TOP

Эпідэмія страху

У дэмакратычных краінах прэзідэнцкія выбары сустракаюцца ўладай і насельніцтвам спакойна, бо гэта важны, але не адзіны элемент палітычнага жыцця. Пры аўтарытарным ладзе, калі грамадства скавана бюракратычным гвалтам і ў ім няма дыскусій, канкурэнцыі, калі выказацца можна толькі сваім бюлетэнем, сітуацыя ў час выбарчай кампаніі набывае прыкметы апакаліпсісу.

Сёлетнія выбары не сталі выключэннем. Нягледзячы на экспансіўныя, амаль кругласутачныя запэўніванні прапаганды ў тым, што тутэйшыя «стабільнасць і парадак» непарушныя, што беларусы жывуць лепш, чым астатні свет, што выбары не прынясуць ніякіх узрушэнняў, я заўважаю, як краіну ахоплівае эпідэмія страху.

Спачатку глянем на даўнія, жывучыя спалохі. Рэжым па-ранейшаму надта баіцца годных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Спіс прэтэндэнтаў, найперш маральнымі і фізічнымі рэпрэсіямі, а яшчэ мэтанакіраваным адсейваннем, рознымі прыдзіркамі, зведзены да паперкі, дзе няма прозвішчаў людзей, якія рэальна хочуць і могуць перамагчы. Дайшло да таго, што ўслед за масоўкай, якую пастаянна арганізуе рэжым, за «вечнымі кандыдатамі ад апазіцыі, аплочанымі варожым Захадам», славалюбцамі, піяршчыкамі, проста п’яніцамі, на рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркам прывялі… ката Барсіка, чым была пераканаўча выяўлена сутнасць спецыфічных беларускіх «выбараў», адносіны да іх вялікай часткі грамадзян.

Па традыцыі ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў улада пастаралася не дапусціць людзей з самастойным мысленнем, з адрознымі ад афіцыйнай ідэалогіі палітычнымі поглядамі. Яны ўкамплектаваны выпрабаванымі «байцамі выбарчага фронту», якія без пакутаў сумлення, без маральных хістанняў правядуць вызначаную лінію на ўсіх этапах, і ў першую чаргу — пры падліку галасоў. Страх дыктуе задачу — ніякіх паслабленняў апазіцыі, бо падзеі ў свеце паказваюць, што без татальнага ўціску ўзурпатарам улады можна папросту прайграць.

Да мінімуму даведзена магчымасць дэбатаў паміж прэтэндэнтамі. Увогуле,акрамя дзеючага прэзідэнта, які ад дыскусій кожны раз палахліва ўхіляецца, але без супынку па радыё і тэлебачанні піярыць свой «клопат пра народ», усе яны ў час выбарчых кампаній ніколі толкам не давялі да грамадзян уласнае бачанне развіцця краіны. А таму мацёры кіраўнік выглядае абсалютна бяспройгрышна на фоне і так бляклых супернікаў, ды яшчэ з галавы да ног аблітых «кампраматам» у афіцыйных СМІ.

Застарэлым страхам скавана свядомасць насельніцтва. Многія беларусы (і не толькі тыя, хто сытна або сціпла корміцца з бюджэту) інертна надта баяцца змены кіраўніка краіны, бо лічаць, што тады жыццё катастрафічна пагоршыцца. Яшчэ ў дадатак на іх псіхіку ўздзейнічае ваенны канфлікт паміж Расіяй і Украінай, які яны наўпрост звязваюць з выгнаннем з пасады В. Януковіча. Прыклад суседзяў (Польшча, Літва, Латвія, Эстонія), дзе прэзідэнты мяняюцца рэгулярна, але ніякіх катаклізмаў не адбываецца, на іх не дзейнічае. Гэты значны кантынгент — асноўная выбарчая база рэжыму, ягоная заўсёдная палачка-выручалачка.

З улікам прыведзеных абставін, здавалася б, ну каго і чаго ўладзе баяцца? Правядзенне выбараў адпрацавана да апошняга вінціка, маецца ўнікальны вопыт дасягнення «элегантных перамог», але іх арганізатараў зноў грызе чарвяк сумнення. Гэта бачна па тым, як прэзідэнт штодзённа дэманструе сваю «бацькоўскую апеку» ўсіх сацыяльных груп насельніцтва (яскравы прыклад — пенсіянеры), як тэлебачанне старанна апрацоўвае электарат нуднымі тлумачальнымі перадачамі.

Сёлета рэжым найбольш баіцца байкоту. Раней неаднойчы яўка была вельмі нізкай, асабліва ў сталіцы, але фальсіфікатары спакойна малявалі патрэбныя ім лічбы. Цяпер сітуацыя крыху іншая, у грамадстве набывае папулярнасць ідэя ігнаравання выбараў. Калі байкот сапраўды будзе шырокім, масавым, то яго ўжо не ўдасца схаваць або зарэтушаваць, тут не дапамогуць ні выбарчыя камісіі, якія жорстка кантралюе «человек команды действующего президента», ні заангажаваныя назіральнікі з СНД і Еўропы.

Каб зацягнуць людзей да выбарчых урнаў, прымяняюцца розныя спосабы. Напрыклад, каму сёння патрэбны буфеты на выбарчых участках, калі асартымент прадуктаў там такі, як у звычайнай краме? Гэтае ідэалагічнае «вынаходніцтва» было характэрным для савецкай эпохі татальнага дэфіцыту, але мы дагэтуль жывем абвешаныя такімі рудыментамі, нібы навагодняя ёлка цацкамі.

Улада хоча зрабіць выбары, на якіх пануюць падтасоўкі і фальсіфікацыі, усенародным святам. Буфеты становяцца інструментам апрацоўкі, маўляў, начальства клапоціцца пра людзей: і прагаласаваў, і нешта купіў для сям’і, а яшчэ яны падабаюцца аматарам патусавацца, выпівохам, якія горача вітаюць легітымізацыю распіцця напояў з градусамі ў публічных месцах.

З кожным месяцам Беларусь, абцяжараная пазыкамі, затавараная нягеглай прадукцыяй, спаўзае ў эканамічны калапс. Але насельніцтва стараецца не думаць пра тое, што выдаткі на харчаванне, ЖКГ і транспарт паглынаюць усё заробленае, што хранічныя хворыя затрачваюць на якасныя лекі (так фантастычна растуць кошты!) амаль поўнасцю зарплаты і пенсіі, а на астатняе ўжо нічога не застаецца.

Набліжаныя да ўлады маюць столькі грошай, што могуць наладжваць сабе свята кожны дзень, а просты люд чакае чырвоных датаў у календары, калі ёсць падстава выпіць і закусіць, бяздумна пашвэндацца па вуліцах і плошчах, пакрычаць «ура!» пад небам, расквечаным салютам. Трафарэтная весялосць і затоены ў глыбіні душы (як у бедных, так і ў багатых людзей!) страх прад будучыняй знітоўваюцца ў грымотную сумесь.

Сітуацыя напамінае пачатак эпідэміі халеры ў ХІХ стагоддзі ў Францыі, апісаны тагачаснай газетай «Ле манітор універсэль»: «Гэта была сярэдзіна паста, дзень стаяў пагодны, сонечны, і натоўпы парыжан запоўнілі бульвары. Дзе-нідзе з’яўляліся маскі, якія парадзіравалі пакутніцкія твары хворых на халеру і высмейвалі боязь заразы. Увечары таго ж дня публічныя балы былі больш шматлюднымі, чым калі-небудзь. З любой прычыны выбухаў смех, заглушаючы грымотную музыку. Атмасфера распальвалася, людзям хацелася болей танцаваць, чым аддавацца сумненням. Шмат было з’едзена розных гатункаў марожанага і выпіта ўсялякіх ахаладжальных напояў. І раптам самы неўтаймоўны арлекін, які адчуў, што яго пранялі дрыжыкі і слабасць у нагах,зняў маску, і, на вялікае здзіўленне, усе ўбачылі, што ў яго сінюшны твар».

Імітацыя прэзідэнцкіх выбараў, якая жыццёва неабходна аднаму чалавеку, уцягвае мільёны грамадзян у гіганцкі падман, нішчыць значныя бюджэтныя (дакладней — нашы, народныя) сродкі. Яна стала выдатнай магчымасцю для плоймы чыноўнікаў і прагматычных валанцёраў падхалтурыць.

У Беларусі няма сапраўдных выбараў не толькі з-за махінацый рэжыму. Мы самі дазволілі ўладзе ператварыць іх у здзек над народным волевыяўленнем, а таму задавальняемся роляю запалоханых, маўклівых статыстаў.

Неабходныя атрыбуты для забеспячэння легітымнай выбарчай кампаніі ў краіне ёсць, дзеянні праводзяцца быццам бы такія ж, як і ў цывілізаваных грамадствах, але на выхадзе, на вялікі жаль, атрымліваецца нелігітымны прадукт.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Шлях яднання

Гіпноз махляроў

Прывіды з мінулага




Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.