасць матываў. Важна, каб мы не прапусцілі простай ісціны: няма добрай і кепскай памяці. Ёсць толькі добрыя і дрэнныя матывы яе ажыўлення».

Крывавыя прывіды патрэбны чарговым узурпатарам, бо дапамагаюць ім утрымліваць уладу, апраўдваць новы гвалт. А звычайных людзей, якія імкнуцца да свабоды і дэмакратыі, яны бяруць мёртвай хваткай за горла і зноў цягнуць у жудаснае мінулае.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ці загоіцца рана?

Быць наверсе

Салдаты хлусні

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.